Выбрать главу

З агульнага ліку пацерак, да старажытнарускiх вырабаў належаць не больш за 80. Недахоп аналiзаў робiць гэту карцiну не поўнай. Магчыма, што некаторыя тыпы шкляных пацерак, для якіх не ўзяты аналiз, маглi быць таксама вырабамi майстроў Старажытнай Русi. Усе наваградскiя пацеркi, для якіх быў зроблены аналiз, альбо якія былі супастаўлены з аналiзамi такiх самых пацерак з iншых помнiкаў, былi кiеўскага паходжаньня. Толькi для пацерак з пласцiнчатым узорам месцам вырабу, акрамя Кiева, мог быць i Ноўгарад. Дацiроўка наваградскiх пацерак старажытнарускага паходжаньня шмат чым адпавядае храналогii пацерак Ноўгараду[55].

Шкляныя пярсьцёнкi (97 экзэмпляраў). Амаль усе, за выключэньнем адной знаходкi, сустрэліся на Малым Замку, дзе такiя вырабы старажытнарускага паходжаньня з’яўляюцца не раней першай паловы XII ст.[56] У багатых пабудовах вакольнага гораду было ад 10 да 28 пярсьцёнкаў[57]. Форма iх выпуклая i плоскавыпуклая. На некаторых знаходках маюцца плоскiя альбо выпуклыя шчыткi (мал.). Аднойчы знайдзены рубчаты пярсьцёнак. Колер шкла сiнi, зялёны, жоўты, карычневы i фiялетавы. Адзiны цэлы пярсьцёнак быў з фiялетавага шкла. Адзначым таксама сiнi пярсьцёнак, распiсаны жоўтай эмальлю[58]. Шкло наваградскiх пярсьцёнкаў, мяркуючы па аналiзах, што зроблены для дзевяцi знаходак, свiнцова-крэмнезёмнае i калiева-свiнцова-крэмнезёмнае.

У шкларобчых майстэрнях Кiева пярсьцёнкi выраблялi разам з другiмi шклянымi вырабамi. У адной з iх знайдзены распiсаны шкляны пярсьцёнак[59]. Наваградскiя шкляныя пярсьцёнкi, зробленыя па старажытнарускім рэцепце можна напэўна прылiчыць да кiеўскага iмпарту.

Шкляныя пярсьцёнкi даволі рэдкiя знаходкi ў старажытнарускiх гарадах. Нават шматгадовыя раскопкi ў Ноўгарадзе выявiлi 300 фрагментаў пярсьцёнкаў[60]. Таму каля 100 шкляных пярсьцёнкаў, што пабытавалi ў Наваградку адлюстроўваюць значную колькасьць гэтых упрыгожаньняў. Амаль ва ўсіх заходнерускiх гарадах пярсьцёнкi са шкла былi адзiнкавымi знаходкамi. Толькi ў Ваўкавыску, дзе iх было больш чым у другiх гарадах Заходняй Русi, фрагменты шкляных пярсьцёнаў знайдзены ў колькасьці 12[61].

Масавымi ўпрыгожаньнямi са шкла, як i ў другiх старажытнарускiх гарадах, для наваградскiх жанчын былi шкляныя бранзалеты. На тэрыторыi Малага Замка знайдзена каля 3000 фрагментаў шкляных бранзалетаў[62]. Лiк iх на Замкавай гары не паддаецца дакладнаму рахунку. За час раскопак там знайдзена 110 абломкаў (мал.). Акрамя таго, пад самым старажытным драўляным насьцiлам паўночнага раскопа знайдзена скапленьне так моцна разбураных вырабаў, што шкло амаль разпалася. Цяжка было вызначыць колькі бранзалетаў тут знаходзiлася.

Як адзначана ў кнiзе “Старажытны Наваградак”, шкляныя бранзалеты ў нашым горадзе з’явiлiся ў першай палове XII ст., і, напачатку, прыбывалi невялiкiмi партыямi. Вельмі шмат знаходак прыбывае ў другой палове XII ст. i аж да разгрому паўднёварускiх шкларобчых майстэрняў манголамi, гэтыя ўпрыгожаньнi прывозiлi ў Наваградак у вялікай колькасьці[63]. У дзьвух з трох пабудоў XIII ст. знайдзена адпаведна 44 i 320 фрагментаў шкляных бранзалетаў[64]. Для гаспадарчых будынкаў дзяцiнца бранзалеты са шкла былi выпадковымi знаходкамi. Тым не меньш, там сустрэліся больш за 100 такіх абломкаў, не лiчачы скапленьня такiх бранзалетаў пад драўляным насьцiлам. У паўднёвым раскопе гэтай часткi гораду, дзе знаходзiлiся жылыя дамы, сустрэлiся больш за 90 абломкаў. 75% iх адносiлiся да пабудоваў XII ст.[65]

Форма i колер бранзалетаў абедзьвух частак гораду некалькі адрознiваюцца. На тэрыторыi Малага Замка першае месца ў гаме колераў належала карычневаму шклу. Далей iшлi зялёнае, сiняе, бiрузовае, фiялетавае i жоўтае. Пераважалi кручаныя. Другое месца належала гладкiм, трэцяе — плоскавыпуклым. Астатнія формы (трохвугольная, вiтая, рыфлёная) сустракаюцца даволi рэдка. У жылых пабудовах Замкавай гары адразу за карычневымi i зялёнымi, iшлi фiялетавыя, а на тэрыторыi гаспадарчых будынкаў другое месца пасля карычневых займалi бранзалеты з безколернага шкла. Па форме шкляные бранзалеты Замкавай гары прадстаўлены, галоўным чынам, гладкiмi. Вельмі рэдка сустракаюцца бранзалеты з каляровай аплёткай — даволi частыя знаходкi вакольнага гораду.

111 шкляных бранзалетаў Наваградка былi падвергнуты хiмiчнаму аналiзу. З 63 бранзалетаў вакольнага гораду 80% зроблены з калiева-свiнцова-крэмнезёмнага шкла, 5% з калiева-крэмнезёмнага i 5% звараны па “антычным” рацэпце з натрыева-кальцыева-крэмнезёмнага шкла. Усе 4% шкляных бранзалетаў дзяцiнца мелi шкло калiева-свiнцова-крэмнезёмнага складу.

Асаблівасьцю наваградскай калекцыi шкляных бранзалетаў з’яўляецца тое, што такія ж знайдзены на вясковым паселiшчы Гардзiлоўка. Сустракаюцца абломкi 11 вiтых i гладкiх бранзалетаў фiялетавага, блакiтнага i зялёна-карычневага колераў. Адзiн фрагмент з безколернага шкла[66]. Знаходкi ў Гардзiлоўцы пахіснулi замацаваную ў лiтаратуры думку А.У. Арцыхоўскага аб тым, што шкляные бранзалеты насiлi толькi гаражанкi[67]. Тое, што жанчыны з вясковых паселiшчаў карысталiся шклянымi бранзалетамi падцвярджаюць матэрыялы селiшчаў Чарнiгаўшчыны[68].

Па колькасьці шкляных бранзалетаў, як i па іншых вырабах са шкла, Наваградку належыць першае месца сярод заходнерускiх гарадоў. Наiбольшая колькасьць такiх упрыгожаньняў, што знайдзены ў Мiнску i Тураве (1100 i 1600 экзэмпляраў)[69] складае меньш за палову шкляных бранзалетаў, што паходзяць з Наваградка.

Хiмiчны аналiз шкла наваградскiх шкляных бранзалетаў пераканаўча сведчыць аб кiеўскім паходжаньнi пераважнай колькасьці гэтых вырабаў. Магчыма, што сярод 5% шкляных бранзалетаў Малага Замка, што зроблены са свiнцова-крэмнезёмнага шкла, былi вырабы з iншых, у прыватнасьцi заходнерускiх гарадоў. Гэта, перш за ўсё, Полацк, дзе iснавала ўласная вытворчасьць бранзалетаў[70]. Ёсьць мяркаваньні, што акрамя Полацка, вытворчасьць шкляных бранзалетаў была i ў iншых заходнерускiх гарадах: Гродне, Вiцебску, Гомелі i гарадзiшчы Свiслач[71]. Аднак аналiз наваградскiх бранзалетаў, які зрабіла Ю.Л. Шчапава, дазваляе аўтару зазначыць iх падабенства са знаходкамi з Мiнска i Ваўкавыска па каларыту i паходжаньню, мяркуючы, што ў гэтыя гарады бранзалеты дастаўлялi карабейнiкi кiеўскага паходжаньня[72].

Наваградскiя шкляныя вырабы старажытнарускага паходжаньня дазваляюць прыйсьцi да наступнага заключэньня: посуд, ваконнае шкло, устаўкi-“вочкi”, пацеркi, пярсьцёнкi i бранзалеты, якiя мяркуючы па рэштках вытворчасьці выраблялі ў адных i тых самых кiеўскiх майстэрнях, прывозiлi ў Наваградак безперапынна з канца XI ст. i да таго часу, калі Кiеў спусташыла мангольскае нашэсьце. Першапачаткова колькасьць кiеўскiх шкляных вырабаў была невялiкая. Масавы iмпарт рэчаў са шкла пачынаецца, прыкладна, з другой чвэрцi XII ст., калі ў яго склад уваходзіць ваконнае шкло, устаўкi, пярсьцёнкi, разнастайны шкляны посуд i бранзалеты. Усё гэта багата прадстаўлена ў заможных дамах на Малым Замку i, натуральна, у меньшай ступенi ў простых дамах i гаспадарчых пабудовах на Замкавай гары.

Майстэрнi Кiева, адкрытыя ў межах “гораду Яраслава”, на тэрыторыi Пячорскага i Мiхайлаўскага манастыроў i на Падоле, як лiчаць кiеўскiя археолагi, “сведчаць аб значнай i высокаарганiзаванай вытворчасьці шкла, якая задавальняла патрэбы не толькi Кiева, але i другiх гарадоў Русi XII-XIII стст.”[73] Апошняе палажэньне ў поўнай меры датычыць Наваградка.

Апраўдана было б мяркаваць, што сярод наваградскiх шкляных вырабаў, перш за ўсё, бранзалетаў, павінны былi быць рэчы з тэрытарыяльна блiзкiх заходнерускiх гарадоў, дзе іх выраблялі. Калi б гэта было так, то ў Наваградку шкляные бранзалеты, якія выраблялi яшчэ ў XIV ст. (Полацк, Свiслач), былi б знайдзены ў слаях, датаваных паслямангольскім перыядам. Але там iх няма, i, такiм чынам, шкляныя бранзалеты Наваградка, як i іншыя вырабы са шкла, былi прывезены з Паўднёвай Русi.

Прадукцыя Кiева, Кiеўскай i iншых паўднёварускiх земляў прадстаўлена ў Наваградку рознымi iндывiдуальнымi знаходкамi. Гэта срэбная завушніца з трыма напускнымi зярнёнымi пацеркамi (мал.), што знайдзена на Замкавай гары. Падобныя ўпрыгожаньнi — частыя знаходкi ў скарбах Кiева i Княжай гары[74]. Аб падабенстве Наваградскiх упрыгожаньняў з паўднёварускiмi ішла гаворка ў нашай кнiзе. Гэта — бронзавы медальён з устаўкай, плецены бранзалет з тонкага дроту, абломак бронзавага бранзалета з заканчэньнем у выглядзе полай трубкi i інш.[75] Да вырабаў кiеўскiх майстроў быў аднесены таксама срэбны пярсьцёнак з чэрньню. У сувязі з выхадам у свет працы Т.I. Макаравай, што прысвечана чарненьню ў Старажытнай Русi[76], спынiмся ізноў на дадзенай знаходцы. Пярсьцёнак вузкi з прамавугольным шчытком, у сярэдзiне якога ў раме паказаны завiток[77], у каталогу Т.I. Макаровой паралеляў не мае. Па тыпалогii Т.I. Макаравай наваградская знаходка належыць да другога тыпу, а па характару арнаменту да падтыпу з рапартам бардзюра з лазы[78]. Пасля супастаўленьня з iншымi рэчамi, пярсьцёнак з черню ўпэўнена можна разглядаць як выраб кiеўскага майстра. Арыгiнальная бронзавая праразная накладка, са стылiзаванымi галовамi жывёлаў, разеткамi i крынападобнымi фiгурамi[79], якую, на нашу думку, трэба звязываць з вырабамi кiеўскага майстра.