Выбрать главу

Сярод нажоў спецiяльнага прызначэння адзначым нож для кастарэзных работ, лязо якога ў тры разы карацей чаранка i два мiнiяцюрныя ножычкі, што знайдзены ў яме пад печкай пабудовы 1 на Малым Замку[25]. Нажы з сагнутай рукаяткай маглi выкарыстоўвацца ў сталярстве. Асобнае прызначэнне павiен мець нож з вузкiм лязом i двайной кручанай металiчнай рукаяткай. Такi ж нож знайдзены ў Ваўкавыску[26].

15 наваградскiх нажоў арнаментаваны нарэзкай, часам у спалучэннi з бронзавым дротам. Арнамент нанесены па абушку, а часам па лязу сталовых i рабочых нажоў i блiзкi арнаменту нажоў Полацка i гарадзiшча Асотэ ў Латвii[27].

Ножнiцы (8 экзэмпляраў). Знайдзены толькi на Малым Замку. Амаль усе ножнiцы спружынныя даўжынёй 12-24 см. Стрыжнi некаторых ножнiц упрыгожаны нарэзкай. Падобныя ножнiцы знайдзены ў Полацку i Мiнску[28]. Адзiныя шарнiрныя ножнiцы мелi даўжыню 17 см. Яны нагадваюць знаходкi з Полацка i Бярэсьця[29].

Шылы (12 экзэмпляраў). Даўжыня iх 6-12 см. Шылы — звычайныя знаходкi для заходнерускiх гарадоў. Асаблiва шмат знайдзена iх у Ваўкавыску[30].

Iглы (23 экзэмпляры). Даўжынёй да 5 см. Нагадваюць сучасныя iглы, падобныя знаходкам з Полацка i Ваўкавыска[31].

Ключы (59 экзэмпляраў). 40 ключоў былi ад падзвесных замкоў, з iх па адным знайдзена на селiшчы Гардзiлоўка i ў магiльнiке каля в. Корастава[32].

Ключы тыпу А (па Б.А. Колчыну) прадстаўлены двума экзэмплярамi з прамавугольнай лопасьцю. Даўжыня iх 7 i 12 см. Адзiн з такiх ключоў пакрыты лiставой бронзай i ўпрыгожаны нарэзкай. Падобныя ключы сустракаюцца ў гарадзiшчы на Менцы, Лагойску, Браславе i Ваўкавыску[33]. Да тыпу А належаць таксама ключы з акруглай лопасьцю, даўжынёй 7-12 см. Асобныя ключы ўпрыгожаны нарэзкай. Аналагi iм сустракаюцца амаль ва ўсiх старажытнарускiх гарадах на тэрыторыi Беларусi.

Ключы тыпу Б (8 экзэмпляраў). Даўжыня iх 7-190 см. Асобныя знаходкi ўпрыгожаны нарэзкай. Вылучаецца сваiмi памерамi (даўжыня 18 см.) ключ з раздвоеным стрыжнем, пакрытым меднымi пласцінкамi[34]. Ключы такога тыпу шырока распаўсюджаны ў старажытнарускiх помнiках, у тым лiку ў гарадах заходняй Русi[35].

Ключы тыпу В (6 экзэмпляраў). Даўжыня 7,5 - 9,5 см. Падобныя знайдзены ў гарадах Полацкай зямлi, а таксама ў Бярэсьцi, Гродне i ў Ваўкавыску[36].

Ключы тыпу Г (6 экзэмпляраў). Даўжыня iх 7-10 см., аналагiчныя ў гарадах Беларусi невядомыя.

Ключы тыпу Д (6 экзэмпляраў). Даўжыня - 9-14 см. Знайдзены па-за комплексамi. Па матэрыялах Ноўгарада i Ваўкавыска датуюцца XIV ст.[37]

На тэрыторыi Малага Замку знайдзены ключ даўжынёй 12 см. з раздвоеным стрыжнем i атагнутымi канцамi. Б.А. Колчын лiчыць такiя ключы iндiвiдуальнымi вырабамi XII ст.[38]

Замкi (7 экзэмпляраў). Акрамя таго, знайдзена 36 дэталяў замкоў (спружыны, дужкi i iнш.). Адзiнкавай знаходкай з’яўляецца замок прамавугольнай формы з доўгiм стрыжнем, што знайдзены ў пабудове першай паловы XI ст. Аналогiя яму вядомая ў Бярэсьцi[39]. Астатнiя замкi цылiндрычныя, часам абмедненыя. Даўжыня iх 6-10 см., у адным выпадку знайдзены замок з уторкнутым у яго ключом. Аналогii цылiндрычным замкам вядомыя ў шэрагу заходнерускiх гарадоў[40].

Асобную групу складаюць ключы ад унутраных замкоў. Сярод iх:

Каленчатые запоры (4 экзэмпляры). Даўжыня iх 6-7 см.[41] Такiя шырока распаўсюджаныя ў Старажытнай Русi запоры ад драўляных замкоў, на тэрыторыi старажытных гарадоў Беларусi знайдзены ў Тураве, Пiнску, гарадах Полацкай зямлi i ў Ваўкавыску[42]. Сагнуты запор даўжынёй больш чым 20 см., знайдзены разам з замком прамавугольнай формы, аналогiй не мае[43].

Ключы з полымi стрыжнямi (7 экзэмпляраў). Даўжыня iх 11-12 см. Адзiн ключ меў даўжыню 15 см. На лапасьцях нярэдкiя прарэзы. Падобныя ключы з прарэзамi на лапасьцях i без iх вядомыя ў Полацку, Мiнску, Ваўкавыску i Бярэсьцi[44].

Стрыжневыя ключы (6 экзэмпляраў). Даўжыня 11-12 см. Сустракаюцца ключы з прарэзанай лопасьцю. Адзiн ключ з вакольнага гораду быў пакрыты белым металам. Стрыжневыя ключы сустракаюцца ў заходнерускiх гарадах (Полацкая зямля, Гродна, Ваўкавыск, Бярэсьце)[45]. Да гэтага тыпу ключоў належыць маленькi (даўжыня 4 см.), верагодна ад скрынкі. Такiя мiнiяцюрныя ключы знайдзены ў Полацку, Лагойску, Гродне, i Ваўкавыску[46].

У Наваградку знайдзена таксама 4 ключы з полым стрыжнем i акруглым верхам, пакрытым бронзай, якiя, мяркуючы па знаходцы iх у Гродне, належаць да XIII-XIV стст.[47]

З унутранымi замкамi i ключамi да iх звязана квадратная накладка з прорэзьзю. Такiя ж накладкi паходзяць з Гродна i Лагойска[48].

Красалы (8 экзэмпляраў). Даўжынёй 6-8 см. Шэсьць красалаў з язычкамi альбо без іх датуюцца X-XIII стст. Два красалы авальнай формы. Падобныя распаўсюджваюцца не раней XIII ст.[49] Авальныя красалы — тыповыя знаходкi заходнерускiх гарадоў.

Цьвiкi (каля 700 экзэмпляраў). У дамах знайдзена ад аднаго да 40 цьвiкоў даўжынёй 6-11 см. Нескалькі цьвiкоў мелi даўжыню 17 см.

Скобы (50 экзэмпляраў). Даўжыня iх 6-10 см. Прабоi (11 экзэмпляраў). Даўжыня 6-13 см. Дзвярныя кольцы (4 экзэмпляры) дыяметрам 5,5-11 см. з язычкамi[50], а таксама некалькі пракладак i пласцiнак, што мацаваліся на дзвярах альбо скрынях, якія шырока распаўсюджаны ў заходнерускiх гарадах.

Сярод жалезных рэчаў адзначым абломак жалезнага катла[51], рэдкай знаходкi ў рускiх старажытнасьцях, а таксама дужкi i вушкi ад вёдраў i ланцугi. Паралелi iм адзначым у Ваўкавыску i Бярэсьцi[52].

Значная частка прыладаў, бытавых знаходак i дамашніх рэчаў засталася нявызначанай. Гэта авальная ручка з меднымi заклёпкамi, што знайдзена ў старой пабудове Малага Замка,[53] прамавугольныя жалезные злiткi даўжынёй да 10 см., таўшчынёй 1,2 см., плоскiя кольцы дыяметрам да 15 см.[54] i iнш. На Малым Замку знайдзены тонкi стрыжань даўжынёй 11 см., які заканчваецца вастрыём, над якiм узвышаецца пласцінка. Падобную знаходку ў Латвii В.А. Уртанс, супастаўляючы з этнаграфiчнымi матэрыяламi, вызначае як iнструмент для кровапускання[55].

Упрыгожаннi i прадметы ўбору.

Спражкi (20 экзэмпляраў). Часьцей за ўсё сустракаюцца падковападобныя са спiральна загнутымi канцамi. Дыяметр iх 4-6 см. Стрыжнi такiх спражак разнастайнага сячэння (прамавугольнае, авальнае, трохвугольнае, рамбiчнае). Часам спражкi маюць стрыжань з нарэзкай. Падковападобныя спражкi так папулярныя ў Старажытнай Русi i суседнiх з ёй землях, што няма неабходнасьцi спасылацца на паралелi гэтым рэчам.

Прамавугольныя спражкi са шпеньком i без яго (4 экзэмпляры) былi розных памераў (2,5-6 х 1, 5-4,5 см.). Падобныя знайдзены ў Ваўкавыску i Бярэсьцi[56]. Знайдзены спражкi iндывiдуальных формаў. Сярод iх прамавугольная з фiгурным шчытком.

Часткi паяснога набору (каля 40 экзэмпляраў). У адной з пабудоў Малага Замка знайдзена 25 прамавугольных пласцiнак з адтулiнамi, гэты набор можна разглядаць як часткi поясу[57]. На Замкавай гары сустракаюцца фiгурныя пласцiнкі, якiя таксама маглi быць часткаю паяснога набору. Ад паяснога набору, вiдавочна, захавалiся мiндалепадобная бляшка i вялiкi (даўжынёй 7 см.) язычок.

Булаўкi з кальцавой галоўкай (7 экзэмпляраў). Даўжыня iх 9-18 см., дыяметр галовак 1,8-3,5 см. Кольцы асобных булавак упрыгожаны нарэзкай. Асаблiва прыгожая булаўка, частка стрыжня i кольцы якой iнкруставаныя бронзавым дротам. Такiя булаўкi даследчыкi заходнерускiх гарадоў Старажытнай Русi, за Б.А. Колчыным, лiчаць за дэталi касьцюма[58]. У свой час мы адзначалi, што ў польскай i савецкай лiтаратуры асобныя археолагi разглядаюць iх як унiверсальныя прылады[59]. Такая атрыбуцыя падцьвярджаецца матэрыяламi Кастрамскога Паволжжа, дзе жалезныя булаўкi з кальцавой галоўкай сустракаюцца выключна ў мужчынскiх пахаваннях i звычайна ляжалi каля поясу разам з нажамi i красаламi[60].

У заключэннi адзначым падколкi для абутку (4 экзэмпляры), якiя добра вядомыя па знаходкам у многiх старажытнарускiх гарадах.

Як паказана вышэй, жалезныя вырабы мясцовага паходжання, якія служылi зброяй, прыладамi для сельскай гаспадаркi, а таксама былi культавымi вырабамi, будуць разгледжаны ў адпаведных главах.

2. Апрацоўка каляровых i шляхетных металаў.