Выбрать главу

Позняе ўспамiнаньне Наваградка ў летапiсе i беднасьць археалагiчных дадзеных аб наваградскай зямлi ў 1 тысячагоддзi н.э., вымушае ставiць праблему паходжаньня нашага гораду, выключна, на аснаваньнi дадзеных самога гораду, яго магiльнiка i помнiкаў Наваградскай акругі Х-ХI стст.

Археалагiчныя работы паказалi, што з канца Х i ў першай палове ХI стст., былi заселены тры ўзвышшы ў паўночнай частцы сучаснага гораду. Гэта ўзвышшы — Замкавая гара i Малы Замак, дзе сярод раньнекружальнага посуду знайдзена ляпная керамiка, а таксама некаторыя формы пацерак, у тым лiку мазаiчныя пранізкi, якія датуюцца IХ-Х ст.[12] i ўзвышша на паўднёвы захад ад Малага Замка.

У паселiшчы на Замкавай гары — самым высокім узвышшы, пад старажытным, пзней перанесеным валам быў адкрыты культурны слой з керамiкай, якая з’явiлася на тэрыторыi Малага Замка не раней першай паловы ХI ст. Гэта акалiчнасьць быццам бы дае магчымасть мяркаваць, што паселішча на Малым Замку існавала паперад паселішча Замкавай гары. Разам з тым, на Замкавай гары, у перадмацерыковым слоi знайдзены ляпны слабапрафiлiраваны гаршчок — адзiны цэлы ляпны гаршчок у Наваградку.

Трэцяе паселiшча было адкрыта на ўзвышшы, што на паўднёвы захад ад Малога Замка, на якiм у ХII ст. была пабудавана царква. У закладзеным там шурфе адкрыты культурны слой магутнасьцю да 1 м. з камянямi i глiнянай абмазкай. Сярод керамiкi сустракаюцца абломкi пасудзін са штампаваным арнаментам Х-ХI стст. Керамiка ХI ст. была знайдзена ў культурным слоi, пры раскопках храма. Сярод iншых знаходак — утульчаты двушыпны наканечнiк жалезнай стралы[13].

Узвышшы Наваградка, такiм чынам, былi заселены адначасова i складалi своеасаблiвае гняздо з трох паселiшчаў. Пры гэтым Малы Замак быў заселены як па краях так i ў цэнтры, у той час як Замкавая гара напачатку засялялася толькi па краях пляцоўкi.

Нi адно з трох паселiшчаў у гэты раньнi перыяд не мела абарончых збудаваньняў. Iх бяспека забяспечвалася вышынёй узгоркаў, сярод якiх вылучалася Замкавая гара, якая ўзвышалася над далiнай на 20 м. i належыць да наiбольш высокiх кропак Наваградскага ўзвышша. У першыя дзесяцiгоддзі другой паловы ХI ст. на ёй быў узведзены вал, пабудаваны ў 10 м. ад краю пляцоўкi. Значыць, больш як паўстагоддзя на наваградскiх паселішчах штучныя ўмацаваньнi адсутнiчалi, што не дае аснаваньняў лiчыць iх у гэты час гарадскiмi.

У насельнiцтва, якое засяляла наваградскiя ўзвышшы, была ўжо добра сфармiраваная культура. Рэшткi домабудаўнiцтва на Малым Замку дазваляюць мяркаваць, што там пераважалi наземныя зрубныя пабудовы, хаця сустракалiся i заглыбленыя. Сярод керамiкi пераважалi гаршкi з адагнутым венчыкам, частка якiх была толькi ў верхняй частцы абточана на ганчарным крузе. Сярод шматлiкіх знаходак ляпнога посуду цiкавыя фрагменты тоўстасьценных патэльняў, якія служылi навершыям печаў[14].

Першыя насельнікi Малага Замка займалiся i металургiяй жалеза. Выплаўка яго практыкавалася ў гаршках у межах жылых пабудоў. Знаходкi крыц, а таксама разнастайных жалезных вырабаў (прылады працы i побыту, прадметы ўбора), дазваляюць адзначыць пэўнае развiцьцё кавальства i слясарства[15].

З апрацоўкай каляровых металаў першымi пасяленцамi Наваградка дазваляюць азнаёмiцца ямы, адкрытыя ў паўднёвай частцы пляцоўкi Малага Замка. У iх захавалiся сляды выплаўкi бронзы. Многiя з ямаў мелi гаспадарчае прызначэньне i былi запоўнены керамiкай i касьцямi жывёлы.

У матэрыялах раньняга паселішча на Малым Замку адбiлiся заняткi жыхароў сельскай гаспадаркай i разнастайнымi промысламi, а таксама дамашняй вытворчасьцю. Аб апошнім сведчаць шматлiкія глiняныя i больш рэдкiя каменныя праслiцы, касьцяныя прылады i iншыя знаходкi[16].

Знешнiя сувязi першых пасяленцаў праявiлiся ў асобных металiчных знаходках з Прыбалтыкi i шкляных пацерках усходняга паходжаньня[17].

Пры даволi разнастайным iнвентары, мясцовыя жыхары амаль не мелi зброi. Адзiнай знаходкай гэтага вiду, з’яўляецца абкоўка ад калчана, знайдзенная ў адной з наiбольш старажытных пабудоў[18].

Пахавальным помнiкам жыхароў канца Х ст. з’яўляўся курганны магiльнiк у 1,5 км. на паўночны ўсход ад сучаснага гораду. Пахаваньнi гэтага часу зроблены па абраду трупаспаленьня на месцы альбо на старане. Ад спаленьняў на месцы захавалiся рэшткi пахавальнага кастра, у якiм знаходзiлiся кальцынiраваныя косьцi, керамiка i абломкi жалезных i бронзавых вырабаў. Пры спаленьнi на старане, перапаленыя косьцi ляжалi ў ямцы, якая вырыта ў мацерыку[19].

Такой была матэрыяльная культура пад час засяленьня тэрыторыi Наваградка ў канцы Х ст., яна ўзнаўляецца па комплексах i асобных знаходках паселiшча на Малым Замку i наібольш старажытным пахаваньням курганнага магiльнiка. У пачатку ХI ст. засяляецца Замкавая гара, аб чым сведчыць культурны слой пад першапачатковым валам i матэрыялы ўзвышша на паўднёвы захад ад Малага Замка.

У другой палове ХI ст. на паселiшчы Замкавай гары насыпалі вал, які ператварыў яе ў дзяцiнец, а Малы Замак i суседняе ўзвышша зрабіліся пасадамi. На змену паселiшчам дагарадскога характару з’яўляецца горад, у матэрыяльнай культуры якога прасочваюцца галоўныя рысы. Занятак бронзалiцействам перамяшчаецца ў жылыя памяшканні, што стане асаблiвасьцю гэтага вiда рамяства ў пазнейшы час. З’яўляюцца новыя тыпы ўпрыгожанняў, у прыватнасьцi бронзавыя i срэбныя скроневыя кольцы са спiральным завiтком.[20] Сярод жыхароў распаўсюджваюцца прадметы ўзбраення, галоўным чынам, жалезныя наканечнiкі ўтульчатых стрэлаў. У лiку пастаўшчыкоў прывазных вырабаў з’яўляецца Кiеўская зямля, адтуль прывозяць шыферныя праслiцы[21].

Ад крэмацыi жыхары перайшлi да абраду трупаспалення. У адным з курганоў гэты пераход зазначаны тым, што касьцяк, які ляжаў на грунце галавой на Захад, был часткова абпалены. У астатніх пахаваннях па абраду iнгумацыi, шкілеты знаходiлiся ў тым жа становiшчы, на ўзроўні старажытнай паверхнi. Рукi iх выцягнутыя, альбо складзены на грудзях. На пахавальных пляцоўках захавалiся плямы попелу i вугельчыкi, часам камянi, якія ляжаць безпарадкава. Каля ног пахаваных альбо побач з iмi стаялi гаршкi. Астатні iнвентар прадстаўлены ўпрыгожваннямi альбо некаторай колькасьцю бытавых рэчаў. У адным з курганаў знайдзена баявая сякера[22].

З пачаткам засялення наваградскiх узгоркаў, актыўна фармiруецца яго акруга. Па берагах безымяннай рэчкi, што ўпадае ў раку Валоўку, у 3-4-х км. ад Наваградка вядомыя наступныя помнiкi: 1) курганны магiльнiк каля в. Сялец, складаецца з 50 курганоў дыяметрам 6-10 м.; 2) селiшча на беразе рэчкi каля в. Гардзiлоўка, што занiмала плошчу 130х125 м. i 13 курганоў паблiзу ад яго дыяметрам 5-12 м. (Гардзiлоўка 1); 3) курганны магiльнiк, складаўся з 42 курганаў дыяметрам 5-10 м. на захад ад магiльнiка пры паселiшчы (Гардзiлоўка II); 4) гарадзiшчы каля в. Гарадзечна на правым беразе рэчкi. Пляцоўка яго, што ўзвышалася на 3,5 - 4 м. густа парасла лесам; 5) на заходняй ускраiне вёскi, на полi вiдаць сляды распаханных курганаў. Верагодна з гэтых курганаў паходзяць рэчы, што захоўваюцца ў Археалагiчным музее Кракава[23].

У 1 км. на поўдзень ад Наваградка iснаваў магiльнiк па абодва бакі рэчкi Чэмярэўкi. У 1956 г. там было 9 курганаў, а ў 5 км. на поўнач ад гораду нашай экспедыцыяй былi адкрыты 23 курганы дыяметрам 5-15 м. каля в. Ладзейнiкi[24].

У радыюсе да 10-12 км. ад Наваградка вядомыя пасяленні i курганныя магiльнiкi каля вв. Суляцiчы, Мольнiчы, Марулiны i iнш.[25]

Археалагiчныя работы праводзiлiся на селiшчы каля в. Гардзiлоўка, дзе адкрыта плошча ў 160 кв. м., у невялiкай колькасьці сустрэлася ляпная керамiка. Там жа была керамiка кружальнага вырабу. Гэта гаршкi з атагнутым скругленым венчыкам з лiнейна-хвалiстым i хвалiстым арнаментам, падобныя ёсьць на раннiм пасяленні Наваградка[26].