Больш падстаў бачыць уплыў балтаў у культуры паселiшчаў Наваградка i, у першую чаргу, у распаўсюджаннi ўпрыгожанняў i прадметаў убору. Побач з вырабам агульнаславянскiх i некаторых спецыфiчна наваградскiх вырабаў (скроневыя кольцы са спiральным завiтком), залатары выраблялi ўпрыгожаннi, уласьцiвыя Прыбалтыцы. Гэта падковападобныя спражкi, спiралькi, трапецэпадобныя прывескi i iнш.[54] Не выключана, што гэта адлюстроўвае прысутнасьць у раннiм Наваградку выхадцаў з Прыбалтыкi, у першую чаргу з Лiтвы.
На пытаннi паходжання i ранняй гiсторыi Наваградка, у святле наяўных матэрыялаў, можна на сённяшнi час адказаць наступным чынам: паселiшчы, што ўзнiклi на наваградскiх узвышшах у канцы Х i ў пачатку ХI ст. трэба звязваць з дрыгавiцкiм насельнiцтвам, у складзе якога былi невялiкiя групы другога славянскага насельнiцтва — крывiчы, валыняне, жыхары Подляшша i Мазовii. Тут на Навагрудчыне заканчваўся iх рух з усходу, захаду i паўднёвага захаду. Што тычыцца карэннага насельнiцтва — дрыгавiчоў, то застаецца няясна наколькi iх культура канца 1 тысячагоддзя н.э. звязана з культурай тых нешматлiкiх паселiшчаў са славянскай ляпной керамiкай, аб якой успамiналася напачатку гэтай главы. Немагчыма патлумачыць вытокi культуры балтаў, што праяўляюцца ў раннiх паселiшчах. Толькi пры больш поўным вывучэннi помнiкаў трэцяй чвэрцi 1 тысячагоддзя н.э. i IХ-Х стст. можна будзе вырашыць дадзеныя пытаннi.
Незалежна ад вырашэння праблемы пераемнасьцi Наваградка i яго акругi з раней iснаваўшымi тут помнiкамi, несумненна, што карцiна, якая ўзнiкае на дадзенай тэрыторыi ў канцы Х стагоддзя, звязана з карэннымi пераўтварэннямi ў гаспадарцы насельнiцтва.
Засяленне наваградскiх узгоркаў i навакольля, верагодна трэба звязываць з прагрэсам зямляробства, што прывяло да засваення мясцовых сяредне i многа ападзоленых зямляў. Глеба дадзенай тэрыторыi адрознiваецца сваёй пладавiтасьцю. Яшчэ ў пачатку ХХ ст. землi Уселюба, Шчорсаў i iншых мястэчак i вёсак Наваградчыны славiлiся сваёй пладавiтасьцю[55]. У канцы Х ст. тут адбываецца тое, што характэрна для многiх славянскiх зямляў, насельнiкі якiх канцэнтраваліся на незанятых лясамi частках, прыгодных для земляробства[56]. У сувязi з пытаннем, у якой меры нашы раннiя паселiшчы звязаны з помнiкамi папярэдняй пары, звяртае на сябе ўвагу, што пад Маской пераважная частка паселiшчаў Х-ХI стст. была заснавана на раней неабжытых месцах[57].
Культура ранняга гораду, iснаваннiе якога звязваецца з пабудовай валу на Замкавай гары, шмат чым звязана з культурай дагарадскога паселiшча. Гэта праяўляецца ў характары домабудаўнiцтва i ў занятках насельнiцтва. Месцам пахавання гаражан застаецца стары курганны магiльнiк, на якiм сустрэта нават пахаванне XII ст.[58] Толькi перад канцом ХI ст. у культуры гораду з’яўляюцца новыя рысы — вялiкiя дамы, шкляны посуд, палiваная керамiка i iншыя асаблiвасьцi, уласьцiвыя пазнейшаму Наваградку[59].
У агульнарускай культуры першапачатковых паселiшчаў i ранняга гораду прасочваюцца пэўныя архаiчныя рысы. Гэта адсутнасьць маёмаснай i сацыяльнай дыферэнцыацыi жыхароў, што праявiлася ў аблiччы дамоў, iнвентары, а таксама пахавальным абрадзе. Сярод курганаў наваградскага магiльнiка амаль не было пахаванняў, у якiх можна прасочыць прывiлiраванае становiшча нябожчыка. Да таго ж, наваградскiя курганы па наборы i характары рэчаў не адрознiваюцца ад адпаведных пахавальных помнiкаў Наваградскай акругi. Вядомае адставанне культуры праяўляецца ў працяглым пабытаваннi язычнiцтва (да канца ХI ст.).
Магчыма, што ў першых паселiшчах Наваградка можна убачыць племянны цэнтр дрыгавiчоў, падобны да Турава, якi быў такiм з пачатку свайго iснавання[60]. На думку В.В. Седова, самыя старажытныя гарады на Русi выраслi галоўным чынам з племянных цэнтраў, якiя знаходзiлiся ў зоне канцэнтрацыi зямляробства i з’яўлялiся цэнтрамi рамяства i гандлю[61]. Прыведзеныя вышэй матэрыялы пераконваюць у тым, што паселiшчы ў Наваградку ўзнiкаюць у зоне пладародных зямляў i з’яўлялiся пунктамi, дзе былi развiты рамяство i гандль, а таксама былi цэнтрамi сваёй акругi.
Чаму ж наш горад атрымаў у летапiсе найменне Новага гораду? У адносiнах да якога паселiшча ён быў новы? Цi сведчыць гэта аб iснаваннi нейкага папярэдняга паселiшча ў iншым месцы цi гэта найменне тлумачыцца тым, што горад змянiў першапачатковае паселiшча, што было тут, недалёка? Як вядома, шмат якiя са старажытнарускiх гарадоў насiлi наiменне “Новгород”. Аднак толькi прымяняльна да Ноўгарада Вялiкага ў лiтаратуры ставiлася пытанне аб прычыне падобнага наймення. Папярэднiкамi Ноўгорада на Волхаве лiчылiся гарадзiшчы (“Рюрыкава гарадзiшча”) у 2 км. ад Ноўгораду, Старая Руса, Старая Ладага i iншыя месцы. З пачатку 70-х гадоў даследчыкаў прываблiваюць погляды У.Л. Янiна i М.Х. Алешкоўскага, згодна якiм паперад Ноўгораду iснавалi тры паселiшчы славянскiх плямёнаў крывiчоў i славен i чудскай мерi. Пасля пабудовы агульных ўмацаванняў стаў iснаваць Ноўгарад[62].
У апошнiя гады пытаннямi паходжання Ноўгораду займаецца Е.Н. Носаў. Шырока карыстаючыся матэрыяламi ноўгарадскай акругi i Гарадзiшча, якое ён раскапвае, Носаў прыходзiць да высновы, што ў IХ-Х стст. галоўным ваенна-гандлёвым i адмiнiстратыўным паселiшчам было Гарадзiшча i толькi ў пазнейшы час гэтыя функцыi перайшлi да Новага гораду[63].
Па ўсёй верагоднасьцi, не заўсёды найменне “Ноўгарад”, азначае перанос больш ранняга паселiшча на новое месца. Так пры раскопках Ноўгарада Северскага, упершыню вядомага летапiсу пад 1096 г., высветлена, што гэты горад узнiк на стагоддзе раней на месцы iснавання паселiшча роменскай культуры[64]. Такiм чынам, найменне “Ноўгарад”, у гэтым выпадку, паказвае змену характару раней iснаваўшага на гэтым месцы паселiшча.
Археалагiчныя матэрыялы Наваградка i яго навакольля не даюць магчымасьцi паказаць помнiк — папярэднiк пасяленню на наваградскiх узгорках[65]. Старажылы Наваградка лiчылi, што горад раней быў каля в. Гарадзечна, у 4-х км. ад гораду. Па матэрыялах, што прыведзены раней, можна ўпэўнiцца, што Новым горадам наш помнiк стаў называцца адносна папярэдне iснаваўшых дагарадскiх паселiшчаў на наваградскiх узгорках.
Узнiкненне Наваградка было часткай працэсу гарадаўтварэння, што праходзiў у Панямоннi ў канцы 1 пачатку II тысячагоддзя н.э. У свой час мы спрабавалi паказаць падабенства гiстарычнага лёсу Наваградка i Ваўкавыска, хаця апошнi меў трошку iншы этнiчны склад насельнiцтва.[66] Негледзячы на гэту рознiцу, этапы развiцьця абодвух гарадоў так падобныя, што не выключана паходжанне Ваўкавыска таксама з племяннога центру.
Па ўсёй верагоднасьцi, некалькi iначай пачынаўся старажытны Слонiм, у 1 км. ад якога знаходяцца гарадзiшча i селiшча на Косавым тракце. У культурным слоi гарадзiшча знайдзена шмат ляпной керамiкi. Там жа знайдзены кружальны посуд Х-ХIII ст. Археалагiчныя работы ў Слонiме даюць магчымасть аднесьцi пачатак яго iснавання да другой паловы ХI - пачатку XII ст.[67] Магчыма, што паселiшча на Косаўскiм тракце было папярэднікам Слонiму, а пасля ўзнiкнення гораду iснавала i далей.
Станаўленне Гродна на Нёмане ў канцы ХI ст. разглядаецца, звычайна, як крэпасьцi, што паступова прыцягвала да сябе рамеснае насельнiцтва[68]. Археалагiчныя работы апошнiх гадоў выявiлi на тэрыторыi гродзенскага дзяцiнца — Старога Замка, даволi шмат раннекружальнай керамiкi Х ст.,[69] што адсоўвае ўглыб дату заснавання там паселiшча.
Старажытнарускiя гарады Панямоння ўзнiклi рознымi шляхамi. Адзiн з iх — гэта перарастанне дагарадскога, верагодна, племяннога центра ў паселішча гарадскога тыпу. Так паўстаў Наваградак.
Спасылкі:
[1] Куза А.В. О происхождении древнерусских городов (история изучения) // КСИА. - 1982. - Вып. 171. - С. 9-15.; Котляр Н.Ф. Формирование территории и возникновения городов Галицко-Валынской Руси ІХ-ХІІІ вв. Киев., 1985. С. 5-17.; Происхождение и эволюция раннесредневекового города // ТДСД. - С. 51-77.