Выбрать главу

Па іроніі лёсу, гэтыя пяціпавярхоўкі зьявіліся тут некалі менавіта як прыкмета руху, імклівага і бяздумнага ў сваёй жывёльнай вітальнасьці. Горад вырас амаль што ў біблійных тэмпах. У панядзелак узьніклі катлаваны пад новыя заводы, у аўторак зь зямлі павылазілі жылыя мікрараёны, у сераду – крамы і дамы культуры, а ў суботу міліцыянеры ўжо запхнулі ў кутузку першага мясцовага алкаша, які акрапіў мачой тыльны бок сьвежапафарбаванай дошкі гонару – на яе акурат у нядзелю плянавалі павесіць першыя партрэты перадавікоў.

Але натварыўшы тут справаў, рух вырушыў некуды далей, пакінуўшы за сваёй патыліцай незваротна сапсаваны ім прыродны ляндшафт і пару соцень тысяч ягоных ачумелых насельнікаў, што і пасюль марна сіляцца зразумець, як і навошта яны тут апынуліся.

Марыя тут не нараджалася. Пяць гадоў таму яна выбрала гэты горад наўгад, тыцнуўшы пальцам у тэлефонны даведнік. Бо трэба было кудысьці ехаць і дзесьці жыць.

Горад сустрэў яе абыякава. Была непераканаўчая раньняя вясна, вецер разносіў па прывакзальным пляцы пажухлае лісьце, сьвежую прэсу ды іншае дробнагабарытнае сьмецьце. На адным з шапікаў красаваў надпіс пра распродаж гумовых ботаў. Бэтонны пашчэрблены правадыр з вышыні свайго пастамэнта кпліва назіраў за мітусьнёй гандляроў рызьзём, якія бавілі час у млявых сварках.

Сьвінцовыя аблокі раптам перарэзаў сьлед ад рэактыўнага самалёта, і гэтыя падзеі ў вышніх сфэрах выглядалі на сапраўдны зьдзек з тых, хто апынуўся пад непераадольнай уладай зямнога прыцягненьня.

Асфальт пакрыты тонкай сеткай капіляраў. Дзяўчына фарбуе вусны, углядаючыся ў свой адбітак на пыльным футарале зь “переходящим знаменем”. Дошка гонару зь белымі прагаламі замест партрэтаў. На паржаўленай будцы аўтобуснага прыпынку красуе распалавінены рэклямны сьлёган “І ўсё”.

Кожная з дэталяў існавала нібы аўтаномна, нібы вылучаная з агульнага пляну сьветабудовы. Рухалася ў нейкім сваім адасобленым рытме, хіба чыста мэханічна сынхранізуючыся з усім астатнім – альбо гэтаксама адасоблена захоўвала гордую непарушнасьць.

Марыя адразу адчула сябе адной з такіх дэталяў, і гэта было акурат тое, чаго яна хацела.

З таго часу тут мала што зьмянілася. Адное, кожная дэталь дарэшты страціла для яе вастрыню ўспрыняцьця, пакрылася наростам успамінаў – як аскепкі шкла, што ладны час праляжалі ў рацэ, – а затым і наогул перастала быць заўважнай і хоць неяк адзначацца вокам. Абыходзячы запоўненую вадой выбоіну ў асфальце на шляху да яе пад’езду, Марыя нават не глядзела ў той бок, беспахібна абіраючы на аўтапілёце правільную траекторыю руху.

Болей за тое, гэткую самую рэакцыю пачалі выклікаць у яе і новыя, пакуль незнаёмыя дэталі. Напрыклад, купкі нехайна апранутых людзей, якія ледзь не штодня зьбіраліся на заўсёды пустэльнай раней цэнтральнай плошчы горада, крычалі нейкія лёзунгі, палілі вогнішчы, доўга і нэрвова сьпявалі забытыя Марыяй яшчэ ў дзяцінстве песьні.

Нягледзячы на свой тлумны выгляд, яны выдатна ўпісаліся ва ўжо існы ляндшафт. Як быццам масоўка з бутафорскімі шаблямі і на драўляных канях, што даўно чакала выхаду на сцэну за кулісамі камэрнай побытавай драмы.

...Між тым, у алюмініевым рондалі нарэшце зьявіліся бурбалкі. Хоць нейкая падзея! Марыя засыпае туды соль і макарону, зьмяншае агонь, доўга памешвае пашчэрбленай драўлянай лыжкай, апускае накрыўку і вяртаецца на сваё месца каля вакна. Цяпер трэба зноў чакаць.

Яна так і не змагла прызвычаіцца да чаканьня.

Паверхам вышэй, у такой самай аднапакаёўцы, Толік разгладжвае пальцамі зморшчыны на сваім твары. Сёньня ўвечары ён чамусьці наўзьдзіў задуменны – тормаз, як сказаў бы ягоны малодшы сын. Ды і праца нешта ня спорыцца.

Пакрыты газэтамі стол асьветлены настольнай лямпай. На ім – паяльнік, кавалкі дроту рознай даўжыні, пласкагубцы, малаток, піўныя коркі.

На сьцяне насупраць – рэпрадукцыя акварэлі, дзе выяўленыя птушкі розных відаў, колераў і памераў. Там сьнегіры, сініцы, глушэц, кнігаўка і разам зь імі чамусьці канарэйка. Жанравы характар сцэнкі, у якой яны ўсе ўдзельнічаюць, можа вызначыць хіба спрактыкаваны арнітоляг.

Толік упэўнены, што аўтарам твору зьяўляецца Шышкін, хаця і ня мае дакумэнтальных таму пацьвярджэньняў.

Ягоны сябра Паша Штыр кажа: дурань ты, Шышкін маляваў толькі мішак. А гэта Васьняцоў. Аднойчы яны ледзь не пабіліся.

Задача Толіка – перавесьці плоскасную выяву ў аб’ём, выкарыстоўваючы ў якасьці матэрыялу для сваёй скульптуры выключна бляшаныя коркі ад піўных пляшак. Над гэтай кампазыцыяй ён працуе ўжо шосты год, і яна дасюль яшчэ далёкая да завяршэньня.