Выбрать главу

— Мама, калі ласка, прасачы, каб мяне не перабівалі. Асабліва такімі хамскімі выкрыкамі.

— Юрчык, памаўчы, дзетка, — абярнулася да сына Вера Генадзеўна. — Не перашкаджай сястры гаварыць.

— А калі я хачу сваё меркаванне выказаць? — не здаваўся Юрась. Ён падышоў да стала і паставіў на яго пустую талерку, наліў фужэр ліманаду, выпіў і вярнуўся назад. Сястра з грэблівым нецярпеннем праводзіла яго вачыма.

— Усім будзе дадзена слова, — сказала Тамара, калі брат зноў стаў у пра­ёме. — А цяпер з вашага дазволу прадоўжу.

— Давай, Тамарачка, — падахвочвала яе бабуля.

— Паўтараю: наш бацька памылкова ўявіў, што можа ўладарыць над лёсамі і ціснуць на псіхіку сваіх дамашніх. Ён, фактычна не жывучы з сям’ёй, не выконваючы абавязкаў галавы сямейства, тым не менш пастаянна чапляецца з заўвагамі, павучае, прычым робіць гэта ў надзвычай грубай, абразлівай форме. Кожнае яго з’яўленне на ніжнім паверсе нашай кватэры ўжо цэлы год суправаджаецца скандаламі, а то і бойкамі. У прыватнасці ён тры разы ўжываў у дачыненні мяне сілу, хапаў рукамі за плечы, трос, па-люмпенску лаяўся. Прызнаюся, такія паводзіны бацькі не ў апошнюю чаргу пабудзілі мяне сысці з дому да чалавека, нашмат за мяне старэйшага, з якім я жыву ў грамадзянскім шлюбе.

— Дай Бог кожнаму з такім чалавекам жыць, — не стрымаўся з’яхіднічаць брат.

Сястра намаганнем волі ніяк не адрэагавала на братаў закід і доўжыла:

— Не ўтаю, я спадзявалася знайсці сабе абарону ў асобе Пятра Вацлававіча, справядліва мяркуючы, што хоць цяпер бацька ад мяне адкаснецца, і я змагу спакойна пажыць. Хіба свабодны чалавек не мае права на асабістае шчасце?

— А ён не можа, калі хтосьці вакол шчаслівы. Такі чалавек, — выказалася са свайго крэсла бабуля.

— Правільна, — гаварыла далей Тамара, — пасля таго, як я сышлася з Пятром Вацлававічам, бацька, якому гэты чалавек усё жыццё рабіў толькі дабро, чамусьці люта яго ўзненавідзеў. А заадно і мяне, што дзіўна, бо ў падобным выпадку кожны нармальны бацька адно б узрадаваўся. А гэта, на маю думку, ужо гаворыць пра яго псіхічную ненармальнасць. Бо, пагадзіцеся, які бацька будзе працівіцца сужыцельству дачкі з вельмі заможным і паважаным у грамадстве чалавекам? Павел жа Алегавіч як ашалеў, даведаўшыся, што я жыву з Пецем. Мала таго, ён распачаў жорсткі і напорысты пераслед, які нязменна суправаджаецца пагрозамі, праклёнамі, беспардонным умяшаннем у наша асабістае жыццё. Для таго, хто забыў, нагадаю, — тут сястра нядобра зірнула на брата, — што ў пачатку чэрвеня бацька падпільнаваў мяне каля варот дома, патрабаваў разысціся з Пятром Вацлававічам, а затым, калі я вы­казала законнае нездавальненне, літаральна выкручваў мне рукі і пагражаў ператварыць маё жыццё ў пекла. Потым, вераломна раздабыўшы нумар нашага тэлефона, пачаў мардаваць званкамі, сярод якіх пераважалі начныя: са знявагамі, праклёнамі, абяцаннямі расправы і гэтак далей. Таксама дасылаў пагрозлівыя лісты. У гэтым мяшку, — Тамара падняла перад сабой непразрысты пакет, — знаходзяцца яго лісты і касета з запісамі ягоных званкоў — тымі, што занатаваў аўтаадказчык. І каб не быць галаслоўнай, прапаноўваю зараз крыху паслухаць, як мой бацька выказваўся.

— Ды мы верым, Тамарачка. Можа, не трэба? — засумнявалася Вера Генадзеўна. — Гэта ж у пэўнай ступені ваша інтымнае жыццё.

— А я дык ахвотна паслухаю гэтага мацюкальніка! — праявіла непадробную цікавасць да зместу касет Ганна Андрэеўна.

— І я хачу праслухаць, — ажывіўся Юрась, які ўжо прадчуваў бацькава «красамоўства» ў адрас Тамары і яе сужыцеля.

— Неабходна праслухаць, мама, — сказала Тамара, — хоць, па шчырасці, мне гэта будзе балюча. Але толькі ў такім выпадку вы зразумееце, што ў мяне не было іншага выйсця, як прыняць рашучыя захады.

Уключылі Юрасёву магнітолу, уставілі касету, і неўзабаве з магутных дынамікаў загрымеў крыкліва-пагрозлівы, часам насмешлівы і крыўлясты голас Паўла Алегавіча. Ён сапраўды не саромеўся ў выразах, і даслоўна перадаваць яго прамовы ніяк немагчыма. Падчас праслухвання Вера Генадзеўна скрушна хітала пануранай галавой, Юрась зларадасна ўхмыляўся, Г анна Андрэеўна разпораз ускрыквала «Ну, я ж казала!» і «Які ж падлюган!», а Тамара, з ганарліва ўзнятай галавой, удавала нявінную, несправядліва пакрыўджаную паненку.

Нарэшце Вера Генадзеўна настойліва папрасіла дачку выключыць, не зважаючы на нездавальненне Г анны Андрэеўны і Юрася, якім відавочна карцела слухаць далей.

— Ну хоць хвілінку яшчэ! — запратэставаў брат, калі сястра рашуча наблізілася да магнітолы.

— Пераб’ешся, — кінула на яго Тамара ўтрапёны позірк, шчоўкнула пераключальнікам і дастала касету.