Выбрать главу

— Дзякуй, бабуля, — сказала пасвятлелая з твару ўнучка, пацягнулася цераз стол і цмокнула бабулю ў шчаку. — Я пакуль устрымаюся ад каментарыяў, каб яшчэ раз выказацца пасля ўсіх. А цяпер, мам, — кіўнула яна на Веру Генадзеўну, якая прыкметна збляднела за апошнія хвіліны, — выкажыся, калі ласка, і ты. Дарэчы, цяпер можаш агучыць свае заўвагі па бабуліных словах.

— Што ж, — пачала Вера Генадзеўна пасля кароткай паўзы. — Я паважаю меркаванне кожнага з прысутных, — яна шматзначна паглядзела на маці, — а таму нічые словы каменціраваць не буду. Гэта іх асабістая справа. Ад сябе ж скажу, што ў цэлым вялікіх прэтэнзій да свайго мужа, Паўла Алегавіча, не маю. Жылі мы нармальна, не горш, чым абсалютная большасць беларускіх сем’яў. Выгадавалі дзяцей. — Тут Вера Генадзеўна крыху запнулася. — Па­вел Алегавіч, канешне, чалавек не мяккага характару, а іначай што б гэта быў за мужчына? Так, мы, канешне, сварыліся, узнікалі непаразуменні, але я гатовая паклясціся, што муж ніколі не ўзнімаў на мяне руку. Не, жылі мы нармаль­на. Аднак трэба прызнаць, што тры гады таму сапраўды ўзніклі сур’ёзныя праблемы. І віной усяму, — павысіла голас Вера Генадзеўна, — гэтая праклятая лесвіца, якая нібы размежавала нашу сям’ю. З гэтага часу Паўла Алегавіча як падмянілі. Ён стаў імкліва аддаляцца ад мяне і дзяцей, прытым зрабіўся нецярпімы, скандальны і ваўкаваты. Гэта трэба прызнаць. І я, нягледзячы на ўсе высілкі, нічога не змагла з ім зрабіць. Мяркую, гэта нейкае псіхічнае адхіленне. А інакш як патлумачыць яго паводзіны? Гэтая неабгрунтаваная злосць на дзяцей, асабліва на дачку. Гэтае ўпартае непрыманне Тамарынага выбару жыць з Пятром Вацлававічам... Нешта шчоўкнула і зламалася ў нашым бацьку, дзеці, — у голасе Веры Генадзеўны з’явілася непадробная горыч. — Яго відавочна трэба лячыць, каб прывесці ў нармальны, ранейшы стан. — Тут яна не вытрымала, захінула твар далонямі і ўсхліпнула.

Ганна Андрэеўна касілася на яе нядобрым позіркам, без ценю спачування і жалю.

— Давай ты, — кіўнула абсалютна спакойная Тамара на Юрася, які, наад­варот, расчуліўся ад матчыных слоў.

— А што я. — ступіў ён пару крокаў наперад. — Нічога пэўнага тут і не скажаш. Хаця ўсё, так бы мовіць, навідавоку, усё зразумела.

— Я б цябе папрасіла без філасофскіх прэамбул, — абарвала брата Тама­ра. — Г авары па магчымасці слушна і коратка.

— Ну, калі так, то. — Юрась наморшчыў нос, нервова адкінуў з вачэй доўгую пасму валасоў, — то бацька мяне, канешне, дастаў. Урываецца ў па­кой, будзіць, хоць ведае, што я сплю пасля працоўнае ночы. Пастаянна папракае тым, што я не служу ў войску, цвеліцца, здзекуецца, можна сказаць. Ніякай бацькоўскай любові, карацей, я ад яго не бачу. Не кажучы ўжо пра тое, каб які падарунак, грошы. З аднаго боку, як чужыя людзі жывём, а з другога — ён намагаецца мяне павучаць, настаўляць, грузіць натацыямі. Нешта і сапраўды з ім не тое робіцца. Можа, і праўда, як ужо тут было сказана, трэба ўрачам паказацца?

— Во-во! — ухваліла бабуля.

— Яшчэ б паўбяды, — працягваў Юрась, — каб ён проста дзіваком быў. А то ж да людзей прыстае — вось што жахліва. Ну і. — ён нясмела зірнуў на сястру, — і Тамарай, канешне, несправядліва ён памыкае, умешваецца. Хаця, я яго магу зразумець: сябар юнацтва стаў грамадзянскім мужам яго дачкі. Мала каму такое прыемна.

— А вось гэта ўжо твае домыслы, — перабіла яго Тамара. — Не будзем тут дастаеўшчыну разводзіць. Мяркую, што ўсё асноўнае ты сказаў. Ці не так? — уперыла яна ў брата суровы позірк.

— У цэлым. — развёў той рукамі.

— Тады станавіся на месца, — загадала сястра.

Юрась паслухмяна вярнуўся да дзвярэй.

— Значыць, так, — Тамара, з папкай у руках, урачыста паднялася з крэс­ла, — усе выказалі свае меркаванні, і яны збольшага супалі з маімі. А таму, калі вы не супраць, я агучу тое, што ўсе мелі на ўвазе, але наўпрост сказаць не рашаліся.

Вера Генадзеўна пасля гэтых слоў пакутліва скрывіла твар, панікла. Г анна Андрэеўна, наадварот, пасвятлела, узбадзёрылася і аддана пазірала на ўнучку. Юрась, што падпіраў вушак, беспаспяхова змагаўся са сваёй дурнаватай усмешачкай.

— Бацьку нашага, дарагія мае сямейнікі, трэба ізаляваць, — жорстка прамовіла Тамара. — Ізаляваць, каб пазбегнуць вельмі магчымых і вельмі непажаданых наступстваў. Бо ўгаворамі, як паказвае шматгадовы вопыт, з ім саўладаць не ўдасца. — Яна агледзела прысутных, каб вызначыць рэакцыю на свае словы, і ў асноўным засталася задаволена. — Ізаляцыя будзе заключацца ў часовым змяшчэнні Паўла Алегавіча ў клініку з мэтай дэталёвага абследавання і, калі трэба, лячэння.