Калі сэт сканчаецца, ён расплюшчвае вочы. Недзе па той бок шыбы чыркаюць галубы і дзеці. Гэта новы дзень і ўжо зусім новыя гукі.
Па сканчэньні малітвы брат Зосіма яшчэ пэўны час пагружаны ва ўнутранае маўчаньне. Сядзіць на сваім ложку і ні пра што ня думае. Навакольны сьвет, поўны вітальнага руху, уваходзіць у яго бы адкрыцьцё – паступова і сам сабою, пранікаючы ў вушы, у сьвядомасьць, у сітавіны скуры.
Сёньня ў яго шмат вольнага часу, на завод ізноў у начную.
Брат Зосіма сядае на старэнькі ровар. Шматпавярхоўкі і гаражы хутка застаюцца ззаду, цяпер навокал – бязлюдны пакручасты ляндшафт, сфармваны, аднак, праз умяшальніцтва чалавека.
Выгіны, траншэі, насыпы парожняй пароды, закінутыя катлаваны будоўляў... Палімпсэст розных уцямных некалі фразаў, крамзаніна паверх напісанага, якая зацярушвае трывіяльны ў свой час зьмест.
Ровар манэўруе сярод усёй гэтай разнастайнасьці, то патанаючы ў складках, то ўскараскваючыся на ўзгоркі. Брат Зосіма адчувае ў пастаянных перападах вышыняў пэўны рытм і на бліжэйшыя паўгадзіны засяроджваецца толькі на ім.
У нейкі момант ён адпускае стырно. Даўгія валасы кудлацяцца, пробліскі сонца раптоўна трапляюць у вочы, на твары вымалёўваецца амаль дзіцячы азарт.
Калі ён даязджае да бліжэйшай вёскі, ветрык даносіць пах гарэлага лісьця. Бабуля, у якой брат Зосіма папрасіў набраць вады, настойліва частуе яблычкам. Упэўнены націск зубоў прымушае сьпелы плод пырснуць сокам. Валасінкі на барадзе зьліпаюцца, і брата Зосіму гэта сьмешыць.
На зваротным шляху ён збочвае да ракі, зножваецца і нейкі час нерухома ляжыць на зямлі, углядаючыся ў расплывістыя абрысы аблокаў.
Па вяртаньні дахаты брат Зосіма пачынае рыхтавацца да вячэрні. Сьвятара ў горадзе даўно ўжо няма, як, зрэшты, і прыхаджанаў, і таму ён будзе выкарыстоўваць скарочаны варыянт.
Апрануўшы падрасьнік і клабук, выходзіць на вуліцу. У дзятвы гэты дзіўны дзядзька выклікае сапраўднае захапленьне, хай часам і жорсткае – вядома ж, па-дзіцячаму.
У царкве, як заўсёды, шматлюдна. Брат Зосіма праціскаецца ў алтарную частку, запальвае сьвечку і раскрывае малітоўнік.
Пульхная кабеціна ў скуранцы вылупіла на яго вочы, запіхваючы ў торбу палку сыравяленай кілбасы.
Пару разоў ахоўнікі здавалі яго ў міліцыю, але потым ім надакучыла. Яны зразумелі, што іх гісторыі ніяк не перасякаюцца зь ягонай.
На словах “Хай малітва мая ўзыйдзе да Цябе, быццам кадзіла” скрозь прабоіну ў вітражы пад самым купалам у царкву ўляцела шэрая галубка.
10.15. Недзе за вакном зь цяжкім уздыхам спыняецца сьмецьцявоз. Ягоны кодаб чапляе галінкі дрэваў у палісадніку ля пад’езда. Марыі падаецца, нібы гэта яе драцяныя валасы шкрабуцца аб гіпсавы чэрап.
Марыя зь цяжкасьцю расплюшчвае вочы. Дзень пачынаецца з прыемнага: яна згадвае, што не праспала працу. На працу ёй сёньня ня трэба – як, зрэшты, і заўтра, і наогул у асягальнай будучыні.
Тэлевізар шыбы дэманструе звычайны краявід, але гэтым разам ён мае нязначныя аптычныя скажэньні. Кроплі, што завісьлі на шкле (напэўна, з самай раніцы быў дождж), дадаюць карцінцы трохі расплывістасьці. Туман пераўтварыў пашарпаны паркан занядбанага хімзаводу ў непрыступныя муры замка Іф.
Марыя павольна апускае ногі з ложка, намацвае тапкі. Здымае прапахлы вадкасьцямі цела халацік. Твар чырвоны і азызлы, у роце затхлы водар гнілой гародніны. Аднак у гэты час няпэўнасьць яе існаваньня яшчэ падаецца ёй шматабяцальнай.
12 градусаў цяпла, але вільготны паўночны вецер. У прынцыпе, вось і ўсе навіны на сёньня.
Адчуваецца пасьлясмак начных сноў – як заўсёды, куды менш цікавых, ніж сны дзённыя.
10.22. Марыя зноў завальваецца на канапу і хвілінаў дзесяць моўчкі глядзіць на шчыліну ў пашчэрбленай пабелцы столі. Услухоўваецца ў гукі, якія даносяцца паверхам вышэй. Неўзабаве ёй падаецца, нібы расколіна пакрысе более. Як быццам нейкая фантастычная пачвара рыхтуе шлях для нападу на яе, маскіруючыся пад электрыка Толю.
Толя зноў вучыць сваю жонку абіраць бульбу. Гэтым разам куды больш раздражнёна.
11.03. Позірк адзін за адным выхоплівае прадметы, што стаяць на палічках кніжнай шафы альбо бязладна раскіданыя па пакоі. Гэта парожні паўлітровы слоік, рэклямная газэтка, пігулкі, скамечаны цыгарэтны пачак, парцалянавая фігурка шахцёра, якая дасталася ў спадчыну ад былога гаспадара кватэры разам са старым сэрвантам... Марыя імкнецца ўбудаваць іх у нейкую схему, знайсьці паміж імі дбайна зашыфраваныя сэнсавыя повязі, як гэта часта здараецца ў дэтэктыўных раманах, але не дае рады.
Марыя выпальвае цыгарэту і адчувае, што далей ня можа знаходзіцца там, дзе цяпер ёсьць. Сьпехам апранаецца і неўзабаве яна ўжо на вуліцы. Павольна ідзе ўздоўж дома, міма паржавелай кваснай бочкі, што знайшла вечны прытулак у яе двары, міма парэшткаў арэляў, міма выбоіны ў асфальце.