— Прымусовага лячэння! — удакладніла Ганна Андрэеўна.
— Мама! Я прашу цябе памаўчаць! — не стрывала Вера Генадзеўна. — Ты замінаеш.
— Не, чаму ж, — уступілася за старую ўнучка. — Бабуля якраз зрабіла вельмі слушную заўвагу. Іменна прымусовае лячэнне — чаго там скрываць. Але гэта адзіна прымальны і адзіна правільны крок у сітуацыі, якая склалася. І каб уладкаваць Паўла Алегавіча ў клініку, ад нас патрабуецца наступнае: заява ў аддзяленне міліцыі на імя ўчастковага, якую мы зараз складзём, і рэчавыя доказы, якія ў нас маюцца. Гэта, нагадаю, серыя фотаздымкаў, лісты з пагрозамі і касета з запісамі бацькавага «красамоўства». А калі спатрэбіцца, я магу прадставіць і відэакадры.
— Можна пытанне? — узняў руку Юрась.
— Ну? — паморшчылася Тамара.
— А ці дастаткова ўсяго гэтага, каб у наш час запраторыць чалавека ў вар’ятню? Цяпер жа, прабач, не брэжнеўскія часы.
— Гэта не твой клопат! — груба адказала яму сястра.
— Ён, відаць, забыўся, хто такі Пятро Вацлававіч! — ад душы засмяялася бабуля.
— Цяпер, — зноў узяла вяршэнства Тамара, — мы падышлі да самага далікатнага — да заявы ў міліцыю, якую трэба будзе кожнаму падпісаць. Дзеля эканоміі часу я сёння пасядзела за камп’ютэрам і склала тэкст. Але падкрэсліваю, што гэта толькі чарнавік, у які, паводле вашых заўваг, могуць быць унесены змяненні. Аднак тады прыйдзецца сёння ж перапісаць заяву, ужо ад рукі.
— А чаму такая спешка? — пацікавіўся неўгамонны брат.
— Адкажу, — сястра павярнула да яго ўзмакрэлы ад духаты, сярдзіты твар. — У канцы наступнага тыдня мы з Пятром Вацлававічам ляцім на адпачынак у Грэцыю, і мне неабходна закрыць гэтае пытанне яшчэ да ад’езду. Задавальняе?
— Цалкам і поўнасцю! — блазнавата пакланіўся сястры Юрась.
— А цяпер я зачытаю тэкст заявы. Потым кожны з вас яго прагледзіць і, пры неабходнасці, зробіць свае заўвагі. Мам, — звярнулася Тамара да Веры
Генадзеўны, — ты хоць згодная з тым, што я гавару? Нешта ты апошнім часам маўчыш. Не таіся, скажы, калі што не так.
— Не-не, — страпянулася маці, — я з усім згодная. Проста задумалася.
— Ну як жа так, мам! — папікнула яе дачка. — Тут вырашаецца такое важнае пытанне, а ты задумалася. Слухай, калі ласка, уважліва.
— Добра, добра. — Вера Генадзеўна ўзяла сябе ў рукі, выпрастала спіну і ўдала ўвагу на спалатнелым твары.
27
— Што ж, буду зачытваць, — сказала Тамара. Яна спрытна выняла з папкі аркуш з аддрукаваным тэкстам і пачала.
«Участковаму ***-га аддзялення міліцыі г. Мінска, старшаму лейтэнанту Засульку А. П. ад членаў сям’і грамадзяніна Багаткі П. А.
Заява
Пераканаўча просім Вас спрыяць прымусоваму змяшчэнню Паўла Алегавіча Багаткі ў клініку для вар’ятаў з мэтай грунтоўнага абследавання і, калі спатрэбіцца, лячэння.
Сведчым, што П. А. Багатка апошнім часам, асабліва апошнія два месяцы, паводзіць сябе неадэкватна. Ён стаў агрэсіўны, схільны да беспадстаўных сварак і ўмяшання ў асабістае жыццё астатніх членаў сям’і, асабліва яго паўналетніх дзяцей. Акрамя абразлівых нецэнзурных слоў, якія сталі для яго нормай, П. А. Багатка прымяняе і рукапрыкладства, што, згодна з нашымі законам^ недапушчальна. У прыватнасці ён пачаў пераслед сваёй дачкі, Тамары Паўлаўны Багатка, якая нават не пражывае ў яго кватэры, з мэтай разлучыць яе з Пятром Вацлававічам Жыгоцкім, яе грамадзянскім мужам. Для гэтага П. А. Багатка ўжывае псіхалагічны ўціск (начныя званкі з пагрозамі, лісты, а таксама непасрэдна пасягае на тэрыторыю П. В. Жыгоцкага, урываецца туды і буяніць) і фізічнае ўздзеянне (літаральна выкручванне рук дачцэ).
У дачыненні сына, Юрася Паўлавіча Багаткі, жонкі, Веры Генадзеўны Багаткі, і цешчы, Г анны Андрэеўны Багамаз, што пражываюць з ім у адной кватэры, П. А. Багатка праяўляе сябе як надзвычай нецярпімы і агрэсіўны сужыцель. І гэта пры тым, што ён не злоўжывае алкаголем, а значыць, яго псіхічнае адхіленне не выклікае сумневу.
Члены сям’і не жадаюць далей трываць тыранію П. А. Багаткі і, усур’ёз апасаючыся за сваё здароўе і нават жыццё, дамагаюцца змяшчэння яго ў адпаведную клініку.
Усяму вышэйпералічанаму маюцца неабвержныя доказы. Як тое: магнітафонны запіс яго начных тэлефонных званкоў з пагрозамі; два напісаныя ў абразлівай форме лісты; фотакарткі, зробленыя прыватным дэтэктывам з выявамі П. А. Багаткі ў непасрэднай блізкасці ад жытла П. В. Жыгоцкага; кадры з назіральнай камеры перад асабняком, куды парываўся пранікнуць П. А. Багатка. У міліцыі таксама маецца пратакол, нядаўна складзены паводле прапоратага кола ў машыне П. В. Жыгоцкага. Такі факт хоць і не з’яўляецца прамым доказам (ліхадзей скрыўся незаўважаным), але добра дапаўняе карціну памянёнага пераследу П. А. Багаткам сваёй дачкі і яе грамадзянскага мужа.