Выбрать главу

Ён просіць коркі ў калег, зь якімі п’е піва ў сквэры ля прахадной, і вельмі крыўдуе, калі нехта забываецца ды выкідае кругляшы ў сьметніцу. Пасьля працы заходзіць у танныя піўнухі, дзе піва прадаюць у пляшках. Часам нават падымае коркі з асфальту ды ўпотайкі кладзе ў кішэню.

Потым трэба сагнуць кожны зь іх пласкагубцамі, а затым пафарбаваць у чорны колер.

Чамусьці Толік вырашыў, што ягоны твор будзе мець толькі адзін колер – чорны. Хаця на акварэлі птушкі блакітнаватыя, белыя, памаранчавыя, сьветла-ліловыя, жоўта-брунатныя...

Два сьнегіры, канарэйка і сініца ў яго ўжо гатовыя – яны разьмясьціліся на сваіх галінках, зробленых з дроту. Другая сініца – якая, паводле сюжэта, відавочна, мае пэўныя непаразуменьні зь першай, – адразу не атрымалася, і давялося яе перарабляць.

Толік бярэ корак пласкагубцамі, згінае яго роўна напалам, акунае ў міску з чорнай фарбай і, калі ён высыхае, ахайна прыладжвае да галавы сініцы. Гэта будзе аснова яе дзюбы. Трэба ўпаяць яшчэ пару коркаў упоперак, каб яна стала дастаткова трывалай.

Рукі трохі дрыжаць, але стараннасьць прыносіць свой плён.

Новая тэхніка была засвоеная ім самастойна. На зоне адзін з сукамернікаў падахвоціў яго да творчасьці, і скульптуркі з хлебнай мякіны ў Толіка атрымліваліся лепей, чым у каго яшчэ. Але такі падатлівы матэрыял хутка яму надакучыў, і аднойчы ён выкарыстаў усю калекцыю сваіх твораў у якасьці закусі.

Толік прымружвае вочы і прыдзірліва ацэньвае той прагал, што месцамі ўтварыўся паміж двума коркамі. Затым бярэ лупу, уважліва ўглядаецца. Павагаўшыся, усё ж, вырашае не перарабляць.

У дзірцы паміж зубамі захраснуў нейкі кавалак вячэры. Толік бярэ запалку, адкусвае кончык, калупаецца ў роце. Рука праходзіцца па шурпатай даўно няголенай шчацэ.

Толік сам разумее, што ён дрэнна пахне. Але нічога не застаецца, як з гэтым зьмірыцца.

Потым згінае пласкагубцамі яшчэ адзін корак, аднак прыкладзеная ім сіла аказваецца празьмернай, і бляха трушчыцца.

Цішыня, што даўно панавала ў кватэры, раптам парушаецца голасам Толіка. Ён ня любіць музыкі і ніколі не ўключае радыё. А калі сьвядомасьць патрабуе нейкіх гукаў, пачынае гаварыць сам з сабою.

Зазвычай ён дае парады сваёй жонцы, якая сышла ад яго яшчэ сямнаццаць гадоў таму. Больш-менш спакойна, але даволі грозна тлумачыць ёй прынцыпы добрага гаспадараньня. Кажа пра тое, што абіраць бульбу вялікім нажом – неаканомна. На шалупіньні застаецца шмат карыснага прадукту.

Кожную сваю навуку – якой бы строгай яна ні была – Толік абавязкова завяршае пяшчотным камплімэнтам. Сёньня ён называе жонку “сінявокай сінічкай і балбатлівай...”.

Гаварыць яму раптам надакучвае, ён абрывае камплімэнт на паўслове ды працягвае сваю працу моўчкі. На гадзіньніку яшчэ толькі дзевяць, раней за дванаццаць ён не засьне. Трэба нешта зрабіць з гэтым часам.

Бярэ пласкагубцы і чарговы корак, пачынае яго згінаць. Акунае ў фарбу, чакае, пакуль падсохне, прыладжвае да дзюбы. Вялікія шурпатыя пальцы няўклюдна спраўляюцца з такой далікатнай працай. Корак доўга ня хоча замацоўвацца на адведзеным яму месцы. Некалькі разоў адвальваецца, падае на падлогу. Але ўпартасьць, усё ж, бярэ сваё.

Праз пэўны час Толік чуе на кухні нейкі шум. Як быццам нехта імкнецца пранікнуць туды праз вакно. Альбо грукае ў шыбу, просячы дазволу ўвайсьці.

Толік адрываецца ад працы ды ўслухоўваецца. Сэрца пачынае біцца трохі часьцей у прадчуваньні падзеі. Але, вядома ж, яно ня спраўджваецца: нічога не адбылося. Проста грымнула прыадчыненая фортка.

На кухні неспадзеўкі сьцямнела. Марыя пстрыкае запальнічкай. Полымя на імгненьне асьляпляе яе, угрызаючыся ў сятчатку вока. Потым эфэкт зьнікае. Марыя пстрыкае запальнічкай у другі раз. Цяпер сьветлавы шок ужо не такі моцны – сятчатка пасьпела трохі адаптавацца.

Марыя думае пра Іншага, зьяўленьне якога здатнае зрабіць няважнымі брудны посуд у мыйніцы, парыжэлы лінолеум на кухні і шызае сьвятло, што сочыцца цераз проймы паміж планкамі жалюзі.

Іншы паўстае ў яе ўяўленьні не як канкрэтны вобраз, але як нейкае прадчуваньне, эмацыйная хваля. Як, напрыклад, дом. У Марыі ўжо даўно няма дома, і таму ён таксама зьяўляецца для яе недатыкальнай эмацыйнай хваляй.

Адзінота стала ейным выбарам і адначасова выпрабаваньнем. Але Марыі хочацца выкарыстоўваць яе як інструмэнт – своеасаблівы разец скульптара, здатны надаць эмацыйнай хвалі выразныя абрысы. Спакваля адсякаць лішняе, каб зь бясформенай масы сталі вымалёўвацца ручкі, ножкі, галоўка. Каб урэшце гэтая маса набыла аблічча чалавека – іншага чалавека, які будзе заўсёды побач.