Перш чым характэрызаваць сувязi Наваградка з другiмi старажытнарускiмi землямi i краiнамi за межамi Русi, трэба зразумець яго эканамiчныя адносiны з насельнiцтвам навакольных вясковых паселiшчаў. У нейкай меры гэта пытаньне разглядалася раней, але ў дадзенай главе яно патрабуе разгляду прымяняльна да ўсяго археалагiчнага матэрыялу.
Iдэнтычнасьць жалезных вырабаў цэнтральнага паселiшча i рэчаў, што знайдзены на селiшчы Гардзiлоўка i ў курганах, не пакідаюць сумненьня ў тым, што ў дагарадскі перыяд у гiсторыi Наваградка, а таксама ў перыяд iснаваньня раньняга i развітага старажытнарускага гораду, ён пастаўляў прадукцыю сваіх кавалёў у Наваградскую акругу. Вясковыя кавалi, вiдавочна, выпрацоўвалi толькi простыя жалезныя вырабы[9], а рэчы, якія патрабавалi квалiфiкаванай працы маглi зрабіць толькi рамеснiкi цэнтральнага паселiшча.
Амаль усе бронзавыя вырабы акругi маюць аналогii ў Наваградскім матэрыяле. Выключэньнi адзiнкавыя. Так у курганах знайдзены лiрападобныя спражкi[10], якіх няма ў Наваградку. Аднак такая спражка знайдзена ў iнвентары Наваградскага могiльнiка[11] i, натуральна, належала жыхару Наваградка. Толькi дзве знаходкi не маюць паралеляў у Наваградку. Гэта скроневыя кольцы з завязанымi канцамi з могiльнiка Гардзiлоўка 1, якія нагадваюць племянныя ўпрыгожаньнi крывiчоў (гл. с. 00).
Напачатку гiсторыi Наваградка ў вясковыя паселiшчы прывозілi вырабы Наваградскiх ганчароў. Некаторыя гаршкi з курганаў немагчыма адрознiць ад Наваградскiх. Уплыў Наваградска ганчарства сягаў так далёка, што нават гаршок з селiшча каля в. Чарэшля, амаль за 30 км. ад Наваградка[12], нагадвае керамiку этага гораду. У XII ст. у вясковых паселiшчах працавалi свае ганчары. Посуд этага часу адрознiваецца ад гарадскога[13]. Магчыма, што ў Наваградку была выраблена тканіна, абрывок якой (скдадаўся з чорных, чырвоных, жоўтых i белых нiтак), быў знайдзены ў Каменке i, верагодна, паходзiць з кургана[14].
Прывазныя вырабы, знайдзеныя ў Наваградскай акрузе, якiя трапілі туды праз Наваградак, істотна дапаўняюць наша прадстаўленьне аб знешнiх сувязях цэнтральнага паселiшча. Iмпарт, знайдзены ў курганах гэта, галоўным чынам, пацеркi са шкла i камяню iншаземнага паходжаньня. У той час калі ў Наваградку яны прадстаўлены адзiнкавымi знаходкамi, у курганах, асабліва ў Наваградскім магiльнiку знайдзены ніткі са шкляных пацерак.
Археалагiчныя матэрыялы неаспрэчна паказваюць, што дагарадское паселiшча, а потым i старажытнарускi Наваградак з канца X да XIII стст. сiстэматычна пастаўляла вакольнаму насельнiцтву прадукцыю сваіх рамеснiкаў i прывазныя вырабы. На абмен, як мы спрабавалi паказаць у папярэдняй главе, гаражане куплялi сельскагаспадарчую прадукцыю.
Абмежаваўшыся гэтымi звесткамi аб сувязi Наваградка са сваёй акругай разгледзiм як адбiлiся ў культуры гораду кантакты з другiмi старажытнарускiмi землямi.
Галоўнымi пастаўшчыкамi прывазных вырабаў у Наваградак былi Кiеў, Кiеўская зямля i некаторыя iншыя паўднёварускiя землi. Для паўднёварускага iмпарту характэрна не толькi разнастайнасьць, але i паступленьне знаходак значнымi партыямi. Пераходзiм да iх разгляду.
Шыферныя праслiцы (112 экзэмпляраў). Гэтыя вырабы прыбывалi ў Наваградак напрацяг усяго разгледжанага перыяду. Праслiцы з шыферу размяркаваліся наступным чынам: Малы Замак - 101 знаходка, Замкавая гара - 8, ваколiцы - 3 праслiцы. Наiбольш раньняя знаходка паходзiць з кургана з трупаспаленьнем у Гардзiлоўцы 1. На Замкавай гары шыфернае праслiца ўпершыню з’яўляецца ў пабудове другой паловы XI ст.[15] Гэта праслiца было знайдзена на вогнiску гэтага ж часу. У пабудовах XII-XIII стст. на Малым Замку лiк такiх праслiц даходзiў да 11 экзэмпляраў.
Форма праслiц, пераважна, бiканiчная i зонная. Радзей сустракалiся бочкападобныя i дыскападобныя. Памеры: дыяметр 1,5-2,5 см., вышыня 0,7-2 см. Рэдкiмi знаходкамi былi мiнiяцюрныя экземпляры (дыяметр да 1,5 см). Шыферныя праслiцы, знайдзеныя ў адной пабудове былi рознай формы i памераў (мал.). Храналагiчнаму падзелу яны, такiм чынам, не паддаюцца, чым i падцвярджаюць выснову В.А. Мальм[16].
Наваградскiе знаходкi, як i ўсе шыферныя праслiцы былi паўднёварускага паходжаньня. Даўняе мяркаваньне аб тым, што гэтыя вырабы вывезены толькi з Оўруча, дзе здабывалі i апрацоўвалі ружовы шыфер, пахілена пераканаўчымi матэрыяламi аб тым, што падобны шыфер апрацоўвалі ў шэрагу старажытнарускiх пунктаў (Кiеў, Суздаль, гарадзiшча на Менцы, Гарадiшча Вербычка ў Галiцкай зямлі)[17]. Пры тым значэньнi, якое мелi сувязi Наваградка з Кiевам, наiбольш верагодным прадстаўляецца, што Наваградскiя шыферныя праслiцы былi прадукцыяй кiеўскiх майстэрняў.
Наваградскiя праслiцы з ружовага шыферу выкарыстоўвалi ў хатняй працы. На некаторых знаходках захавалiся сляды нiтак. Колькасьць iх значная, але нашмат меньшая, чым у другiх гарадах Заходняй Русi, дзе iмпартных рэчаў было не так многа як у Наваградку. Так у Тураве знайдзены 232 шыферныя праслiцы, у Бярэсьцi больш за 200, у Ваўкавыску 224, на Лукомльскім гарадзiшчы 222, на Мiнскім Замчышчы толькi за сезон 1959 г. сабрана 234 праслiцы, а з Верхняга Замка ў Полацку паходзіць 451 экземпляр праслiц з ружовага шыфера[18].
Вялiкая колькасьць шыферных праслiц у заходнерускiх гарадах нагадвае аб палажэньнi В.Л. Янiна аб тым, што ў безманетны перыяд XII-XIV стст. ролю дробных сродкаў абароту выконвалi тавара-грошы, у лiку якіх былi шыферныя праслiцы[19]. Тая акалічнасьць, што ў Наваградку з яго актыўнымi знешнiмi сувязямi, колькасьць шыферных праслiц заўважна саступала колькасьцi гэтых рэчаў у другiх заходнерускiх гарадах i разам з тым, у нашым горадзе знайдзена больш гiрак, у параўнаньні з астатнімi гарадамi Заходняй Русi, можа азначаць, што наваградцы ў большай ступенi карысталiся эквiвалентам у выглядзе металу.
З ружовага шыфера зроблены дзьве бiканiчныя пацеркi, а таксама тачыльны камень[20]. Шыферныя культавыя знаходкi будуць разгледжаны ў адпаведнай главе.
Побач з палiванай керамiкай з каляровай глiны, каторую ў Наваградку выраблялі мясцовыя рамеснiкi, i, як мы спрабавалi паказаць, у некаторай ступенi прыезжыя кiеўскiя майстры, у горадзе пабытаваў бела-глiняны паліваны посуд (мал.). У ваколiцах Наваградка няма выхадаў белай глiны i таму няма падстаў лiчыць бела-глiняныя пасудзiны этага гораду мясцовай прадукцыяй.
Вытворчасьць керамiкi з белай глiны ў Кiеве i гарадах паблiзу яго распачалося ў XI ст., а магчыма i ў канцы X ст.[21] Гэта дае магчымасьць бачыць у наваградскім бела-глiняным посудзе паўднёварускі iмпарт, уключыўшы туды нешматлiкую непалiваную керамiку з белай глiны. Падобная атрыбуцыя дадзена ваўкавыскаму бела-глiнянаму паліванаму посуду. Адзначым падобную керамiку з Вiцебска i Слонiма[22]. Iстотна, што нават у Любечы, які экспартаваў палiваны посуд з каляровай глiны, бела-глiняная паліваная керамiка была прывазная[23].
Важным артыкулам наваградскага iмпарту з’яўляецца шкляны посуд, што зроблены ў кiеўскiх майстэрнях. Ён даволі добра вядомы ў лiтаратуры. Значную частку пасудзiн, знайдзеных на Малым Замку, характэрызавала Ю.Л. Шчапава (надрукавана ў кнiзе “Старажытны Наваградак”)[24]. Аднак тэму аб шкляных пасудзiнах старажытнарускага паходжаньня нельга лiчыць вычарпанай.
За час раскопак у Наваградку знайдзены фрагменты, якія належалi 70 пасудзiнам, звараным па старажытнарускім калiева-свiнцова-крэмнязёмным рэцэпце. Амаль усе знаходкi належаць да Малога Замка. На Замкавай гары сустракаюцца абломкi пяцi пасудзiн, з iх толькi адно донца i венчык даюць прадстаўленьне аб форме пасудзiн.
Наiбольш распаўсюджанай формай пасудзiн з’яўляюцца келiхi, ад якiх захоўваецца часьцей за ўсё паддон (мал.). Такiх келiхаў было 36. У асобных пабудовах яны сустракалiся ў некалькiх экзэмплярах[25]. У заходнерускiх гарадах келiхi на паддоне вядомыя ў Полацку, Тураве, Пiнску i Бярэсьцi[26].
Варонкападобныя гладкiя i рыфлёныя келiхi з вострым донцам (6 экзэмпляраў). Шкло iх безколернае, у адным выпадку блакітнае. Гэты тып пасудзiн у Наваградку з’явiўся раней за іншыя. Донца такаго келiха знайдзена ў пабудове другой паловы XI ст. Наiбольш познi варонкападобны келiх адносiўся да другой паловы XII ст.[27] У гарадах заходняга рэгiёну падобныя келiхi вядомыя ў Тураве i Полацку[28].