Выбрать главу

У Барысаглебскi храм Наваградка заходнееўрапейская гемма, вiдавочна, трапіла як культавы выраб. Не выключана, што яна звязана з залатым кальцом, на якiм былi выгравiраваны словы малiтвы на лацiне, што знайдзена ў доме, сьцены якога былi распiсаны фрэскамi (с. 00). Абедзьве знаходкi з Заходняй Еўропы маглi належаць жанчыне, якая прыехала ў Наваградак[73].

Абломкi люстраў-хорасаў з багатых дамоў мы аднеслi да iнтэр’еру жыльля (с. 00). Адпаведная знаходка з Замкавай гары (мал.), магла быць звязана з храмам, які там знаходзіўся.

Хрысьцiянiзацыя насельнiцтва, звычайна, звязваецца з распаўсюджаньнем пiсьменнасьцi. Аднак, у Наваградку прылады пiсьма — стылi вядомыя яшчэ ў дахрысьцiянскі час. Наiбольш раньняя знаходка стылю належыць да пабудовы 13[74], г.зн. другой паловы XI альбо мяжы XI-XII стст. Яшчэ адно пiсала знайдзена ў пабудове 6 Малага Замка[75], якая існавала ў самым пачатку XII ст., у той час як Барысаглебская царква i першыя культавыя знаходкi Наваградка з’яўляюцца не раней другой чвэрцi XII ст. Такiм чынам, пiсьменнасьць у багатых насельнікаў вакольнага гораду распаўсюдзілася на некалькі дзесяцiгоддзяў раней, чым яны прынялi хрысьцiянства.

У Наваградку знайдзены 14 пiсалаў з жалеза, бронзы i косьцi. Усе яны, за выключэньнем аднаго стылю з Замкавай гары, былi прыналежнасьцю багатых жылiшчаў Малага Замка альбо адносiлiся да культурнага слоя гэтай часткi гораду. Магчыма, што касьцяных пiсалаў на самой справе было больш. У пабудове першай паловы XII ст. знайдзены жалезны стыль з лапатачкай, як бы паўторам формы лапатачкi касьцяных пiсалаў, вядомых у Ноўгарадзе другой паловы X альбо першай паловы XI стст.[76]

Сярод наваградскiх пiсалаў, даўжыня якiх 10-13 см., вылучаюцца 4 тыпы:

тып 1 (2 экзэмпляры). Лапатачка iх мае паўкруглую форму. У заходнерускiх гарадах падобныя сустракаюцца ў Друцку i Мiнску.[77]

тып 2 (1 экзэмпляр) з лапатачкай трапецэпадобнай формы. Аб ім гаварылася вышэй.

тып 3 (4 экзэмпляры). Лапатачкi iх маюць форму вузкага бакальчыка з адцянутымi краямi. Тры пiсалы паходзяць з пабудоў XII ст. На лапатачцы бронзавага стыля нанесены раслiнны арнамент. У Заходняй Русi падобныя пiсалы знайдзены ў Ваўкавыску, Браслаўлі i Друцку. Дадзены тып стыляў больш за iншыя распаўсюджаны ў гарадах Старажытнай Русi[78].

тып 4 (3 экзэмпляры). Трохвугольныя лапатачкi з выступамi альбо зубчыкамi па краях. Адзiн з жалезных стыляў iнкруставаны белым металам (мал.). Заходнерускiя стылi дадзенага тыпу знайдзены ў Ваўкавыску i Мiнску[79].

Асобныя лапатачкi стыляў не захавалiся. Ад адзiнай знаходкi на Замкавай гары ацалеў жалезны стрыжань. На Малым Замку без лапатачак знайдзены жалезны (мал.), бронзавы i касьцяны стылi. На стрыжні апошняга выразаны знак[80].

Наваградскiя прылады пiсьма, падобныя да пiсалаў iншых заходнерускiх гарадоў, належаць да агульнарускiх тыпаў. Трэба лічыць iх вырабамi мясцовых рамеснiкаў. Магчыма, што асобныя бронзавыя пiсалы былi прывазныя. Аб iмпарце бронзавых стыляў у Заходнюю Русь сведчаць пiсалы з Ваўкавыска i Бярэсьця з крыжападобнай прорэззю на лапатачцы. Яны iдэнтычныя знаходкам з Вiцiчава i Звенiгарада[81].

Стылi Наваградка, як i ўсе прылады такого кшталту, выкарыстоўвалiся для пiсьма на навошчаных дошчачках, падобнымі на тыя, што знайдзены ў Ноўгарадзе i Бярэсьці[82].

Прылады пiсьма Наваградка належаць да агульнарускiх тыпаў. Пераважаньне жалезных стыляў над бронзавымi, што адзначыў А.Ф. Мядзьведзеў, характэрна i для наваградскiх знаходак.

Пiсалы з лапатачкамi служылi для скорых часовых запiсаў, якiя можна было лёгка правіць. Магчымасьць карыстацца лапатачкай для выпраўленьня напiсанага нарадзiла ў Еўропе параду таму, хто піша: “Часьцей паварачвай стыль”[83].

Пiсьмо на навошчаных дошчачках у Старажытнай Русi было распаўсюджана не толькi ў стольных, але i ў малых гарадах. Так жалезных, бронзавых i касьцяных пiсалаў у Ноўгарадзе знайдзена больш за 45[84]. У Наваградку ж iх было 14, у Ваўкавыску - 12[85], а ў Яраполчы Залескім - 11 экзэмпляраў[86].

Наваградцы мецiлi ўласныя рэчы, у прыватнасьцi амфары. На адной з iх, што адносiлася да пабудовы першай паловы XII ст. выдрапана iмя “Олъкъсн” (Аляксей) (мал. ), верагодна, уладальніка амфары. На веданьне жыхарамі гэтага дома граматы паказвае знайдзены там стыль[87]. Літара Н, выдрапаная на абломку другой амфары была напісана няправільна. Палеаграфiчна яна нагадвае форму знака №. У старажытнарускiм напiсаньнi сярэднi нахiльны стрыжань гэтай лiтары цягнуўся ад верхняга канца левага стрыжня да канца правага[88]. У Наваградскiм варыянце стрыжань нанесены ў адваротным накiрунку. Магчыма, што асоба, якая нанесла гэту літару была не асабліва спрактыкаваная.

На адным з наваградскiх праслiцаў з шыферу высячана літара Ж, а на каменным абразку Мiколы, як адзначана вышэй, выразаны словы “Нiколае агиос”. Палеаграфiчна надпiс датуецца XIII ст.[89]

Пры даследваньнi Барысаглебскай царквы Наваградка сабрана даволі многа абломкаў тынкоўкi са сграфiцi. Iх атрыбуцыя належыць Т.У. Раждзественскай[90]. Аўтару ўдалася прачытаць наступныя надпiсы i словы: “Господi помозi рабу своему”; “Господи, помози рабу Макъ(симоу)”; “Господи помози рабу своему Григо(риеви)”; “Господи помози рабу (гр)ъешному”; “Господи оуслы(ши)”; “(Барыс) i Глъ(б)” (мал. ).

Т.У. Раждзественская лiчыць, што палеаграфiчна надпiсы датуюцца канцом XII - першай паловай XIII стст. Толькi надпiс з iмем Максiма сведчыць скарэй аб XIII - пачатку XIV стст. Цікавая выснова аўтара, што дэталёвае вывучэньне наваградскiх надпiсаў паказвае на iх палеаграфічнае падабенства да літараў у кiеўскай Сафii i можна мяркаваць, што аўтары графiцi знаходзілiся ў рэчышчы кiеўскай рукапiснай традыцыi.

Побач з тэкстамi малiтваў на тынкоўцы Барысаглебскага храма ёсьць выявы птушак (мал. ).

Графiцi захавалiся таксама на асобных кавалках тынкоўкi з жылой пабудовы. На адным з iх можна прачытаць літару А. Сярод фрэсак гэтага дому знайдзены кавалкi, на якiх па белым фоне чорнай фарбай нанесены кiрылiчныя лiтары. Сярод вялікіх літар (вышынёй 5 см.) выразна чытаюцца Е, С, аб (мал. ). З пэўнай верагоднасьцю можна вызначыць лiтары К, Л, Ъ. Больш дробныя лiтары — вышынёй да 3 см. прадстаўлены літарай Е. Калi мець на ўвазе, што на сьцяне жылой пабудовы была выява маладога князя Глеба (с. 00), то рэшткi надпiсу былi звязаны з гэтай выявай. Текст надпiсу жылой пабудовы першай паловы XII ст. такім чынам храналагічна ранейшы чым графiцi храма з малiтвенымі словамі, што датаваныя канцом XII - пачаткам XIII стст.

Жыхары Наваградка карысталiся кнiгамi, ад якiх ацалелi толькi металiчныя зашпількi. У той час, як прылады пiсьма — стылi былi знайдзены па большасьці на Малым Замку, амаль усе зашпiлькi ад кнiг належаць да знаходак Замкавай гары. З васьмi зашпілек толькi дзьве — бронзавая i срэбрная — паходзяць з Малага Замка. Астатнія бронзавыя знайдзены на тэрыторыi дзяцiнца. Усе зашпiлькi вышынёй 2-3 см. аднатыпныя, трохпяцельныя (мал.). Падобныя знайдзены ў Бярэсьці, Тураве, Друцку i Ваукавыску. Цікава, што в Ваўкавыску ўсе кнiжныя зашпiлькi (4 экзэмпляры) паходзяць, выключна, з дзяцiнца[91]. Мяркуючы па захаваных старажытнарускiх кнiгах, у нiжнюю пятлю зашпiлькi прасоўвалі раменчык, другi канец якога мацаваўся на адной з дошак пераплету. Сярэдняя пятля надзявалася на цьвічок у верхняй частцы пераплету[92]. З кнiжнасьцю мы звязваем таксама шэсьць бронзавых вырабаў з Замкавай гары, якія маюць форму маленькiх мячэй з дзірачкай на лязе. Даўжыня iх 2-3 см. (мал.). У лiтаратуры яны, часам, разглядаюцца як амулеты[93]. Аднак, знаходкi дэталяў кнiг у Старай Разанi з такiм “мячом” дазваляюць бачыць у iх кнiжныя рэалii. Таксама трактуюцца такiя знаходкi ў Кiеве[94]. Значная колькасьць падобных знаходак зроблена ў Херсанэсе[95].

Хiмiчны аналiз аднаго з “мячоў” паказаў, што ён был зроблены з алавянiстай бронзы, тыповай для кiеўскiх вырабаў. Разам з тым, на адным з вырабаў не было адтуліны, г.зн. апрацоўка яго не была закончана (мал.). Гэта азначае, што, па крайняй меры, падобныя рэчы выраблялi ў Наваградку.

Значная колькасьць кнiжных зашпілек, што знайдзены на Замкавай гары Наваградка дазваляе звярнуцца да гiпотэзы, якую высунуў у свой час Уладзімір Пашута. Аналiзуючы пiсьмовыя звесткі аб княстве Мiндоўга i яго пераемнiках, аўтар мяркаваў, што мог існаваць летапiс, створаны на тэрыторыi Чорнай Русi. Магчыма, ён узнiк у Наваградку, дзе хрысьціўся Войшалк альбо ў адным з праваслаўных манастыроў яго акругi[96]. Мяркаваньне У.Ц. Пашуты было катэгарычна адхілена гiсторыкамi. У святле матэрыялаў, якія паказваюць пісьменнасць гараджан i iснаваньне манастыра, заснаванага Войшалкам, думка У.Ц. Пашуты не прадстаўляецца неверагоднай i, як гiпотэза, мае права на iснаваньне. Тым больш, што з пранiкненьнем пiсьменства i феадальнай раздзеленасьцю ў кожным значным цэнтры ўзнiкае сваё летапiсаньне[97].