Абломкi амфар знайдзены амаль ва ўсіх заходнерускiх гарадах дзе праводзiлi раскопкi. Другое месца пасля Наваградка па колькасьці сустрэтых фрагментаў амфар належыць Ваўкавыску (знайдзена 1600 абломкаў)[138].
Нам ужо даводзiлася адзначаць, што наваградскiя амфары былi часткай iнтэр’еру багатых дамоў. Таму, на Замкавай гары, дзе дамы знацi не ўдалася даследаваць, знайдзена няшмат амфар. Цiкава, што ў насыпе старажытняга вала Наваградскага дзяцiнца знайдзена амаль цэлая амфара. Яна належыць да самага распаўсюджанага другога тыпу.
У Наваградку пераважалi амфары большых памераў. Ёмкасьць такiх пасудзiн была 19-20 лiтраў[139]. Запаўненьнем амфар, як можна мяркаваць па граффiцi, было вiно. Разам з тым iмпартавалiся i iншыя тавары. Надпiс на амфары з Белаозера чытаецца як “Масло”[140]. Слова “Горуша”, выдрапанае на самай старажытнай амфары з Гнёздава, Г.Ф. Карзухiна iнтэрпрэтавала як паліва[141]. Амфары з нафтай вядомыя на Таманскім паўвостраве i Паўночным Каўказе[142]. Цяжка сказаць у якой меры iмпарт гэтага паліва мог закрануць старажытнарускiя гарады i, у прыватнасьцi, Наваградак. Вялікія i моцныя амфары, пасля таго, як было выкарыстана тое, што ў iх было, працягвалi служыць як тара. У гэтым плане цiкавы надпiс (графiцi) на амфары са Звенiгараду на Белке, які А.А. Рацiч чытаў як слова “Рожь”[143].
Амфары Наваградка прыбылi ў гэты горад з розных месцаў. Так амфары пятага тыпу адрознiваюцца ад iншых пасудзiн дадзенага вiду формай, абпалам i апрацоўкай вонкавай паверхнi. Як паказаў петрографiчны аналiз, цеста iх адрознівалася ад цеста астатніх амфар. Месцам вырабу гэтых амфар, па ўсёй верагоднасьці, была Тмутаракань[144]. Радзiму іншых амфар трэба бачыць на паўночным i заходнім узбярэжжах Чорнага мора. Трэба пры гэтым заўважыць, што ў Прычарнамор’і знайдзены паралелi не да ўсіх наваградскiх амфар. Так не маюць аналогiй у Вiзантыi i яе правiнцыях пасудзiны з маленькiмi ручкамi-скобкамi. Дно некаторых з iх было амаль плоскае[145]. Тым не меньш, цеста iх падобна да цеста бясспрэчна прывазных амфар з правiнцый Вiзантыi[146].
Асобную групу прывазной керамiкi складаюць чырвонаглiняныя збаны (мал.). Цеста iх падобна да цеста амфар, што паходзiлi з Тмутараканi.
Шматлікія знаходкі прычарнаморскiх амфар у Наваградку i Ваўкавыску вылучаюць гэтыя заходнерускiя гарады сярод астатніх гарадоў Старажытнай Русi. Па гэтай прывазной прадукцыi Наваградак i Ваўкавыск нашмат пераўзышлi Ноўгарад, дзе за ўсе гады раскопак знайдзена больш за 760 фрагментаў амфар[147] i наблiзiлiся да Кiева, дзе знайдзена шмат амфар, асабліва, за апошнiя гады[148].
Вiзантыйскi шкляны пасуд Наваградка неаднаразова фiгураваў у рускай i замежнай лiтаратуры[149]. Амаль усе знаходкi пасудзiн са шкла апублiкаваныя ў кнiзе “Старажытны Наваградак”. Аднак, гэта такая незвычайная калекцыя ў далёкім ад Вiзантыi старажытнарускім горадзе працягвае прыцягваць увагу.
Падчас раскопак Наваградка знайдзена каля 350 фрагментаў шкляных пасудзiн, зробленых з натрыева-кальцыева-крэмнезёмнага шкла. З гэтай колькасьці ў канстантынопальскiх i правiнцыйна-вiзантыйскiх майстэрнях былi зроблены 55 пасудзiн. Астатнія фрагменты належалi вырабам мусульманскага Усходу. На Малым Замку знайдзены абломкi шкла, што належалi да 50 пасудзiн, на Замкавай гары было толькi пяць пасудзiн, зробленых в майстэрнях Вiзантыi.
Наваградская калекцыя шклянога посуду складаецца з келiхаў, флаконаў, чар, ваз i тэхнiчага посуду. Форма астатніх пасудзiн засталася невызначаная.
Пераважная частка вiзантiйскiх пасудзiн была з тонкага безколернага, малочна-белага, чырвонага, сiняга, блакiтнага i зялёнага шкла, распiсанага золатам, нярэдка ў спалучэньнi з каляровай эмальлю. Пасудзiны ўпрыгожвалi фiгуры геральдычных птушак, медальёны, запоўненыя крыжыкамi, “вiзантыйскiя крыжыкi”, зорачкi, галінкi i iншыя выявы. Рэдкай знаходкай з’яўляецца тоўстасьценная пасудзiна — “келiх Ядвiгi”, з тоўстага дымчатага шкла, декараваная разьбой i шлiфоўкай.
Першыя вiзантыйскiя пасудзiны з’яўляюцца ў пабудовах вакольнага гораду адначасова са шклянымi бранзалетамi, у другой чвэрцi XII ст. Асартымент iх быў вельмі разнастайны. Да пабудовы 3 належаў марганцава-чырвоны келіх, распiсаны золатам. Тамсама былi асклепкi шкла ад блакітнай пасудзiны. У пабудове 12 знайдзены рэшткi вазы з малочна-белага шкла, распiсанай золатам, крышка ад пасудзiны ў форме сабачкi з цёмнага шкла з белымi налепамi, а таксама фрагменты пасудзiн з чырвонага, сiняга i безколернага шкла. У пабудовах 18 i 19 гэтага ж часу быў iншы набор шклянога посуду. Там знайдзены фрагменты сiне-белага шкла, распiсанага золатам, сiняга, упрыгожагана жоўтай эмальлю, бела-зялёнага i малочна-белага, распiсанага золатам i чырвонай эмальлю[150].
Новыя формы вiзантыйскага шклянога посуду з’яўляюцца ў дамах другой паловы XII ст. Так у пабудове 5 знайдзены флакон з сiняга шкла, распiсаны золатам i белай эмальлю, шарападобная бязколерная пасудзiна з выступам на ўнутраным баку сьценкi. Такiя пасудзiны выкарыстоўвалiся для сцэжваньня вадкасьцяў. У гэтай жа пабудове былi фрагменты безколернай пасудзiны на паддоне, чырвонай пасудзiны з залатым роспiсам, сiняга з роспiсам белай эмальлю i асклепак блакiтнага празрыстага шкла. Наiбольш багаты набор шкляных пасудзiн паходзiць з пабудовы 10. Там пабытавалi: флакон i чара з малочна-белага шкла, распiсаныя золатам i чырвонай эмальлю, флакон i чара з безколернага шкла, распiсаныя золатам i “келiх Ядвiгi”, а таксама абломкi пасудзiн з блакiтнага i малочна-белага шкла[151].
У пабудовах XIII ст. вiзантыйскiя шкляныя пасудзiны не сустраклiся за выключэньнем асобных абломкаў чырвонага шкла з залатым роспiсам, верагодна, захаваныя ад больш раньняга часу. Вялiкая бутыль з прамавугольным тулавам i ўвагнутым дном, зробленая з сiняга шкла[152], магла быць не толькi вiзантыйскага, але i блiзкаўсходняга паходжаньня.
Вышэй гутарка ішла аб шкляных пасудзiнах Наваградка, вядомых па публiкацыях. Спынiмся на раней невядомых пасудзiнах з вiзантыйскага шкла. На тэрыторыi Малага Замка былi знайдзены абломкi сiне-белага шкла ў спалучэньнi з безколерным, гэта дазволіла аднавiць пасудзiну вышынёй 9,5 см. з кальцавой ножкай i ручкамi з безколернага шкла (мал.). У майстэрнях Карынфу вядомыя знаходкi донцаў, ручак i сьценак[153], якія дазваляюць аднавiць форму нашай пасудзiны. Праўда, шкло карынфскiх пасудзiн, у адрозеньне ад наваградскага, аднатоннае. Наваградскi бакал з ручкамi з безколернага шкла дазваляе ўспомнiць сведчаньне Тэафiда (X ст.), які пiсаў у сваім трактаце, што грэкi ў сваіх шкляных пасудзiн “з белага жа шкла робяць i ручкi”[154]. Пасудзiна з сiне-белага шкла была ў Наваградку не адзiная. Вышэй успамiнаўся абломак сiне-белага шкла распiсаны золатам.
На Замкавай гары, дзе абломкi вiзантыйскiх шкляных пасудзiн прадстаўлены донцам i сьценкамi безколернай празрыстай пасудзiны (мал.) i абломкам малочна-белай пасудзiны, распiсанай золатам[155], у 1985 г. былi знайдзены венчык i сьценка ад яшчэ адной такой жа пасудзiны.
З часу першай публiкацыi Р.М. Джанпаладзян аб наваградскiх шкляных пасудзiнах — чырвонага келiха i сiняга флакона, большасьць савецкiх i замежных даследчыкаў уключаюць іх у лiк вiзантыйскiх вырабаў. Англiйскi даследчык А. Мiгоу адзначае, што такі роспiс, як на наваградскiх шкляных пасудзiнах, распаўсюджаны ў выяўленчым i прыкладным мастацтве Вiзантыi. Арэал сiнiх флаконаў, як пiша вучоны, распрасьціраўся ад тэрыторыi Беларусi да Кiпру i, магчыма, Егiпту i ад Карынфа да Iрану. На думку Мiгоу, сiнiя флаконы выраблялi ў адным цэнтры — Канстантынопалі[156]. Амерыканская даследчыца Г. Дэвiдсон, якая шмат гадоў праводзiла раскопкi ў Карынфе, лічыць, што такiя флаконы выраблялi ў карынфскiх майстэрнях[157].
Вiзантыйскi шкляны пасуд прыбываў у Наваградак напрацягу ўсяго XII ст., а потым прывоз яго спынiўся. Магчыма, гэта трэба звязваць з падзеньнем Канстантынопаля ў 1204 г. i думка А. Мiгоу аб канстантынопальскім паходжаньнi сiнiх флаконаў правільная. У святле гэтага тлумачэньня, канстантынопальскiмi трэба лiчыць i астатнія цудоўныя шкляные пасудзiны нашага гораду. “Кубак Ядвiгi”, на думку Ю.Л. Шчапавай, з’яўляецца прадукцыяй, перш за ўсё Канстанцiнопальскай майстэрнi[158].