Матэрыялы аб мясцовым бронзалiцействе i залатарстве прадстаўлены ў Наваградку лепш чым другiя вiды рамяства. Пытаннi, што датычаць апрацоўкi каляровых i шляхетных металаў на тэрыторыi Малага Замка, разгледжаны ў кнiзе “Старажытны Наваградак”[61]. Пры характэрыстыцы гэтага вiду рамяства прымяняльна да ўсяго гораду, натуральна, з’яўляецца неабходнасьць iзноў звярнуцца да матэрыялаў Малага Замка, выкарыстаўшы як раней вядомыя, так i некаторыя новыя матэрыялы.
Самымi старажытнымi комплексамi, у якiх займалiся бронзалiцействам, былi ямы канца X ст., выкапаныя ў мацерыку паўднёвай часткi пляцоўкi Малага Замка. Такой была яма 55 (4х3,4 м.), заглыбленая ў мацярык на 40 см., у заходняй частцы яе адкрыты развал камянёў i слаi попелу, абпаленых камянёў, вугалю i попелу. У запаўненнi ямы знайдзены цэлы тыгель i абломкi яшчэ пяцi тыгляў, кавалак бронзы, калачавiднае красала i керамiка, тыповая для канца Х ст. Яма 90 была авальная 1,10х0,90 м., глыбiнёй каля 30 см. з адвеснымi сьценкамi i роўным дном. У яме знайдзены абпаленыя i патрэсканыя камянi, кавалкi абпаленай глiны, абломкi тыгелькоў i керамiка. Для бронзалiцейства выкарыстоўвалiся таксама размешчаныя непадалёку ямы 8-9 i 54, аб чым сведчыла iх запаўненне[62].
Пачынаючы з першай паловы XI ст. бронзалiцейныя работы пераносяцца ў жылыя пабудовы Малага Замка, дзе знайдзены абломкi тыгелькоў, кавалкi аплаўленай бронзы i бронзавыя абрэзкi. У гэтым плане вылучаецца пабудова 21 (другая палова XI ст.), у якой былi: лiцейная формачка, абломкi пяцi цiгелькоў i кавалкi аплаўленай бронзы[63].
З ператварэннем наваградскага пасаду ў вакольны горад апрацоўка каляровых i шляхетных металаў робiцца наiбольш характэрнай асаблiвасьцю i галоўным заняткам гаспадароў вялiкiх i багатых дамоў. Амаль у кожным з багатых дамоў былi знайдзены iнструменты бронзалiцейшчыкаў i залатароў, абломкi i абрэзкi бронзы i свiнца, а ў асобных дамах сустракаюцца бясспрэчныя сляды апрацоўкi золата[64]. Гэта акалiчнасьць дазволiла нам у свой час разглядаць сканцэнтраваныя вялiкiя i багатыя дамы вакольнага гораду як квартал залатароў[65].
На дзяцiнцы аж да канца XI ст. бронзалiцейнымi i залатарскiмi работамi не займалiся. Нешматлiкiя знайдзеныя тут вырабы з бронзы i срэбра былi альбо зроблены на тэрыторыi Малага Замка, альбо з’яўлялiся прывазнымi вырабамi. Тое самае можна сказаць аб адпаведных рэчах наваградскага магiльнiка i курганах Наваградскай акругi — помнiках, якiя былi насыпаны да канца XI ст.
Залатарства на Замкавай гары пачынае развiвацца толькi ў XII ст. Майстэрнi тут адкрыць не ўдалася, але iснаванне апрацоўкi каляровых металаў i срэбра ў гэтай частцы гораду падцверджваюць знайдзеныя iнструменты, загатоўкi, спецыфiчная сыравiна i некаторя асаблiвасьцi гатовых вырабаў.
У старажытных гарадах на тэрыторыi Беларусi, дзе захавалiся бязспрэчныя матэрыялы аб работе залатароў, амаль не вядомыя iх майстэрнi. Толькi ў Мiнску адкрыта пабудова, у якой адлiвалiся бронзавыя вырабы[66].
Iнструментарый наваградскiх залатароў досыць разнастайны. Жалезныя прылады i iнструменты гэтых рамеснiкаў разглядалiся вышэй. Аб мясцовым лiцьцi каляровых i шляхетных металаў i iншых вiдах залатарскiх работ можна мяркаваць па наступных знаходках:
Вогнеупоры — тыглi i льячкi (каля 40 экзэмпляраў). У Наваградку пабытавалi розныя iх тыпы. З ямы першапачатковага паселiшча паходзiць тыгель вышынёй 11 см. з акруглым дном. Абломкi такiх самых тыгляў знайдзены i ў гэтай i ў iншых ямах. Аналагi дадзеным тыглям вядомыя на паўночным захадзе[67]. Вялiкая частка огнеупораў — гэта мiнiяцюрныя тыгелькi (вышынёй 3-4 см.). Пераважаюць вострадонныя, часам з ручкамi. Сустрэлiся два плоскадонных тыгелькi i тры льячкi — нiзкiя плоскiя вогнеупоры з ручкамi. Маленькiя тыглi i льячкi — частыя знаходкi ў гарадах Беларусi. Асаблiва многа знайдзена iх у Полацку, дзе на ўсходнiм раскопе знайдзены 53 тыглi[68]. Большы тыгель з “грабенчыкам” нагадвае знаходку з Кiева[69].
Лiцейныя формачкi (4 экзэмпляры). Знайдзеныя, выключна, на Малым Замку, яны апублiкаваныя[70]. Тры формачкi былi каменныя, адна глiняная. У наiбольш раннюю формачку метал залiвалi зверху. Астатнiя мелi лiтнiкi. Наваградскiя формачкi прызначалiся для вырабу нескладаных вырабаў — бубеньчыкаў, гузiкаў, бляшак, калец i крыжыкаў. Формачкi для адлiўкi такiх самых рэчаў знайдзены ў Полацку i Бярэсьцi[71].
Матрыцы (13 экзэмпляраў). Выразная серыя бронзавых матрыц паходзiць з Замкавай гары. Усе яны знайдзены ў паўночным раскопе. Дзве матрыцы ўваходзiлi ў iнвентар адной з гаспадарчых пабудоў. Астатнiя сустракаюцца на поўдзень ад астатнiх. Пераходзiм да iх апiсання:
Матрыца для колта дыяметрам 4 см. На яе выпуклай старане выразаны фiгуры двух сапастаўленых грыфонаў, раздзеленых пляцёнкай.
Матрыцы для лiлiяпадобных пласцiнак-крынаў (2 экзэмпляры). Даўжыня iх 4 см. Адна з матрыц гладкая, другая рубчатая.
Матрыцы для бляшак (3 экзэмпляры). Дзве квадратныя (старана 1,5 см.), трэцяя прамавугольная 2х1,7 см. з раслiнным арнаментам.
Матрыца для калодачак даўжынёй 1,5 см.
Матрыца для бранзалетаў з галавой жiвёлiны (даўжыня 3,5 см.).
На тэрыторыi Беларусi матрыцы для колтаў з выявай грыфона, крынападобных прывесак i калодачак знайдзены на гарадзiшчы Вiшчын Гомельскай вобласьцi[72]. Аднак галоўная маса такiх матрыц паходзiць з паўднёварускiх i некаторых iншых гарадоў i паселiшчаў. Гэта — Княжая гара, Вышгарад, Райкi, Iзяслаўль, Сахноўка, а таксама Ўшчыж i Сярэнск[73]. Арнамент Наваградскай матрыцы для колта даволi блiзкiя да выявы на колце з Церахава, былой Арлоўскай губернi, а рубчатую матрыцу да крынападобнай прывескi, подобную на нашу, апублiкаваў Б.А. Рыбакоў[74].
На тэрыторыi Беларусi, на ўспамянутым гарадзiшчы Вiшчын, знайдзены скарб, у якiм былi колты, крынападобныя прывескi i другiя цiснёныя ўпрыгожваннi. Адзначым таксама знаходкi срэбнага колта ў Бярэсьцi i двух колтаў i крынападобнай прывескi ў Мiнску[75]. Аднак, скарбы i асобныя упрыгожаннi, цiснёныя з матрыц, аналагiчныя да наваградскiх, вядомыя, пераважна, з Кiева, Кiеўскай зямлi, а таксама ў Чарнiгаўскай, Пераслаўскай i некаторых iншых зямлях[76].
Вярнуўшыся да серыi наваградскiх матрыц, нельга не адзначыць, што ўсе яны былi сканцэнтраваны на тэрыторыi дзяцiнца i зусiм адсутнiчалi ў вакольным горадзе з яго развiтым залатарствам. Дзве бронзавыя матрыцы знайдзеныя на Малым Замку, значна адрознiваюцца ад матрыц Замкавай гары i выкарыстоўвалiся для цiснення фiгурных бляшак.
Бронзавыя пiнцэты (2 экзэмпляры). Даўжыня iх 6 см. Знаходкi пiнцетаў з бронзы, якiя служылi, як i жалезныя, як маленькія цiскi, даволi рэдкiя. У заходнерускiх гарадах пiнцэты, былi, галоўным чынам, з жалеза. Бронзавы пiнцэт знайдзены толькi ў Мiнску[77].
З iнструментарыем залатароў можна звязаць i некаторыя iншыя знаходкi. Цiкавы бронзавы трохвугольны выраб даўжынёй 7 см., адзiн канец якога закруглены, а другi сплошчаны i на iм нанесены зарубкi. Гэты выраб, верагодна, з’яўляўся накаваленкай, аб чым сведчаць сляды шматлiкiх удараў на яго паверхнях. На выпуклым баку яго можна было пракоўваць полыя рэчы. Медная пасудзiна з тонкімі сьценкамі, атагнутым венчыкам i пераплеценымi краямi сьценак i донца мае прамую паралель у Кiеве, у “майстэрнi мастака”. На думку М.А. Каргера, такая пасудзiна патрэбная была для падагравання нейкага рэчыва[78]. Для залатарскiх работ мог выкарыстоўвацца i бронзавы песьцiк дыяметрам 2 см. (захаваўся не цэлы)[79]. З iнструментарыем залатарства мы звязваем таксама вялiкую (даўжыня 12 см.) бронзавую iглу, якой можна было рабiць гравiроўку i тачыльныя камянi з жалабком, каб заточваць подобныя iглы[80].
Па шматлікiх знаходках iнструмента бронзалiцейшчыкаў i залатароў, можна мяркаваць аб работе з iм. Так сьценкi тыгляў аплаўленыя, у некаторых з iх захавалiся рэшткi каляровых металаў, а ў сярэдзiне тыгля пабудовы 5 на Малым Замку былi кроплi аплаўленага золата[81]. У абедзьвух частках гораду, а таксама ў магiльнiках i селiшчы Гардзiлоўка знайдзены вырабы, адлiтыя ў формачках Малага Замка, якiя будуць разгледжаны нiжэй. Знайдзеныя на Замкавай гары срэбная прывеска-крын, была адцiснута з адпаведнай матрыцы. Пры жаночым шкiлеце, даследваным на могiльнiку Малага Замка знаходзiлiся 12 квадратных бляшак з срэбра, пакрытага золатам[82]. Гэтыя бляшкi зроблены з матрыцы Замкавай гары.