Выбрать главу
ЯК ГРЫБЫ...
Канцэнтрацыя дурняў крытычная: Ёсць — прасцяк, без цара ў галаве, Ёсць, што з розумам ходзіць пазычаным, А найбольш — хто на дурня жыве. Так прыладзіцца, так прыкінецца: З богам — бог, а з героем — герой, Цыркулярыць душа-чарнільніца, І з трыбуны — за праўду гарой! Так захопіцца часам прамоваю — Аж паветра рукамі грабе, Аж сапе, быццам дух напампоўвае — Перакрыкнуць самога сябе!.. Нос кіруе па плыні, як човен, Сець закідвае — што пагусцей, Знае толк у праграме Харчовай: Там выконвае, дзе тлусцей. Быццам бурбалкі — лозунгі клічныя, Аж сіпіць перагрэты гарляк,— Колькі іх, што на дурняў разлічваюць І смяюцца паціху ў кулак... Ні касцы, ні жняцы, ні аратыя,— Як грыбы — партфельная раць!.. Поўны з коптурам кош бюракратыі... Што рабіць толькі з гэтаю браціяй: Ці саліць іх, ці марынаваць?..
КНІГАЛЮБ
Здаваў макулатуру, Цягаў тамінаў глыбы, Пагнаў мускулатуру І звіліны паглыбіў.
ВЕРХАМ НА ВЕРШЫ
Як дрэсіроўшчык, словы лупцуе: Кожны радок прытвараецца творам. Не разабрацца — хто там гарцуе Верхам на вершы — тварэц ці прытвора?
ЭРУДЫТ У КРЭДЫТ
Ён — як паветра: незаменны ён. Ад фараонаў i індускай Веды Да «чорных дзірак» — б'е ў навукі звон, Святло нясе па таварыству «Веды».
Ён з кавалём гатоў каваць метал, З рамонтнікам — ліквідаваць паломку, І тут жа прыгадае «Капітал» — Што эканоміка, маўляў, не эканомка.
Ён майстар на ўсе рукі: вучыць жней, Як жаць, а будаўніц — рабіць тынкоўку. І што важней — гальюн ці Галілей, Адкажа,— дайце дзень на падрыхтоўку.
ГАЙ ДА ФІЛАСОФАЎНЫ!..
Хлеб вучоны — ён не мучоны: Як з насады высокай з'еду, Акадэміяй буду хрышчоны, Буду сеяць мудрасць і веды.
І ў навуцы жратво не скупое, Не гразіцца скарынкай падсохлаю: І накорміць спаўна, i напоіць Дысертацыя Філасофаўна!
НА СХОДЗЕ
Так гаворыць,— Здаецца, што свет зараз створыць І сам сябе зробіць... Словы, словы,— Не знаю — якой вы цаны?.. Адно толькі рэшта звініць у душы, Быццам дробязь... Словы, словы... Няўжо будуць правіць зямлёй Крыкуны?..
* * *
Паэт праклёны слаў па тэлефоне... Які паэт? Канешне, не Гамер, Бо тэхнікі такой ні ў Парфеноне, Hi нават на Алімпе не было...
І Буало,
Што нам мастацтва слова рассакрэціў: Пакінуў аб паэзіі трактат,— Калі б пачуў: «Пракляцце вашым дзецям», Дар паэтычны перадаў бы птушкам...
І Пушкін
Не мог сказаць такое: перад гэтым Спаліў бы ўсё, што выйшла з-пад пяра, Адмовіўся б ад ліры запаветнай: Так пра дзяцей? — якая ўжо тут муза...
І Прануза —
Бывалы франтавік, што да Берліна Па ўлукаткі запісаных радках Ішоў, як па крывавых каляінах,— Закрыў бы вушы, вочы б завязаў...
А ён — сказаў...
А ён сказаў: «Пракляцце вашым дзецям: Каб вы такое ж, як i я, спазналі...» — Паэт, які а-ні-за-што на свеце Не адчуваў уласнае віны...
Але — яны — Яны — каго ён праклінаў услых?.. Яны не скажуць, хоць i знае свет: Не дзеляцца праклёны на дваіх, Праклёны застаюцца аднаму...
Каму?
Хай не табе, паэт...
ХОБІ І ГІСТОРЫЯ З ГЕАГРАФІЯЙ
Сэм-долар, дзядзька лысы, Хапуга з даўнім гартам, Меў хобі на абрысы Геаграфічнай карты. Над глобусам з маленства Любіў ён мудрагеліць: Знаходзіў педабенствы, Праводзіў паралелі...