Выбрать главу

У другой палове XII ст. шматлікім i разнастайным iнвентаром вылучалiся два дамы. Пабудова 10, якая змянiла дом з фрэскавым роспiсам i пабудова 5 у цэнтры пляцоўкi, якая ўзведзена над заглыбленым домам. У гэтых абодвух дамах побач з апрацоўкай каляровых металаў i срэбра, займалiся гарачай i халоднай апрацоўкай золата[16].

Выснова аўтара гэтай работы аб тым, што ў вакольным горадзе Наваградка XII-XIII стст. магло фарміравацца аб’яднаньне рамеснікаў, аб чым упершыню было сказана ў друку ў пачатку 70-х гадоў[17], застаецца ў сiле. Пры гэтым варта зазначыць, што ў познiм Сярэднявеччы на тэрыторыi Беларусi адзначаны даўнiя традыцыi карпаратыўнага рамяства. Узнiкненьне цэхаў там адзначана задоўга да атрыманьня гарадамi Магдэбургскага права (XVI ст.)[18].

Забудова багатага квартала рэзка скарачаецца з пачатку XIII ст. Аднак i ў гэты час сваiм маёмасным становiшчам вылучаюцца ўладальнікі пабудовы 4, якая пабудавана на месцы загiнуўшай у пажары пабудовы 5[19].

Тэрыторыя Малага Замка, што даследавана археалагiчнымі раскопкамi, дае яркую, але няпоўную карцiну засяленьня вакольнага гораду. Багаты квартал займаў мыс узвышша. Яго гранiцы ўдалася акрэслiць з поўначы, усходу i поўдня. Працягласьць гэтага кварталу на Захад з-за сучаснай забудовы тэрыторыi высвятлiць не ўдалася. У закладзеных шурфах сустракаецца культурны слой старажытнарускага часу, але няясна, ці звязаны ён з дамамi багатага кварталу. Магчыма, што на тэрыторыi вакольнага гораду жылi рамеснiкi тых прафесiй, якія не прадстаўлены ў багатым квартале. Разам з тым, частка рамеснiкаў магла сялiцца за межамi гарадскiх умацаваньняў. У недаўнім мінулым, вулiцы на поўдзень ад Замкавай гары называлiся Кавальскай, Бандарскай, Рымарскай i iнш.

У сувязi з вызначэньнем сацыяльнага аблiчча пасаду-вакольнага гораду старажытнарускага Наваградка, звернемся да высновы Б.А. Цiмошчука аб археалагiчных прыкметах пасадаў гарадоў Старажытнай Русi. Аўтар разглядае iх як самакіруемыя абшчыны, якiя ўзнiклi ля сьцен дзяцiнцаў i заселеныя дробнымi рамеснкамі-вытворцамi[20].

Пакуль няма тлумачэньня прычыны заняпаду жыцьця на тэрыторыi багатага кварталу. Магчыма, што маючы больш слабыя ўмацаваньнi чым дзяцiнец, Малы Замак быў аб’ектам нападу раней таго часу, які зафіксавалі летапiсы. Безперапынная ваенная небяспека магла адбiцца на яго забудове.

Археалагiчныя матэрыялы Наваградка даюць прадстаўленьне аб розных катэгорыях гаражан, але спецыфiкай гэтага гораду з’яўляецца то, што ў ім незвычайна яскрава i шматвобразна адлюстравана жыцьцё гарадскiх вярхоў. Па сутнасьцi, у гэтым заключаецца прычына прадстаўленьня аб нетыповасьцi гэтага гораду. Якія ж былi ўзаемаадносiны абедзьвух груп прывiлiраванага насельнiцтвя дзяцiнца з яго феадалам i адпаведным атачэньнем i багатых залатароў вакольнага гораду? Абодва паселiшчы абкружаны валам. Паміж iмi быў глыбокi роў. Па колькасьцi зброi жыхары дзяцiнца (Замка) i багатага кварталу вакольнага гораду (Малага Замка) не саступалi адны другім. Гэта былi роўныя па сваім маёмасным становішчы насельнiкi сярэдневяковага гораду.

Сумесныя дзеяньні гарадскiх вярхоў можна бачыць у тым, што нiжнi вал, пабудаваны першапачаткова ля падножжа Замкавай гары, пазней быў працягнуты да падножжа Малага Замка i стаў прадстаўляць дадатковае абарончае збудаваньне ўсяго гораду. На дзяцiнцы выкарыстоўвалі ювелірныя вырабы, зробленыя рамеснiкамi вакольнага гораду. Пахаваньне жанчыны на могiлках Малага Замка з бляшкамi, цiснёнымi з матрыц дзяцiнца, значыць альбо тое, што на прывiлiраваных могiлках хавалi знатных насельнiкаў дзяцiнца, альбо распаўсюджаньне падобных упрыгожаньняў сярод гараджанак багатага кварталу. Абедзьве групы сацыяльных вярхоў дзейнічалi сумесна ў сувязях са знешнiм светам: як з iншымi старажытнарускiмi землямi, так i з тэрыторыямi, што знаходзiлiся за межамi Старажытнай Русi.

У летапiсных звестках аб Наваградку неаднаразова ўспамiнаецца тэрмiн “Новгородци”. Сын Данiiла Раман, які валодаў Навоградкам, ідзе на дапамогу бацьку, які змагаецца з яцьвягамi “со всими новгородци”. Князь Мiндоўг, звяртаючыся да Данiiла кажа: “пришлю тобе Романе и Новгородце”. Войшалк “поя з собой новгородце и поиде в Литвоу княжить”[21]. “Новгородци” летапiсу — гэта воiны, княжаская раць. Мяркуючы па знайдзенай зброi, яна магла камплектавацца не толькi з княжаскага атачэньня на дзяцiнцы, але i вельмі добра ўзброеных жыхароў вакольнага гораду.

Палiтычнае значэньне Наваградка ў XIII ст. дапамагаюць зразумець словы летапiсца пад 1253 г., у канцы паведамленьня аб другiм паходзе Данiiла ў Панямоньнi “Наоутрея плениша всю землю Новгородскую”[22]. Тэрмiн “зямля” А.Н. Насонаў атаесамляў з найменьнем “воласьць” i “вобласьць”, і лiчыў, што так называлiся феадальныя паўдзяржавы[23]. “Зямля Наваградская” азначала iснаваньне ў Чорнай Русi княства, цэнтрам якога быў летапiсны Новгородок. Мяркуючы па археалагiчных матэрыялах, гэта княства афармляецца з пачатку XII ст.

Мяжа наваградскага княства выразна прасочваецца толькi на поўначы, у 30 км. ад гораду на Нёмане. Менавіта там Войшалк заснаваў манастыр “на реце на Немне межи Литвою и Новым городком”[24]. Магчыма, што ўсходняя мяжа таксама абазначалася гэтай ракой. Заходнія землi наваградскага княства сутыкалiся з уладаньнямi Слонiма, адлеглага на 80 км. якi, вiдавочна, таксама з’яўляўся княжацкiм цэнтрам. Зусім няяснай застаецца працягласьць наваградскай зямлi на поўдзень.

Наваградскае княства XII-XIII стст., як i горад папярэдняга часу цесна звязана з акругай, менавіта ў гэты час назіраецца актыўнае жыцьцё на селiшчы Гарадзiлаўка (суч. Гардзілоўка - пер.). Узаемаадносiны гораду i мясцовых паселiшчаў вiдаць па мясцовых i прывазных вырабах, якiя траплялi з Наваградка жыхарам акругi, за хлеб i iншыя прадукты сельскай гаспадаркі, што тыя пастаўлялі ў горад.

Наваградак як цэнтр княства вылучаўся сваiмi актыўнымi знешнiмi сувязямi. Рэдкi старажытнарускi горад не меў кантактаў з Кiевам. У Наваградку яны шматгранныя. Кiеўскi iмпарт, што прыбываў з канца X ст., у XII ст. робiцца абiльным i разнастайным. З пашырэньнем хрысьцiянства заўважным патокам прывазных вырабаў становяцца прадметы культу, а ў помнiках пiсьменства засвайваецца кiеўская традыцыя. Праз горад на Дняпры транзiтам прыбываюць дарагiя, нярэдка унiкальныя вiзантыйскiя i блiзкаўсходнія тавары. Археалагiчныя матэрыялы дазваляюць гаварыць аб з’яўленьнi ў Наваградку кiеўскiх i iншых паўднёварускiх рамеснiкаў (залатары, ганчары).

Пабудова Барысаглебскай царквы паказвае на кантакты нашага гораду з Полацкай зямлей. Храм пабудавала грэчаская арцель, якая перад гэтым паставіла царкву ў Вiцебску, удзельнічалі таксама полацкiя будаўнiкi. Наваградак быў звязаны i з iншымi старажытнарускiмi землямi, а таксама з дзяржавамi Цэнтральнай i Заходняй Еўропы. Сваiм абiльным i разнастайным iмпартам Наваградак XII-XIII стст. вылучаецца сярод iншых гарадоў Старажытнай Русi.

Гісторыкi, якія пiсалi аб Чорнай Русi на падставе пiсьмовых крынiц, пры ўсёй абмежаванасьцi, не маглi не вылучыць Наваградак, за якi ў 50-70-я гг. XIII ст. упарта змагаліся князі Валынi i Лiтвы. Толькi ў святле дадзеных археалогii стала вiдавочна, што барацьба вялася за квiтнеючы горад. Летапiсныя звесткi як бы завяршаюць гiсторыю старажытнарускага Наваградка, адноўленага археолагамi.

Гiсторыя старажытнарускага Наваградка, якая заканчваецца да канца XIII ст. не звязана з заваёвамi альбо якiмi знешнiмi падзеямi. Разбурэньне вакольнага гораду, зафiксаванае летапiсцам пад 1247 г., прывяло да загасаньня жыцьця на яго тэрыторыi, што адбывалася ад пачатку XIII ст.

Пасля заваяваньня вакольнага гораду жыцьцё на ім на нейкі час замiрае. Паміж культурным слоем гораду ў перыяд Старажытнай Русi i познесярэдневяковым ляжыць магутная падсыпка пяску. У матэрыялах XIV ст. i пазнейшага часу нiшто не нагадвае аб багатым квартале старажытнарускага гораду.

У канцы XIII ст. заканчваецца старажытнарускi перыяд i ў гiсторыi Замкавай гары, але гiстарычны яе лёс iншы. На навагрудскам дзяцiнцы, што выстаяў перад войскам валынскага князя, а ў далейшым перад Ордэнам, пачынаецца iнтэнсiўнае будаўнiцтва. У XIV ст. на паўночнай частцы Замкавай гары ўзводзiцца з пачатку царква, а потым палац феадала, у якiм адзначаецца спалучэньне старажытнарускiх традыцый з архiтэктурна-будаўнiчымi прыёмамi еўрапейскай готыкi, што ўласьцiва часу фармiраваньня дойлідства Вялiкага Княства Лiтоўскага[25]. У паўднёва-усходняй частцы пляцоўкi былi адкрыты рэшткi двухкамерных печаў, складзеных з брусковай цэглы i каменю. Мяркуючы па фармату цэглы (28-29х13-14, 5х8-9 см.)[26], абедзьве печы сiнхронныя грамадзянскай пабудове.