Выбрать главу

У вынiку раскопак на тэрыторыi наваградскага дзяцiнца для XII-XIII стст. выяўлена зона гаспадарчых збудаванняў, частка, дзе жылi простыя гараджане, тэрыторыя, дзе працавалi залатары i некаторыя другiя часткi. Застаецца невысветленым, дзе жыў гаспадар дзяцiнца i яго атачэнне, тыя каму, несумненна, належала зона гаспадарчых пабудоў. Засноўваючыся на ўласьцiвай для Наваградка пераемнасьцi ў домабудаўнiцтве, можна мяркаваць, што жыльлё знацi размяшчалася ў паўночнай частцы пляцоўкi ля вала. Там, у XIV ст. стаяў каменны дом феадала[41] i палац XV-XVI стст., што прытыкаў да Шчытоўкі. Цiкава пры гэтым заўважыць, што вялiкая частка багатых дамоў вакольнага гораду таксама шчыльна прытыкала да валу.

У XII-XIII стст. наваградскi дзяцiнец робiцца магутнай крэпасьцю. Аб гэтым сведчаць яго абарончыя збудаваннi i шматлiкая зброя, знайдзеная падчас раскопак. Не выпадкова, злучаная раць валынскага князя Льва, у якой акрамя старажытнарускiх воiнаў былi мангола-татары начале з Ягурчынам не змаглi яго заваяваць.

Археалагiчныя матэрыялы Замкавай гары XII-XIII стст. даюць падставы лiчыць, што наваградскi дзяцiнец — гэта цытадэль старажытнарускага гораду прадстаўляе з сябе своеасаблiвы феадальны двор[42]. Некаторы падзел па сацыяльнаму стану можна адзначыць на дзяцiнцы старажытнага Друцка, дзе ў паўднёвай частцы пляцоўкi сялiлася залежнае насельнiцтва, а ў заходняй частцы, вiдавочна, стаялi княжаскiя харомы. Цэнтральная ж частка пляцоўкi была незаселенай[43]. Больш блiзка наваградскi дзяцiнец нагадвае дзяцiнец старажытнага Любiча XI ст., у якiм, па Б.А. Рыбакову, быў палацавы комплекс, які ўваходзiў у лiнiю сьцяны, драўляная царква, участак, заняты гаспадарчымi пабудовамi, жыльлё чаляднiкаў i iншыя комплексы, характэрныя для феадальнага двара[44].

Падагульняючы назiраннi аб забудове Наваградка, можна адзначыць, што калi дзяцiнец XII-XIII ст. у нейкай ступенi нагадвае дзяцiнец Любеча XI ст., то вакольны горад, забудаваны багатымi дамамi, што ўтварылi асобны квартал, у iншых старажытнарускiх гарадах не мае паралеляў.

У спецыфiчнай планiроўцы i забудове Наваградка, а таксама iншых гарадоў, пазбаўленых сядзiбна-палацавай забудовы, адлюстроўваецца не адзiнства горадабудаўнічай структуры старажытнарускiх гарадоў, як лiчыць А.I. Кутовой, а яе разнастайнасьць, якая пакуль яшчэ не мае тлумачэння.

Жылыя i гаспадарчыя пабудовы падрабязна апiсаны ў нашай кнiзе, прысвечанай пасаду-вакольному гораду Наваградка. Там жа маецца глава, у якой прааналiзавана домабудаўнiцтва гэтай часткi гораду[45]. Адпаведныя матэрыялы дзяцiнца — Замкавай гары прыведзены ў гэтай працы. Задачай дадзенай часткi главы з’яўляецца сiстэматызацыя дадзеных домабудаўнiцтва старажытнарускага Наваградка.

Рэшткi заглыбленых пабудоў сустракаюцца толькi на тэрыторыi Малага Замка. З трох будынкаў гэтага тыпу, два адносяцца да дагарадскога перыяду ў гiсторыi паселiшча. Яны знаходзiлiся ў цэнтральнай частцы пляцоўкi. Адзін з iх умоўна названы “паўзямлянкай”. Плошча яго каля 18 кв.м. Сьценкi ўмацаваныя камянямi, каля ўсходняга вугла захавалася яма ад слупа. Для ацяплення “паўзямлянкi” было вогнiска з камянёў. Гэты заглыблены на 0,7 м. у мацярык комплекс вельмі недасканалы, вуглы яго непрамыя. Аднак у адрозненне ад гаспадарчых ям, сьценкi яго роўныя, а знайдзены там iнвентар — керамiка, прылады працы i ўпрыгожваннi цалкам адпавядаюць запаўненню жылой пабудовы. Плошча другой заглыбленай пабудовы вызначыць не ўдалася. Яна, вiдавочна, мела ўпушчаны зруб, ад якога захавалiся сгарэлыя бярвенні i дошкi. Печка-каменка гэтай пабудовы мела дзве глiнабiтныя падлогі, якiя змянiлi адна другую[46].

З’яўленiе ў Наваградку заглыбленых дамоў можна ўпэўнена звязаць з перасяленцамi з Ваўкавыска, дзе, як адзначалася ў папярэдняй главе, да канца XI ст. будавалiся, выключна, заглыбленыя дамы. На ўсход ад Наваградка паўзямлянкi вядомыя ў Заслаўлі i Мiнску[47]. З паўднёвай домабудаўнічай традыцыяй звязана знаходка патэльнi ў пабудове 31 - сярод астаткаў печы, ад якой захавалiся глiна i попел[48]. Фрагменты патэльняў сустракалiся ў культурным слоi паселiшча X-XI стст. на Малым Замку. Патэльнi з’яўляюцца яшчэ адным доказам пранікнення ў раннi Наваградак жыльля паўднёварускага тыпу. Падобныя патэльнi служылi як навершыя печаў; яны вядомыя ў паўднёварускiх зямлях з VIII ст. i сустракаюцца на паселiшчах аж да XII-XIII стст. (Плеснеск, Iван-Гара, Перэяслаўль)[49].

Заглыбленыя дамы, што былі ў Наваградку напачатку ранняй яго гiсторыi даволi хутка знікаюць. Аднак у пачатку XII ст., з фармiраваннем вакольнага гораду Наваградка, там з’яўляецца адзiны заглыблены дом зусім iншага характару. Гэта пабудова 6, падрабязна апiсаная ў нашай кнiзе. Нагадаем яе галоўныя асаблiвасьцi. Рэшткi жылой пабудовы знаходзiлiся ў катлаване, які вырыты ў цэнтры пляцоўкi. Гэта быў зрубны двухкамерны дом, плошчай 77 кв. м., заглыбленая частка якога складала каля 1 м. У вялікім, квадратным у плане памяшканнi, знаходзiлася прамавугольная печка з глiнабiтным подам i зводам. Падлога з дошак была насьцелена на лагi[50]. Заглыбленая ў мацярык пабудова 6, несумненна, мела наземную частку, знiшчаную пры пабудове наступных па часу дамоў.

У пабудове 6 цяжка бачыць працяг будаўнічай традыцыi заглыбленых жылых дамоў ранняга Наваградка. Ад iх дадзеную пабудову аддзяляла цэлае стагоддзе, калi на Малым Замку не будавалi жылых заглыбленых дамоў. Тым не меньш, пабудова 6 належыць да тыпу паўднёвых жылых комплексаў. У кнiзе “Старажытны Наваградак” паралелi ей паказаны ў Кiеве i Белгарадзе[51]. Далучым да iх дадзеныя з раскопак на Залатым току ў Галiчы. У 1980-1981 гг. там былi адкрыты заглыбленыя жылыя дамы, у тым лiку пабудова з багатым iнвентаром. Падлога яе была пакрыта тканінай, на думку аўтара раскопак, дываном. Цiкава, што побач з гэтым домам была кладоўка лiцейшчыка-залатара з багатым iнструментарыям[52].

Багатыя заглыбленыя дамы з поўдня пранікалi i ў лясную паласу. У Суздалі адкрыты такi комплекс, ён складаўся з трох памяшканняў. На падлозе аднаго з iх, пакрытай берастой, сярод знаходак ёсьць шкляны посуд i палiваны збанок усходняга паходжання[53]. У заглыбленым доме Старой Рязанi, на падлозе, якая выкладзена драўлянымi плахамi, знайдзены два скарбы, а таксама срэбрны пярсьцёнак, фрагменты вiзантыйскай палiванай талеркi i iнш.[54]

Вярочаючыся да наваградскай заглыбленай пабудовы 6, трэба адзначыць, што яна аднесена да катэгорыi багатых не толькi па сваiх памерах, але i па характару iнвентара. Тут былi знайдзены абломкi трох амфар i двух шкляных пасудзін. Разам з тым, дадзеная пабудова была адным з самых раннiх багатых дамоў вакольнага гораду. У ёй яшчэ не было шкляных бранзалетаў, якiх пачынаючы з 30-х гадоў XII ст. у вакольным горадзе было вельмi шмат. Цiкава, разам з тым, што ў дадзеным комплексе не было слядоў заняткаў залатарствам, што тыпова як для раннiх жылых пабудоў дзяцiнца Замкавай гары, так i для багатых дамоў вакольнага гораду.

Вялiкая жылая пабудова 6 — гэта адзiнае пранiкненне ў пачатку XII ст. паўднёвага домабудаўнiцтва, якое не атрымало далейшага развiцця. Дом, які пабудавалі на гэтым месцы наступныя гаспадары, быў наземны, крыху заглыблены ў катлаван.

У Наваградку пераважала наземнае домабудаўнiцтва. У абедзьвух частках гораду адкрыта i даследвана каля 15 наземных жылых пабудоў, якія належалi простым гараджанам. На працягу ўсяго разгледжанага перыяду яны даволi падобныя. Жылiшчы былi зрубныя, узведзены з бярвенняў дыяметрам 20-22 см. Пабудовы рабiлiся на месцы, аб чым можна мяркаваць па слою шчэпак, якi асаблiва выразна выяўлены на Замкавай гары. Зрубы рабіліся “у абло”. Чашку, звычайна, высякалі ў верхнім бервяне. Сьцены асобных жылiшчаў на Малым Замку прамазвалi глiнай. Не заўсёды можна было вызначыць плошчу жытла, але мяркуючы па межах падлогі, некаторыя дамы мелi плошчу да 40 кв. м. Усе шэраговыя пабудовы былi аднакамерныя з дашчатай падлогай. Падлога (з дошак шырынёй 20-22 см.) лепш захавалася ў дамах Замкавай гары.