Выбрать главу

Шмат у якiх старажытнарускiх гарадах i нават у Ноўгарадзе печы палiлі па-чорнаму. Багатыя дамы Наваградка наўрад цi абагравалi такiм чынам. Доказам гэтаму служыць тое, што на фрэсках такога дома зусім не было слядоў сажы. Пры раскопках некаторых паселiшчаў (Кiеў, Кiчкас, Райкi, Плiснеск) знайдзены фрагменты глiняных трубаў, магчыма, астаткаў дымаходаў. Больш пераканаўчыя фрагменты дымаходу Ленкавецкага гарадзiшча. Гэта трохсьценныя жалабы з абпаленай глiны, унутраная паверхня якiх была пакрыта сажай[67].

У дзевяцi багатых дамах знайдзены абломкi ваконнага шкла з борцiкамi. Дыяметр шыбаў 19-22 см. Сустрэлiся больш 300 фрагментаў такога шкла. У адным з двух ваконных праёмаў пабудовы 1, вышынёй 45 см., шырынёй 25 см. былi абломкi двух ваконных дыскаў. Вiдавочна, i астатнiя вокны мелi па два акруглых шкла. Да раней вядомых ваконных рамаў, якія названыя ў кнiзе “Старажытны Наваградак”[68], далучым дадзеныя аб ваконнiцы ХI ст. з кiеўскай Сафii. Яна прадстаўляла з сябе прамавугольную раму з акруглым верхам. Вышыня яе 1,45 м., шырыня - 0,92 м. Рама мела вертыкальныя i гарызантальныя брусы, у якiя ўстаўлялi шкляные дыскi дыяметрам 22 см., і прымацоўвалi замазкай. Усяго ў ваконнiцы было 14 кавалкаў шкла[69]. Ваконнiца Кiеўскай Сафii сваiмi памерамi i колькасьцю дыскаў нашмат пераўзыходзiла тое, што прадстала перад намi ў вакольным горадзе Наваградка, але памеры ваконных дыскаў у нашым горадзе былi такiя ж, як у храме стольнага Кiева.

Ваконнае шкло даволi шырока вядома ў старажытнарускiх гарадах. Так, у Кiяве, дзе ў майстэрнi Лаўры, бясспрэчна, выраблялi ваконныя дыскi[70], знаходкi яго, акрамя палацавага комплексу, адзiнкава адзначаны толькi ў развале аднаго з жылiшчаў гораду Яраслава[71]. Глуха ўспамянуты знаходкi ваконнага шкла ў Старай Рязанi, Суздалі, Яраполчы Залескім, Шэстовiцах i iншых пунктах[72]. Цiкавыя знаходкi ваконных шыбаў з вялiкiх дамоў у навакольлi Галiча з бардзюрам i каляровым роспiсам[73]. Даволi многа дадзеных аб знаходках ваконных дыскаў у гарадах Заходняй Русi (Тураў, Пiнск, Ваўкавыск, Гродна)[74]. Аднак паўсюды гэта былi адзiнкавыя знаходкi, i толькi ў вакольным горадзе Наваградка вялiкiя дамы былi паўсюдна зашклёныя.

Характэрызуючы iнтэр’ер багатых жылiшчаў вакольнага гораду трэба зноў звярнуцца да такой унiкальнай з’явы як фрэскавы роспiс пабудовы 12. У свой час Ю.П. Спегальскi, якi рабіў рэканструкцыю гэтага роспiсу, змясьцiў яго над лаўкамi, паколькi, па яго мяркаванню, дом абпальваўся па чорнаму[75]. Як гаварылася вышэй, цяжка пагадзiцца з тым, што багатыя дамы вакольнага гораду не мелi дымаходаў i роспiс, на якiм не было знакаў сажы, мог займаць вялiкую прастору сьценаў пабудовы.

Фрэскi жылой пабудовы ў шэрагу выпадкаў падобныя да фрэскавага роспiсу наваградскага Барысаглебскага храма. Гэта адзначаецца ў тых выпадках, калi роспiс зроблены “пад камень”. Пры гэтым у царкве мазкi па зялёным фоне нанесены карычневай фарбай, а ў пабудове — карычневай i чырвонай. Захаваныя графiцi паказваюць на тое, што ў царкве фрэскi былi i на вышынi чалавечага росту. В.А. Галiбiн, які супастаўляў красiцелi роспiсаў жытла i царквы, давёў, што яны iдэнтычныя. Такiм чынам, няма сумневу ў тым, што храм i сьцены пабудовы 12 распiсвалi адны i тыя ж майстры. Сьцены храма i жылога дому маглi быць распiсаны толькi пасля таго, як было закончана iх будаўнiцтва. Гэта адбылося альбо адначасова, альбо сьценапiс жылой пабудовы быў нанесены адразу, пасля таго як закончылі роспiс Барысаглебскай царквы[76].

Нешматлiкiя паралелi распiсаных сьценаў у жылых пабудовах старажытнарускiх гарадоў i iншых помнiкаў мы, у свой час прыводзiлi[77]. Далучым да iншага жылую пабудову, адкрытую на Уладзiмiрскай вулiцы Кiева, дзе ў завале печы знайдзены фрагменты фрэскавага роспiсу белага, цёмна-шэрага, карычневага, зялёнага i жоўтага колераў на глiнянай аснове[78]. Роспiс на сьценах пабудоў гарадiшчаў Латвii (Тэрветэ, Ерсiка) быў таксама нанесены на глiну[79].

Пры разборы iнвентара пабудовы 16 было знайдзена шэсьць палiваных плiтак. Тры з iх (квадратныя, старана 2,2 см.), пакрывала жоўтая палiва. Такая ж палiва была на прамавугольнай плiтцы, а дзве плiткi, са стараной 5 см. былi пакрыты зялёнай палiвай[80]. Можа быць, гэтыя плiткi засталiся ад майолiкавай падлогi. У Звенiгарадзе (галiцкiм) пры даследваннi наземных жылiшчаў знайдзены абломкi керамiчных плiтак ад падлогi. Палiваныя плiткi знайдзены таксама ў наземных жылiшчах Ноўгарада Северскага[81].

У iнвентары двух змянiўшых адна другую пабудоў знайдзены часткi бронзавых люстр-хорасаў[82]. Магчыма, яны належалi да аднаго асвятляльнага прыбора багатага дома. Хорасы i iх часткi добра вядомыя як у стольных, так i малых старажытнарускiх гарадах (Кiеў, Мiнск, Ваўкавыск, Тарапец, Юр’еў на Росi i iнш.)[83]. Яны звычайна разглядаюцца як сведчанне аб наяўнасьцi храма на тэрыторыi паселiшча. Радзей хорасы звязваюць з жылымi пабудовамi. Гэта мела месца пры раскопках багатага дому ва Ўшчыжы, а таксама дома мастака ў Ноўгарадзе[84]. У нашым выпадку бронзавая люстра напэўна належыць да iнтэр’еру жылой пабудовы.

Даследчыкi старажытнарускага жыльля часта спрабуюць ўзнавiць мэблю дамоў па ямках у падлозе. Такiя ямкi вядомыя амаль ва ўсiх пабудовах вакольнага гораду. З iнтэр’ерам пабудовы 33 звязана абрушаная абгарэлая палiца, на якой знаходзiўся акруглы драўляны прадмет дыяметрам 40 см.[85] Верагодна, такiя палiцы былi i ў iншых дамах. Прыгожы палiваны, фаянсавы i шкляны посуд, якi ў вялiкай колькасьцi сустракаецца ў багатых дамах вакольнага гораду Наваградка, меў не толькi утылiтарнае, але i эстэтычнае значэнне i павiнен быў красавацца на палiцах i пастаўцах.

Да iнвентара багатых жылых дамоў належалi амфары. На тэрыторыi вакольнага гораду знайдзена больш за 25000 абломкаў, ад прыкладна 75 пасудзiн. У жылiшчах захоўвалася адначасова да 10 пасудзiн, якiя, мяркуючы па пабудове 12, стаялi па кутах дома[86]. Захаванне амфар у жыльлi вядома ў Кiеве i Пронску, дзе ў цэнтральнай частцы жылой пабудовы стаялi тры, укапаныя ў зямлю амфары [87].

Трэба думаць, што вялiкiя і багатыя, з зашклёнымi вокнамi дамы вакольнага гораду Наваградка не былi аднапавярховыя, хаця археалагiчных доказаў гэтаму цьверджанню няма. Строгая пераемнасьць у домабудаўнiцтве прыводзiла да таго, што пры збудаваннi новага жыльля на месцы старога, пляц раўнялi i ўсё, што магло належаць да верхняга яруса памяшкання знiкала. Так над пабудовай 12 была пастаўлена пабудова 10, над якой у сваю чаргу, узвялi пабудову 9. Такая ж паслядоўнасьць назіралася ў пабудове дамоў 6, 5 i 4. У тых выпадках, калi жылiшчы будавалi не на рэштках папярэдняга дома (пабудовы 1, 3, 8 i iнш.), яны дайшлi ў такім стане, што вялiкая частка будаўнiчых астаткаў увогуле не захавалася.

Магчыма, што дзверы ў паўночнай частцы пабудовы 18[88] маглі весьцi на другi паверх. Упёртыя ў вал, гэтыя дзверы не маглі служыць для ўваходу, але праз іх можна было трапіць на другi ярус гэтага дому.

Па П.I. Засурцаву ўсе вялiкiя дамы ў Ноўгарадзе былi двухпавярховыя. У дамах Кiеўскага Падолу адкрыты рэшткi цокальнага паверха, жылога яруса i падстрэшнага памяшкання[89]. Двухпавярховымi былi дамы не толькi ў Кiеве, але i ў Старай Руссе, Ўшчыжы i Звенiгарадзе[90]. Усё аблiчча багатых дамоў вакольнага гораду схіляе да думкі, што яны былi двухпавярховыя.

З развiццём вывучэння жылых i гаспадарчых пабудоў старажытнарускiх гарадоў, фарміруецца яго асобны раздзел — домабудаўнiцтва сацыяльных вярхоў гораду. Калi для рэканструкцыі аблічча звычайных гарадскiх дамоў, даследчыкi звяртаюцца да дадзеных этнаграфii, заснаваных на вывучэннi сялянскiх дамоў, то багатыя гарадскiя дамы павiнны супастаўляцца з iншымi вiдамi крынiц, прынамсі ў пiсьмовых крынiцах i былiнах захавалiся звесткi не толькi аб палацах Старажытнай Русi, але i аб домабудаўнiцтве заможнага гарадскога насельнiцтва[91].

У Наваградку адкрыта вельмi мала вытворчых комплексаў. На першапачатковым паселiшчы Малага Замка — гэта ямы са слядамi бронзалiцейства, а ў больш пазні час кузня, якая працавала ў паўночнай частцы пляцоўкi. У XII-XIII стст. багатыя гараджане займаліся рамеснай дзейнасьцю галоўным чынам у жылых памяшканнях. Уласна майстэрняй залатара была толькi пабудова 17[92]. Аб майстэрнях залатароў XII-XIII ст. на Замкавай гары можна мяркаваць толькi па знайдзеных там iнструментах i незакончаных вырабах з каляровага метала i срэбра.