Выбрать главу

У 1956 г. у Наваградку пачала працаваць археалагiчная экспедыцыя ЛАIА (на той час — Ленiнградскага аддзяленьня Iнстiтута гiсторыi матэрыяльнай культуры). На тэрыторыi Замкавай гары была зачышчана сьцяна ямы, што знаходзiлася на 10 м. на поўдзень ад камянёў фундаменту палаца. Зачыстка выявiла такую ж стратыграфiю, якая была зафiксавана спецыялiстамi з Польшчы. Калi ж на глыбiнi 3 м. паказалiся негарэлыя дошкi, сярод якiх знаходзiлiся керамiка, сякера i iншыя рэалii ХII-ХIII стст., можна было з упэўненасьцю сьцвярджаць, што на Замкавай гары iснавала пасяленьне гэтага часу. Тады ж быў адкрыты культурны слой на ўзвышшы Малы Замак[11]. Вынiкi гэтых раскопак вакладзены ў кнiзе “Старажытны Наваградак”.

У 1959 г. на Замкавай гары, паблiзу Брамнай вежы, быў закладзены раскоп плошчай 24 кв. м. Культурны слой магутнасьцю да 5 м. быў даследваны толькi ў 1962 г. Па меры паглыбленьня раскоп паступова скарачаўся i на ўзроўнi мацерыка работы выконвалi на вельмi абмежаванай плошчы. Тым не менш, на матэрыяле гэтага раскопа падцвердзiлася заключэньне, што зрабiлi пры зачыстцы сьценкi ямы ў 1956 г. Рэшткi будаўнiцтва i знаходкi рэчаў сведчылi на карысьць таго, што тут iснавала пасяленьне старажытнарускага часу[12].

Сiстэматычныя раскопкi на Замкавай гары пачалiся ў 1968 г. Раскоп плошчай 320 кв. м. быў закладзены ў 20 м. на захад ад Шчытоўкi. Паўднёва-Заходнюю частку раскопа займалi руiны познесярэдневяковых манументальных помнiкаў, у тым лiку царквы. Гэта вымусiла прырэзаць да раскопу яшчэ 104 кв. м., у вынiку чаго ён шчыльна прыдвiнуўся да валу i яго каменнай сьцяны.

Даследваньнi гэтага паўночнага раскопу працягвалася да 1973 г. Падчас работ прыходзiлася прыразаць асобныя кавалкi. У вынiку, там была раскапана тэрыторыя плошчай 1250 кв. м., з якiх 850 кв. м. займалi рэшткi архiтэктурных збудаваньняў познесярэдневяковага гораду[13].

У 1974 г. у паўднёвай частцы пляцоўкi, у 20 м. на ўсход ад раскопаў 1959 i 1962 гг. быў заложаны раскоп плошчай 140 кв. м., даследваньне якога закончылася ў 1977 г. Культурны слой старажытнарускага часу там быў разбураны позняй забудовай. Яго iснаваньне падцвярджалася знаходкамi масавай керамiкi, абломкамi амфар, фрагментамi шкляных бранзалетаў i iншымi характэрнымi рэчамi[14].

Пасля значнага перапынку, работа Наваградскай экспедыцыi аднавiлася ў 1983 г. сумесна з Аддзелам археалогii Iнстытута гiсторыi АН БССР, пры ўдзеле беларускага археолага Л.Г. Панiчавай. Побач з раскопамi 1974 i 1977 гг. быў закладзены раскоп плошчай 100 кв. м. Старажытнарускi слой гэтага раскопу даследваўся пад кiраўнiцтвам аўтара у 1984-1985 гг.[15]

Акрамя нашых работ, на тэрыторыi Замкавай гары Наваградка працавалi i iншыя даследчыкi-археолагi; яны вывучалi абарончыя збудаваньнi i помнiкi манументальнага дойлiдства. У 1959 г. П.А. Рапапорт прарэзаў вал у паўночнай частцы пляцоўкi,[16] а ў 1969-1970 гг. М.А. Ткачоў даследаваў абарончыя збудаваньнi, iстотна дапоўнiўшы назiраньнi польскiх архiтэктараў[17]. У пачатку 70-х гадоў са складу Наваградскай экспедыцыi вылучыўся архiтэктурны атрад пад кiраўнiцтвам М.У. Малеўскай. Гэты атрад раскапаў рэшткi царквы ХIV ст. i храма ХVII ст. Надзвычай цiкавыя рэшткi грамадзянскай пабудовы другой паловы ХIV ст. — адзiнае для гэтага часу манументальнае жыльлё феадала на тэрыторыi Беларусi[18].

На тэрыторыi Наваградка даследваньнi праводзiлiся таксама на ўзвышшы, што прыляжыць да Малага Замка з паўднёвага захаду. Тут у 1961, 1962 i 1965 гг. М.К. Каргер адкрыў i раскапаў рэшткi старажытнарускага храма, якiя знаходiлiся пад царквой Барiса i Глеба, пабудаванай у ХVI ст.[19]

За гады, пакуль праводзiлася даследваньне Наваградка, выяўлялiся i раскапвалiся археалагiчныя помнiкi паблiзу гораду[20]. Вялiкая праца па вывучэньню курганаў Наваградскай акругi зроблена К.В. Паўлавай. З 1963 па 1972 гг. пад яе кiраўнiцтвам раскапаны 75 курганоў у магiльнiках каля вёсак Гардзiлоўка, Сялец, Мольнiчы, Суляцiчы i Батароўка[21].

У вынiку археалагiчных работ на тэрыторыi Наваградка была даследвана плошча больш за 3000 кв. м. Сабраная пры гэтам калекцыя налiчвае больш за 23500 нумароў керамiкi i каля 11000 нумароў iндывiдуальных знаходак. Акрамя таго мы маем звесткi аб старажытнарускiм храме i 105 пахаваньнях на хрысьцiянскiх могiлках, размешчаных на тэрыторыi Малага Замка, а для ваколiц гораду — матэрыяламi шэрагу паселiшчаў i каля 100 курганаў[22].

Вынiкi археалагiчнага вывучэньня Наваградка, у святле якіх па новаму ўспрымаюцца нешматлiкiя пiсьмовыя крынiцы аб гэтым горадзе, дазваляюць ставiць праблемы паходжаньня гiсторыi гэтага помнiка з канца Х да канца ХIII стст.[23] Матэрыялы Наваградка ва ўсiх выпадках, калi гэта магчыма, мы параўноўваем з дадзенымi iншых заходнерускiх гарадоў. Гэта спрыяе акрэсленьню таго месца, якое займаў Наваградак сярод iншых гарадоў Заходняй Русi.

Напiсаньню работы аб Наваградку спрыяла праца многiх даследчыкаў. У кнiзе аб пасадзе-вакольным горадзе ўспамянуты археолагi, якiя кiравалi раскопамi на Малым Замку. Пры даследваньнi Замкавай гары такімi былi: М.У. Малеўская, I.Д. Зiльмановiч, К.В. Паўлава, Т.С. Панамарова, К.Т. Кавальская, Л.Г. Панiчава i М.В. Нiкалаеў. Наша праца пачалася i здзейснілася ў аддзеле славяна-фiнскай археалогii (раней — група славяна-рускай археалогii ЛАIА). Напрацягу трох дзесяцiгоддзяў аўтар карыстаўся нязменнай сяброўскай падтрымкай сваiх калег па аддзелу. Сваю працу аўтар з удзячнасьцю прысвячае ўсiм, хто дапамагаў яе здзяйсненьню.

Спасылкі:

[1] Гуревич Ф.Д. Древний Новогрудок (Посад-Окольный город). Л., 1981. (далей: ДН. Спіс скарачэнняў глядзі ў канцы кнігі.)

[2] ДН. С. 4-5.

[3] ИАО. 1859. Т 1. с. 307-308; Тышкевич К. О курганах в Литве и Западной Руси. Вильно, 1865. С.61.

[4] Авериус Н.П. Заметка о раскопках в минской губернии // Труды Виленского отделения Предварительного комитета по устройству IХ АС. -Вильно. - 1893. - С. 42-43; Цыбишев М.А. Раскопка в конце 1892 г. некоторых курганов близ г. Новогрудка Минской губернии // Каталог предметов, доставленных на археологическую выставку пры IХ АЗ в Вильно в 1893 г. - Вильно. - 1893. - С.73-76.

[5] Поболь Л.Д. Древности Белоруссии в музеях Польши. Минск, 1979. С.126, 131, 132.

[6] Źmіgrodzkі J. Nowogródek і okolіce. Nowogródek, 1931. S. 24; Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХІІІ-ХVІІІ ст. Мінск, 1978. С. 52.

[7] Źmіgrodzkі J. Op. Cіt. S. 24.

[8] ИАК. 1914. Вып.56. C. 95.(Прибавления)

[9] Źmіgrodzkі J. Op. Cіt. S. 24.

[10] Gurtler R. Roboty konserwatorske na Górze Zamkowej w Nowogródku (sprawozdanіe ogolne). Ochrona zabytków sztukі, 1930-1931, S. 181-188.

[11] Гуревич Ф.Д. К истории древнего Новогрудка. Smіatowіt. Warszawa, 1962, ХХІV, C. 558-559,564.

[12] Зильманович И.Д. Раскопки детинца в Новогрудке в 1962 г. //КСИА. - 1965. - Вып. 104. - С. 93-98.

[13] Гуревич Ф.Д. Некоторые результаты археологического исследования детинца древнего Новогрудка // КСИА.-1974.-Вып. 139. C. 94: мал. 32.

[14] Гуревич Ф.Д., Ковальская К.Т., Николаев Н.В., Пономарева Т.С. Новогрудская экспедиция // АО 1974 года. - 1975. - C. 384-385; Гуревич Ф.Д., Николаев Н.В., Паничева. Новогрудская экспедиция // АО 1977 года. - 1978. - C. 411-412.

[15] Паничева Л.Г. Раскопки в Новогрудке // АО 1983 года. - 1985. - C. 402; Гуревич Ф.Д. Работы в Новогрудке // АО 1984 года. - 1986. - C. 340; Гуревич Ф.Д. Новогрудская экспедиция // АО 1985 года. - 1987. - C. 447.

[16] Рапапорт П.А. Военное зодчество западнорусских земель Х-ХІV вв. // МИА. - 1967. - Вып. 147. - C. 122.

[17] Ткачев М.А. Исследования памятников военного зодчества Белоруссии // АО 1969 года. - 1970. - C. 312; Ткачев М.А. Исследования памятников оборонного зодчества Белоруссии //АО 1970 года. - 1971. - C. 307-308.

[18] Малевская М.В., Шолохова Е.В. Раскопки культовых сооружений новогрудского детинца // АО 1973 года. - 1974. - C. 376-377; Малевская М.В. Архитектурный комплекс новогрудского детинца ХІІІ-ХІV вв. // ДГС. - C. 122.

[19] Каргер М.К. Раскопки церкви Бориса и Глеба в Новогрудке. // КСИА. - 1977. - Вып. 150. - C. 79-85.