Усе рэчавыя доказы дадаюцца.
Багатка Тамара Паўлаўна (дачка) Багатка Вера Генадзеўна (жонка) Багамаз Г анна Андрэеўна (цешча) Багатка Юрась Паўлавіч (сын)».
Тамара, зачытаўшы заяву, акінула сямейнікаў праніклівым позіркам, і прамовіла:
— А зараз прашу вас увачавідкі паглядзець тэкст і падпісацца ў належным месцы.
Яна працягнула аркуш Веры Генадзеўне, але бабуля рэзка выставіла руку і перахапіла заяву. Надзела акуляры, што ляжалі ў футарале на століку, і прынялася прагна чытаць. Дачка з дакорам і затоенай грэблівасцю назірала за ёй. Юрась пакуль што маўчаў.
— Малайчына, Тамарачка, — нарэшце адарвалася ад аркуша Ганна Андрэеўна. — Ай малайчына! — Яна проста ззяла ад усцехі і захаплення. — Усё слушна! Усё да апошняга слова праўда! І я. Дай мне, калі ласка ручку. — Тамара не марудзячы працягнула ёй самапіску. — І я. замест слоў — вось табе мой адказ! — Бабуля паставіла тлусты і размашысты подпіс насупраць свайго прозвішча. Адчувалася, што, каб такое было магчыма, яна б заляпіла і два, і тры подпісы.
Вырашыўшы такім чынам лёс ненавіснага зяця, Г анна Андрэеўна нядбайна перадала аркуш дачцэ. Пры гэтым з’едліва прыжмурылася і хмыкнула:
— Ну?
Але насуперак яе падазрэнням Вера Генадзеўна не вагалася (роўна, як і не чытала заяву), а адразу ж паставіла свой несамавіты і невялікі, у параўнанні з матчыным, подпіс той жа аўтаручкаю.
— На, Юрчык, — неяк абыякава працягнула яна руку з аркушам убок сына, што ўсё яшчэ стаяў у праёме дзвярэй.
І тут не абышлося без чарговага Юрасёвага штукарства.
— А я не хачу падпісваць. — слаба, але досыць выразна прагаварыў хлопец.
— Што?! — ледзь не ва унісон ускрыкнулі бабуля з унучкай і пагрозліва ўтаропіліся на Юрася.
— Я не хачу падпісваць такое несусветнае глупства, — нясмела пацвердзіў ён.
Маці ўжо была раскрыла рот і хацела абрынуцца на яго з папрокамі, як Тамара, ускочыўшы з крэсла, яе апярэдзіла.
— Ладна, — паядаючы брата вачыма, сказала яна. — Гэта ягонае права. Але клянуся, што ён не пойдзе адсюль, пакуль не прадставіць дастаткова пераканальныя аргументы сваёй адмовы.
— Юрчык, вой дарэмна ты так. — расчаравана захітала галавою бабуля.
— Ну?! — зыкнула сястра. — Мы цябе слухаем!
У памяшканні за апошнюю гадзіну, з прычыны зачыненай форткі, утварылася надзвычай задушлівая і нездаровая, выбухова небяспечная атмасфера.
— А што тут казаць? — спадылба зірнуў Юрась на сястру. — Казлу зразумела: такая заява не пройдзе. З нас адно пасмяюцца ў міліцыі, а то і саміх, чаго добрага, тузаць пачнуць.
— Ды што ты мелеш! — усклікнула Вера Генадзеўна.
— Ціха! — яшчэ галасней пракрычала Тамара. — Я жадаю пачуць, што ён скажа далей.
Маці, напалоханая даччыным выгукам, змоўкла і замерла як мыш.
— А далей я скажу, што вы наіўныя людзі, — доўжыў Юрась, — калі мяркуеце, што чалавека можна запраторыць у псіхушку на падставе адной заявы. Гэтак вельмі проста было б ад непажаданых сужыцеляў пазбаўляцца. Можа, табе, — ён смялей паглядзеў на сястру, — не спадабаецца, што я ваду ў прыбіральні за сабой не спускаю. Дык што — чырканеш заяву, і мяне ў вар’ятню пасадзяць?
— Што цябе канкрэтна не здавальняе ў заяве? — сталёвым голасам запыталася Тамара. Яна стаяла з прамой спінай, узнятым падбародкам і горда скрыжаванымі на грудзях рукамі.
— А ўсё! — адказаў брат. — Ніводнага сур’ёзнага доказу няма там на бацьку. Адны домыслы, вялы суб’ектывізм. Ды па нашым заканадаўстве мы адно паклёпнікамі на яго выглядаць будзем. Ну чапляецца ён да цябе, ну каля дома дзяжурыць, ну ў асабняк прабіваецца! І што ж тут такога дзіўнага? Ён скажа, што проста хоча сустрэцца з любімай дачкой, а яго не пускаюць. Ад таго і злуецца, і лісты нецэнзурныя шле, і звоніць начамі. Дзе тут крымінал? — Ён абвёў вачыма нядобрыя, неспагадлівыя твары родзічаў.
— Ты ўсё сказаў? — Тамара наблізілася да яго на два крокі.
— У агульных рысах.
— А я вось адкажу табе не ў агульных рысах, а вельмі канкрэтна. Я зразумела адно, што з-за сваёй дураты ты так і недаўмеўся галоўнага: ніхто і не шукае ў бацькавых дзеяннях крымінал. Яго не збіраюцца судзіць і таміць у турме. Яго проста часова пакладуць у спецклініку, дзе абследуюць з мэтай яму ж памагчы.