Выбрать главу

Час пабудовы Барысаглебскай царквы ў Наваградку можна ўдакладніць матэрыяламi жылой пабудовы Малага Замка з фрэскавым роспiсам. Фрэскi храма i жылой пабудовы сходныя па гаме колераў i арнаментах. Відавочна, што сьцены адзiнага жылога дому з фрэскавым роспiсам i сьцены царквы былi распiсаны аднымi i тымi ж мастакамi i, прыблізна, у адзін i той жа час. Жыльлё, аб якiм гаворка, па стратыграфiчных дадзеных i iнвентару належыць да другой чвэрцi XII стагоддзя. Заканчэньне будаўніцтва Барысаглебскай царквы Наваградка мжна датаваць гэтым самым часам.

Храм Барыса i Глеба быў збудаваны ў Наваградку за межамi гарадскiх умацаваньняў прыкладна ў той час, калі там фармавалiся дзяцiнец i вакольны горад. Было б дзiўна, калi б у самым горадзе не было сваёй царквы. Нажаль, непасрэдных дадзеных аб існаваньнi храмаў на тэрыторыi Замкавай гары i Малага Замка няма, але ўскосныя матэрыялы дазваляюць мяркаваць, што яны існавалі.

Для Малага Замка асновай для такога мяркаваньня з’яўляюцца хрысьцiянскія могiлкi XII-XIII стст., што займалі паўднёвую частку пляцоўкi. Хрысьцiянскiя могілкі ўзнiкалi, звычайна, паблiзу храмаў. За час раскопак было аткрыта 150 пахаваньняў у трунах i без іх. 83 пахаваньні датавалiся першай паловай XII ст., перакрываючы, а часам i праразаючы рэшткі забудовы X-XI стст. Могiлкi, размешчаныя паблiзу багатых дамоў вакольнага гораду былі месцам пахаваньня багатых жыхароў Наваградка. Там хавалі не толькі насельнікаў квартала залатароў, але i багацейшых насельнікаў дзяцiнца. Аб гэтым можна мяркаваць па жаночаму пахаваньню, пры якiм знайдзены срэбныя позалочаныя бляшкі, адцiснутыя з матрыцы Замкавай гары (с. 00). У перыяд максiмальнага росквіту вакольнага гораду тэрыторыя могiлак была забудавана. Гэта адбывалася ў другой палове XII ст. Гарадская забудова на месцы хрысьцiянскiх могiлак мела месца i ў другiх старажытнарускiх гарадах. У Старой Разанi грунтовы могiльнiк жыхароў гораду XI - першай паловы XII ст. быў перакрыты жылой забудовай. На дзяцiнцы Чарнiгава могiлкі каля царквы ў другой палове XII ст. былі замошчаны жоўтай плiнфай[7]. У Наваградку, у пачатку XIII ст., у сувязi з рэзкiм заняпадам вакольнага гораду, тэрыторыя, аб якой гутарка, ізноў становiцца могiлкамі. Але цяпер там хавалi, галоўным чынам, дзяцей. Мяркуючы па наiбольшай канцэнтрацыi пахаваньняў , храм на тэрыторыi Малага Замка павінен быў стаяць паблiзу паўднёва-усходняй часткi пляцоўкi, дзе зараз знаходзіцца мемарыяльны капец Адама Мiцкевiча (дыям. 25 м.)[8].

Аб існаваньні храма на Замкавай гары можна мяркаваць па звестках летапiсца пад 1262 г., якi паведаміў аб хрышчэньнi князя Войшэлка: “Воишелк же нача княжити в Новегородце в поганьстве буде... а посемь вниде страх Божий во сердце его, помыслив собе хотя прияти святое крещение и крестися ту в Новегородце и нача быти во хрестьянстве”[9]. Трэба думаць, што Войшалк хрысьцiўся ў царкве, якая была пры яго двары на дзяцiнцы.

Аб археалагiчных матэрыялах Замкавай гары, што сведчаць аб існаваньнi там старажытнарускага храма, гаварылася ў главе 3 (с. ...). Гутарка аб драўляных насьцiлах, што ляжалi пад насьцiламi, пры царкве XIV ст. i, верагодна, суадносiлiся з больш раньняй драўлянай царквой. Магчыма, што да старажытнарускага храма дзяцiнца належалі часткi бронзавай люстры-хораса (мал. ).

Хрысьцiянства, якое з’явілася ў Наваградку не раней за XII ст., пачало ў горадзе iнтэнсiўна распаўсюджвацца. Праўда, аб гэтым можна мяркаваць па дадзеных, якія звязаны з прывеліраванай часткай гарадскога насельнiцтва. Цяжка сказать як прынялi новую рэлiгiю простыя гаражане. Аб познім пабытаваньні язычніцтва сведчыць курган XII ст. гарадскога магiльнiка[10]. Больш трывалым было язычнiцтва ў ваколіцах Наваградка, где курганныя магiльнiкi існавалi да XIII ст. Уплыў хрысьцiянскай абрадавасьцi праявiўся ў iх у тым, што нябожчыкі былi пахаваны, пераважна, у ямах[11]. Эвалюцыя пахавальнаго абраду ў сельскіх жыхароў ваколіц Наваградка адбывалася таксама як i ў другiх старажытнарускiх обласьцях, у прыватнасьцi ў Смаленскай зямлі[12].

У хрысьцiянскім Наваградку з’яўляюцца разнастайныя культавыя вырабы (крыжы-нацельнiкi, энкалпiёны, абразкi i інш.), як мясцовай работы так i прывазныя. У пошуках аналогiй наваградскiм знаходкам мы, у першую чаргу, звяртаемся да матэрыялаў старажытнарускiх гарадоў, але нярэдка яны сустракаюцца за межамi Заходняй Русi.

У Наваградку знайдзены наступныя культавыя вырабы:

Каменныя крыжы-цельнiкi (10 экзэмпляраў). Усе знаходкi, за выключэньнем адной, паходзяць з Малага Замка. Пяць цельнiкаў зроблены з глiнiстага сланца. Сярод іх два гладкiя роўнабаковыя. Пры гэтым маленькi да канца не апрацваны (мал. ). Другі цельнiк, захаваны часткова, запалiраваны (мал. ). Роўнабаковыя крыжыкi з глiнiстага сланца, вапняка i другiх мясцовых парод знайдзены ў Ваўкавыску i Тураве[13]. Два цельнiкі гранёныя. Цалкам захаваны экзэмпляр з пабудовы XIII ст. 3х2,2 см., падобны да знаходкі з Пскова[14].

Рэдкай знаходкай быў цельнiк з троху звужанымi канцамi (3,7х2х8 см.). На ім выбiта пляцёнка[15], што нагадвае арнамент наваградскiх драўляных вырабаў i, праз гэта, можа быць вырабам мясцовага камянярэза. Разам з тым, як ласкава паведаміў В.Г. Пуцко, каменны крыж з такiм самым арнаментам знайдзены ў старажытным Галiчы.

Два цельнiка з ружовага шыферу, відавочна, былi прывазныя. Не цалкам захаваны далікатны крыжык з пабудовы з фрэскамi (шырынёй 2,5 см.) мае квадратнае скрыжаваньне i зкругленыя стораны, упрыгожаныя валiкамi. Другі крыж з культурнага слоя 3,7х3,2 см. таксама з квадратным скрыжаваньнем i закругленымi канцамi. Канцы ўпрыгожаны ўрэзанымi лiнiямi[16]. Крыжы з ружовага шыфера былi разнастайныя па форме. Аб гэтым сведчаць знаходкi з Каладзяжына, Сярэдняга Паволжжа[17] i iншых месцаў.

Тры цельнiка з шэра-белага гладкага камяню, што нагадвае мармур — “карсунчыкi”, аднатыпныя. Яны роўнабаковыя 2,5х1,8 - 2 см. i паходзяць з жылых пабудоў XII ст.[18] Аналагiчныя крыжы добра вядомыя ў многiх помнiках. У Заходняй Русi яны знайдзены ў Мiнску i Бярэсьці[19]. Сустракаюцца ў Падняпроўі, у Паўднёва-Заходняй Русi, на тэрыторыi вяцiчаў[20] i другiх тэрыторыях. У самым найменьнi такiх крыжоў прыгадваецца места iх вырабу — Херсанэс.

Металiчныя крыжы - цельнiкi (7 экзэмпляраў) знайдзены выключна на Малым Замку. Аб вырабе металiчных цельнiков на Малым Замку сведчыць лiцейная форма, на абедзьвух баках якой маюцца паглыбленьнi для адлiўкi тонкiх металiчных крыжоў[21]. Вырабаў, якія адлiтыя ў дадзенай форме знайсьцi не ўдалася. Вiдавочна, да мясцовых рэчаў належыць бронзавы роўнабаковы крыжык 2х2 см.

У культурным слоі адначасова знайдзены два бронзавыя крыжы з выемчатай эмальлю. Адзiн з iх 3х2,6 см., з трохлопаснымi канцамi[22], а другi 2,2х1,8 з прамавугольнымi (мал. ). Крыжы з выемчатай эмалью ў XI-XIII ст. выраблялi ў Кiеўскай зямлі. Яшчэ адзiн цэнтр па вырабу такiх самых крыжоў, з’явiўся ў XII ст. на тэрыторыi Латвii[23].

У пабудове другой паловы XII ст. знайдзены абламаны бронзавы цельнiк са зкругленымi канцамi. Скрыжаваньне яго запоўнена зялёнай эмальлю. Аналагiчны крыж знайдзены ў курганным магiльнiку каля в. Засьвiр Мiнскай вобласьцi[24].

Бронзавы крыж 2,8х1,8 см. з квадратным скрыжаваньнем i прамавугольнымi канцамi (васьмiкутны) мае паралелi ў Прыдняпроўі[25]. Тамсама вядома аналогiя цельнiку 4х2,5 см., на адным баку якога выява Хрыста, а на другім выразаны лiтары ХС[26]. Яшчэ адзiн бронзавы крыж (4х2,5 см.) са стылiзаванай выявай Багародзiцы i пашыранымi канцамi, да некаторай ступенi, нагадвае цельнiк, што захоўваўся ў музеі Кiеўскай духоўнай акадэмii[27].

Энкалпiёны (9 экзэмпляраў), з якiх чатыры прыходзяцца на Малы Замак i пяць на Замкавую гару. Цалкам захавалiся толькi два энкалпiёны. Знаходка з Малага Замка 2,8х1,8 см., вырабленая з залатой бронзы, на адным з бакоў мела выяву чатырохканцовага крыжа[28]. Складнi гэтага тыпу вядомыя сярод старажытнарускiх помнiкаў (Ноўгарад, Прыдняпроўе, Яраполч), а таксама на тэрыторыi Польшчы (Драгiчiн, Обровец каля Грубешова)[29]. Ва Усходняй Латвii знайдзена ачэльле, у якiм было некалькі такiх энкалпiёнаў i трохлопастныя крыжыкi з выемчатай эмальлю[30].