Выбрать главу

Сярод спражак, якiя ўсе былi зроблены з бронзы, больш за ўсё падковападобных са спiральна загнутымi канцамi (8 экзэмпляраў). Дыяметр iх 3-4,5 см. Гэтыя спражкi, акруглыя, паўкруглыя i трохвугольныя ў сячэннi, аналагiчныя жалезным спражкам такой жа формы. Сустракаюцца яны як у Наваградку, так i ў курганных магiльнiках[106]. Паралелi iм ёсьць амаль ва ўсiх заходнерускiх гарадах.

Лiрападобныя спражкi (3 экзэмпляры). Знайдзены толькi ў курганных магiльнiках. Вышыня спражкі 3,5 см. Адна са знаходак была з жалезным шпеньком. Аналагiчныя знайдзены ў Мiнску i Ваўкавыску[107].

Прамавугольныя (4 экзэмпляры). Адна з выступамi па краях. У магiльнiку ля в. Марулiны такая спражка была ў iнвентары мужчынскага пахавання. Памеры знаходак 1-2, 5х1-2 см. Падобныя сустракаюцца ў Ваўкавыску, Мiнску i Бярэсьцi[108].

Паўкруглыя (3 экзэмпляры). Дзве знайдзены ў пабудовах другой паловы XII ст. на Малым Замку. Вышыня iх 1,5-2 см. Спражкi такiх i большых памераў ёсьць ў Мiнску[109].

Кольцападобныя пласцiнкавыя (7 экзэмпляраў). Адна паходзiць з селiшча Гардзiлоўка. Спражкi дыяметрам 2,5-3 см., упрыгожаны кропкавым абадком, цiсненнямi i рыфленнем. У асобных выпадках захавалiся iх iглы. Наваградскiм знаходкам наiбольш блiзкiя спражкi з Бярэсьця, якія датуюцца часам не раней за XIII ст.[110]

Знаходка ў Бярэсьцi зашпiлькi, якая была зробленга з двух бронзавых дыскаў, змацаваных раменьчыкам, дазволiла па-новаму iнтэрпрэтаваць дыск з Наваградка дыяметрам 8,5 см., як частку падобнай зашпiлькi. Раней гэту знаходку разглядалі як частку падсвечнiка[111].

Бронзавыя кольцы (8 экзэмпляраў), дыяметрам 2,5-3 см., арнаментаваныя нагадваюць адлiўкi з Наваградскай формачкi. У курганах кольцы знайдзены ў мужчынскiх пахаваннях. Арнаментаваныя кольцы нагадваюць адну са знаходак Бярэсьця[112].

Бляшкi-шкарлупкi (10 экзэмпляраў). Адна знайдзена на селiшчы Гардзiлоўка. Дыяметр iх 0,5 см. Асобныя бляшкi адлiты ў наваградскiх формачках. Бляшкi, верагодна, прымацоўвалiся квадратнымi пласцінкамi (старана 1 см). Мяркуючы па формачках Полацка i Бярэсьця бляшкi шкарлупкi выраблялi ў гэтых гарадах[113].

Бляшкi прамавугольныя з перахватам (2 экзэмпляры). Адносяцца да iнвентара пабудовы 5 Малага Замка. Памер 2х1,5 см. Зроблены са срэбра i пакрыты лiставым золатам. Бляшкi iнкруставаны сэрцападобнымi ўстаўкамi з зялёнага шкла. Маюць некаторае падабенства са срэбнымi бляшкамi скарбу з Разанi[114].

Бляшкi iндывiдуальных формаў (6 экзэмпляраў). Амаль усе з заклёпкамi для прымацавання да адзежы. Сярод iх: бронзавая сямiпялёсткавая з кропкавым арнаментам. Дыяметр яе 1 см., чатырохпялёсткавая такога ж памера, зробленая з белага метала, акруглая з латунi, дыяметрам 0,7 см. з адцiснутым мальтыйскiм крыжом i кропкамi. Разам з апошняй знайдзена бронзавая мiндалепадобная з кропкавым арнаментам. Даўжыня яе 1,7 см. Адзначым таксама бронзавую квадратную з чатырохпялёсткавым i штрыхавым арнаментам, (старана бляшкi 1,1 см.). У кургане магiльнiка Гардзiлоўка 1 знайдзена бронзавая бляшка ў форме шчыта з цiсненнямi ў выглядзе паўкруглых лiнiй. Вышыня бляшкi 1,5 см.[115]

Да iндывiдуальных знаходак належаць таксама тры бронзавыя фiгурныя язычкі ад паясоў. Адзiн з iх з дзяцiнца. Даўжыня знаходак 1,8-2,5 см. i дзве бронзавыя аправы для шкла альбо камяню, знайдзеныя ў пабудове 5 вакольнага гораду[116].

Пярсьцёнкi (34 экзэмпляры). За выключэннем двух срэбных, зроблены з бронзы. Сярод iх:

Кругладрацяныя з патаўшчэннем (2 экзэмпляры). Адзiн з магiльнiка Каменка. Такi ж пярсьцёнак знайдзены ў Бярэсьцi[117].

Спiральны. Знайдзены ў наваградскім магiльнiку. Аналагiчныя адзначым у Тураве i Мiнску[118].

Шырокія пласцiнкавыя з несамкнутымi канцамi (3 экзэмпляры). Упрыгожаны гравiроўкай. Пабытавалі да сярэдзiны XII ст. Падобныя пярсьцёнкi вядомыя ў Ноўгарадзе i шэрагу курганных магiльнiкаў[119].

Шырокія з завязанымi канцамi (4 экзэмпляры). Два з iх знайдзены ў курганах. Упрыгожаны кропкамi i штрыхамi. У Наваградку былi распаўсюджаны да сярэдзiны XII ст. Пярсьцёнкi гэтага тыпу шырока распаўсюджаны ў помнiках Паўночна-усходняй Еўропы.[120]

Вузкiя пласцiнкавыя з несамкнутымi пашыранымi канцамi (2 экзэмпляры). Аналогiя вядомая ў Ваўкавыску[121].

Кругладрацяныя замкнутыя (2 экзэмпляры). Такiя ж пярсьцёнкi знайдзены ў Полацку[122].

Вузкапласцiнкавыя незамкнутыя (4 экзэмпляры). Арнаментаваны кропкамi альбо штрыхамi. Аналогii вядомыя ў Лукомлі i Ваўкавыску[123].

Рубчатыя (5 экзэмпляраў). На патоўшчанай частцы кругладрацянога пярсьцёнка зроблена насечка. Тры пярсьцёнкі паходзяць з курганаў. Рубчатыя пярсьцёнкi знайдзены ў Гродне, Полацку i Мiнску[124].

Срэбны плецены пярсьцёнак з разкляпанымi канцамi знайдзены ў магiльнiку Батароўка XII-XIII стст. Блiзкі да знаходак Ноўгараду[125].

Пярсьцёнкi з авальнымi i шасьцiвугольнымi шчыткамi. Пярсьцёнак з авальным шчытком знайдзены ў Бярэсьцi[126].

Пярсьцёнкi са шклянымi ўстаўкамi (2 экзэмпляры). Падобныя былi ў Полацку[127].

Бранзалеты (15 экзэмпляраў). Усе бронзавыя. Знайдзены, галоўным чынам, на Малым Замку у культурным слоi да канца XI ст. У ваколіцы толькi адзiн бранзалет паходзiць з кургана i, верагодна, абломак такога з селiшча Гардзiлоўка.

Вялiкая частка бранзалетаў у абломках. Пераважаюць пласцiнкавыя, лiтыя i каваныя. Сярод знаходак, тып якiх можна вызначыць, знайдзены авальнаканечны i шырокаканечныя бранзалеты. Апошнiя аналагiчныя вырабам з Полацка i Турава[128].

Вузкамасiўныя (2 экзэмпляры) з круглымi канцамi. У сячэннi трохвугольныя. Арнаментаваны па краях лiнiямi. Падобныя бранзалеты маюцца ў Ваўкавыску.[129]

На тэрыторыi Малага Замка i на селiшчы Гардзiлоўка знайдзены бранзалеты ў абломках, канцы якiх былi звужаны. У Ваўкавыску такiя знаходкi датуюцца XII ст.[130]

Сярод абломкаў бранзалетаў маюцца: з тонкай пласцiнкі, упрыгожаны перакрэснымi лiнiямi i фрагмент лiтога паўкруглага ў сячэннi з пашыраючымiся канцамi.

Булаўкi з акруглымi галоўкамi (2 экзэмпляры). Зроблены з бронзы. Даўжыня 2,5-4 см. У Ноўгарадзе падобныя з’яўляюцца з пачатку XIV ст. Iх выкарыстоўвалi для прыкалвання жаночых хустак[131]. Магчыма, што адзежнай булаўкай быў не цалкам захаваны бронзавы выраб з вiтым стрыжнем i сплошчаным арнаментаваным верхам.

Колькасьць наваградскiх упрыгожванняў мясцовай вытворчасьцi трэба павялiчыць за кошт такiх знаходак як бронзавыя i тонкiя залатыя ланцужкi, металiчныя петлi, вушкi, абоймачкi i iншыя дэталi невялiкiх рэчаў[132], а таксама тых упрыгожванняў, для адлiўкi i цiснення якiх прызначалiся лiцейныя формачкi i матрыцы, але самi ўпрыгожваннi да нас не дайшлi.

Сярод прадукцыi наваградскiх рамеснiкаў мяецца каля 30 пласцiнак, галоўным чынам з бронзы, але сустракаюцца таксама са свiнца, латунi, волава i срэбра. Памеры i форма iх розныя. Шмат арнаментаваных. На асобных пласцiнках прабiты адтулiны для мацавання да тканiны альбо другiх матэрыялаў. Адна бронзавая ажурная пласцiнка ўпрыгожвала скураны выраб[133].

У Наваградку выраблялася нямала рэчаў бытовога характару з каляровых металаў. Прынамсі iглы (5 экзэмпляраў), якія не адрозніваліся ад жалезных. Да гэтай жа катэгорыi знаходак можна аднесьцi востраканечнiкi (4 экзэмпляры). Даўжыня iх 3,5-4 см.[134] Не зусім зразумела прызначэнне стрыжняў (5 экзэмпляраў), дыяметр якiх 3 мм., а даўжыня да 10 см. З домабудаўнiцтвам звязаны масiўныя ручкi i накладкi з заклёпкамi.[135] Акрамя жалезных вушкаў для драўляных пасудзін ужывалi бронзавыя[136]. Нярэдкiмi знаходкамi былi бронзавыя пасудзіны, абломкi якiх знайдзены на абедзьвух частках гораду.

Стрыжневые ключы (2 экзэмпляры). Адзiн захаваўся цалкам — ён мае даўжыню 4,8 см. Такiя ключы, як i жалезныя, маглi выкарыстоўваць непасрэдна па прызначэнню. У каменных магiлах Беларускага Панямоння, Лiтве i зямлi прусаў бронзавыя i срэбныя ключы, што знайдзены ў пахаваннях, з’яўлялiся нагруднымi ўпрыгожваннямi[137].

Цьвiкi (10 экзэмпляраў), даўжынёй да 2 см. з даволi шырокай шляпкай, сустракалiся, пераважна, на Замкавай гары. Адтуль жа паходзiць масiўны лiты выраб у форме ножкi i ажурныя пласцiнкі.

На заканчэннi адзначым бронзавыя знаходкi з вакольнага гораду: фiгурную накладку з вузкiх палос[138] i выраб даўжынёй 18 см. у выглядзе гнутага стрыжня з пятлёй. Прызначэнне шмат якіх вырабаў з каляровых металаў з абедзьвух частак гораду не ўдалася вызначыць. Як адзначалася вышэй, рэчы, што зроблены ў Наваградку, якія мелi адносiны да знешнiх сувязяў i духоўнага жыцьця, будуць разгледжаны ў адпаведнай частцы работы. У дадзеным выпадку мэтазгодна адзначыць, што такiя знаходкi, як весавыя гiркi i кнiжные зашпiлькi на Замкавай гары прадстаўлены серыямi.