Выбрать главу
Вось толькі, што на ўвазе меў бухгалтар, Калі пісаў асобна, з кропкай, «суб.»: Ці ты суб'ект, кватараваны гвалтам, Ці субяседнік, модны словалюб?
Ці ты субстанцыя — як атам альбо космас — Рэальнасць аб'ектыўная мая?.. Ды сэнс відзён — ці просты ён, ці ўскосны «Субкватарант» са мною на паях.
Цяпер табе не крыкнеш: «Выбірайся!..» Ёсць i квартплата — паўтара рубля... Як у «Муму» тургенеўскі Герасім, Падумаў я: не злом жыве зямля...
МАЛЮНАК З ВАГОННАГА АКНА
Яшчэ вясна і мычыць, і целіцца, А ўжо курыцу певень гуляць падкудыквае, І ў падмаскоўным пасёлку Пяцеліна Варона галінку нясе задыхана.
* * *
Не азірайся,— міф вучыў біблейскі,— Іначай скамянееш назаўжды... ...За стол засядзем — і пасады клейстар Прыклейвае да крэсла на гады.
Не азірайся — а глядзі наперад, Ды лішняе не зыркай па баках, І не круціся,— строгія паперы Зламаюць шыю нават у быка.
Не азірайся,— што было, на звалку Ўсё змецена, і што туды глядзець... І прадзедаў не знаюць дзеці змалку, І пазнаюць бацькоў сваіх ледзь-ледзь.
Не азірайся,— што тых продкаў мова, Гісторыі замшэлыя вянцы!.. Мы за сталамі свет збудуем новы, Дзе першыя тварцы — прамоў пісцы.
Не азірайся... І чым далей — болей На лысіну наслойваецца пыл, Хрыбетнік нерухомее ад солей,— Сядзім, нібы саляныя слупы...
І ўжо не цыркулярам — цыркуляркай Той слуп не адпілуеш ад стала, Не выманіш ні чаркай, ні цыгаркай, Ні пенсіяй, што ўжо даўно прыйшла.
Заслужана сядзім і непахісна, Назад не азіраемся — ні-ні. І ў гэтым наша сутнасць, наша існасць: Аслупянелі — і спачнём на пні.
Памром, як маманты. І ўсё закрые полаг Нямога і тупога забыцця. І ў тле вякоў пачне палеантолаг З чужых планет разгадваць па касцях:
— З якіх расолаў ідалы такія, Які так моцна іх засольваў час?.. А мы аднагалосна рукі ўскінем: — Была эпоха! — грымнем у адказ.
* * *

Р. Б.

Мы з табою браты вяртанняў Да рачулак, азёр і крыніц. Высыхае песня ў гартані Ад задухі глухіх камяніц.
Хоць глыточак адзін, хоць расінку На дарогу — на год, як на век,— З вейкі мамінай парушынкай У сусвеце ляціць чалавек.
* * *
Я не Пушкін, а ты не Талстой — Паралелі не варта праводзіць, На абочыне сціпла пастой, Дзе вялікія ў вечнасць праходзяць... Быццам так яно ўсё, ды не так... Памаўчым — і паціху ў дарогу. Быццам так яно ўсё, аднак Плён сапраўдны — не з поля чужога. Чалавек — толькі тым чалавек, Толькі тым на зямлі вялікі, Што да мэты шляхоў не адсек, Што сябе не спыняцца клікаў. Што сваё прызначэнне шукаў, І дастойны сваёю вярстою — Сёння, заўтра, заўжды — у вяках. А астатняе ўсё пустое.
* * *
Душа — нібы кашуля ільняная, А век пражыць — не зрыфмаваць санет... Каго шукаеш ты і праклінаеш, Сучаснікамі страчаны паэт? Як суцяшэнне — бушаваў Ясенін, І Смелякоў псаваў парадны тон — Узятым у плаціны Енісеем, Ты шэрасці падточваеш бетон.
І сам жа тут яго крутым замесам Мацуеш, і нарошчваеш сцяну, І пад ахоўным іменем прагрэсу Выходзіш у жыццё, як на вайну: То баразну паправіць трактарысту, То на станку ператачыць дэталь, То ў пошуках металалому рыскаць, Каб выплаўляць у вершы гучным сталь,
То злёт адкрыць, то Бахусу даць страху, То выбягаць красменам на шашу,— Туды-сюды, а сам без апранахі, Глядзіш, у людзі выправіў душу... Туды-сюды,— глядзіш, і песня спета. І не грызуць сумненні, як спярша. І ўжо слывеш сучаснасці паэтам. І з ільняной — бетонная душа.