Выбрать главу
* * *
Чаго мне лезці ў д'ябальскі натоўп, Што прэцца на дзяльбу чыноў i славы? Я толькі Ной, што ў атамны патоп Ратуе слова продкаў ад расправы. Імчацца наабгонкі стрымгалоў? Не той узрост і не ў маёй натуры. Бяжыце, забівальшчыкі галоў, У браме прызавой футбалатуры. «Мазіла!», «Пас!» — балельшчыкі крычаць, З трыбун крытычных патрабуюць: «Шайбу!..» А словы ціха да майго пляча Злятаюцца з нямой, сусветнай жальбай. Сядаюць парамі — ад кожнага гнязда: На радавод, для будучых узлётаў. Адна падзея ў нас, адна бяда: Нам трэба выжыць. Іншае — на потым. І я шапчу: «Трымайся, мой каўчэг...» Гукаю словы будучага сказа: «Збірайцеся з-пад шатаў і з-пад стрэх. Калі патонем, то, напэўна, разам...»
НА АСФАЛЬЦЕ...
Што тут сеюць i жнуць — невядома, Садзяць што і прарэджваюць тут?.. У палацах — палі аграпрома, На асфальце — лясны інстытут... Тут на сцежках таемных, нязнаных Цудаў шмат прарастае ў цішы, Дысертацыяй зацугляны Кот вучоны вязе барышы. Маладая котка па возе Паганяе ласкава хвастом... Тут філосаф — спіной да Спінозы — Са Спінозы «здзірае» ў свой том... Пры бацькоўскай кішэні і тэме, З барадою як намяло,
Тут наследны ідзе акадэмік — Малады і «ученый зело». Тут кусціцца інструкцый пшаніца, Папяровых бліноў — повен рот. Камяніцы пахнуць ігліцай Тут аднойчы — па Новы год. З тэмы тут, нібы з дрэва ці звера,— І таксатар, і таксідэрміст — Лупяць скуру зацята, аберуч, Як з прыезджых сталічны таксіст. На дэбатах тут спеюць зарплаты З-за трыбун — салаўіны канцэрт, На халодную закусь — цытаты, Дысертацыя — на дэсерт. Тут ляснік, на доследы падкі, Архімедаў закон зруйнаваў: Цела грэк пагружаў у вадкасць, Ён жа — вадкасць у цела ўліваў. І была выштурхоўвання сіла Роўнай масе вадкасці той,— «Адкрыццё» лесніка падкасіла, І цяпер ён у ссылцы лясной... Ну а іншыя — правяць паромы, Як накрэсліў арцельны статут: У палацах — палі аграпрома, На асфальце — лясны інстытут...
УЗДЫХАЕ ПЕВЕНЬ ЦЯЖКА...
Уздыхае певень цяжка: Кураць куры — ды ўзацяжку!.. Цэлы дзень сядзяць, сакочуць, Нават несціся не хочуць, Не выводзяць куранят: «Што нам той дзіцячы сад! Ёсць на гэта інкубатар...» Плача певень без зарплаты... Ні капейкі, ні зярнятка На кішэнныя выдаткі. Бабылём ідзе на шпацыр, Слёзы лье: «Эмансіпацый Шмат было — ва ўсе эпохі Бунтаваліся «панчохі». Ды курыная, прызнацца, Горшая з эмансіпацый...» Аж на ўсе дванаццаць струн Заікаецца пявун, Пер'е па сабе дзярэ: «Ку-раць ку-ры... Ку... ку... рэ...»
ПЕСНЯ БЕЗ IBАНА Ў ГАЛАВЕ
— А якая ж песня без Івана? — Голас над ваколіцай плыве. А Івану ўжо не да баяна, Песня тая і не ў галаве.
Кажа: І ў мяне перабудова, На самаакупнасць перайшоў: Я ж вам не блазнюк сямігадовы, Каб ірваць мяхі без барышоў.
Пералом ідзе па ўсім Саюзе. Хоць не жмот я, ды кладзіце мне З танца па кап'ю на кожны гузік. А прыпеўкі — па сваёй цане:
Тут — як за паслугу чаявыя,— Задарма i бык не прамычыць: Так ці сяк — падносьце гарлавыя, Трэба ж,— кажа,— горла прамачыць.
А пакуль ідзе фінансаванне, Каб не ўсох эканамічны план,— Дык на грані ўжо балансавання На тачок з'яўляецца Іван.
А яшчэ як возьме гарлавыя, Hi баян не трэба, ні Іван: Рот самараскрыты, горла вые І ў вачах — туман, плыве туман...
На баян Іван фінансаваны Галавою цяжка аплыве, І гарлае песня без Івана, Песня без Івана ў галаве...