Выбрать главу

Памеры ўмацаванай часткi гораду ў перыяд яго росквіту не перавышалi 2,5 га. Гэта ставіць Наваградак у шэраг малых гарадоў са складанай сiстэмай абароны, так як і Ваўкавыск, Тураў, Холм, Тэрэбоўль i некаторыя iншыя[3].

У папярэдняй главе адзначалася, што адначасова з Малым Замкам быў заселены ўзгорак, што прытыкае да яго з паўдзённага захаду, на якiм у XII ст. была пабудавана царква Барыса i Глеба. Магчыма, што заселены былi i нiзiны, як гэта мела месца ў Ваўкавыску, тапаграфiя якога падобная да тапаграфiі Наваградка[4]. Пры закладцы шурфа з напольнага боку наiбольш позняга вала, што збудаваны каля схілу Замкавай гары i Малага Замка на паўночны ўсход ад iх, была знайдзена керамiка, а таксама наканечнiк жалезнай стралы, абломкi шкляных бранзалетаў i некаторыя рэчы ХII-ХIII стст.[5] Аднак наўрад цi гэта былi рэшткi паселiшча. Скарэй за ўсё, гэтыя знаходкi трапілi туды з культурным слоем з паселiшчаў на ўзгорках, пры збудаваннi гэтага вала. У 1983 г. аўтар i М.В. Нiкалаеў заклалi нескалькі шурфоў на поўдзень ад Малага Замка i Замкавай гары. Знайдзены там культурны слой быў не старэйшы за XIV ст.[6] Нажаль, шчыльная забудова сучаснага Наваградка пазбавіла магчымасьцi даследваць тэрыторыю, непасрэдна прылеглую з захада да Замкавай гары i Малага Замка, вулiцы якога мелi ў мiнулым найменне Кавальскай, Бандарскай i Рымарскай.

Такiм чынам, з пачатку свайго iснавання i на працягу старажытнарускага перыяду сваёй гiсторыi, Наваградак быў паселiшчам на ўзгорках. У яго, па ўсёй верагоднасьцi, уваходзiла ўзвышша на паўднёвы ўсход ад Замкавай гары, на якім стаіць фарны касьцёл i могiлкi ля яго сьценаў. Археалагiчныя работы там правесьцi не ўдалася.

Стратыграфiя Малага Замка, як i тапаграфiя гораду, разглядалася раней[7]. Што датычыць стратыграфii Замкавай гары, то падрабязна з iлюстрацыямi яна выкладзена ў дадатку да гэтай кнігі. Iнтэнсiўная забудова Замкавай гары ў эпоху позняга сярэдневечча пакiнула там больш магутныя напластаваннi XIV-XVII стст. У старажытнарускі час стратыграфiя абодвух узвышшаў iдэнтычная.

Як ужо адзначалася раней, першапачатковыя пасяленні на наваградскiх узгорках не мелi абарончых збудаванняў. У першыя дзесяцiгоддзi другой паловы XI ст. узводзiцца вал на Замкавай гары. У паўночнай частцы пляцоўкi рэшткi старажытнага вала былi адкрыты пад гумусам, які падсьцiлаў гаспадарчыя пабудовы XII ст. Вал вышынёй 2,5 м. насыпаны з пяску, а ў верхняй частцы — з пяску, змяшанага з камянямi. Да насыпу тыльнага боку валу прытыкала згарэлае бервяно, умацаванае каламi i камянi. Бервяно i камянi ляжалi на слоi вугалю таўшчынёй 40 см., пад якiм захавалiся згарэлыя гроднi. Ад апошнiх ацалела два паралельныя бервяна дыяметрам 20 см. i кароткiя папярэчныя бярвенні. Усе арыентаваныя з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Прастора паміж паралельнымi бярвеннямi (1,30 м.), і паміж папярэчнымi (1,10 м.) была запоўнена гарэлым дрэвам, камянямi i залой. Двойчы адзначаны згарэлыя слупы дыяметрам 20 см. Гроднi ляжалi на насыпной зямлi, таўшчынёй да 1 м., якая прытыкала да насыпу вала i пазбаўлена знаходак. Пад падсыпкай ляжаў культурны слой неўмацаванага паселiшча.

У насыпе вала i пры разборцы гародняў знайдзена керамiка XI ст., жалезны двушыпны наканечнiк стралы, абломкi нажоў i невызначаны жалезны выраб.

Вiдавочна, рэшткi такога ж вала, які першапачаткова ахоўваў паселiшча, былi адкрыты ў паўднёвай частцы пляцоўкi. У сьцяне раскопа адлюстраваўся пяшчаны насып, у якi былi запушчаны нахiленыя бярвенні. Гэты насып аддзяляў слой са знаходкамi XI ст. ад пабудовы з рэчамi XII ст.

Значныя вынікі пры даследванні абарончых збудаванняў Замкавай гары атрымаў Міхась Ткачоў. На ўсходняй частцы пляцоўкi аўтар выявiў тры этапы гiсторыi ўмацаванняў, што адносяцца да старажытнарускага гораду, якiя ляжалi пад каменнай сьцяной. Рэшткi старажытнага вала адкрыты на глыбiні 5,5 - 5,3 м. Ад яго захавалiся абвугленыя плахi, што ляжалi паралельна i перпендыкулярна насыпу. Верагодна, што дадзеныя будаўнiчыя рэшткi сiнхронныя той частцы вала, якая была адкрыта намi ў паўночнай частцы пляцоўкi. На глыбiнi 4,63 м. М.А. Ткачоў адкрыў рэшткi двайнога частаколу з дубовых бярвенняў дыяметрам 22-25 см., над якімi была гумусiраваная праслойка з украпленнямi вугляў, абпаленай глiны i попелу. Нарэшце, на глыбiнi 2,44 м. знаходзiлiся рэшткi абвугленага дрэва, верагодна рэшткi зрубнай канструкцыi. Галоўная частка яе iшла пад фундамент каменнай сьцяны.

Па мяркаванню Ткачова, вышыня першапачатковага вала была каля 1 м., а на момант узвядзення мураваных сьценаў XIV ст. — каля 4 м. Наiбольш раннi вал аўтар адносiць да канца X ст., а наступныя да XI — пачатку XII i XIII стст.[8]

Канечная дата iснавання абарончых збудаванняў Замкавай гары, якую прапанаваў М.А. Ткачоў, бясспрэчная. Што датычыць часу заснавання вала на Замкавай гары, то наўрад цi ўсходняя частка пляцоўкi была ўмацавана раней за паўночную i паўднёвую частку. Да таго ж, вал з усходу быў адразу збудаваны на краі пляцоўкi i стаяў там, аж да ўзвядзення каменных сьценаў. Вiдавочна, што i з усходу, як з поўначы i полудня, вал быў насыпаны адначасова, г.зн. у другой палове XI ст.

Такім чынам, старажытны вал Замкавай гары, які ператварыў неўмацаванае паселішча ў дзяцiнец Наваградка, з поўначы i палудня агараджваў толькi частку пляцоўкi, у той час як з усходу ён адразу быў насыпаны на яе краі. Вал з яго драўлянымi канструкцыямi не быў аднолькавы па вышынi. З поўдня насып узвышаўся на 0,8 м., з усходу вышыня яго была каля 1 м., а з поўначы — наiбольш небяспечнага напрамку — вышыня вала дасягала 2,5 м.

У канцы XII цi на мяжы XII-XIII стст. вал у паўночнай частцы пераносяць на край пляцоўкi. П.А. Рапапорт, які яго праразаў, адзначае, што вышыня дасягала 6 м. Вал быў цалкам насыпаны з пяску з дамескам рачнога жвiру. На вонкавым баку вала пясок быў больш шчыльны[9].

Па дадзеных Ткачова, вал у паўночнай частцы быў умацаваны гароднямi, а пазней на ім быў пастаўлены частакол. Аўтар высветлiў, што з поўначы вал меў дадатковае ўмацаванне ў выглядзе вежы. Пры даследваннi цэнтральнай вежы познесярэдневяковага гораду, вядомай пад назвай “Шчытоўка”, датаванай XIV ст. Ткачову ўдалася высветліць, што да яе існавала вежа, якая ішла ўглыб на 7,5 м. i стала фундаментам для Шчытоўкi. Гэта больш ранняя, амаль квадратная вежа складзена з буйных абчасаных камянёў. Яе фундамент, вышынёй 3,5 м. ляжаў на падушцы з раствору i жвiру i заканчваўся цокалем вышынёй 0,3 м. Кладка сьцяны захавалася на 4 м. Яна складзена з добра апрацаваных камянёў, прасветы паміж iмi заложаны дробна паколатымi камянямi i абломкамi цэглы-пальчаткi, прамазанай вапнавым растворам. Па заключэнню Ткачова, старажытная вежа стаяла ў паўночнай частцы, як бы замыкаючы кальцо зямлянога вала i некалькі выступаючы ўперад. Аўтар датуе збудаванне гэтай вежы 60-мі альбо 70-мі гадамі XIII ст., і лiчыць яе блiзкай да валынскiх[10].

Яшчэ адным абарончым збудаваннем быў вал, што насыпалі каля падножжа Замкавай гары ў XIII ст., а вiдавочна, у XIV ст. ён быў падоўжаны, агарожваючы таксама Малы Замак. Гэты быў вал з пяску i глiны шчыльнай структуры[11].

Замкавую гару ад Малага Замка аддзяляў роў. Яго запаўняла вада. Паведамляючы аб паходзе Льва Данiлавiча пад 1274 г. на Наваградак, летапiсец пiсаў: “паря идяшеть съ истоковъ текоущихъ из горъ, зане морозе бяхоуть велице”[12]. Гэты пар ішоў ад вады, якая сьцякала з гары i запаўняла роў[13].

Вал на Малым Замку Ткачоў характэрызаваў як дрэваземляное ўмацаванне. У заходняй частцы вала адкрыты рэшткi ахоўнай вежы, складзенай з камяню i цэглы. Гэтая вежа, як i на Замкавай гары, належыць да тыпу валынскiх[14].

Абарончыя збудаваннi Наваградка ўдасканальваюцца напрацягу ўсяго перыяду яго старажытнарускай гiсторыi. Старажытны вал Замкавай гары, які ператварыў неўмацаванае паселішча ў маленькую крэпасьць, абкружаў не ўсю пляцоўку. Гэта адбудзецца пазней, калi раннi вал будзе засыпаны, а новы збудаваны на краю пляцоўкi. З узвядзеннем вала на Малым Замку ў пачатку XII ст. жыхары ствараюць другую лiнiю абарончых збудаванняў i фармiруецца вакольны горад Наваградка. У XIII ст. ля падножжа Замкавай гары насыпаецца дадатковы вал, які абараняў горад з паўночнага ўсходу.

Дрэвазямляная канструкцыя характэрная для шэрагу гарадоў на тэрыторыi Беларусi (Пiнск, Давiдгарадок). Разнастайныя драўляныя канструкцыi мае вал крэпасьцi ў Мiнску[15]. Такая канструкцыя валоў тыповая для гарадоў Валынi i Галiцкай зямлi, дзе яна зафiксавана ў помнiках пачынаючы з канца 1 тысячагоддзя[16].