Выбрать главу

Адкрыццё ў Наваградку каменных вежаў уключае яго ў лiк гарадоў Старажытнай Русi, у якiх iснавалi вежы валынскага тыпу. Iстотныя змяненнi ў тактыцы аблогі, якiя адбыліся ў XIII ст. i праяўляліся ў актыўным штурме, адлюстраваліся ў змене i арганiзацыi абароны. Менавіта ў гэты час у Заходняй Валынi i Панямонні з’яўляюцца каменныя вежы (Камянец Лiтоўскi, Столп’е, Белавiна блізка Холма, Чартарыйск i iнш.)[17]. Наваградак з’яўляецца другім горадам на тэрыторыi Беларусi, дзе рэальна захавалiся сляды валынскiх вежаў. У iншых гарадах (Гродна, Брэст, Тураў) звесткi аб iснаваннi такiх вежаў вядомыя толькi па пiсьмовых крынiцах[18].

Магчыма, што ўзвядзенне вежы на Замкавай гары было звязана з уладараннем у Наваградку валынскага князя Рамана Данiлавiча. Будаўнiцтва каменных вежаў спачатку на гарадскім дзяцiнцы, а пазней на тэрыторыi вакольнага гораду, паказвае на тое, што ваенна-iнжэнерныя збудаваннi Наваградка былi падрыхтаваны да актыўнай абароны пры штурме гарадскiх умацаванняў. Не выключана, што словы летапiсца “а детинец остася”, якія адносяцца да 1274 г. — часу спробы Льва Данiлавiча захапiць Наваградак, адлюстроўваюць непрыступнасьць гарадской крэпасьцi з iснаваўшай ужо ў той час вежай.

Iнтэнсiўнае ўдасканаленне абарончых збудаванняў ператварае Наваградак у канцы старажытнарускага перыяду яго гiсторыi ў выдатна ўмацаваны горад. Гэта спрыяла актыўнаму ўмацаванню Замкавай гары, якое пачалося ў XIV ст. i прывяло да таго, што ў XVI ст. тут узнiк сямiвежавы Замак — адзiн з самых магутных на тэрыторыi Беларусi.

Перш чым спынiцца на праблемах планiроўкi i домабудаўнiцтва Наваградка, якiя ў папярэднiх работах аўтара разглядалiся паасобна для абедзьвух частак гораду, трэба каротка асвятлiць некаторыя пытанні, прымяняльна да старажытнарускiх гарадоў.

Вялiкiм дасягненнем у вывучэннi культуры старажытнарускага гораду з’явiлася адкрыццё i даследванне на яго тэрыторыi сядзiб, на якiх размяшчалiся жылыя, гаспадарчыя, вытворчыя i iншыя памяшканні, абмежаваныя плотам-тынам. Па дадзеных Ноўгараду вылучаюцца сядзiбы простых гараджан, плошча якiх не перавышала 465 кв. м. i баярскiя сядзiбы, што займалi тэрыторыi да 1400 кв. м.[19] Наiбольш выразныя сядзiбы Кiева адкрыты на Падоле, памер iх да 700 кв. м. Сядзiбны характар забудовы прасочваецца i ў Верхнім горадзе, дзе некалькі сядзiб стварылi асобны квартал[20].

Параўнальна нядаўна выяўленныя сядзiбы ў Кiеве адкрыты таксама ў Кiеўскай зямлi (Юр’еў на Росi, Вышгарад, Iван-горад)[21].

Цікавая вясковая сядзіба ХI ст., раскапаная каля в. Чарноўцы. Яна была абмежавана прыроднымi схіламi i ўзвышшамi i складалася з паўзямляначнага жыльля i астаткаў сямi пабудоў слупавой канструкцыi[22].

Да нядаўняга часу наібольш старажытныя сядзiбы на тэрыторыi Старажытнай Русi адносiлi да X ст. Да гэтага часу належаць сядзiбы Ноўгарада i кiеўскага Падолу[23]. Больш ранняя дата з’яўлення сядзiб з’явiлася з новай атрыбуцыяй вялiкiх дамоў Старай Ладагi, а менавіта — VIII-IX стст. Дамы, да якiх належалi гаспадарчыя пабудовы займалi плошчу да 1000 кв. м.[24] Я.А. Рябiнiн адкрыў у Старай Ладаге сядзiбу, каторую складалі малы дом i гаспадарчыя памяшканні, агароджаныя частаколам. Па дадзеных дэндрахраналогii, сядзiба датавалася 810 г.[25] Такiм чынам, у святле стараладажскiх матэрыялаў, сядзiбная забудова ўзнiкае ў дагарадскі перыяд рускай гiсторыi.

Вывучэнне сядзiб Ноўгараду, якi доўгі час быў адзiнным горадам, дзе яны былi адкрыты, i дзякуючы берасьцяным граматам, у шэрагу выпадкаў, знайшлi iмёны сваiх гаспадароў, знаменавала новы этап у даследваннi гэтага гораду. У iншых гарадах Старажытнай Русi сядзiбы, галоўным чынам, толькi фiксавалiся i прыцягвалi да сябе значна меньш увагi чым жылiшчы. Доследаў, у якiх была б разгледзжана сядзiбная забудова прымяняльна да ўсёй тэрыторыi Старажытнай Русi не было. Таму прыцягвае да сябе ўвагу невялiкі артыкул на гэту тэму, які належыць А.I. Куставу. Ужо з самой назвы работы вынікае, што аўтар разглядае сядзiбы як элементы горадабудаўнічай культуры, якія ўласьцiвыя ўсім старажытнарускiм гарадам. “Падабенства ў характары планiровачнай арганiзацыi жылых кварталаў гарадоў розных земляў Русi - пiша аўтар - сведчыць аб адзiнстве горадабудаўнiчай культуры гэтага перыяду”[26]. Аднак фактычны матэрыял не падцьвярджае такое катэгарычнае заключэнне.

Калi звярнуцца да планiроўкі стольных гарадоў Старажытнай Русi, то далёка не ўсе з iх мелi сядзiбную забудову. Акрамя Ноўгарада i Кiева, бязспрэчныя рэшткi сядзiб адкрытыя ў Суздалі, Старай Рязанi i Смаленску[27]. Што датычыць Полацка, якi Кутаў уключае ў склад гарадоў з сядзiбной забудовай, то, як пiша Г.В. Штыхаў, матэрыялаў галоўнага раскопа на Полацком Верхнім Замку “недастаткова, каб гаварыць аб прынцыпах сядзiбнай забудовы. Можна толькi мяркаваць, што адкрытыя раскопкамi пабудовы, уваходзiлi ў склад гаспадарчых комплексаў, абнесеных частаколам”[28]. Астатнiя стольныя старажытнарускiя гарады ў гэтым плане мала вывучаны.

Паказальныя суадносiны старажытнарускiх гарадоў (за выключэннем стольных), якiя па дадзеных А.В. Кузы, мелi сядзiбную забудову альбо былi такой пазбаўленыя. З 64 помнiкаў, якiя можна прылiчыць да гарадскiх i дзе праводзiлiся стацыянарныя археалагiчныя работы, сядзiбна-дваровую забудову мелi толькi 22 пасяленні[29]. Пры гэтым у лiку такiх двароў былi не толькi сядзiбы, якія мелi пэўныя зямельныя дзялкі, але i звычайныя дваровыя комплексы. Значыць, горадабудаўнічая культура гарадоў Старажытнай Русi была не такая адзiная, як пра гэта пiша А.I. Кутовой.

З усiх старажытнарускiх гарадоў, на тэрыторыi якiх не развiлася сядзiбная забудова, тлумачэнне ёсьць толькi для Берасьця i Iзборска. Аўтар раскопак у Бярэсьцi П.Ф. Лысенка тлумачыць гэта цеснай забудовай, а У.В. Сядоў мяркуе, што шчыльная вулiчная забудова вышэй успамянутых гарадоў, нагадвае планiроўку заходнееўрапейскiх гарадоў[30]. Аднак гэта праблема яшчэ чакае свайго даследвання. Няясна з прычыны якiх сацыяльных альбо iншых умоў гарады адной i той самай зямлi мелi розную планiроўку. Так у Полацкай зямлi, дзе не толькi ў Полацку, але i ў Вiцебску[31] не развiлася сядзiбная забудова, у Мiнску тэрыторыя дзяцiнца была падзелена на сядзiбы плошчай 220-250 кв. м.[32] У Смаленскай зямлi, акрамя Смаленска невялiкiя сядзiбы адкрыты ў Мсьцiславе, але iх не было ў Таропцы[33]. У Ноўгарадскай зямлi сядзiбы былi амаль ва ўсiх гарадах (Ладага, Пскоў, Руса)[34], але ў Iзборску не развiлiся. Прыклады можна памнажаць. Асаблiвасьцi планiроўкi гарадоў патрабуюць адпаведнага тлумачэння.

Планiроўка i забудова Наваградка не падыходзiць пад тыпы забудовы старажытнарускiх гарадоў. Да таго ж, пры сiстэматычных археалагiчных работах на тэрыторыi Малага Замка i Замкавай гары, высветлiлася, што кожная частка гораду забудоўвалася па-свойму. Нават арыентацыя збудаванняў па старанах свету ў двух частках гораду розная: на пасадзе-вакольным горадзе — старанамi пабудоў, а на дзяцiнцы — iх вугламi. У выпадку калi вуглы будынкаў альбо iх сьцены не захавалiся, аб арыентацыi збудаванняў сведчылi бярвенні альбо дошкi, якiя ляжалi in situ. Так, выяўлена, што на дзяцiнцы ў раскопе 1, дошкi насьцiлаў мелі той жа напрамак, што i дошкi пабудоў.

Арыентацыя пабудоў вугламi па краях свету, распаўсюджаная рыса ва ўсходнеславянскім i старажытнарускiм домабудаўнiцтве. Яе звычайна звязваюць альбо з адносiнамі пабудоў да ракі, на якой стояў помнiк, альбо сувязьзю з валамi на яго пляцоўцы. Для Наваградка падобныя тлумачэннi не прымальныя. Ракi ля падножжа наваградскiх ўзгоркаў не было, а трывалая арыентацыя пабудоў адзначаецца ўжо ў першых насельнiкаў Малага Замка ў канцы Х ст., калi абарончых збудаванняў у Наваградку яшчэ не было. У далейшым, арыентацыя пабудоў вугламi па краях свету — на дзяцiнцы i бакамi — на вакольным горадзе, утрымлiвалася напрацягу ўсяго старажытнарускага перыяду гiсторыi гораду. Разгледзім характар забудовы абедзьвух частак гораду паасобна.

Наібольш старажытныя насельнікі Малага Замка ў канцы Х ст. жылi, галоўным чынам, па краях пляцоўкi. Паўднёвая яе частка пры гэтым, выкарыстоўвалася для гаспадарчых i вытворчых патрэбаў. Тут стаяў сьвiран (пабуд. 38), паблiзу якога, вiдавочна, стаяла яшчэ адна такая пабудова. Тут жа былi адкрыты ямы, вырытыя ў мацерыку (55, 90 i iнш.) з несумненнымi слядамi бронзалiцейных работ. Першапачаткова жылiшчы знаходiлiся ў паўночнай частцы пляцоўкi (15, 20, 24). У адной з жылых пабудоў рабiлi цэментацыю жалеза.