Пры закладцы шурфоў на гарадзiшчы каля в. Гарадзечна, у культурным слоi, таўшчынёй да 60 см., у невялiкай колькасьці знайдзена ляпная керамiка, але пераважала кружальная[27]. Такiм чынам, дадзенае гарадзiшча сiнхроннае, як да гарадскога паселiшча Наваградка, так i гораду, што ўзнiк на яго тэрыторыi.
У раскапаных курганах наваградскай ваколiцы пахаваннi па абраду трупаспалення адкрыты ў магiльнiку Гардзiлоўка 1 i ў Ладзейнiках. Перапаленыя косьцi ляжалi, часьцей за ўсё, у насыпе. У Ладзейнiках на грунце i ў насыпе былi знайдзены гарэлыя плахi — рэшткi дамавiн. У насыпе сустракалiся вуглi i камянi. Мяркуючы па матэрыялах курганаў Гардзiлоўка 1, пахаваннi па абраду трупаспалення адбываліся там i ў ХI ст., аб чым можна мяркаваць па лiрападобнай спражцы i некаторых iншых вешчах. Упускное трупаспаленне адкрыта ў адным з курганаў ля в. Сялец[28].
Пераход ад крэмацыi к абраду трупапакладання ў Наваградскай акрузе адзначаецца ў адным з курганаў ля в. Мольнiчы, дзе верхняя частка касьцяка была трошку абпалена, а чэрап абвуглены. Звычай паліць нябожчыкаў у сельскай мясцовасьцi працягваў iснаваць i ў больш позні час. Курганы з кальцынiраванымi касьцямi сустракаюцца ў магiльнiку каля в. Суляцiчы ХII- ХIII стст.[29]
У курганах з абрадам трупапакладання касьцякi ляжалi выцягнутыя, галавой на Захад. Усходняя арыентаванасьць адзначана аднойчы ў кургане каля в. Мольнiчы. У гэтым жа магiльнiку былi рэшткi дамавiн — бярвенчатых яшчыкаў, пакрытых накатам. Часам у курганах сустракалiся камянi. Пад пахаванымi i над імi была падсыпка з попелу.
Каля касьцякоў знаходзiлiся рэшткi гаршкоў. Нярэдка абломкi керамiкi знаходзiлiся ў насыпе. Iнвентар курганаў не багаты. Гэта бытавыя знаходкi (нажы, рэшткi драўлянага вядра). Цiкавымi знаходкамi былi дзьве баявыя сякеры. У жаночых пахаваннях прадметы ўбору i ўпрыгожваннi[30]. Усе вырабы з курганаў Наваградскай акругi, за выключэннем двух пярсьцёнкападобных кольцаў з кургана Гардзiлоўка 1, аналагiчныя рэчам з наваградскiх паселiшчаў. У сельскую мясцовасьць траплялi рэчы, якiя альбо зрабілі ў гэтых паселiшчах, альбо, калi яны былi прывазныя, праз пасяленні на ўзгорках. Яшчэ не стаўшы горадам, пасяленні, аб якiх гутарка, былi эканамiчным цэнтрам акругi, фармiраванне якой праходзiла сiнхронна з засяленнем наваградскiх узвышшаў.
Такія ёсьць археалагiчныя матэрыялы, што паказваюць развiцьцё Наваградка ад гнязда паселiшчаў дагарадскага тыпу канца Х - першай паловы ХI стст. да гораду, iснаванне якога пачынаецца з другой паловы ХI ст. Дагарадскі перыяд у гiсторыi Наваградка был раней недаацэнены аўтарам, Мы выдзялялі два этапа iснаваннiя гораду, з якiх адзiн ахопліваў час з канца Х ст. (ад заснавання першага паселішча на Малым Замку) да канца ХI ст., а другi прыпадаў на ХII-ХIII стст.[31] У сапраўднасьцi, першы этап павінен быць расчленены на два перыяды — дагарадскі (з канца Х да сярэдзiны ХI ст.) i другi, раннегарадскі, абмежаваны другой паловай ХI ст.
Культура помнiкаў Наваградка i яго навакольля канца 1 i пачатку II тысячагоддзя н.э. — тыпова славянская, у якой, як мы пiсалi раней, захавалiся племенныя асаблiвасьцi дрыгавiчоў.[32] Этнавызначальныя прыкметы iх праяўляюцца па-рознаму. У 80-я гады мiнулага стагоддзя В.З. Завiтневiч, які раскапаў наiбольшую колькасьць дрыгавiчскiх курганаў, бачыў гэтыя прыкметы ў тым, што хавалі на ўзроўні аснавання курганных насыпаў[33]. Таксама ў 60-я гады нашага стагоддзя лічыў Е.I. Цiмафееў[34]. А.А. Спiцын мяркаваў, што для дрыгавiчоў характерныя драўляныя зрубы i дамкi ў курганах, а ва ўборы — пярсьцёнкападобныя скроневыя кольцы i металiчныя зярнёныя пацеркi[35]. А.В. Успенская падтрымлiвае погляды Спiцына прымяняльна да ўпрыгожванняў дрыгавiчоў[36]. Па В.В. Седову самай важнай этнавызначальнай прыкметай дрыгавiчоў з’яўляюцца металiчныя зярнёныя пацеркi, у той час як iншыя асаблiвасьцi iх культуры, што прыпiсваюць даследчыкi, сустракаюцца i ў iншых славянскiх плямёнаў[37].
У наваградскiм магiльнiку i курганах, даследаваных у навакольлi Наваградка маюцца ўсе рысы культуры дрыгавiчоў. У пахаваннях гэта падцвярджаецца размяшчэннем касьцей на грунце i збудаваннем дамавiн, а ў iнвентары знаходкамi пярсьцёнкападобных скроневых кольцаў (Гардзiлоўка II, Мольнiчы, Каменка) i металiчных зярнёных пацерак. Пацеркi вядомыя ў Наваградскiм магiльнiку, а таксама ў курганах Гардзiлоўка II, Гарадзечна, Мольнiчы i Каменка[38]. Асобныя зярнёныя пацеркi паходзяць з культурнага слоя Замкавай гары i Малага Замка[39].
Касьцякi наваградскага магiльнiка i курганоў у ваколiцах гораду вывучала Л.М. Казей у сувязi з фiзiчным развiцьцём старажытных насельнiкаў Наваградчыны. Па дадзеных I.I. Салiвон, шкiлеты з могiлак ХII-ХIII стст. на тэрыторыi Малага Замка па кранiалагiчных асаблiвасьцях i памерах, падобныя на антрапалагiчныя паказчыкi дрыгавiчоў[40].
Этнавызначальным прыкметам дрыгавiчоў не супярэчаць наваградскiя наземныя жылыя дамы з глiнабiтнымi печкамi альбо печкамi-каменкамi.
Пры безумоўнай перавазе славянскага насельнiцтва, якое па сваёй культуры было нашчадкамi дрыгавiчоў, у раннiм Наваградку захавалiся сляды перабывання iншых груп славянскага насельнiцтва. Да такiх адносяцца рэшткi заглыбленых пабудоў i патэльняў - навершшаў печак, якiя ўласьцівыя паўднёвым групам усходняга насельнiцтва, а таксама керамiка, блiзкая да валынскай. Гэтыя акалічнасьці трэба звязать з пранiкненнем у Наваградак пэўнай часткi насельнiцтва з Ваўкавыска, якi стаіць на 100 км. на паўдзённы захад ад нашага помнiка. У Ваўкавыску ў другой палове Х ст. аселi выхадцы з паўдзённа-заходніх земляў, адзiнай формай домабудаўнiцтва якiх да канца ХI ст. былi паўзямлянкi з печамi каменкамi. На старажытнейшым паселiшчы Ваўкавыска “Шведскай гары” вядучым тыпам керамiкi ў другой палове Х - пачатку ХI стст. былi гаршкi валынскага тыпу[41].
У невялiкай колькасьці ў Наваградак трапляе керамiка, арнаментаваная штампам i характэрная для заходніх славян. Адзiнкавыя фрагменты гаршкоў так званага драгiчынскага тыпу, з’яўленне якiх М.У. Малеўская звязвае альбо з жыхарамi Валынi, альбо Бужскага Падляшша, дзе такі посуд характэрны для помнiкаў IХ-ХI стст.[42]
Некаторыя матэрыялы даюць падставы бачыць у акруге Наваградка сляды перабывання крывiчоў. У гэтым плане цiкавы курганны магiльнiк на Карэлiцкім тракце, аб якiм гаварылася вышэй. Як вядома, доўгія курганы, раскапаныя ў гэтым пункце, уласьцівыя пахавальным помнiкам крывiчоў. У кургане 10-га наваградскага магiльнiка кальцынiраваныя косьцi ляжалi ў прамавугольнай яме, вырытай амаль у цэнтры курганнай пляцоўкi[43]. У дрыгавiчоў падобная форма абраду трупаспалення невядомая, але ў крывiчоў яна сустракаецца[44]. Некаторае падабенства з магiльнiкам у Заслаўлі, галоўная частка якога належала крывiчам[45]. У апошнім, у адрозненне ад магiльнiкаў дрыгавiчоў, пахаваныя абгараджвалiся камянямi. Камянi змяшчалi таксама блізка вяршыні курганаў[46].
Звяртаюць на сябе ўвагу бронзавыя скроневыя кольцы з завязанымi канцамi з кургана Гардзiлоўка 1[47]. Гэта паменьшаныя копii крывiцкiх бранзалетападобных калец. Падобныя ўпрыгожаннi знайдзены таксама ў другой i трэцяй групе магiльнiка ў Заслаўлі[48].
З неархеалагiчных матэрыялаў аб пранiкненнi крывiчоў на тэрыторыю Наваградчыны паказвае назва вёскi “Крывiчы” недалёка Нёмана[49]. Такi тапонiм выдзяляе этнiчны склад гэтага паселелiшча ад карэннага насельнiцтва зямлi. Нагадаем таксама звесткi Пятра Дюсбурга аб тым, што магiстр Ордэну спрабаваў захапiць Наваградак, якi аўтар змяшчае ў кране крывiчоў. Гэтыя словы напiсаны чалавекам недастаткова дасведчаным у тым, што прадстаўляла з сябе насельнiцтва Панямоння, куды прыйшлi крыжакi. Аднак цiкава, што яшчэ ў ХIV ст. да хранiста дайшлi нейкiя звесткi аб прабываннi ў гэтых зямлях крывiчоў.
Прылiчваючы наваградскiя курганныя магiльнiкi да помнiкаў дрыгавiчоў, В.В. Седоў лiчыць, што ў Верхнiм Панямоннi яны не склалi галоўнаго ядра насельнiцтва i за лiнгвiстамi (К. Буга, Я. Развадоўскi, В.Н. Тапароў i iнш.) адзначае, што прышлыя славяне засталi на гэтай тэрыторыi балтаў[50]. Цi жылi на раннiх паселiшчах Наваградка i ў яго вясковым навакольлi балты? У пахавальных помнiках Наваградчыны няма знакаў iх прабывання. Блiжэйшыя ўсходне-лiтоўскiя курганы зафiксаваны толькi на правым беразе Нёмана. Каменныя курганы, у якiх В.В. Седоў бачыць славянiзаваных нашчадкаў яцвягаў, таксама сканцэнтраваны досыць далёка ад цiкавых нам зямляў[51]. Магчыма, што балтам належалi курганы, раскапаныя пад Наваградкам у мiнулым стагоддзi. У iх былi знойдзены гаршкi, наканечнiкi коп’яў, серп, срэбная пляцёная грыўна, пласцiнкавы абруч i пярсьцёнак[52]. Аб блiзкасьцi да каменных курганаў сведчыць покроў з камянёў аднаго з курганаў магiльнiка каля в. Суляцiчы пад Наваградкам i асобныя камянi на пахавальных пляцоўках[53].