Выбрать главу

Другi энкалпiён, захаваны цалкам (6х4 см.), знайдзены на Замкавай гары. На яго вонкавым баку выява ўкрыжаваньня, над якiм нанесены “мальтыйскi” крыж. На канцах захавалiся медальёны са сьцёртымi выявамi. На адваротным баку выгравiраваны васьмiканечны крыж, а па баках акруглыя медальёны, запаўненьне якiх сьцёрта (мал. ). Падобныя складнi добра вядомыя. Л.В. Аляксееў адзначае iх у Друцку, Кiеве, Ноўгарадзе, Княжай гары, Каневе, Грыгараўцы, Камянцы-Падольскім, Вырбычцы i на Паўночным Каўказе[31].

На рэштках створак двух складняў, знайдзеных у абедзьвух частках гораду, выявы былi толькі рэльефныя. Энкалпiён з Малага Замка меў у скрыжаваньнi фiгуру Хрыста i пагрудныя фiгуры ў медальонах па баках[32]. На Замкавай гары ацалеў абломак з выявай святога ў медальёне (мал. ). На тэрыторыi Беларусi падобныя складнi знайдзены ў Гродне i Мiнску. Сустракаюцца яны таксама ў Падняпроўі, Ярополчы Залескім, на рускім паселiшчы ў Сярэднім Паволжжы[33] i на iншых помнiках.

На тэрыторыi Малага Замка знайдзены абломак энкалпiёна са слядамi пазалоты[34]. Паралелi яму невядомыя. Сярод знаходак Замкавай гары - абломкi трох складняў - створка і дзьве пятлi, адна з якiх дыяметрам 2,4 см. належала вялікаму энкалпiёну.

Наваградскiя складнi, форму якiх можна было вызначыць, тыповыя для помнiкаў Старажытнай Русi. Г.Ф. Карзухiна разглядала гэтыя вырабы як прадукцыю кiеўскiх рамеснiкаў i лічыла, што адбывалася эвалюцыя ад больш раньнiх (XI - пачатак XII стст.) складняў з суцэльнай рэльефнай арнаментацыяй да энкалпiёнаў са сплошчанымi фiгурамi, што з’явiлiся, прыкладна, у другой чвэрцi XII ст.[35] Некаторыя папраўкi ў дацiроўку Г.Ф. Карзухiнай унеслi А.А. Медынцава i М.В. Седова[36]. На думку В.Г. Пуцко, эвалюцыя вырабленых у Кiеве энкалпiёнаў храналагiчна супадае са зменай формаў iншых вiдаў пластыкi, уключаючы каменныя рельефы, корапластыку i тарэўтыку[37].

Знаходка ў Наваградку абломка складня, якi адрозніваецца ад кіеўскіх вырабаў, можа значыць, што падобныя рэчы выраблялi ў iншых месцах. Так ад характэрных кiеўскiх энкалпiёнаў адрознiваецца складзень гарадзiшча Майшагола ва Ўсходняй Летуве[38].

У абедзьвух частках гораду знайдзена шэсьць абразкоў: два з iх бронзавыя, тры каменныя i адзін са шкляной масы. На абломку абразка з Малага Замка на адным баку прадстаўлены Хрыстос, на другім расьцвіўшы крыж. Падобны абразок вядомы ў Падняпроўі (Вяцiчы).[39]

Другі бронзавы абразок паходзiць з Замкавай гары. Гэта прамаввугальны складзень з алавянiстай бронзы 5х4,5 см. з вушкам. Абразок вельмі пацярпеў ад агню. Тым не меньш на яго створках можна было заўважыць рельефныя выявы чалавечых фiгур. Iх атрыбуцыя належыць I.I. Плешанавай. Гэта - фiгуркi Барыса i Глеба. На правай створцы паказаны Барыс, у плашчы, з сагнутай правай рукой. У выцягнутай левай руцэ ён держiт мадэль аднаглавага храма са шлёмападобным купалам. Частка створкi, дзе павінна была быць паказана галава, пашкоджана. Левую створку займае фiгура Глеба. Як і Барыс, ён апрануты ў плашч. На яго галаве княжацкая шапка з круглай тульяй. У выцягнутай правай руцэ Глеб трымае мадэль такога ж храма, як i Барыс, левая рука Глеба апушчана (мал. ).

Культ Барыса i Глеба - першых рускiх святых - шырока адбiўся ў творах старажытнарускай лiтаратуры i мастацтва. Па высновах В.I. Лесючэўскага i М.Х. Алешкоўскага, якія займалiся даследваньнем гэтага культу, шанананьне святых братоў не было аднолькавае. На першым этапе, пераважна ў XI ст., Барыса i Глеба шанавалi як лекараў і цаліцеляў i паказвалi з мучанiцкiмi крыжамi i мадэлямi храмаў. Пры гэтым, браты фiгуравалi без бародаў. З пачатку XII ст. Барысу i Глебу пакланялiся як воiнам-заступнiкам Рускай зямлi, з крыжамi ў руках i з мячамi на поясе. Часам мячы знаходзяцца ў руках князёў. У больш познiх помнiках браты ўзброены коп’ямi. Барыса, як правiла, паказваюць з барадой, а Глеба без барады[40].

Прыняўшы такую храналогію iканаграфii Барыса i Глеба, наваградскі абразок, на якім браты трымаюць у руках мадэлi цэркваў, трэба аднесьці да часу, калі іх лiчылi цалiцелямi, г.зн. да канца XI ст. У гэты час ён быў адлiты. Аднак, у Наваградак абразок трапіў не раней першай паловы XII ст., паколькі, як паказана вышэй, у нашым горадзе няма хрысьцiянскiх рэалiй раней гэтага часу.

Алавянiстая бронза абразка аналагiчная складу метала энкалпiёнаў кiеўскага паходжаньня. Наш абразок таксама трэба разглядаць як iмпарт з Кiева. Прамыя аналогii ёй невядомыя. В.I. Лесючэўскi, не спасылаючыся на крыніцу, пiсаў, што сярод знаходак, якія зроблены ў розны час у Дзесяцiннай царкве, ёсьць створка маленькага абразка, з выявай Барыса, якi трымае ў руцэ храм. На другой створцы, па мяркаваньню аўтара, павінна была знаходзiцца выява Глеба[41]. Не выключана, што абразок з Дзесяцiннай царквы быў адлiты ў адной форме з наваградскай знаходкай. Пакуль жа, апошняя, верагодна з’яўляецца адзiным абразком - складнем з выявай першых рускiх пакутнiкаў.

Крыніцазнаўчае даследваньне наваградскага абразка можа мець свой працяг. На думку Лесючэўскага i Алешкоўскага, выявы Барыса i Глеба на энкалпiёнах прадстаўляюць з сябе частку агульнай кампазiцыi капiруемага iканапiснага арыгiналу i браты былi прадстаячымi каля якогасьці цэнтру. Трохчастковая кампазiцыя вядома ў Барысаглебскай iканаграфii на фрэсках храма Нярэдзiцы ў Ноўгарадзе, дзе паміж Барысам i Глебам стаiць альбо Хрыстос, альбо айтец братоў — князь Уладзiмiр. У цэнтры мог быць проста крыж, як гэта ёсьць на Барысаглебскім амулеце-змеевiку XII ст. з дзяржаўнага Гістарычнага Музея ў Маскве[42].

З паўсюдным пашырэньнем культа Барыса i Глеба на Русi, ён прыходзіць i ў заходнерускiя землi. Сыны Усяслава Полацкага i Усеваладкi Гродзенскага насiлi iмёны Барыса i Глеба[43]. У пачатку XII ст. у княжацкай рэзiдэнцыi Бельчыцы паблiзу Полоцка ўзводзiцца Барысаглебскi манастыр[44]. Барысу i Глебу быў прысвечаны храм на Каложы, пабудаваны за межамi гарадскiх умацаваньняў — ён з’яўляецца цэнтральным помнiкам манументальнага дойлiдства гродзенскай архiтэктурнай школы[45]. Вядома аб Барысаглебскіх могiлках паблiзу старажытнага Турава. У 1909 г. Мiнскай гiсторыка-археалагiчнай камiсiяй там быў адкрыты саркафаг з ружовага шыферу, у якiм знайдзены чалавечыя косьцi i парчовыя нiткi[46]. Назва могiлак i саркафаг дамангольскай пары даюць падставу мяркаваць, што на тэрыторыi могiлак мог знаходзiцца Барысаглебскi храм. Выявы Барыса i Глеба захавалiся на фрэсках Пятнiцкай царквы Бельчыцкага манастыра[47].

На тэрыторыi Заходняй Русi вядомыя прадметы металiчнай i каменнай пластыкi з выявамі святых братоў — энкалпiёны з Друцка i Гродна, абразка з Мсьцiслаўля i Копысi, створка абразка з Полацка. У Полацку знайдзены каменны абразок з выявай Барыса. Барыс альбо Глеб паказаны на свiнцовай пломбе з Мiнска. Iстотна прылучыць да гэтым знаходак “Барысавы камянi” Полацкой зямлi — манументальныя помнiкi эпiграфiкi XII ст.[48]

У XII ст. культ Барыса i Глеба трапляе ў Наваградак, што праяўляецца ў пабудове Барысаглебскага храма. У кнiзе “Старажытны Наваградак” адзначаны фрагмент фрэскавага роспiсу з багатага жылiшча вакольнага горада, на якiм паказана галава маладога князя, магчыма, Глеба[49]. Бронзавы абразок з выявай Барыса i Глеба з’яўляецца яшчэ адным сведчаньнем шанаваньня святых братоў у хрысьцiянскім Наваградку.

Пауднёварускi культ Барыса i Глеба пападае ў Наваградак двума шляхамі. Непасрэдна з Кiева, адкуль быў прывезены абразок-складзень i праз полацкiх i вiзантыйскiх будаўнікоў, а таксама праз фрэскiстаў, якія пабудавалi наваградскую царкву i распiсалi яе сьцены i сьцены багатай жылой пабудовы.

У культурным слоі горада знайдзены тры каменныя абразкі. З Замкавай гары паходзiць прамаввугальны (5,2х4,2 см.) абразок з шэрага каменя, на якiм выразана паясная фiгура Мiколы з евангельлем у левай руцэ. Лiк святога пашкоджаны. Захавалiся валасы i частка барады (мал.). Т.В. Нiкалаева датуе гэты абразок XIII ст. i лiчыць вырабам скарэй адукаванага рамеснiка чым майстра прафесiянала[50].

Абраз Мiколы, які займаў выключнае месца ў рэлiгiйнай свядомасьцi жыхароў Старажытнай Русi i адлюстраваўся ў каменнай пластыцы[51], атрымаў сваё ўвасабленьне i ў заходнерускiх каменных абразках. Такі паўкруглы абразок з ружовага сланца, дзе Мiкола паказаны з евангельлем у руцэ (выпадковая знаходка). У Мiнску знайдзены прамавугольны абразок з светла-шэрага сланца. На ім выразаны двох святых — Мiкола з евангельлем i Стэфан. Вышэй iх знаходзiцца блаславiцель — Спас-Эмануіл[52].