Сярод знаходак Малага Замка ёсьць шаўковы пояс i абрыўкi залатых нiтак, якiмi магла быць разшытая якая-небудзь тканіна. Пачынаючы з XI ст. вытворчасьцю шоўка займалiся гарады Эллады i Пелапанесу, а гандль iм праходзіў праз Канстантынопаль[191].
Вiзантыйскiя культавыя вырабы будуць разгледжаны ў наступнай главе.
Аб некаторых наваградскiх знаходках, што звязаныя з iмпартам, сведчыць падражаньне рэчам візантыйскай работы. Прыкладам можа быць касьцяная пласцінка з разнымi медальёнамi, якія запоўнены васьмiкутнымi зоркамi. У свой час гэта пласцінка зацiкавіла А.У. Банк, якая бачыла ў ёй падражаньне пласцінкам са слановай косьцi з такiм самым арнаментам, імi абкладвалi вырабленыя ў Канстантынопалі скрынкі-ларцы.
Такая ж касьцяная пласцінка знайдзена ў Смаленску[192].
Калi наваградская, як i смаленская пласцінкi, былi вырабамi мясцовых кастарэзаў, то майстры павінны былi мець перад сабой канстанцiнопальскiя ўзоры. Разам з тым, такiя пласцiнкі маглi быць не мясцовымi, а херсанескiмi падражаньнямi. У 1964 г. пры раскопках Херсанэсу былi знайдзены астаткi скрынкі, абкладзенай пласцiнкамi з косьцi хатняй жывёлы. Скрынка была вылажана пласцiнкамi з арнаментам, аналагiчным арнаменту наваградскай i смаленскай пласцiнак. Васьмiвугольныя зоркi ў крузе былi выразаны на пласцiнцы з косьцi ў сярэдневяковым пахаваньнi Херсанесу[193]. Такім чынам, падобныя рэплікі вiзантыйскiх пласцiнак слановай косьцi маглi вырабляць у Херсанэсе i з гэтага гораду трапляць у Старажытную Русь.
Бясспрэчна мясцовымi падражаньнямi вiзантiйскага палiванага посуду былi блюда i чара на паддоне (гл. мал. ) з Малага Замка. Апошняя, з некалькі змененымi прапорцыямi паўтарыла херсанескiя ўзоры[194].
У Наваградак пранiклi таксама вырабы з краiн мусульманскага Ўсходу. Наiбольш выразныя знаходкi — гэта шкляны i фаянсавы посуд. Спынiмся на характарыстыцы шклянога посуду.
За час раскопак знайдзены абломкi ад 12 шкляных пасудзiн, пяць з якiх належаць да Малага Замку i сем да Замкавай гары. Наiбольш раньняя пасудзiна знайдзена ў пабудове першай паловы XII ст., гэта сiне-зялёная рыфлёная шклянка з накладнымi нiцямi каля венчыка. Такiя пасудзiны выраблялi ў Сiрыi[195].
У пабудовах другой паловы XII ст. знайдзены абломкi чатырох пасудзiн, з якіх дзве пасудзiны належалi да аднаго дома. Яны прадстаўлялi з сябе келiхi з безколернага шкла; роспiс золатам, а таксама белай, чырвонай i зялёной эмальлю. На адной з пасудзiн ёсьць рэшткі роспiсу, які складаўся з геральдычных птушак у перабіўку з шасьцiпялёсткавымi разеткамi, запоўненымi кропкамi (мал. ). На асобных пасудзiнах захавалiся арабскiя надпiсы[196]. Адзін з iх чытаецца як “Алi”. Магчыма, што ад падобнай пасудзiны паходзiць абломак з Замкавай гары з астаткамi пазалоты i кропкамi, нанесенымi сiняй эмальлю. Стыль роспiсу i тэхнiка выкананьня дазваляюць аднесьцi гэтыя келiхi да вырабаў сярэдневяковай Раккi[197]. У групу больш познiх ракскiх пасудзiн могуць быць далучаны фрагменты з пабудовы другой паловы XII ст. безколернай пасудзiны з астаткамi фрызу i роспiсу белай, чырвонай i сiняй эмальлю i маленькi абломак сiняй пасудзiны са стылiзаванымi арабскiмi лiтарамi, нанесенымi белай эмальлю i аточаных золатам[198].
У пабудове XIII ст. Малага Замка знайдзены абломак келiха з безколернага шкла, распiсанага золатам. Арнамент складаецца з пiкападобных фiгур i чатырохлiстнiкаў, аточаных чырвонай эмальлю — гэта характэрна для шкляных пасудзiн, якія выраблялі ў Алеппо[199].
На тэрыторыi Замкавай гары знайдзены абломкi трох шкляных пасудзiн з безколернага шкла, распiсаных чырвонай i сiняй эмальлю i аточаных золатам. Роспiс двух пасудзiн прадстаўлены, галоўным чынам, арабескамі (мал. ). Поверхню трэцяга пакрывалi фiгурныя палосы з чырвонай i сiняй эмалi, аточаныя золатам. Месца паміж палосамi запоўнена залатым роспiсам з гравiроўкай (мал. ). Роспiс нашых пасудзiн нагадвае арнаментацыю шкляных пасудзiн, што выраблялі ў Алеппо[200].
Яшчэ адзiн фрагмент пасудзiны з безколернага шкла, што знайдзены на Замкавай гары быў звонку спрэс пакрыты сiняй эмальлю, па якой золатам нанесены ломаныя лiнii i трохвугольнiкi, а таксама гравiроўка. Мяркуючы па ўнутраным баку абломка, перад тым як нанесьцi звонку эмаль, яго паверхня была пакрыта палосамi чырвонай эмалi. Аналогiю пасудзiне, анаментаванай такiм чынам знайсьцi не ўдалася, але па характару роспiсу яе трэба лiчыць прадукцыяй блiзкаўсходняй майстэрнi.
У заходнерускiх гарадах блiзкаўсходняе мастацкае шкло прадстаўлена большай колькасьцю знаходак чым вiзантыйскае. У Слонiме знайдзены абломак тонкасьценнай пасудзiны, афарбаванай з сярэдзіны палоскамi ружовага i блакiтнага колераў. Паверхня яго распiсана золатам. На ёй нанесены арабскі надпiс: “С-алiм вучоны”[201]. Цікавы келiх з арабскім надпiсам з Мсьцiслаўля. Абломкi пасудзiн з шклоробчых майстэрняў Блiзкага Ўсходу прысутнiчаюць у Тураве, Гродне, дзе знайдзены абломак шкляной пасудзiны, распiсанай цёмна-чырвонай, жоўтай i зялёнай эмальлю i ў Вiцебску. У апошнім, у слаях XII-XIII стст. сустракаюцца абломкi пасудзiн з безколернага i сiняга шкла, з характэрным роспiсам золатам i эмальлю[202].
Блiзкаўсходняе мастацкае шкло знайдзена i ў другiх старажытнарускiх гарадах — Кiеве, Ноўгарадзе, Гарадку, Старой Разанi i Тмутараканi. Шмат рэштак шкляных пасудзiн сiрыйскай вытворчасьці атрымана пры раскопках на Гарадзiшчы пад Ноўгарадам. У другiх цэнтрах Усходняй Еўропы фрагменты такiх пасудзiн вядомыя ў Херсанэсе, Волжскай Балгарыi, у курганах прадгор’я Каўказа i ў гарадах Закаўказья (Дзвiн, Анi)[203].
Пры рэдкасьцi вышэй пералiчаных знаходак, цiкава адзначыць абломак шкляной чары з iмiтацыяй арабскага надпiсу, знайдзены пры раскопках горада Аполе ў Польшчы[204]. Адначасова з вiзантыйскiмi i сiрыйскiмi шклянымi пасудзiнамi ў Наваградак былi прывезены фаянсавыя пасудзiны з iранскiх майстэрняў. Знайдзена 43 фрагменты такiх пасудзiн, якія належаць да 15 экзэмпляраў, з якiх толькi дзве пасудзiны паходзяць з Замкавай гары. Вялiкая частка фаянсавага посуду пакрыта люстравым роспiсам, які робіць эфект металiчнага бляску. Гэты роспiс наносiўся на абпаленую глазураваную (паліваную) рэч, пасля чаго прадмет абпальваўся другі раз[205].
Iранскi фаянсавы посуд з’яўляецца ў пабудовах Малага Замка першай паловы XII ст., пры гэтым у пабудове з фрэскамi былi знайдзены фрагменты, якія належалi да трох пасудзiн. Абломкi трох фаянсавых пасудзiн адносiлiся таксама да адной з пабудоў другой паловы XII ст.[206]
Рэдкай знаходкай для старажытнарускага гораду стала цалкам адноўленая чара, знайдзеная ў паўночным раскопе Замкавай гары. Яна прадстаўляе з сябе дванадцацiлопасную пасудзiну на паддоне. Вышыня чары 11 см., дыяметр (уверсе) - 12 см. Чару пакрывае чырвона-карычневы роспiс. Звонку гэта геаметрычны арнамент, а з сярэдзіны лiнii, палосы i стылiзаваныя арабскiя літары (мал. ). У музеях i прыватных зборах вядомыя лопастныя чары з двубаковым роспiсам, якiя маюць пяць, восем, дзесяць i 16 лопасьцяў. У апошнім выпадку пасудзiна датавалася першай чвэрцю XIV ст.[207]
Фрагмент лопастнай пасудзiны з аднабаковым роспiсам належыць да знаходак Малага Замка. Вiшнёвы роспiс у выглядзе арабескi нанесены звонку. Верагодна наваградская знаходка належала да лопастной чары, падобнай да чары з гарадзiшча Орен-Кала ў Азербайджане[208].
Абломкi трох пасудзiн належалi адкрытым чарам на паддоне. Двубаковы роспiс iх жоўты i карычневы. Форма чараў, колер роспiсу i яго арнамент наблiжае наваградскiя знаходкi да чары з клiўлендскага музея[209]. У пабудове другой паловы XII ст. знайдзены абломкi чары з двубаковым сiнім i карычневым роспiсам. Захавалася выява твару чалавека на верхняй унутранай частцы аднаго з венчыкаў. Выявы галоў людзей на дне i ля венчыкаў чараў даволi характэрна для iранскiх пасудзiн XII-XIII стст.[210] Вiдавочна, да чары належаў яшчэ адзiн абломак з двубаковым чырвоным i сiнім роспiсам па белым фоне[211].
Сярод фрагментаў фаянсавай керамiкi з люстравым роспiсам шэраг знаходак належыць закрытым пасудзiнам. Такі абломак сьценкi з цёмна-карычневым роспiсам i арабскім надпiсам, які нанесены белай фарбай. Верагодна, ён належаў да куўшына, прыкладам таго, што апублiкаваны А. Поўпам[212]. Абломкi сьценак ад закрытых пасудзiн з вакольнага гораду пакрывала арабеска вiшнёвага колеру, а з Замкавай гары сiнiя i карычневыя скругленыя лiнii i кропкi, нанесеные золатам (мал. ).