Часу ў яе сёньня нязвыкла шмат, гэта выклікае вобраз зь дзяцінства – гара марозіва, настолькі вялікая, што нават палохае.
Марыя даўно прызвычаілася да абмежаваньняў, гэта яе стымулюе.
Насустрач трапляецца дзятва, якая вяртаецца са школы. Яе гарэзьлівы гоман іншым разам мог бы прымусіць Марыю заплакаць, але цяпер яна надзіва спакойная.
11.16. Лапік перад унівэрсамам пусты, як і цэнтральная ў гэтым міікрараёне вуліца. Толькі самотная бабулька прыснула ля кулькоў семак, ды нейкі маладзён покрадкам ціскае сваю сьняжану на лаўцы, з трох бакоў аброслай пажухлым хмызьзём.
Марыя на нейкі час застывае на месцы, каб ацаніць усю карціну ў сукупнасьці. Дзяўчына з пляката новага тарыфу мабільнай сувязі, здаецца, хоча яе ўкусіць. Па вуліцы праязджае амаль пустая маршрутка. На гаўбцы насупраць пагойдваецца вялізная ружовая камбінацыя з рушавымі ўстаўкамі.
Марыя адчувае сябе акторкай, якая недарэчна заблукала сярод дэкарацыяў у глыбіні сцэны. Усе магчымыя сюжэты гэтай пастаноўкі падаюцца ёй настолькі глупымі, што зусім і ня хочацца шукаць пакручасты шлях да сьвятла рампы.
12.01. Наперадзе першы прыкметны аб’ект на яе маршруце – Палац культуры. Размаляваны ад рукі шчыт запрашае на дыскатэку для тых, каму за. Чарговы бэтонны правадыр, разьмешчаны на фоне порціка, указвае сваёй пяцярнёй на шапік з кумачовым надпісам “чабурэкі хотдогі”.
Паабапал яго – бязрукі ўдарнік з надзіва паэтычным выразам твару і пашчэрбленая даярка з расфарбаванымі памадай вуснамі ды схематычна намаляванымі паверх сукенкі цыцкамі.
У папэцканых галубамі вачах статуй адбіваецца ўласьцівы сапраўдным стоікам скепсыс адносна летуценных радасьцяў гэтага хуткаплыннага жыцьця.
– Гісторыя, – кажа Марыя. – Гэта тое, што робіць з намі гісторыя.
Яна ні каліва не сумняецца, што пад крохкім бэтонам статуй – варта трохі болей яго адкалупаць – адшукаюцца сапраўдныя целы іх прататыпаў, застылыя ў вечнай коме. А затым уяўляе калгасьніцу і ўдарніка зусім у іншым агрэгатным стане – калі яны маглі пасьмейвацца, скручваць губы трубачкай альбо сплёўваць праз даўно нячышчаныя зубы.
Урэшце, Марыя прыдумляе і сваю статую – у сьмешнаватай пафаснай паставе, якая ня мае ніякага дачыненьня да роду яе мінулай дзейнасьці. Хай у правай яе руцэ будзе меч, а левая хай трымае вырачаную на сьмерць курыцу.
Ад няма чаго рабіць, Марыя падыходзіць бліжэй. На ганку Палаца нікога. З прыадчыненых дзьвярэй чамусьці пахне пракіслым баршчом. Боршч увогуле вельмі любяць насельнікі горада, гэта яна ўжо заўважыла.
Тынкоўка на клясыцыстычных калёнах ладна аблупілася. Прытуліўшыся да адной зь іх, Марыя ўважліва вывучае няроўныя пісягі, пакінутыя ўсімі дажджамі апошніх дзесяцігодзьдзяў. На падваконьні аднаго з пакояў першага паверха стаіць пакаёвая кветка ў гаршчочку – ці то герань, ці то фікус. Марыя ў іх зусім не разьбіраецца.
12.34 Яна паціскае ўдарніку ацалелую руку, натыркаючыся замест аднаго з пальцаў на шурпатасьць арматуры, нясьпешна праходзіць паўз правадыра, сядае на лавачку ля зарослай пустазельлем клюмбы. Галубы дзяўбуць расколіны ў асфальце, марна сілячыся выкалупаць адтуль хоць якія калёрыі.
Нягледзячы на восеньскую сьвежасьць, яна адчувае задушлівасьць. Сядзіць і ні пра што ня думае.
На прыпынку спыняецца аўтобус, выходзячы зь яго, жанчына трымае за руку дзяўчынку з чырвоным заплечнікам. Яны перасякаюць пляц па дыяганалі (малая раз-пораз падскоквае пры хадзе) і неўзабаве зьнікаюць у прагале між дамоў.
Праз нейкі час міма Марыі праходзіць групка людзей у памаранчавых апранахах і зь мётламі. У ноздры трапляе пах тытуню, у вушы – кавалкі словаў, прамоўленых сіпатымі галасамі.
У пэўны момант яна выразна разумее, што Іншага няма побач. І гэта даволі балюча.
13.05 Калі ў шчылінку між аблокамі раптам прасьлізгвае праменьчык сонца, Марыя ўстае і рушыць уздоўж вуліцы. Аглядае сьціплы дэкор на сталінскіх двухпавярхоўках: віньеткі, зорачкі, каласкі... Такая ўвага да дробных дэталяў яе супакойвае.
Яна ўяўляе сябе навукоўцам, які толькі што натыркнуўся на невядомы раней горад, прыналежны даўно страчанай цывілізацыі.
Неўзабаве Марыя адчувае сябе надзіва лёгка і абыякава ды ня хоча нічога мяняць. Вецер вынаходліва гуляецца з рэклямнай улёткай, прымушаючы яе рухацца па неверагоднай траекторыі. Няцяжка паверыць, што яна жывая – асабліва па кантрасьце з навакольлем.
Раптам Марыя заўважае, што ўжо каторую хвіліну яе трымае за руку каржакаватая бабулька ў выцьвілым чырвоным паліто. Яна няспынна і няўцямна нешта гаворыць, нешта далёкае ад разуменьня Марыі. Розум выхоплівае пераважна службовыя часьціны мовы і асобныя словы кшталту “сказаць” і “расстраляць”, якія наўрад ці праясьняюць сэнс прамоўленага.