Выбрать главу

У далейшым, в выніку iнтэнсiўнага будаўнiцтва, тэрыторыя Замкавай гары ператвараецца ў сямiвежавы замак — адзiн з магутных замкаў свайго часу[27].

Сiстэматычныя даследваньні наваградскіх старажытнасьцяў XIV-XVII стст. дапаможа выявiць iх сувязь з культурай летапiснага Новгородка. Гэту сувязь прызнаваў М.К. Любаўскi, калі пiсаў аб Наваградку — стольным горадзе Вялiкага Княства Лiтоўскага. “Самастойнасьць наваградскага намесніка ўзыходзіла да удзельнай эпохі і тлумачыцца тым, што ён быў пераемнікам удзельнага князя”[28].

У томе “Археалогii СССР”, што прысвечаны старажытнарускаму гораду, сярод iншых помнiкаў, пэўнае месца адведзена Наваградку. А.В. Куза, якi зрабіў велізарную працу па сыстэматызацыi паселiшчаў Старажытнай Русi, змяшчае яго ў групу помнiкаў, чыя ўмацаваная тэрыторiя не перавышае 2,5 га. Для часу да XII ст., наш горад аднесены аўтарам да другой групы, якую склалі 32 умацаваныя паселішчы. Для іх, на думку аўтара, цяжка вылучыць вядучы накірунак у гаспадарчай дзейнасьцi, вузкую спецыялiзацыю рамяства, дыферэнцыяцыю жылых пабудоў i інш. З сярэдзiны XII ст. Наваградак у лiку 25 помнiкаў, сярод якiх Плiсненск, Тарапец, Гродна, Ушчыж, Друцк i інш. пераходзіць у першую групу, г.зн. гэтыя помнiкi ператвараюцца ў сапраўдныя гарады, большай часткай у сталiцы удзельных княстваў[29].

Згаджаючыся з А.В. Кузой, які акрэсліў працэсы, што нароўні з iншымi паселішчамi адбывалiся ў Наваградку, трэба ўдакладнiць, што ў нашым горадзе яны закончылiся на паўстагоддзя раней. Археалагiчныя матэрыялы — узвядзеньне вала на Малым Замку, будаўнiцтва вялікiх дамоў са шматлiкай зброяй i прадметамi раскошы, адбудова Барысаглебскай царквы, узнiкненьне хрысьцiянскіх могiлак паблiзу багатай забудовы, фармiраваньне гаспадарчай зоны для знацi дзяцiнца i распаўсюджаньне на ім разнастайнай зброi — з’яўляюцца з пачатку XII стагоддзя. Няма сумневу, што сапраўдным гарадскiм цэнтрам, якому ўласьцiвыя ўсе альбо амаль усе прыкметы вызначаныя А.В. Кузой для гораду, Наваградак робіцца з надыходам XII ст.

Сьціплыя паселiшчы дагарадскога характару канца X i першай паловы XI стст., якiя не мелi абарончых збудаваньняў, дзяцiнец i неўмацаваны пасад другой паловы XI ст., выдатны па сваёй культуры старажытнарускi горад XII-XIII стст. i першакласны замак позняга среднявечча — такія асноўныя этапы гiсторыi i культуры Наваградка. Iстотна, што ўсе змяненьнi ў аблiччы старажытнарускага паселiшча, асаблiва значныя перамены, што адбываліся ў Наваградку з пачатку XII ст., з’явiлiся ў вынiку працэсаў, якiя праходзiлi ў эканомiцы i культуры нашага помнiка, без уплыву заўважных знешнiх падзей, у той час як яго культурная гiсторыя больш позняга часу цесна звязана з Вялiкiм Княствам Лiтоўскiм.

Археалагiчныя доследы выявiлi культуру летапiснага Новгородка як аднаго з гарадскiх цэнтраў Чорнай Русi i гэтым, несумненна, папоўнiлi веданьне ўсёй старажытнарускай культуры. Разам з тым, у матэрыялах Наваградка ёсьць асаблiвасьцi, якiя прымушаюць па новаму ацанiць некаторыя рысы культуры Старажытнай Русi.

У адной са сваiх работ А.В. Куза характэрызаваў культуру малых старажытнарускiх гарадоў. Выкарыстаўшы матэрыялы такiх паселiшчаў XII-XIII стст., што раскапаныя шырокай плошчай, аўтар адзначаў, што iм уласьцiвыя тыя ж “гарадскiя” паказальнiкi, што i стольным гарадам: разнастайная дзейнасьць рамеснiкаў, знаходкi зброi, прывазных вырабаў, наяўнасьць каменных храмаў (сустракаюцца ў 27 малых гарадах), пiсьменнасьцi, маёмаснай дыферэнцыяцыi i iншыя прыкметы культуры, уласьцiвыя вядучым старажытнарускiм гарадам. “Археалагiчныя характарыстыкi разгледжаных паслiшчаў - пiша аўтар - большай часткай паказальнікаў сходныя з характарыстыкамi 10 буйнейшых цэнтраў Русi, адрознiваючыся толькi з боку колькасьці, але не якасьці”[30].

Выснова А.В. Кузы вельмі важная. З яе вынікае, што не існавала старажытнарускай правiнцыйнай культуры. Трэба пры гэтым адзначыць, што колькасныя паказальнiкi, якімi дыспануе археалогiя вельмі ўмоўныя. Як правiла, стольныя гарады раскапаны шмат большай плошчай чым малыя. Пры гэтым, звяртае на сябе ўвагу, як мы адзначылі ў адпаведных главах гэтай працы, колькасьць зброi ў Ваўкавыску, колькасьць прыладаў для пiсьма, знайдзеных у тым самым Ваўкавыску i Яраполчы Залескім. Падобныя прыклады можна павялiчваць. Наваградак, у гэтым плане займае асобнае становiшча. Адзiная для старажытнарускага арэалу канцэнтрацыя заможнага насельнiцтва ў вакольным горадзе, спрыяла таму, што асобныя бакі старажытнарускай культуры праявiлiся ў ім ярчэй чым у шэрагу стольных гарадоў. Багаты квартал з вялiкімi асьцекленымi дамамi (якому няма аналагаў), а таксама размах знешнiх, асаблiва iншаземных сувязей вылучаюць Наваградак сярод астатніх старажытнарускiх гарадоў.

У працэсе вывучэньня сацыяльнай арганiзацыi старажытнарускага рамяства, у лiтаратуры даўно пастаўлена праблема аб магчымасьцi iснаваньня аб’яднаньняў рамеснiкаў у старажытнарускiх гарадах. Яна яшчэ не вырашана, да гэтай праблемы даследчыкi звяртаюцца i, несумненна, яшчэ будуць звяртацца i ў гэтых умовах, квартал залатароў — гаспадароў багатых дамоў вакольнага горада Наваградка з’яўляецца каштоўнай крыніцай.

У выніку Наваградак — гэты малы старажытнарускi горад у XII i XIII стст. па пэўных баках культуры не толькi стаiць у шэрагу буйнейшых гарадскiх цэнтраў, але i мае свае, толькi яму ўласьцiвыя культурныя асаблiвасьцi.

Наваградак у гэтым плане не адзiны. На тэрыторыi Чорнай Русi, у Гродне, таксама малым старажытнарускiм горадзе, верагодна ў 70-я гг. XII ст. узнiкае самастойная архiтэктурная школа, для якой характэрна незвычайная структура плана i своеасаблівая аздоба фасадаў. Акрамя культавых будынкаў, там адкрыты рэшткi грамадзянскiх пабудоў, аздобленых часам багацей, чым падобныя збудаваньні Полацка i Смаленска[31]. Як вядома, усе іншыя старажытнарускiя архiтэктурныя школы ўзнiклi ў стольных гарадах. На думку П.А. Рапапорта, складаньне будаўнiчай арганiзацыi ў Гродне адбывалася шляхам пераходу сюды майстроў з некалькiх старажытнарускiх цэнтраў[32]. Тым не меньш складаньне арыгiнальнай архiтэктурнай школы ў Гродне, на наш погляд, належыць да тае ж з’явы, якая адзначана для старажытнарускага Наваградка. Не выключана, што падобныя асаблiвасьцi будуць выяўлены пры даследваньнi другiх гарадоў i праблема ўкладу малых гарадоў у культуру Старажытнай Русi атрымае новы iмпульс.

Археалагiчныя работы ў Наваградку адкрылi старажытнарускi горад, які больш чым на два з паловай стагоддзя старэйшы, чымсьці першы ўспамiн аб ім у летапiсу. У святле археалогii ўдалася вызначыць этапы яго развiцьця з канца X i да канца XIII стст. i прачытаць асобныя старонкi ў гiсторыi культуры гэтага помнiка. Шмат праблем, якія датычаць культуры летапiснага Наваградка i сфармуляваны ў адпаведных главах нашай работы, чакаюць свайго вырашэньня. Яго змогуць даць далейшыя археалагiчныя работы як на тэрыторыi гораду так i ў “Наваградскай Зямлі”.

Спасылкі:

[1] Гуревич Ф.Д. 1) О формировании городов Черной Руси по данным археологии // СА. 1983. Вып. 3. С. 63-64; 2) Скандинавские знаходки X-XI вв. на тэрыторыи Белоруссии // Скандинавский сборник XXXIII (в печати).

[2] Штыхов Г.В. 1) Древний Полоцк. Минск, 1975. С. 21-33; 2) Города Полоцкай земли. Минск, 1978. С. 42; Алексеев Л.В. Полоцкая земля. С. 151, 173.

[3] Лысенко П.Ф. 1) Города Туровской земли. Минск, 1975. С. 69; 2) Берестье // ТДСД. С. 134.

[4] Алексеев Л.В. Три альбома - каталога по искусству Белоруссии XII-XVIII вв. Рецензия // СА. 1986. Вып. 3. С. 278.

[5] Малевская М.В. Некоторые исторические связи городов Черной Руси в X-XI вв. // ЭБ. С. 37-39.