Выбрать главу

Амаль ва ўсiх дамах былi глiнабiтныя печы. У некаторых пабудовах ад печаў захаваўся толькi тонкi слой глiны з залой. У самай старажытнай пабудове Малага Замка (15) выяўлены калы ад каркасу печы. Там, дзе печы захавалiся лепш, знайдзены рэшткi глiнабiтных скляпеністых зводаў (пабудова 23 на Малым Замку, пабудовы 2, 3 на Замкавай гары), а таксама рэшткi ад аднаго да чатырох глiнабiтных подаў. Часам удавалася прасочыць печкi, ад якiх ацалелi цясiны, пастаўленыя на рабро, а таксама слупы, што прылягалi да аднаго з вуглоў печы. Аб патэльнях, якiя былi заканчэньнем печаў, гаварылася вышэй. Рэшткi печы-каменкi знайдзены толькi ў адной з наземных пабудоў Малага Замка.

Звычайныя наземныя дамы Наваградка тыповыя для домабудаўнiцтва лясной паласы - яны прадстаўлены зрубнымi пабудовамi з глiнабiтнымi печамi i дашчатай падлогай. Вуглавыя слупы пры печах, падобныя да тых, якія былi адкрыты на Замкавай гары, былi падпорай для падыходзячых да iх бэлек; некаторыя з такiх бэлек служылі аснаваннем ляжанкі[55]. Уплыў паўднёвай традыцыi ў домабудаўнiцтве абмяжоўваецца iснаваннiем у гэтага тыпу будынкаў асобных печаў з заканчэньнем у выглядзе патэльняў.

Асобныя вогнiшчы i вялiкая колькасьць ямаў, што знайдзены на абодвух узвышшах Наваградка, даюць падставу мяркаваць, што як у раннюю пару яго гiсторыi, так i ў перыяд росквіту ўзводзiлiся аблегчаныя, магчыма сезонныя пабудовы.

Пры вывучэннi вялiкiх i багатых дамоў вакольнага гораду Наваградка ў свой час,[56] нам не ўдалася выявiць некаторыя iх асаблiвасьцi i неабходна iзноў вярнуцца да гэтых цiкавых комплексаў. Як паказана, вялiкi заглыблены дом 6 не атрымаў працягу ў домабудаўнiцтве Наваградка. Усе астатнiя вялiкiя дамы былi наземныя i ўзнiклi як працяг мясцовай будаўнічай традыцыi.

Самы раннi вялiкi дом быў пабудаваны яшчэ да афармлення на тэрыторыi Малага Замка вакольнага гораду. Гэта пабудова 13, датуецца канцом XI альбо мяжой XI i XII стст. Мяркуючы па рэшткам сатлеўшай i згарэлай падлогі, плошча яе была каля 70 кв. м., а мяркуючы па накірунку валокнаў падлогі, дом быў двухкамерны. Паблiзу паўднёвай сьценкi знаходiлiся рэшткi печы. Цяжка сказаць з якога матэрыялу былi сьцены гэтага дома. Рэшткi неабпаленай глiны, асаблiва масiў яе ў паўночнай частцы пабудовы, вiдавочна, адносiлiся да верхнiх частак дома. Iнвентар пабудовы сьціплы ў параўнанні з тым наборам рэчаў, якi запаўняў больш познiя вялiкiя дамы[57]. Разам з тым пабудова 13 з’яўляецца папярэднiцай багатых наземных дамоў вакольнага гораду Наваградка. Над ёй пазней была пастаўлена пабудова 126, выдатная сваім фрэскавым роспiсам i цудоўнымi знаходкамi.

У пабудове 216 сiнхроннай пабудове 13, таксама можна ўбачыць комплекс, папярэднi багатым дамам Наваградка, хаця ад яе захавалiся толькi рэшткi сатлелай i згарэлай падлогі. У дадзенай пабудове, больш выразна, чым у iншых дамах, выяўлена, што гаспадары займалiся залатарствам,[58] такім характэрным для ўладальнікаў багатых дамоў XII-XIII стст. рамяством.

Не ўсе багатыя дамы былi пабудаваныя на развале жытла папярэдняй пары. Амаль палова iх пастаўлена на культурным слоi XI ст., а пабудова 5, як гаварылася, узнiкла над заглыбленым домам 6.

У тых выпадках, калi ўдавалася абазначыць гранiцы дамоў, выявiлася, што яны займалi плошчу ад 76 да 110 кв. м. Рэшткi зрубаў знайдзены пры даследваннi пабудоў 10 i 33. У апошняй рубка зроблена ў абло. Глiна, якой прамазвалi толькi асобныя пабудовы ранняга паселiшча, у будынках XII-XIII стст. мела вялiкае значэнне. Паўсюдна сустракалiся кавалкi глiнянай абмазкi з адбіткамi дрэва. У багатых дамах глiна выкарыстоўвалася па-рознаму. Дашчатая падлога пабудовы 4 ляжала на слоi неабпаленай глiны. Завалы неабпаленай глiны значнай таўшчыні, што ляжалi ў два i нават у тры слоі, мелi непасрэднае дачыненне да сьценаў дамоў. Абваленая частка сьцяны пабудовы 9 складвалася з вапняковых плiтаў, устаўленых у глiну. У пабудове 1 знайдзены рэшткi двух ваконных праёмаў з абпаленай глiны з уключэннем цэглы.

У вялiкiх дамах вакольнага гораду ў якасьці будаўнiчага матэрыялу ўжывалі цэглу. Развал яе знайдзены ва ўсходняй частцы пабудоў 18, 7, 28 i iнш. Вельмi многа дробных абломкаў цэглы знайдзена пры разборцы рэшткаў пабудовы 10. У тых выпадках, калi ўдавалася цэглу замерыць, яна мела памеры: 24-30х15-20х4-5 см. Зрэдку побач са звычайнай цэглай сустракалася лекальная. У развалах пабудоў сустрэлася даволi многа камянёў.

Такім чынам, будаўнiчы матэрыял вялiкiх дамоў вакольнага гораду дастаткова разнастайны. Гэта дрэва, аб распаўсюджаннi якога, акрамя сатлелых i згарэлых бярвенняў i дошак, сведчыла вялiкая колькасьць цьвiкоў, важнае значэнне мелi глiна, цэгла i камянi. Сярод апошнiх толькi аднойчы знайдзена сьцяна складзеная з вапняку.

Шмат якiя вялiкiя дамы былi двухкамерныя. Такой была пабудова 5, збудаваная над заглыбленым домам 6, яна паўтарыла яго план. Верагодна дзве камеры мела пабудова 4, якая змянiла пабудову 5, хаця печ у ёй была пастаўлена iначай, чым у абодвух нiжэй ляжаўшых дамах. У iншых дамах няма археалагiчнага абаснавання таго, што яны мелi дзве камеры, але, верагодна, гэта было так. Тым больш, калi гутарка iдзе аб пабудове 12, сьцены якой былi атынкаваныя i пакрыты фрэскавым роспiсам.

У старажытнарускiх гарадах раскапана не мала багатых дамоў, якiя былі, як звычай, цэнтральнымi аб’ектамi сядзiб. Такія дамы, сярод якіх вылучаецца цудоўны комплекс мастака XII ст., ёсьць ў Ноўгарадзе. Зрубны багаты дом, упрыгожаны карнiзамi з разным арнаментам, датаваны XI ст. адкрыты ў Старай Русе. Багатыя зрубныя дамы адкрыты ў Серэнску, Белаозеры, Яраполчы Залескім i iншых гарадах. Дамы заможных гараджан горада Яраслава ў Кiеве былi зрубнымi i каркасна-слупавымi з часткова альбо цалкам заглыбленым аснаваннем[59]. Разнастайнасьць будаўнiчага матэрыялу ў багатых дамах Наваградка, нехарактэрная для жылых будынкаў сацыяльных вярхоў iншых старажытнарускiх гарадоў. Блiжэй другiх да наваградскiх жылiшчаў вакольнага гораду падыходзяць харомы баярына XIII ст. са Старай Рязанi, якiя прадстаўлялi з сябе наземны зруб плошчай каля 100 кв. м. Бярвенні яго былi абмазаны глiнай. У якасьці будаўнiчага матэрыялу былi выкарыстаны абломкi цэглы. У адрозненне ад наваградскiх дамоў з дошчатай падлогай, пабудова Старай Рязанi мела глiняную падлогу, з уключэннем вугельчыкаў, абломкаў цэглы i абломкаў керамiкi[60].

Частка печаў вялiкiх дамоў нагадвала глiнабiтныя печы пабудоў X-XI стст. Адтулiны ад калоў каркаса печы адзначаны ў глiнабiтнай печы пабудовы 7. У наiбольшай па плошчы пабудове (16) акрамя глiнабiтнай падлогі захавалася аснаванне зводу печы. У пабудове 1 адкрыты пры печы квадратны драўляны насьцiл i падпечная яма.

Печы вялiкiх дамоў складзены, галоўным чынам, з прымяненнем цэглы. Лепш за iншыя захавалася печ пабудовы 5, у нiжняй частцы яна складзена з камянёў змацаваных глiнай, а на вышынi 6 м. была выкладзена радам цэглы, змацаванай растворам. Звод печы быў з камянёў, а падлога з пяцi радоў цэглы. Печка пабудовы 4, якая змянiла пабудову 5, складзена з глiны з уключэннем цэглы, а яе драўляная апалубка была прамазаная глiнай. У астатніх вялiкiх дамах ад печаў захавалiся развалы цэглы, абломкi гарэлага дрэва, попел i вугольле[61].

У старажытнарускiх помнiках нярэдка карысталiся цэглай пры ўзвядзеннi печаў. Для X-XI стст. гэта назiраецца ў Кiяве, Вышгарадзе i на гарадзiшчы Цымлянскім[62]. Значна ўзрастае выкарыстанне цэглы для печаў у XII ст. у лесастэпавай зоне, акрамя Кiева, гэта назiраецца ў Белгарадзе i Юр’еве на Росi, а ў лясной — ва Ўшчыжы, Старай Разанi, Пронску, Яраполчы Залескім, Мураме, Тураве, Бярэсьцi, Гродне i iншых гарадах. У Тураве пракладка з цэглы выкарыстоўвалася ў склепе, а ў Гродне плiнфай быў выкладзены ганак i з яе было складзена часовае вогнiшча[63].

П.А. Рапапорт апраўдана звязвае прымяненне цэглы ў домабудаўнiцтве з развiццём на паселiшчы манументальнага дойлiдства[64]. Тым больш дзiўна, што ў Ноўгарадзе з яго развiтай архiтэктурай цэгла пры ўзвядзеннi жылых пабудоў, у прыватнасьцi печаў, не выкарыстоўвалася аж да канца XIV ст. Таму выкладзеная цэглай падлога ў падклецi дома мастака XII ст. разглядаецца як выключная з’ява[65]. Што датычыць Наваградка, то шырокае выкарыстанне цэглы ў багатых дамах яго вакольнага гораду, несумненна, звязана са з’яўленнем у горадзе манументальных пабудоў, у першую чаргу, царквы Барыса i Глеба ў другой чвэрцi XII ст. на ўзвышшы, суседнiм з вакольным горадам[66].