Выбрать главу

Але яна ўжо ведае, што адзінота – гэта дрэнны сродак для пераўтварэньня сусьвету. Такі інструмэнт абсалютна нефункцыянальны.

Марыя ненадоўга замірае, услухоўваючыся ў мернае пагрукваньне накрыўкі рондаля на пліце, што раз-пораз уздрыгвае ад пары.

Адзінота здатная адно зрабіць гэты сьвет яшчэ больш аморфным – нават тыя яго праявы, якія маюць пэўныя абрысы і могуць быць памацаныя рукамі.

Схамянуўшыся, Марыя ўстае, разгублена топчацца на месцы. Затым ідзе ў пакой. Звычайна шлях туды яна пераадольвае за восем крокаў, але гэтым разам атрымалася адзінаццаць.

Па тэлевізары паказваюць канцэрт нейкага гурта. Марыя, як заўсёды, адключыла гук, і таму імпульсіўныя артыстычныя жэсты выглядаюць яшчэ больш сьмешна. Гітарыст рухаецца па сцэне з такім сур’ёзным выглядам, быццам кожны крок набліжае яго да жыцьцёвай мэты. Вакаліст выцягнуў уперад правую руку са скурчанымі пальцамі – нібы тапелец, які ў адчаі кліча на дапамогу.

“Што яны ўсім гэтым хочуць сказаць?” – недаўмявае Марыя.

Зрэшты, такім самым адчуджаным цяпер падаецца ёй усё, што яна здатная бачыць, прымройваць, успамінаць. Прычынна-выніковыя повязі некуды зьніклі, пакінуўшы розныя зьявы нягегла церціся адна аб адну ў бессэнсоўным броўнаўскім руху. Без усялякай надзеі на стыкоўку.

Адзінота ніяк ня здатная аднавіць гэтыя повязі, колькі ні намагайся. Гэта амаль тое самае, што склеіць раструшчаную елачную цацку.

Вобраз Іншага ў яе ўяўленьні чэзьне, расплываецца, зьнікае.

Макарона, тым часам, ужо зварылася. Марыя вяртаецца на кухню, выплёсквае на друшляк клейкае месіва, дадае туды сардэльку і сырок. Ідзе ў пакой. Цяпер атрымалася роўна восем крокаў. Есьць, не адчуваючы смаку.

Раптам бяз дай прычыны ёй становіцца сьмешна. Сардэлька выклікае ў яе непрыстойныя дзіцячыя асацыяцыі, і Марыя тут жа сьпяшаецца апавесьці іх Іншаму, якога хаця б ненадоўга зноў адчувае побач.

Сьмех праходзіць сам сабою, саступаючы месца пустэчы.

Вакаліст заканчвае сьпяваць і застывае ў гераічнай позе. Муха, якая паўзе па тэлевізары, захоплена і палюбоўна абмацвае твар куміра сваімі лапкамі.

Гэтай ноччу Марыя прачынаецца ад пранізьлівага холаду. Сьцюдзёны вецер падступна пранікае праз шчылінкі ў старых аконных рамах, пракрадаецца пад коўдру, пакрывае скуру дробнымі пупырышкамі.

Марыя сьціскаецца ў камячок, сілячыся сагрэцца. Устае, апранае на сябе швэдар і цёплыя калготкі. Кладзецца зноў. Стала значна цяплей.

Нерухома ляжыць, стараючыся ні пра што ня думаць. Услухоўваецца ў буркаценьне ў жываце, адчувае ледзь прыкметны трэмар у мускулах пляча. Ёй прыемна ўсьведамляць сябе выключна як сукупнасьць розных фізыялягічных працэсаў.

Марыі цяпер вельмі хочацца, каб гэты стан працягваўся і каб далейшае яе перабываньне ў гэтым сьвеце было недзе на самым памежжы жывой і нежывой прыроды. Біялягічная рэдукцыя ўяўляецца ёй сапраўдным паратункам. Лішайнікі, імхі, на скрайні выпадак, амёбы...

Але яна ведае, што ўзяць ды пазбыцца чалавечай сутнасьці наўрад ці ўдасца. Хоцькі-няхоцькі, гэтае ярмо давядзецца трываць.

Пашчэрблены месяц абыякава паўзе па халодным фіялетавым небе. Дыханьне Марыі цяжкае і перарывістае. Пакуль пустэча і непарушнасьць, але яна прадчувае: нешта неўзабаве будзе дзеяцца.

Яна ведае, гэта акурат такая ноч, калі мёртвыя ўстаюць са сваіх магілаў. І гэта яе мерцьвякі. Кожны зь іх мае твар. І кожны з гэтых твараў Марыі знаёмы. Пры сустрэчы яна ня здолее проста прайсьці міма, адвёўшы позірк у бок.

Дзевачка-дзевачка, дэманы мінулага знайшлі твой горад...  

Успаміны, як заўсёды, прыходзяць без запрашэньня. Віно мякка дакранаецца да нёба, а пальцы адчуваюць вострыя канты келіха. Вусны зьліваюцца з вуснамі. Па шыферным даху барабаніць дождж – па даху таго дамка зь негабляваных дошак, з ганку якога відаць мора.

Рукі абхопліваюць мускулістае каржакаватае цела, шчокі казыча колкае шчэцьце...

У гэтую пару, апанаваную бессаньню, Марыя можа пераскокваць праз гады і неспадзеўкі апынацца ў іншым месцы, іншым часе і зусім іншых жыцьцёвых варунках. Перажываць іх бы наяве, губляючы арыентацыю, хто яна і дзе.

Успаміны спараджаюць пякотку ў роце. Кожны з тых момантаў, якія ніколі ня вернуцца, упінаецца ў яе цела малюткай іголачкай. Але яна ведае, што боль незваротнага – гэта толькі прэлюдыя.

Дзевачка-дзевачка, дэманы мінулага знайшлі тваю вуліцу...  

Здаецца, праз шчылінкі паміж шыбай і рамай разам зь ветрам пранікае і іх дыханьне. А шоргат дажджу па асфальце прызначаны адно на тое, каб заглушыць і без таго амаль нячутны поступ іхніх ног.