Над дошкамi, прыкрытымi слоем белага пяску, на глыбiнi 330 см. ляжаў насьцiл з негарэлых дошак (яны дасягалi шырыні 25 см.), арыентаваных з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Другi насьцiл займаў плошчу 3х3 м., заходзячы ў сьценку раскопа. На ім ляжалi косьцi жывёлы, а з перакопу трапiў абломак шклянога бранзалета.
Трэцi насьцiл ад другога адзяляў тонкi слой пяску. Ляжаў ён на глыбiнi 306-325 см. Арыенаваны таксама як нiжэйшы, гэты насьцiл складзены з сатлелых дошак дыяметрам 20 см. Частка дошак, рэзка падаючы на ўсход, ляжала перпендыкулярна асноўным дошкам. На гэтым насьцiле знайдзена няшмат касьцей жывёлы i пяць каменных ядраў дыяметрам 25-40 см (мал. ).
Пабудова з бітай цэглы (кв. кв. ЧШ 30-31).
На глыбiнi 150-260 см. адкрыта пабудова прамавугольнай формы, плошчай 4,80х1,80 м., да якой прымыкаў выступ таксама прамавугольнай формы, плошчай 1,80х).8 м. Матэрыялам для пабудовы былі бітая (крышаная) цэгла, вапнавы раствор, дробныя камяні i пясок (мал.). Пры разрэзе высветлiлася, што яна складалася з двух слаёў — нiжняга таўшчынёй 30 см., перакрытага светлым гумусам таўшчынёй 50 см. i верхняга таўшчынёй 20 см. Такiм чынам вышыня пабудовы складала 1 м. Абломкi цэглы ў ёй мелi шырыню 15 см., таўшчыню 8 см.
Пры разборцы пабудовы знайдзена керамiка — абломкi гаршкоў са скошаным манжэтападобным венчыкам i кароткай шыйкай. Знайдзена донца пасудзіны з ружовай глiны, з сярэдзіны пакрытай бароздкамi, абломкi палiвных пасудзiн, жалезнае кальцо, пласцінкi i абломкi бронзы i абломкi пацiнаванага шкла.
Яма (кв. кв. ЮШ 26).
У паўночную сьцяну раскопа iшла яма, вырытая ў мацярыку, глыбiня якой 3 м. Сьценкi яе вертыкальныя, але па меры наблiжэньня да дна рабiлiся ступенчатымi. У запаўненьнi ямы, асаблiва ў прыдонным слоі, знайдзена шмат абломкаў дрэва i шчапы. Сустракаецца шмат касьцей жывёлы. Другiх знаходак амаль не было.
Манеты.
У культурным слоі Замкавай гары знайдзены наступныя манеты: срэбная залатаардынская (1355 г.), вызначэньне А.А. Быкава, i больш познiя Аляксандра Ягелона (1492-1506), двайны дынарый, дзьве манеты Жыгімонта Аўгуста (1562 i 1570 гг.), шылiнг Густава Адольфа II Вазы (1621 г.), тры солiды Яна Казiмiра (60-е гг. XVII ст.) i бронзавая манета 1708 г. (вызначэньне В.М. Поцiна).
Аб датаваньні культурнага слою Замкавай гары.
Наiбольш раньнiя астаткi будаўнiцтва i археалагiчныя матэрыялы адкрыты ў раскопах 1 i 2. Яны знаходiлiся на невялікiх участках, перакрытых першапачатковым валам. Будаўнiчыя астаткi невыразныя. Што датычыць керамiкi, то набор глiнянага посуду на 1 i 2 раскопах некалькі адрознiваецца адзiн ад другога. У той час калі ў раскопе 1 керамiка прадстаўлена гаршкамi I-III i V тыпаў, на ўчастку раскопа 2 сустракаюцца гаршкi толькi I i II тыпаў. Аднак, гэтыя абставіны не перашкаджаюць таму, каб лiчыць абодва ўчастка, што ляжаць пад валам сiнхроннымi i бачыць у iх рэшткi пачатковага засяленьня Замкавай гары. Падобная карцiна назіралася на Малым Замку, калі ў адных комплексах, прыналежных да аднаго будаўнiчага перыяду сустракаецца керамiка I-V тыпаў, а в другiх толькi I i II тыпаў.[6] Дадзены будаўнiчы перыяд датуецца першай паловай XI ст.[7] Гэтым же часам трэба датаваць разгледжаныя ўчасткi Замкавай гары.
Сярод рэчавых знаходак першапачатковага паселiшча быў жалезны наканечнiк утульчатай стралы — буйнейшая знаходка сярод стрэлаў гэтага тыпу ў Наваградку (даўжыня 8 см., дыяметр утулкi - 2 см.). Па назiраньню Р.С. Мiнасяна, у наканечнiках гэтага тыпу, якія з’явiлiся ў абласьцях на поўначы ад Прыпяцi i Дзясны ў IX-X стст. (пазней чым на Правабярэжжы i Левабярэжжы Дняпра) адбіваецца паэтапнае засяленьне славянамi Ўсходняй Еўропы.[8] Даце раньняга паселiшча на Замкавай гары не супярэчыць раньняя знаходка жалезнага стрыжня з кручком, якi, як гаварылася ў тэксьце работы, быў распаўсюджаны ў арэале качэўнiкаў у пачатку II тысячагоддзя н.э.
Датаваньне раньняга паселiшча некалькі парушае знаходка жалезнай спражкi з насечкай. Вядомая ёй аналогiя паходзіць з каменнага могiльнiка Падляшша XII ст.[9] Застаецца мяркаваць, што падобныя вырабы сталi вырабляць у больш раньні час.
Як неаднаразова зазначалася, раньняе паселiшча на Замкавай гары было неўмацаваным i магло ў такім выглядзе iснаваць некалькі дзесяцiгоддзяў, а потым было ўмацавана валам. У засыпу вала раскопа 2 знаходак не было, а ў раскопе 1 пры разборцы астаткаў вала знайдзена керамiка ў выглядзе гаршкоў тых жа тыпаў, якiя характэрныя для раньняга паселiшча. Там жа знайдзены ўтульчаты наканечнiк двушыпнай стралы, нож i iншыя знаходкi, якiя таксама адначасовыя археалагiчным матэрыялам першапачатковага паселiшча. Такiм чынам, вал, які ўзведзены над неўмацаваным паселiшчам, быў насыпаны не пазней сярэдзiны XI ст.
З пабудовай вала, пляцоўка Замкавай гары інтэнсіўна забудоўваецца. Да комплексаў другой паловы XI ст. можна аднесьцi толькi агнішча i вялікую яму ў раскопе 1, дзе сярод керамiкi гаршкi V тыпу прадстаўлены паловай глiнянага посуду, а сярод знаходак сустракаюцца шыфернае праслiца i срэбны бранзалет. Форма апошняга адпавядае бранзалетам, якія з’явiлiся ў Ноўгарадзе ў XI-XII ст.[10]
Наступны этап у забудове Замкавай гары звязаны з сатлеўшымi пабудовамi раскопа 1, пастаўленымi пры вале пабудовамi 18, 19, 24, пабудовай 25, якая ўваходзiла ў другi шэраг гаспадарчых пабудоў, пабудовай 26, якая зроблена трошку пазней i насьцiлам V, што ляжаў на мацярыку, на раней незабудаванай частцы пляцоўкi. У раскопе 2 гэта была пабудова з плеценым плотам, пастаўленая на засыпе валу.
Масавая керамiка гэтага часу — гаршкi III-VI тыпаў. Сярод знаходак з’яўляюцца абломкi амфар i шкляных бранзалетаў, а ў пабудове з плеценым плотам быў знайдзены асколак вiзантыйскай шкляной пасудзіны з залатым роспiсам.
Мяркуючы па комплексах Малага Замка амфары ў Наваградку з’явiлiся некалькі раней чым шкляныя бранзалеты i вiзантыйскi шкляны посуд. Так у багатай пабудове 6 знайдзены фрагменты трох амфар, але не было нiводнага асколку шклянога бранзалета цi iмпартнага посуду, у той час як пабудаваныя крыху пазней жылiшчы мелi ў сваім iнвентары i тыя i другiя знаходкi. На гэтай падставе пабудова 6 была аднесена да самага пачатку XII ст., а жыльлё ў гэты ж будаўнiчы перыяд, але са знаходкамi шкляных бранзалетаў i вiзантыйскiх пасудзiн, да другой чвэрцi гэтага стагоддзя[11]. Пабудовы Замкавай гары, аб якiх iдзе размова, могуць быць таксама датаваны другой чвэрцю XII ст.
Над сатлелымi пабудовамi раскопа 1 захавалiся рэшткi згарэлых пабудоў 20/23, 21, 22, якiя былi пастаўлены яшчэ ў межах старажытнага валу. У раскопе 2 над пабудовай з плятнём ставіцца пабудова 4, аддзеленая ад нiжэйляжачай слоем дрэва i шчапы, а ў раскопе 3 пабудова 27, якая стаяла на слоі шчапы, на мацярыку.
Па стратыграфiчных умовах пабудовы ўсіх трох раскопаў, нiбыта сiнхронныя. Верхняя мяжа iснаваньня пабудоў раскопа 1 вызначаецца пажарам, які знiшчыў драўляныя канструкцыi першапачатковага валу i гаспадарчыя пабудовы, якія стаялi пад яго прыкрыццём. Для раскопа 2, уключыць пабудову 4 у дадзены будаўнiчы перыяд дазваляе тая акалiчнасьць, што яна замяняе пабудову з плеценым плотам, а пабудова 27 далучана на падставе падабенства яе iнвентара са знаходкамi ў пабудове 4.
Знаходак у пабудовах раскопа 1 няшмат i яны не адрознiваюцца ад керамiкi i другiх вырабаў нiжэйляжачых пабудоў. Час iснаваньня згарэлых пабудоў супадае са спыненьнем функцыянаваньня старажытнага валу, і прыходзiцца, мяркуючы па керамiцы (гаршкi V-VI тыпаў, амфары, частка бронзавага энкалпiёна i iншыя знаходкi) на сярэдзiну XII ст.
Сатлелыя пабудовы раскопаў 2 i 3, што ўзнiклi адначасова з вышэйназванымi, маглi фукцыянаваць толькi пазней. Аб гэтым сведчаць знаходкi гаршкоў IX тыпу i фрагменты шкляных пасудзiн блiзкаўсходняга паходжаньня. Такая керамiка i шкляны посуд на тэрыторыi Малага Замка з’яўляюцца ў жылых дамах другой паловы XII ст.[12]
Такiм чынам, разглядаемы будаўнiчы перыяд можна датаваць сярэдзiнай i першым дзесяцiгоддзем другой паловы XII ст.
У той час, калі ў раскопах 2 i 3 працягвалi стаяць пабудовы 4 i 27, у раскопе 1, на тэрыторыi засыпанага вала былi пастаўлены пабудовы 9/14 i 15, якія таксама загiнулі ў пажары. Знаходкi, якiя абiльна былi прадстаўлены ў нiжнiм ярусе пабудовы 9/14 даюць падставу лічыць, што абодва будынка належаць да комплексаў не пазней трэцяй чвэрцi XII ст.