Выбрать главу

Апошнім у шэрагу хатняй жывёлы стаiць сабака. Па заключэньню Н.М. Ермолавай ён быў дробнай пароды.

Вялiкае значэньне мела ў Наваградку паляваньне. Остэалагiчныя матэрыялы, даследваныя В.I. Цалкiным паказваюць наступнае:

Таблiца 6. Косьцi дзiкай жывёлы (Малы Замак).

Дзiкiя жывёлы прадстаўлены касьцямi зубра, шляхетнага аленя, дзіка i інш. Сярод остэалагiчнага матэрыялу Замкавай гары Н.М. Ермолава вылучае косьцi тура — вельмі рэдкай жывёлы. Такiм чынам, палявалі на мясных жывёлаў. Заўважым, што да такіх В.I. Цалкiн залічае мядзведзя i бабра[12].

Пушныя звяры, якiх у лясах Панямоньня вялося багата, астаткамі касьцей не прадстаўлены. Гэта, аднак, не значыць, што яны не былi аб’ектам паляваньня. Пушнiна, несумненна, была хадавым таварам, якiм наваградцы маглi расплачвацца за дарагiя i нярэдка унiкальныя вырабы, знайдзеныя ў гэтым горадзе. Яшчэ ў 1950 г. Е.I. Гарунова, а пазней В.I. Цалкiн звярнулi ўвагу на тое, што остэалагiчны матэрыял дае скажонае прадстаўленьне аб сапраўдных памерах паляваньня на пушнога звера. Адсутнасьць касьцей пушных зьвяроў на паселiшчы аўтары тлумачаць тым, што пасля таго як скура звера была знята, тушу яго пакідалі у лесе[13]. Праўдзiвасьць этага мяркаваньня падцвярджаецца драўлянай скульптурай са Штральзунда (ГДР), якая паказвае паляўнічага, якi здымае ў лесе скуру забiтай вавёркi[14]. Праўда, на асобных паселiшчах знайдзена шмат касьцей пушных звяроў, так на гарадзiшчы Асотэ ў Латвii косьцi кунiцы складалi 45% остэалагiчных астаткаў дзiкай фауны[15].

Вялiкае значэньне паляваньня характэрнае i для iншых гарадоў Панямоньня. У Ваўкавыску, на Замчышчы - вакольным горадзе, косьцi дзiкай жывёлы складалi 29,1% остэалагiчных матэрыялаў, а на “Шведскай гары” - дзяцiнцы - 55,4%. На гродзенскім дзяцiнцы — Старым Замку прадстаўнікi лясной фаўны складалi 57% касьцей[16]. Остэалагiчныя матэрыялы Замкавай гары Наваградка не былi так сiстэматычна вывучаны як адпаведныя матэрыялы Малага Замка, але можна сабе ўявiць, што значэньне паляваньня там было, прыблiзна, такое ж, як у Ваўкавыску i Гродне. Нагадаем, што менавіта на Наваградскім дзяцiнцы была знайдзена серыя касьцяных стрэлаў, прызначаных для таго, каб не пашкодзiць скуру звера i косьцi тура, незафiксаваныя ў другiх заходнерускiх гарадах.

Акрамя спецыяльнай паляўнiчай зброi, амаль усе наканечнiкi жалезных стрэлаў, за выключэньнем бранебойных i арбалетных, маглi прымяняцца i для паляваньня. Спецыфiчнай зброяй паляўнічых былi жалезныя гарпуны, знайдзеныя толькi на Малым Замку (19 экзэмпляраў). Там яны з’явiлiся з пачатку XII стагоддзя. Аднашыпныя гарпуны даўжынёй да 15 см. i двушыпныя, даўжынёй да 10 см. (мал.). У пабудове 6, блiзка печы, ляжалi восем двушыпных гарпуноў, з якiх шэсьць, верагодна, знаходзiлiся ў звязцы[17]. У гэтым доме жыў добры паляўнічы. Гарпуны выкарыстоўвалiся пры паляваньні на буйнага звера. У заходнерускiх гарадах падобныя гарпуны знайдзены ў Ваўкавыску, Мiнску i Бярэсьцi, а таксама на гарадзiшчы Масковiчы (замак)[18].

У старажытнарускiх гарадах лясной паласы косьцi дзiкай жывёлы складаюць нязначную частку остэалагiчных матэрыялаў. Так у Маскве, у “зарядье”, у слоі XII-XIII стст. яны прадстаўлены 0,6%, у Крамлі 5%, на дзяцiнцы ў Серенску - 2,1%, у Слабодцы i Старай Разанi - 5%, у Яраполчы Залескім 8,5-10%[19]. У гарадах Заходняй Русi значэньне паляваньня было большае. У Полацку косьцi лясной фауны складалi 17,6%, Вiцебску - 18,1%, Тураве - 21,8%, Пiнску - 25,6%, Бярэсьцi - 26,3%, Давiдгарадку - 41%, Лукомлi - 42,3% i Клецку - 45,7%[20]. Наiбольшае значэньне паляваньня, як адзначалася, для Ваўкавыска i Гродна i ў гэту ж групу трэба ўключыць Наваградскi дзяцiнец.

Значэньне паляваньня ў старажытнарускім Наваградку асабліва праяўляецца ў XII i XIII стст., калі сацыяльныя вярхi гораду перастаюць займацца зямляробчымі работамі. Паляваньне для iх гэта не толькi эканамiчная неабходнасьць, але i забава вярхушкi феадальнага гораду. Багатае насельнiцтва вакольнага гораду i знаць дзяцiнца бавіліся паляваньнем, “ловiтвой”, “ловом” як называлi яго пiсьмовыя крынiцы. “Ловiтва прiспе” паведамляецца ў павучэньнi Грыгорыя Назiянзiна па спiсу XI ст. Аповесьць мінулых часоў (временных лет) пад 1036 г. адзначае “Мстислав изиде на ловы”, а ў павучэньнi Ўладзiмiра Манамаха князь гаворыць, што ён паляваў “на всяк зверь”[21]. Рознiца ў паляваньні на пушных i мясных звяроў адлюстраваная ў наступных радках аб Iльлі Мурамцы: “В те поры Ильи Муромца дома не лучилося; полевал он далече во чистом поле. Зверя лютого на копье ловил, соболей, куниц на низок низал”[22].

Сацыяльная афарбоўка Наваградскага паляваньня наглядна супрацьпастаўлена значэньню этага промыслу ў прыгарадным паселiшчы Гардзiлоўка. Косьцi дзiкай жывёлы складаюць там 84% остэалагiчных матэрыялаў. У жыхароў паселiшча былi свiньнi, козы i буйная рагатая жывёла. Лясная фаўна ў роўнай ступенi прадстаўлена касьцямi дзiка i лася[23].

У Наваградку знайдзена некаторая колькасьць касьцей птушак. Скапленьне птушыньх касьцей адзначана ў адной з гаспадарчых пабудоў Наваградскага дзяцiнца. Тут разводзiлi кур, гусей i качак. Цікавай знаходкай з’яўляюцца косьцi жураўля. Згодна “Рускай праўдзе” журавель лiчыўся ўласнасьцю таго гаспадара, на страсе якога ён звiў сваё гняздо. Жураўлiнае мяса “жеравiе” успамiнаецца ў лiку блюд з дзiчы на пiру богатага чалавека ў “Слове аб багачы Лазары”[24].

Разам з мясным сталом у Наваградку быў распаўсюджаны рыбны. У жылых пабудовах i паблiзу iх неаднаразова сустракалiся косьцi i луска рыб. Па дадзеных Н.М. Ермолавай, гэтыя косьцi буйных рыб з пароды асетровых, а таксама шчупака, акуня, язя i карпа. У Гродне, які стаіць на Нёмане i ў Ваўкавыску, які звязаны з гэтай ракой прытокамi, набор рыбы быў больш разнастайны[25].

У рыбалоўны рыштунак наваградцаў уваходзiлi астрогi, знайдзеныя толькi на Малым Замку (3 экзэмпляры). Даўжыня iх дасягала 28 см. Аналогii астрогам вядомыя ў шэрагу заходнерускiх гарадоў. Для закола рыбы выкарыстоўвалi таксама гарпуны i двушыпныя наканечнiкi стрэлаў[26]. Жалезныя рыбалоўныя кручкi з прамым i нахiльным стрыжнем (мал.) (5 экзэмпляраў) вядомыя ў абедзьвух частках гораду. Вялікія кручкi прызначалiся для жэрлiца, дробныя для вудаў i перамётаў. Рыбалоўныя кручкi сустракаюцца ва ўсіх гарадах Заходняй Русi.

У пабудове другой паловы XI ст. на Малым Замку знайдзены жалезная выраб, які прадстаўляе з сябе, можа быць, падвоены рыбалоўны кручок з дадатковымi выступамi (мал)[27]. Паралелi яму невядомыя.

Наваградцы лавiлi рыбу сеткамi. Аб гэтым можна мяркаваць па вялікім каменным грузiлу з прасвірлаванаў ступенчатай адтулiнай i свiнцовых грузiлах. На Малым Замку вядомыя двайныя жалезныя кручкi з перавiтым стрыжнем (3 экзэмпляры)[28]. Iмi карысталiся каб вытаскiваць сетку. Такiя ж кручкi знайдзены ў Ваўкавыску[29].

Iхтыялагiчныя астаткi i рыбалоўныя прылады дазваляюць заключыць, што значную частку ўлову складалi вялiкiя рыбіны. Магчыма, што спецыфiка Наваградскага паляваньня сказвалася на характары рыбалоўства. Абодва гэтыя промыслы былi блiзкiя адзiн да другога i невыпадкова месцы паляваньня i рыбалкі мелi агульнае найменьне “ловище”. Аднак рыбалоўства ў гаспадарцы наваградцаў адыгрывала меньшую ролю чым паляваньне. Верагодна, гэта тлумачыцца тым, што галоўная крынiца рыбы — Нёман знаходзiцца ад гораду на адлегласьцi каля 30 км.

Сярод археалагiчных знаходак Наваградка не захавалася матэрыялаў, якія б паказвалі заняткi гараджан бортнiцтвам. Тым не меньш, гiсторыю бортнiцтва ў Наваградку можна аднавiць рэтраспектыўна. У XVI ст. у гэтым горадзе iснавала воскабойня, а ў прывiлеях, дадзеных Наваградскiм гараджанам па Мадзебургскаму праву, яны маглi сячы дрэвы “окром бортного дерева, которого рушить не смеють”[30]. Бортнiцтва павінна было мець значэньне ў Наваградку, як і па ўсёй Лiтве, дзе мёд i воск складалi галоўную частку сялянскiх грашовых плат у феадальны час[31]. Праўда, няясна, займалiся iм гаражане цi толькі сяляне.

На заканчэньне адзначым, што наваградцы ласавалiся ляснымi арэхамi — ляшчынай, шкарлупа якiх захавалася ў культурным слоі старажытнарускага часу.