Выбрать главу
На золку шэрым Конік бег — Яшчэ й дугі не відно. На золку гулкім Валілася ў снег На хату будучую Бервяно. Туды, Дзе барвяна Праз ночы дно Бруіўся Прамень з падзямелля Крамяны, Кацілася кругла Вянца звяно — «Бер-вя-но...» — Мяняючы тон драўляны На рэха віны — «...вя-но...» Пасля i «...я-но...» Зламалася — «...но-о...» — Нібы пугаўе ў мароз. I толькі «...о-о-о...», Як іней з бяроз, Бязгучна вецер абтрос...
* * *
Можа, ўсё гэта толькі ідэя І наіўны, палынны міраж,— Як сусветная Іудзея — Гэты крык і помысел наш?
Вось яна — зямля пад нагамі. І парод на зямлі спрадвек. Толькі слова свайго пазбягаем, Як здаровы — пагляду калек.
Просім сына: па-беларуску Напісаць (як прасіў Карусь Каганец)... І пачуем малюска: — А ці ёсць яна, Беларусь?..
Што было па шляхах і ростанях? Прадавалі нас за паўцаны, І круціліся душы бяростаю На агнях інквізіцый маны...
Толькі дзверы чужых пачакальняў, Толькі уніі ды палон... І па шыі — жэтон адчаканены: Час, як выціснуты лімон...
Хто — зямля ці ідэя — злучае Раз'яднаны бязмоўем народ? Ці гуртуюцца людзі адчаем: Там крычыць ўсенародны рот?..
А пакуль сведчым, хто вінаваты, Б'ёмся ў дыспуце шматгаловым,— Кажуць, новае ўводзіцца свята З назвай «Дзень адмаўлення ад мовы»...
З ГАЗЕТНЫХ АБ'ЯЎ
Дзе яна, дзе ў нашым Мінску? Дзе хоць бы след яе?! — Валам коцяцца ловы: Шукаецца машыністка, Якая ведае Беларускую мову.
Як снежнага чалавека — Ау-у-у! — Як дапатопнага маманта, Яе — над бурлівым векам — Схапіўшыся за галаву, Аб'явы гукаюць з лямантам.
Крычыць газетны абрус. А я за ўсімі бедамі Чакаю аб'явы новай: Шукаецца беларус, Які ведае Беларускую мову.
ГУЛЬНЯ Ў РЫФМУ НА ЛЕКЦЫІ «ЯК ЗЛІВАЮЦЦА МОВЫ»

Леаніду Дайнеку

Каб рыфмай спляжыць слова «снайпер» І сэнс каб быў, а не мура, Адстукаў гном: «па тэлетайпе» — А выйшла з-пад твайго пяра.
За гэтай спрэчкаю няхітрай — Калі дакладчык абнудзеў — Скакалі слоў замежных цітры, А я свайго, свайго хацеў.
Ці добрай ласкаю прывесці, Ці прыштурхаць яго ў каршэнь, Але такое, каб патрэсці Тваю шыкоўную кішэнь!
Пацеў да сёмай перагрузкі, Цягнуў лексічнае цягло, А слова «снайпер» з беларускім Гаворку зладзіць не магло.
За рыфму я плаціў панура, Нікчэмнасць лаячы сваю: Відаць, парнаскай фізкультуры Не шмат увагі надаю...
Што ж, паднатужымся памалу, Згаворым слова на хаўрус. ...Стаяць. Апушчаны забралы. Наўпроць чужынца беларус.
ЛЫЧ І КЛІЧ
Рой і род... Раіцца і радзіцца. Мёд і рот... Збіраць і спажываць. Рой і мёд — ні крыку, ні амбіцый. Нам бы так — ад зерня да жніва... Толькі штосьці ў чалавечым родзе Ўсё інакш: дзе мёд — глядзіш, і мот Крылы разгарнуў, і на выгодзе Сто ратоў злілося ў хіжы рот! На калені ставіцца сумленне, Да карыта стольнага паўзе, Следам прэ нашчадкаў пакаленне І навуку бацькаву грызе. Похапкам старога пераплюнуць — Рыцары кар'еру здабываць. І пачне столаначальнік юны Капытом пячаткі адбіваць. Ледзьве не з пялёнак — у эліту, Да размеркавальніка кармоў,— Ад лычоў гайдаецца карыта, І гудзе трыбуна ад прамоў. А калі спытаць — аб чым прамовы? — Тут жа засмяюць, як цемнату: — Ты не чуў? — гукнуць,— Перабудова! То збівай ідэі па ляту!.. Абагнаны парасячым статкам: — Вось я і на пенсіі, лічы,— Усміхнецца кіраўнічы татка І прашэпча: — Па харчы, лычы!.. Сунецца ў аўтамабіль фартовы Задам, быццам у дупло мядзведзь,— Трэба паспяшаць: з перабудовы Прыбудову цёплую займець!.. Лыч i кліч — з'ядналіся ў хаўрусе,— Вось дзе край — Жыві-не-памірай... Кажуць, не дзяцей прыносіць бусел, А пасады ў гэты штатны рай... І вісіць — як цяжар шматпудовы — Гнёт пытання — і ўначы і днём: Трэба пачынаць перабудову — Трэба,— а з каго, аднак, пачнём?..