Ёсьць падставы лічыць, што бронзавыя часткi люстраў-хорасаў таксама былi зроблены ў Кiеве. Зробленыя з алавянiстай бронзы, яны маюць той жа хiмiчны склад металу, з якога зроблены наваградскiя матрыцы, а кiеўскае паходжаньне апошнiх не выклікае сумненьня.
Дзьве Наваградскiя знаходкi паходзяць з Княжай гары. Гэта бронзавая прамавугольная спражка з акруглымi бакамi, упрыгожаная касымi крыжамi[80] i абломак бронзавага люстэрка (мал.). У свой час на Княжай гары была адкрыта майстэрня па вытвочасьці металiчных люстэрак, дзе побач з гатовымi вырабамi знайдзены лiцейны брак[81]. Верагодна, што iмпартам з поўдня была бронзавая абоймачка, адлiтая ў адной форме з вырабам з гарадзiшча Ленкавечкi ў Галiцкай зямлі[82]. Да пералiчаных вырабаў далучым перакрыжаваньне шаблi паўднёварускага паходжаньня, аб якім гаварылася ў главе аб ваеннай справе.
Сярод матэрыялаў Замкавай гары, з якімі працавалі жыхары Наваградка, ёсьць горны крышталь. Радовiшча яго вядома на Украiне, а ў Кiеве мела месца яго апрацоўка[83]. Не выключана, што горны крышталь Наваградка трапіў туды таксама з Кiева.
З ружовага шыфера паўднёварускага паходжаньня зроблены асобныя культавыя прадметы. Нямала такiх вырабаў, выплаўленых з бронзы, выйшлi з кiеўскiх майстэрняў. Яны будуць разгледжаны ў наступнай главе.
Прыведзеныя матэрыялы паказваюць, што ў сваіх знешнiх сувязях Наваградак быў цесна i актыўна звязаны з Кiевам i другiмi паўднёварускiмi землямi. Разам з тым, Кiеў быў не толькi пастаўшчык тавараў, якія выраблялiся ў яго майстэрнях i суседнiх землях, але i буйным цэнтрам транзiтнага гандлю. Гэты бок наваградска-кiеўскiх адносiн мы паспрабуем характэрызаваць на матэрыяле iншаземных тавараў.
Сувязi Наваградка з iншымi заходнерускiмi землямi i з тэрыторыяй Паўночнага Захаду i Паўночнага Усходу праяўляюцца, галоўным чынам, у асобных знаходках. Пэўныя кантакты iснавалi з роднасным па культуры Ваўкавыскам. Гэта асабліва адчуваецца па матэрыялах канца X - пачатку XI стст., калі, як адзначалася ў главе 2, частка першапачатковага насельнiцтва Наваградка перасялiлася з Ваўкавыска, які быў заселены трошку раней. Магчыма, што з Ваўкавыска, дзе кастарэзнае рамяство было больш развiтае чым у нашым горадзе[84], прывозiлi аднабаковыя грэбнi (мал.), накладкi для лука i некаторыя iншыя вырабы, выраб якіх патрабаваў працы квалiфiкаваных кастарэзаў.
Цікавая знаходка з Гродна — абломак даламiтавай формы XII ст. для адлiўкi шкляных пацерак[85], дазваляе мяркаваць, што частка пацерак зоннай формы маглi быть дастаўлены з гэтага гораду. Зярнёныя металiчныя пацеркi, якiя лiчацца характэрнымi ўпрыгожаньнямi дрыгавiчоў, знайдзены ў абедзьвух частках гораду i ваколiчных магiльнiках[86]. Такiя ўпрыгожаньнi, як лiчыць Б.А. Рыбакоў, магчыма, выраблялi ў Тураве[87].
Бронзавыя трохпяцельчатыя прывескi i зорчатая спражка з белага металу, паходзяць з тэрыторыi, занятай радзiмiчамi. У Наваградку яны з’яўляюцца ў раньнюю пару гiсторыi гораду[88]. Цэнтрам вытворчасьці прывесак у форме лыжачкi быў Смаленск i яго ваколiцы[89].
У вялікай яме, што выкапана ў мацерыку на гары знайдзены вiты срэбны бранзалет з абламанымi канцамi (мал.). Бронзавы бранзалет такой жа формы, з петлямi на канцах, знайдзены ў ваколiцах Наваградка, каля вёскі Гарадзечна, і паходзіць, верагодна, з кургана[90]. Падобныя бранзалеты характэрныя для Ноўгарада, а таксама для Наўгародскiх славенаў, крывiчоў i вяцiчаў[91]. Не выключана, што наваградскiя знаходкi былi дастаўлены з Ноўгараду, хаця актыўных сувязяў з гэтым горадам у матэрыяльнай культуры Наваградка не назіраецца. Магчыма, што з этага ж гораду паходзiць абломак палiванай керамiкi з падглазурным роспiсам, якi М.У. Малеўская лiчыць характэрнай для Ноўгараду[92]. З Ноўгараду альбо Старой Рязанi паходзiць абломак пiсанкi з чорнай палiвай, якая арнаментавана фiгурнымi скобкамi[93]. З паўночна-заходнімi землямi Старажытнай Русi звязаны дзьве знаходкi, якія належаць да раньняга паселiшча — абломак навершыя касьцянога грэбня ў форме жывёлы i жалезны паясны кручок, які заканчваецца выявай конскай галавы[94].
Цяжка паказаць месца вырабу бронзавай вухавёрткi, якая захавалася ў выглядзе вiтага стрыжня i навершыя з фiгурай сабакi. Аналагiчная вухавёртка знайдзена ў гарадзiшчы на Менцы. Несумненна, што абодва вырабы зроблены ў адным месцы.
Наваградскiй iмпарт з краін, што ляжалi за межамi Старажытнай Русi, разгледзiм пачынаючы з суседняй Прыбалтыкi. Аб прадметах узбраеньня, прывезеных з вобласьцi куршаў адзначалася ў главе аб вайсковай справе. Па даўняй традыцыi, пастаўшчыком бурштына лiчацца прыморскiя тэрыторыi Прыбалтыкi. У савецкай лiтаратуры выказана мяркаваньне, што ў старажытнарускiх гарадах побач з прыбалтыйскiм мог выкарыстоўвацца бурштын, радовiшча якога меліся на Дняпры i Прыпяцi[95]. У гэтым выпадку дарэчы прывесьцi выснову З.М. Сяргеевай аб тым, што павелiчэньне знаходак бурштыну ў заходнерускiх землях з канца XI да XIII стст. супадае з актывiзацыяй руска-прыбалтыйскiх адносiн[96]. Таму няма падстаў сумнявацца, што бурштын у заходнерускiя землi i, адпаведна, у Наваградак, прыбываў з Прыбалтыкi.
У канцы 1 i пачатку II тысячагоддзя з Прымор’я i заходнеславянскiх зямляў у Літву, праз пасрэдніцтва прусаў пывозiлі срэбра, якое апошняя пастаўляла Латвii[97]. Ці магла Літва пастаўляць гэты шляхетны метал у блiзка адстаячы ад яе Наваградак? Гэта тым больш верагодна, што лентападобны срэбрны злiтак аб якім успамiналася ў главе 3, аналагiчны прыбалтыйскiм знаходкам.
З розных абласьцей Прыбалтыкi прывезены ў Наваградак металiчныя ўпрыгожаньнi. Часьцей за ўсё гэта бронзавыя падковападобныя спражкi. У перадмацерыковым слоі Малага Замка знайдзена буйная спражка з варонкападобнымi галоўкамi. Блiзкая да яе па форме паходзiць са скарбу ў Цэльмiню (Латвiя)[98]. На Малым Замку i Замкавай гары сустрэлася па бронзавой фiбуле з заканчэньнямi ў форме галовак маку (мал.). Больш за 500 такiх фiбул налiчваецца ў Летуве[99]. Бронзавыя фiбулы з патоўшчанымi канцамi, што пранiклi ў Наваградак i Суляцiчы пад горадам i, знайдзеныя ў шэрагу заходнерускiх гарадоў (Стары Барысаў, Лукомль, Браслаў, Гродна, Слонiм), таксама характэрныя для Літвы[100]. Да старажытнасьцяў гэтых земляў таксама трэба аднесьцi бронзавыя масiўныя пярсьцёнкi (мал.) [101] i акруглыя гладкiя i тардзiраваныя фiбулы[102].
У Наваградак трапляюць рэчы з тэрыторыi, занятай латгаламi. Гэта бронзавае чатырохчасткавае ўпрыгожаньне[103], падковападобная бронзавая вiтая фiбула (мал.)[104] i прывескi ў форме калпачкоў[105]. Сувязi з гэтай групай прыбалтыйскага насельнiцтва праяўляюцца ў перанясеньнi iх арнаменту на Наваградскiя бытавыя нажы.
Да раньняга перыяду гiсторыi Наваградка належыць бронзавая крыжападобная булаўка, пакрытая срэбрам i чэрню. Гэта ўпрыгожаньне тыповае для мацерыковай Эстонii[106]. Без удакладненьня месца паходжаньня да iмпарту з Прыбалтыкi трэба аднесьцi асобныя бронзавыя спiралькi[107].
Пры разглядзе пытаньняў сувязi Наваградка з Прыбалтыкай ёсьць магчымасть мяркаваць, што наш горад не толькi атрымліваў упрыгожаньнi з Літвы, але i ў сваю чаргу мог адпраўляць туды сваю прадукцыю. У склад лiтоўскiх скарбаў, што знайдзены ў Стоклiшках i Гелегодзе ўваходзiлi прывескi ў форме лiлеi (крыну) i полыя металiчныя пацеркi. Гэтыя скарбы О. Навiцкайтэ-Кунцэне, Е. Антаневiч i Р. Валкайтэ-Кулiкаўскене абаснавана звязваюць з Кiеўскай зямлёй. У сувязi са знаходкамi ў Наваградку матрыц кiеўскага тыпу, сярод якiх былi матрыцы, прызначаныя для цiсненьня прывесак у форме крыну i полых пацерак, не выключана, што знаходкi ў Летуве мелi не толькi кiеўскае, але i наваградскае паходжаньне[108]. Пры суседстве i жывых сувязях Наваградка з лiтоўскiмi землямi такое мяркаваньне цалкам рэальнае.