У адным з заходнерускiх летапiсаў ХVI ст. паведамляецца аб мiфiчным князі, якi са сваiм войскам “ ...перешли реку Немон и нашли у четырех милях от реки Немна гору красноую и сподобалася им и вчинили у ней горад и назвали Новгарадок и вчинил себе князь великий у нем столець и назывался князем великим Новгородским”[19].
Прыкладна такімі самымі фразамi апісвае падзеi М. Стрыйкоўскi: “I так пераправiлiся праз Нёман i знайшлi ў чатырох мiлях гору красную i высокую, на якой знаходзiўся першы сталiчны горад рускага княства Наваградак, што разбураны царом Батыям. Там Эрдзiвiл залажыў сваю сталiцу... І без праліцьця крывi (небыло каму абараняць) заняў большую частку рускай зямлi, пачаў называцца Вялiкiм князям Наваградскiм”[20].
З абодвух апiсаньняў вiдавочна, што гутарка iдзе менавіта аб Наваградку, якi ляжыць ў 28 км. ад Нёмана (чатыры мiлi) i размешчаны на высокiх узгорках. Несумненна таксама, што горад па сваім значэньнi вылучаўся сярод iншых гарадоў Панямоньня, што вынікала i са сведчаньняў Галiцка-Валынскага летапiсу.
У Густынскім летапiсе (ХVII ст.), у першай частцы якога маецца шмат запазычаньняў з Iпацеўскага летапiсу пад 1252 г. паведамляецца: “В то же лето великий князь Литовскiй Миндовг коронован бысть на кролевство Литовское в Новогрудку за благословенiем папы Iннокентiя през Генрика бискупа Хелмского, у Прусех кардинала Папежского”[21].
Прадстаўленьнi аб пiсьмовых крынiцах, з якiмi некаторыя вучоныя звязвалi Наваградак былi б не поўныя, калi не ўспомніць IV Ноўгародскі i Сафiйскі летапiсы, у якіх пад 1044 г. гаворыцца: “Ходи Ярослав на Литву, а на весну заложi Новгород и сделал и”[22].
Пiсьмовыя звесткi аб Наваградку выкарыстоўвалi рускiя даследчыкi як у агульных працах па гiсторыi Расii, так i ў спецыяльных работах аб заходнерускiх землях. Гэта быў галоўным чынам выклад летапiсных i iншых дадзеных, радзей аналіз i высновы, што зробленыя на падставе іх вывучэньня.
Ацэньваючы звесткi летапiсаў аб заснаваньнi Яраславам Ноўгараду ў 40-я гг. ХI ст., першы рускi гiсторык В.Н. Тацiшчаў пiша: “Сiе, разумеетца о литовском Новгородке, але паче мнитца о Северском ибо от сего часу о нем упоминаться началось”[23]. У Тацiшчава ёсьць сумнеў адносна расказа Стрыйкоўскага аб тым, што Наваградак быў заснаваны на месцы разбуранага Батыям гораду, i ён пiша: “Батый не токмо в Литве, но и у Смоленска не был”[24].
Асобныя сведчаньні аб Наваградку прыведзены ў капiтальнай працы Н.М. Карамзiна. “Кім быў пабудаваны Наваградак - задает пытаньне аўтар - мы не ведаем. Верагодна Расiянамi”[25].
У 80-90-х гг. мiнулага стагоддзя з’яўляецца шэраг прац, у якiх адлюстравана гiсторыя заходнерускiх земляў. У iх, як правiла, выкарыстоўвалiся крынiцы па гiсторыi Наваградка. Некаторыя з iх ацэньвалiся крытычна. Так Н.П. Барсаў i В.Б. Антановiч не бачылi ў звестках IV ноўгарадскага i Сафiйскага летапiсаў за Ноўгарадам Наваградка[26]. Антановiч знаходзіў у заходнерускiх летапiсах кампiлятарскiя прыёмы, але верыў у праўдзiвасьць сведчаньня Густынскага летапiсу аб вянчаньнi Мiндоўга ў Наваградку ў 1252 г.[27] З гэтым сведчаньнем згодны П.М. Бацюшкаў i П.Д. Бранцаў[28]. Па заключэньню вядомага гiсторыка М.К. Любаўскага, Наваградак становiцца галоўным горадам Чорнай Русi i постаянным месцам перабываньня Мiндоўга[29].
Пытаньне аб тым, дзе знаходзiлася першая сталiца Лiтвы працягвала займаць гiсторыкаў i ў пазнейшы час. У 1910 г., калi У.I. Пiчэта пiсаў, што гэта быў Наваградак,[30] прафесар Пецярбургскага унiверсiтета Э.А. Вольтэр лiчыў, што яе трэба шукаць у карэннай Летуве[31].
Сярод даследваняў савецкiх гiсторыкаў адзначым мяркаваньнi М.Н. Цiхамiрава, якi адносіў узнiкненьне Наваградка да 1212 г. Пад гэтым годам аўтар прыводзiць паведамленьне Iпацеўскага летапiсу, у якiм паведамляецца: “Лесьтка же сжалiся аб срамоте своей i послау к Новоугораду па Мстiслава i рекi “брать мi есi поiдi i сядi у Галiче”.[32] Аднак, падзеi, аб якіх гаворыцца ў летапiсу адбываюцца ў галiцкай зямлi i гутарка, верагодна, iдзе аб якімсьцi іншым Ноўгарадзе.
Сур’ёзны аналiз пiсьмовых крынiц аб Наваградку робiць У.Ц. Пашута, якi разгледзеў iх у сувязi з iншымi сведчаньнямi аб Чорнай Русi i яе гарадах. Аўтар адзначае, што Ноўгарад IV Наўгародскага летапiсу нельга атаесамляць з Наваградкам. Цiкавыя дапушчэньнi гiсторыка аб тым, што звесткi пра Мiндоўга i iншых лiтоўскiх князях маглi знаходзiцца ў асобым летапiсе, якi напiсаны ў адным з праваслаўных монастыроў Панямоньня, магчыма, у тым, якi заснаваў князь Войшалк у Наваградскай зямлi.[33]
У 1972 г. выйшаў у свет артыкул беларускага гiсторыка М.I. Ермаловiча аб гiсторыi раньняга Наваградка, у якiм аўтар адраджае адмоўленае ў лiтаратуры мяркаваньне аб iдэнтычнасьцi “Новгорода” IV Наўгародскага i Сафiйскага летапiсаў i Наваградка. Ермаловiч лiчыць, што Яраслаў Мудры заснаваў там горад для барацьбы з Лiтвой[34].
Каб умацаваць свае погляды аўтар перамяшчае летапiсную Лiтву з той тэрыторыi, якую яна займала ва Ўсходняй частцы Лiтоўскай ССР да непасрэднага суседства з Наваградкам. “Лiтва” рускага летапiсу, як мяркуе Ермаловiч, жыла на тэрыторыi, абмежаванай з усходу на захад Мiнскам i Наваградкам, а з поўначы на поўдзень — Маладзечнам i Ляхавiчамi. Перасяленьне “Лiтвы” не падмацоўваецца нiякiм археалагiчным матэрыялам. Толькi ў адным выпадку, акрэслiваючы гранiцу лiтоўска-рускага памежжа, аўтар адзначае, што лiнiя тапонiмаў супадае з паўднёвай мяжай культуры штрыхаванай керамiкi, г.зн. з мяжай рассяленьня балтаў, да якiх належала i “Лiтва”[35]. Iнакш кажучы, для падзей ХI стагоддзя Ермаловiч карыстаецца дадзенымi, датычнымi да першай паловы 1 тысячагоддзя н.э.
Каб даказаць, што летапiсная “Лiтва” жыла пад Наваградкам, аўтар спрабуе выкарыстоўваць летапiсныя дадзеныя аб паходах на яе[36]. Аднак сведчаньні, на якiя ён спасылаецца, адлюстроўваюць накірункi гэтых паходаў. Тэрыторыя, што занята “Лiтвой” рускага летапiсу знаходзiцца не вельмi далёка ад Наваградка, але не па суседству з iм. Гэта вiдавочна, па словах летапiсца аб Войшалку, якi пад 1263 г., сабраўшы пiнян прыйшоў у Наваградак, “а оттоле, поя з собой новгородце и поиде в Литвоу княжить”[37].
Цяжка пагадзiцца са сьцвярджэньнем Ермаловiча, што тапонiм “Лiтва”, якi сустракаецца ў Верхнiм Панямоньнi, паказвае на пражываньне там усёй народнасьцi[38]. На нашу думку гэта сведчыць аб тым, што асобныя групы балтыйскага насельнiцтва, якiя там жылi, адрознiвалiся ад карэнных жыхароў гэтай зямлi.
Ермаловiч перасялiў “Лiтву” 40-х гадоў ХI ст. на славянскую тэрыторыю. Тут знаходзiўся старажытны Iзяслаўль, аб якiм “Повесть временных лет” успамiнае пад канцом Х ст. Пад горадам знаходiўся вялiкi магiльнiк (344 курганы), пераважна крывiцкi[39]. В.В. Сядоў паказвае, што тэрыторыя, адведзеная Ермаловiчам “Лiтве” — гэта славянская зямля, заселеная дрыгавiчамi, аб чым сведчаць iх паселiшчы i пахавальныя помнiкi[40]. Што датычыць зямляў, сапраўды занятых “Лiтвой”, то яны добра акрэслiваюцца па археалагiчных матэрыялах усходняй часткi Лiтоўскай ССР. Даследчыкi А.З. Таўтавiчус i Р.К. Валкайтэ-Кулiкаўскене паказалi неперарыўнае засяленьне дадзенай тэрыторыi балтыйскiм насельнiцтвам, пачынаючы з першых стагоддзяў н.э. да сярэднявечча i аднароднасьць яго матэрыяльнай культуры з культурай латгалаў, земгалаў i iншых балтыйскiх плямёнаў[41]. Гэта заключэньне добра стасуецца са словамi летапiсу аб плямёнах, што жылi па суседству з Русьсю, сярод якiх былi “Литва, Зимегола, Корсь и Летьгола”.[42]
Наваградак нельга разглядыць як горад, што заснаваны ў 40-я гг. ХI ст. для барацьбы з Лiтвой яшчэ i таму, што ў гэты час, як паказалi археалагiчныя работы, ён складаўся з неўмацаваных паселiшчаў, у якiх амаль не было зброi. У пару сваёй раньняй гiсторыi Наваградак не быў баявой крэпасьцю[43]. Сьцiплыя паселiшчы, якiя яго складалi, не маглi быць вядомыя аўтарам Наўгародскага i Сафiйскага летапiсаў, якiя жылi далёка ад Панямоньня.
Ермаловiч пiша, што Ноўгарад ХI ст., закладзены ў 1044 г. суадносiў з Наваградкам В.М. Тацiшчаў[44]. Як было паказана вышэй, Тацiшчаў схiляўся да думкi, што пад гэтым горадам трэба бачыць Ноўгарад Северскi. Словы Тацiшчава аб падзеях 1119 г. “Глеб Минский князь з полочаны паки начал воевать области Владимировых детей Новгородскую и Смоленскую”[45] беларускi гiсторык трактуе такiм чынам, што пад Наўгародскай зямлёй бачыць зямлю Наваградка[46]. Тая акалiчнасьць, што Наўгародская зямля разглядаецца побач са Смаленскай, сведчыць аб тым, што пад землямi Уладзiмiравых дзяцей мелiся на ўвазе вялiкiя тэрыторыi i, у першую чаргу, уладаньнi Ноўгарада Вялiкага.