Матэрыялы, якiя сведчаць аб металургii жалеза ў Наваградку знаходзяцца толькi на раннiм паселiшчы на Малым Замку. Гэта крыцы, у тым лiку i ў развале печы i iх скапленне ў кузнi[2]. Жыхары пачатковага наваградскага паселiшча, (пазней пасаду) валодалi прыёмамi гарачай i холаднай апрацоўкi жалеза, умеючы пры гэтым упрыгожваць жалезныя вырабы каляровым металам[3]. На Замкавай гары напрацяг усяго старажытнарускага перыяду яе гiсторыi не захавалася нiякiх слядоў апрацоўкi жалеза. Знайдзеныя там крыцы, з’яўляюцца на дадзенай тэрыторыi не раней за XIV ст.
Колькасьць жалезных вырабаў старажытнарускага Наваградка даволі значная. У культурным слоі Малага Замка зроблена больш за 1700 знаходак. На Замкавай гары — iх больш за 400. Уяўленне аб тым, які асартымент жалезных вырабаў i як яны размяркавалiся, дае нiжэйпрыведзеная таблiца.
Таблiца 1. Жалезные вырабы Наваградка i яго акругi.
Агульная колькасьць жалезных вырабаў з канца Х да, прыкладна, канца XIII ст. складае больш за 2160 знаходак. Да канца XI ст. усе работы па металургii жалеза i яго апрацоўцы праводзiлiся на тэрыторыi пасаду, а пачынаючы з XII ст., вiдавочна, былi сканцэнтраваны за межамi раскапанай намi тэрыторыi.
Для 53 жалезных вырабаў быў зроблены мiкраструктурны аналiз, праведзены Л.С. Хамутовай i Г.А. Вазнесенскай. Важная выснова апошняй аб тым, што тэхналогiя вырабу i якасьць жалезных вырабаў абедзьвух частак гораду аднастайныя. Абедзьве даследчыцы адзначаюць, што жалезныя вырабы Наваградка выраблялiся па некалькiх техналагiчных схемах. Адны з iх былi цалкам са сталi, у iншых адзначалiся наварное сталёвае лязо на жалезную аснову з наступнай тэрмаапрацоўкай гатовага вырабу. На двух нажах Л.С. Хамутова адзначыла складаны звараны узор клiнкоў, якія iмiтуюць дамаскую сталь. Мiкраструктурны аналіз паказаў складаную тэхнiку вырабу амаль усiх даследаваных вырабаў, якi можа сведчыць аб майстэрстве i высокім вытворчым вопыце кавалёў.
Як у шэрагу невялікіх старажытнарускiх гарадоў, апрацоўка жалеза ў Наваградку была на агульнарускім узроўні. Вельмі разнастайны i асартымент жалезных вырабаў гэтага гораду. У X-XI стст. ён складаўся з рэчаў 26 найменаванняў, а ў XII-XIII стст. налiчваў каля 60.[4]
У гэтай главе разглядаюцца не ўсе наваградскiя жалезные вырабы, а толькi прылады працы, бытавыя рэчы, упрыгожаннi i прадметы ўбору. Што датычыць астатніх рэчаў з жалеза (зброi, сельскагаспадарчы i прамысловы iнвентар, прадметы, звязаныя з гандлем i iнш.), то іх мы разгледзім у адпаведных главах.
У савецкую археалогiю трывала ўвайшлi тыпалогiя i храналогiя ноўгарадскiх старажытнасьцей, што распрацаваў Б.А. Колчын. Асаблiва шмат гэты аўтар зрабіў для вывучэння жалезаапрацоўчага рамяства i сiстэматызацыi як ноўгарадскiх, так i агульнарускiх жалезных вырабаў. На працы Б.А. Колчына абапiраюцца ўсе даследчыкi старажытнарускiх старажытнасьцей i, у прыватнасьцi, аўтары манаграфiй, прысвечаных культуры старажытнарускiх гарадоў на тэрыторыi Беларусi. Мы, у сваю чаргу, карыстаемся іх матэрыяламi для супастаўлення з дадзенымi Наваградка.
Iнструментарый кавалёў прадстаўлены знаходкамi зубiлаў (8 экзэмпляраў), што паходзяць з Малага Замка. Цалкам захаваныя зубiлы маюць даўжыню 8-10,5 см. Аналогii iм вядомыя ў Ваўкавыску, Полацку, Пiнску i Брацiславе[5].
Больш жалезных прыладаў-iнструментаў належаць да залатарства. Яны таксама знайдзены толькi на Малым Замку. Поўны комплекс такiх знаходак паходзiць з пабудовы 10[6].
Жалезны iнструментарый залатароў вакольнага гораду прадстаўлены наступнымi знаходкамi:
Клешчы (2 экзэмпляры). Ад адных кляшчэй захавалася палова даўжынёй 25 см., ад другiх толькi верхняя частка. Падобнымi кляшчамi карысталiся залатары ў Ноўгарадзе[7].
Шчыпцы даўжынёй 11 см., на губах якiх быў знак у форме буквы Х. Яны выкарыстоўвалiся для кляймення вырабаў[8].
Залатарскія ножнiцы (2 экзэмпляры). Даўжыня iх да 25 см. Яны нагадваюць бытавыя шарнiрныя ножнiцы, але рабочая частка iх пашырана. Падобныя ножнiцы вядомыя ў Ноўгарадзе[9].
Малаточкi (2 экзэмпляры). Даўжыня iх 7-7,5 см. Залатарскія малаточкi знайдзены ў Полацку i Друцку[10].
Накаваленкi (3 экзэмпляры). Адна вышынёй 9,5 см. пiрамiдальнай формы. Другая з выступам для пракоўкi ўтульчатых рэчаў, вышынёй 5 см. Трэцяя, вышынёй 4,7 см. з выступаючымi краямi. Аналагi першым двум накаваленкам ёсьць ў Ноўгарадзе[11]. Трэцяя паралеляў не мае.
Напiльнiкi (5 экзэмпляраў). Адзiн мiнiяцюрны плоскi з вастрыём, даўжыня яго 5 см. Астатнiя ў сячэннi прамавугольныя даўжынёй да 21 см. з простай i крыжовай насечкай. Аналогii iм вядомыя ў шэрагу старажытнарускiх гарадоў, а на тэрыторыi Беларусi ў Друцку[12]. Пiнцэт даўжынёй 6 см. з Г-падобнымi губамi. Аналагiчныя вядомыя ў Тураве, Бярэсьцi i Мiнску[13].
Скрабкi (2 экзэмпляры), даўжынёй 8-9,5 см. Аналогii невядомыя, таксама як для квадратнага вырабу з углубленнем (старана роўная 2,5 см.). Знайдзены разам з адным са скрабкоў сярод залатарскага iнструмента.
Штампiк пяцiчастны паходзiць з пабудовы з фрэскамi[14].
Даволi знайдзена прыладаў для апрацоўкi дрэва. Да iх належаць:
Сякеры (15 экзэмпляраў), якiя выкарыстоўвалiся таксама ў якасьці зброi. Гэта тры сякеры з апушчаным лязом, што знайдзены ў курганах i “цяжкія” сякеры, знайдзеныя каля в. Кашалева разам з наканечнiкам кап’я i чэрапам чалавека[15]. На абедзьвух наваградскiх узгорках знайдзены чатыры сякеры з сiметрычным лязом i тры сякеры “цяжкага” тыпу. Астатнiя знаходкi дайшлi ў абломках. Наваградскiя сякеры маюць паралелi ў Полацку, Мiнску, Ваўкавыску, Бярэсьцi[16].
Пiла. Абломак пiлы знайдзены пры разборцы пабудовы 16 Малага Замка[17]. Пiлы даволi рэдкiя ў старажытнарускiх гарадах. У Заходняй Русi яны вядомыя толькi ў Ваўкавыску, дзе сярод абломкаў трох пiл, адна была лучковай. Абломак пiлы паходзiць таксама з гарадзiшча Iндура Гродзенскай вобласьцi[18]. Далата (19 экзэмпляраў). Даўжыня цэлых далот да 21 см. Падобныя знаходкi шырока распаўсюджаны ў старажытных гарадах на тэрыторыi Беларусi (Полацк, Мiнск, Бярэсьце i iнш.)[19].
Стамескi (10 экзэмпляраў). Знайдзены толькi на Малым Замку. Гэтыя прылады, даўжынёй 8-11 см. — рэдкiя знаходкi не толькi ў гарадах на тэрыторыi Беларусi, але i ў старажытнарускiх гарадах увогуле.
Пёрападобныя свёрлы (3 экзэмпляры). Даўжыня iх 8-9 см. Аналагi знайдзены ў Полацку, Мiнску, Ваўкавыску, Бярэсьцi i Пiнску[20].
Скобелi двуручныя (2 экзэмпляры). Даўжыня 10-10,5 см. Падобныя прылады добра вядомыя ў Полацку, Мiнску, Ваўкавыску i Бярэсьцi[21].
Разцы (2 экзэмпляры). Даўжыня 8,5-12,5 см. Адна са знаходак паходзiць з селiшча Гардзiлоўка. Паралелi нашым разцам маюцца ў Полацку, Мiнску, Ваўкавыску, Давiдгарадку[22].
Незвычайная прылада знайдзена паблiзу печы пабудовы 5 на Малым Замку. Зламаная надва, яна мела ў даўжыню 1,07 м. i прадстаўляла з сябе стрыжань дыяметрам 3 см. Рабочая частка яе ў форме пiрамiдальнага вастрыя. Другi канец стрыжня меў адтулiну для рукаяткi. У свой час гэту прыладу мы атрыбутавалі як бураў. Аднак у гэтым ёсьць сумнені. Бураў, якi знайдзены ў Маскоўскім Крамлі мае іншую форму[23].
Жалезныя прылады для апрацоўкi дрэва выкарыстоўвалiся шматфункцыянальна. Сякеры маглi быць зброяй, а iншыя прылады i iнструменты акрамя цяслярскіх i сталярных работ, выкарыстоўвалi пры апрацоўцы косьцi, бурштыну i iншых матэрыялаў.
Бытавыя знаходкi:
Нажы (261 экзэмпляр). На Малым Замку знайдзены 241 нож, на Замкавай гары 26. Астатнiя паходзяць з курганных магiльнiкаў i селiшча Гардзiлоўка. Жыхары Малага Замка адначасова карысталiся некалькiмi нажамi розных памераў. Такi ж малюнак можна бачыць i ў курганным матэрыяле.
Пераважаюць нажы гаспадарчага прызначэння з даужынёй ляза 7-10 см. i шырынёй да 1,5 см. Больш як 30 нажоў з падоўжанымi памерамi ляза вiдавочна былi сталовымi, некаторыя з iх мелi касьцяныя рукаяткi[24].