Выбрать главу

Востралiстыя (61) 3 экзэмпляры. Даўжыня iх 5 см. Усе знайдзены на Замкавай гары. Аналогii iм вядомыя ў шэрагу помнiкаў за межамi Беларусi[28].

Ланцэтападобны з упорам (62) 7 экзэмпляраў. Пяць з іх з Малага Замка. Даўжыня — 9-11 см. У абезьвух частках Наваградка належаць да слаёў, якія датаваныя раней за канец XI ст. Ланцэтападобныя наканечнiкi знайдзены ў Полацку, Лукомлi i Ваўкавыску[29].

Лiстападобны з наiбольшым пашырэньнем каля вастрыя (65). Даўжыня яго 4,5 см. Знайдзены на Малым Замку. На тэрыторыi старажытнарускiх гарадоў аналогiй не мае. Па прапорцыях пяра адпавядае наканечнiкам, што пабытавалi да канца XI ст.[30]

Срэзнi ў выглядзе вузкай выцягнутай лапаткi (67). 16 экзэмпляраў. Пераважаюць знаходкi з Замкавай гары (13). У лiку наканечнiкаў Малага Замка адзiн знайдзены ў пабудове XIII ст. Даўжыня срэзняў 7-11 см. На думку А.Ф. Мядзьведзева гэтыя стрэлы з’явiлiся на Русi разам з ордамi Батыя. Адзiнкi такiх срэзняў сустракаюцца ў Гродне, Друкцу, Полацку, Давiдгарадку, Мiнску i Бярэсьцi[31].

Ланцэтападобныя квадратнага сячэньня з упорам (77), 3 экзэмпляры. Адзiн наканечнiк даўжынёй 8,5 см. знайдзены ў пабудове Малага Замка другой паловы XII ст. Аналогii паходзяць з Мiнска[32]. Пiрамiдальныя з масiўнай баявой галоўкай i з перахватам каля чарашка (91), 2 экземпляры даўжынёй 4-5 см. Наканечнiкi гэтага тыпу маюцца ў Ваўкавыску[33].

Бранебойны з кароткай масіўнай баявой галоўкай i доугiм чарашком (92). Знайдзены на тэрыторыi Малага Замка, даўжыня 4 см. Гэтаму наканечнiку няма паралеляў у гарадах на тэрыторыi Беларусi. Блiжэйшае падабенства — знаходка XIII ст. з Ноўгараду[34].

Шылападобныя квадратнага альбо рамбiчнага сячэньня з перахватам каля чарашка (95). 10 экзэмпляраў, усе з Малага Замка. Частка належыць пабудовам XII-XIII ст., сярод iх вылучаецца наканечнiк з насечкай на шыйцы. Такiя наканечнiкi сустракаюцца ў шэрагу заходнерускiх гарадоў (Ваўкавыск, Мiнск, Лагойск)[35].

Асобныя наканечнiкi стрэлаў не маюць паралеляў у зводзе А.Ф. Мядзьведзева: два шылападобныя квадратнага сячэньня з кароткай шыйкай, даўжыня наканечнiкаў 5-7 см. Гэты тып наканечнiка ёсьць у Мiнску. Адзначым таксама квадратны ў сячэньнi наканечнiк, раскляпаны каля чарашка i наканечнiк з кароткiм рамбiчным у сячэньнi чарашком[36]. 20 зламаных наканечнiкаў стрэлаў не атрыбутаваныя.

Касьцяныя наканечнiкi стрэлаў (9 экзэмпляраў), з iх шэсьць знайдзены на Замкавай гары. З гэтых наканечнiкаў:

Утульчатыя (5 экзэмпляраў), даўжынёй 5-6 см. Кулепадобны наканечнiк, аналагiчны ваўкавыскiм наканечнiкам i томары з гранёным вастрыём, падобныя да знаходак з Ваўкавыска i Мiнска[37].

Чарашковыя (4 экзэмпляры), знайдзены толькi на Замкавай гары. Маюць рамбiчнае ў сячэньні вастрыё. Даўжыня цэлага наканечнiка 10 см. Яны падобныя да наканечнiкаў стрэлаў успамянутых гарадоў[38].

На Малым Замку знайдзены часткi складаных лукаў — абломкi пятлi i пласцiнкі з выразным арнаментам. Наваградскую пятлю А.Ф. Мядзьведзеў залічвае да тыпу ноўгародскiх[39]. У адной з наібольш старажытных пабудоў Малага Замка знайдзена частка жалезнай акоўкi ад калчана, форма якой блiзкая знаходкам з Кiеўскага некропаля i Яраслаўскiх курганаў[40].

Да зброi Наваградка належаць наканечнiкi арбалетных стрэлаў (12 экзэмпляраў), з якiх 9 знайдзены на Замкавай гары. Сярод iх:

Утульчатыя (5 экзэмпляраў). Даўжынёй 7,5-10 см. Пiрамiдальныя квадратнага сячэньня з шыйкай i без яе. Аналагiчныя знайдзены ў Гродне i Бярэсьцi[41].

Чарашковыя квадратнага сячэньня з ромбападобнай граньню (4 экзэмпляры), даўжынёй 6,5-7,5 см., паралелi якiм знайдзены ў Гродне, Ваўкавыску i Бярэсьцi[42].

Чарашковыя квадратнага сячэньня з ромбападобнай граньню i зрэзанымi вугламi (3 экзэмпляры). Даўжыня iх 8,5-9 см. У свой час А.Ф. Мядзведзеў адзначыў, што акрамя Наваградка, гэты тып стрэлаў, характэрны для тэрыторыi Латвii, на Русi невядомы. З публiкацыяй ваўкавыскiх матэрыялаў всьветлiлася, што яны прымянялiся i ў гэтым горадзе[43].

Ад абарончых даспехаў захавалiся абрыўкi кальчуг i пласцiнкі ад панцыраў. Абрыўкi кальчужнага пляценьня знайдзены ў абедзьвух частках гораду. Кавалак скiпелых калец на Малым Замку належаў да iнвентара пабудовы другой паловы XII ст. Сустракаюцца асобныя колцы ад бранi гэтага віду. Усяго ў Наваградку, вiдавочна, пабытавалi тры кальчугi. На тэрыторыi Беларусi ў гарадах рэшткi кальчуг прысутнiчаюць у Полацку, Ваўкавыску, Мiнску i Бярэсьцi[44].

Пласцiнчатымi доспехамi гаражане таксама карысталіся ў абедзьвух частках гораду. У Наваградку предстаўлена два тыпы гэтай абарончай зброi — пласцiнчатага раменнага мацаваньня i чашуйчатага, якое мацавалася на тканіну альбо скураную аснову[45]. У пабудове XIII ст. Малага Замка было некалькі пласцiнаў ад чашуйчатага панцыра[46]. Пласцiны памерам 6х5 см. ад падобнага панцыра паходзяць з Замкавай гары. Выдатнай знаходкай з’яўляецца пласцiнкавы даспех з Замкавай гары, да якога належалi больш за 100 пласцiнак 6,5х1,5 см. Некаторыя пласцiны мелi трохвугольны выступ. Па колькасці пласцiн, што належаць да аднаго даспеху, наваградскi саступае толькi ноўгародскiм, дзе лiк пласцiнаў доходзiў да 300[47]. Самы старажытны панцыр на тэрыторыi Беларусi (IX-X стст.) паходзiць з гарадзiшча Хатомель, а знаходкi сiнхронныя наваградскiм, вядомыя в Полацку, Друцку, Мiнску i Бярэсьцi[48].

Ад аброці верхавога каня ў Наваградку захавалася 11 цугляў, 6 на Малым Замку i пять на Замкавай гары. Абломак цугляў знайдзены на селiшчы Гардзiлоўка[49]. Цэлых цугляў знайдзена 3 экзэмпляры. Яны, як i тыя, што захаваліся ў абломках, з’яўляюцца двухсастаўнымi. Цуглi з Замкавай гары з тонкiмi псалiямi, (на канцах якiх канiчныя шышачкi), па А.М. Кiрпiчнiкаву належаць да другога тыпу[50]. Экземпляр з вакольнага гораду, знайдзены ў пабудове другой паловы XII ст. фiгурна акаваны i iнкруставаны бронзай[51]. Аналагiчныя цуглi з дзяцiнца ўпрыгожаны насечкай. Цуглi такога ж тыпу, з двух рухомых частак i двух кольцаў, пераважалi i сярод знаходак захаваных нецалкам. Гэта чацвёрты тып па А.М. Кiрпiчнiкаву[52]. Сярод знаходак сустрэлiся 5 псалiй[53].

Двусастаўныя цуглi былi шырока распаўсюджаны ў старажытных гарадах на тэрыторыi Беларусi. Яны вядомыя ў Панямонні (Гродна, Ваўкавыск), у гарадах Полацкай зямлi (Полацк, Мiнск, Вiцебск, Копысь, Лагойск, Браслаў, Гарадiшча на Менцы). Цуглi з Малага Замка А.М. Кiрпiчнiкаў супастаўляе са знаходкамi з Iзяслаўля, Воiшчыны i Паросься[54].

З рыштункам каня, верагодна, звязаны асобныя знаходкi з жалеза i бронзы — гэта Т-падобная бляшка, якая магла быць часткай аброці, агалоўе ў выглядзе фiгурнай жалезнай пласцiнкі, якая анаментаваная бронзавымi цвiчкамi[55], а таксама вялiкiя жалезныя спражкi, якія разглядаліся ў папярэдняй главе.

У Наваградку знайдзены тры падковы з вострымi шыпамi. Дзьве з iх на Малым Замку, адна — на Замкавай гары. А.М. Кiрпiчнiкаў вызначае такiя падковы як другі тып. Падковы з двума шыпамi знайдзены ў Ваўкавыску i Бярэсьцi[56].

Да рыштунка наваградскага коньнiка належаць 28 шпор. 24 шпоры знайдзены на Малым Замку, дзе яны пабытавалі пачынаючы з XII ст. У жылых пабудовах знайдзены ад адной да чатырох шпор[57].

Амаль усе шпоры Малага Замка былi прадметам вывучэньня А.М. Кiрпiчнiкава, які распрацаваў iх тыпалогію[58]. Наступныя знаходкi на Малым Замку i Замкавай гары папоўнiлi назiраньні гэтага аўтара. Вось характэрыстыка гэтых шпораў:

1 тып (3 экзэмпляры). Со стрыжнепадобным шыпом. Адна арнаментавана бронзавым дротам. Аналагiчныя сустракаюцца ў Полацку, Мiнску i Ваўкавыску[59].

III тып (14 экзэмпляраў). “Вуглаватыя”. Адна з іх для падлетка. Шыпы гэтых шпораў пiрамiдальныя, канiчныя альбо з шарападобным наростам. Амаль усе шпоры гэтага тыпу анаментаваны бронзавым дротам, срэбнай плацiроўкай, срэбнай, залатой альбо алавянай кропкавай iнкрустацыяй. Знайдзена шпора, якая ўпрыгожана срэбнымi кружкамi. Такі тып сустракаецца ў Полацку, Мiнску, Гродне i Ваўкавыску[60].

IV тып (5 экзэмпляраў). З “манжэтамi” на шыпах. Адна з iх iнкруставана бронзавым дротам. Паралелi гэтаму тыпу сустракаюцца ў Полацку, Гродне, Ваўкавыску i Бярэсьцi[61].