Лішні час, кажа Марыя. Гэта лішні час.
– Што-што? – перапытвае бабуля. Марыя не адказвае.
Моўчкі ківае, бярэ ўлётку. Не разьвітваючыся, паволі рушыць далей куды вочы глядзяць. Бабулька ў яе за сьпінай працягвае сваю прамову.
Выходзіць на праспэкт, шырокі, просты і надзіва чысты. Іншых мінакоў амаль няма. За дзесяць хвілін яна сустрэла хіба некалькі чалавек.
У такім выглядзе горад зноў падаецца ёй месцам, падрыхтаваным да нейкай маштабнай дзеі – літаральна наконадні яе пачатку. Пакуль усё прыціхла, нібы перад навальніцай, але зараз прагучыць умоўны сыгнал, і орды ўдзельнікаў, якія даўно ўжо напагатове ў сваіх схованках, сынхронна ўступяць, выконваючы загадзя вывучаныя ролі.
Аднак час ідзе, і сьцішанае чаканьне не выбухае падзеямі.
13.29. На цэнтральнай плошчы, як выявілася, зноў нейкі мітынг. Пахне чамусьці дымам.
Групка людзей знаходзіцца на ладнай адлегласьці, што дазваляе Марыі адчуць сябе староньняй назіральніцай. Побач зь ёю зусім нікога.
Марыя ўглядаецца ў суплёты правадоў па-над плошчай. Чорныя лініі выразна прамалёўваюцца на тле брудна-шэрага неба. Правады скіраваныя ў розныя бакі, і гледзячы зьнізу, падаецца, нібы яны паміж сабою перакрыжоўваюцца. Марыя думае пра тое, што кожны зь іх мае сваё прызначэньне і, без сумневу, кудысьці вядзе. Падобныя трывалыя повязі падаюцца ёй проста неверагоднымі.
Амаль ужо прамінуўшы плошчу, Марыя прыпыняецца, каб паназіраць за тым, як камяні і кавалкі асфальту ляцяць у шыбы мэрыі. Звон бітага шкла перакрываюць лёзунгі, падхопленыя сотнямі галасоў – вісклявых, сіпатых, бадзёрых.
13.44. У якім квартале ад плошчы ўсё, як звычайна, ціха. Марыя падыходзіць да цэнтральнага ўнівэрмага. Бэтонныя скульптуры ўсталяваныя і каля яго, яны выглядаюць значна менш аптымістычна за манэкены ў вітрынах.
Да новага году яшчэ шмат часу, але ў горадзе ўжо пачалі прадаваць елачныя цацкі і румяных дзядоў марозаў. Камусьці вельмі хочацца сьвятаў, а Марыі ад гэтага цяперашні год здаецца яшчэ больш старым. Невымоўна састарэлым.
Марыя ўглядаецца ў шрубы, якімі прыкручаныя завесы дзьвярэй. У другім зьверху плешка вытыркаецца на добры мілімэтар, у трэцім яна пагнутая. Менавіта такія амаль незаўважныя воку дэталі найлепей дапамагаюць ёй усьвядоміць чалавечую прысутнасьць у гэтым сьвеце. Вось тут рука рабочага неспадзеўкі задрыжэла, а вось тут ён ціха і нязлосна вылаяўся, сутыкнуўшыся зь нечаканым супрацівам матэрыялу. Здаецца, нават можна адчуць пах, які сыходзіў у той момант зь яго рота – бо акурат надоечы ён паабедаў шчодра прыпраўленым часныком баршчом.
14.04 Раптоўны павеў ветру зьдзірае з дрэваў апошняе лісцьце. Разам з тым, ён агаляе і даўно прыцярушаныя друзам успаміны. “Вітрику, тихше, вітрику цить” – сьпявае пра сябе Марыя. Нічога не спыняецца. Але яна ўжо гатовая да гэтага прыступу болю. І сапраўды, неўзабаве ён сьціхае.
Марыя ведае прыблізны час новай атакі: недзе пасьля сёмай вечара. Да гэтага часу трэба вярнуцца дахаты, не забыўшыся па дарозе набыць той ці іншы кшталт лекаў.
Але яшчэ засталося пару гадзін. Можна працягнуць шпацыр.
14.17 Марыя спыняецца ля вітрыны і зь лёгкім недаўменьнем глядзіць на паўпразрыстую прывідную фігуру, якая праяўляецца на тле рознакаляровых рондаляў, тазікаў, гантэляў і пральных дошак. Прыходзіць да высновы, што за апошні час яна істотна схуднела. Старыя джынсы цяпер недарэчна вісяць на сьцёгнах. Некалі яе пухнатасьць лічылася адмысловай фішкай: многім падабаліся дзяўчаты “ў целе”.
Апрача яе, у вітрыне таксама адлюстроўваецца дабіты “ікарус”, што спыніўся на сьвятлафоры, парасончыкі піўнухі насупраць, пара геяў, якія дзеляцца паміж сабою пяшчотай, стоячы на прыпынку.
14.29. Марыя нясьпешна падыходзіць да суседняга з унівэрмагам дома. Гэта нейкая ўстанова, выведзеную на шыльдзе назву якой Марыя чытаць заўсёды лянуецца. Прытуляецца сьпінай да калёны ўваходнага порціка. Яна ўжо ня першы раз назірае за тым, што адбываецца ўнутры.
У старых вокнах з прагнілымі рамамі гарыць сьвятло. Мужчына ў строгім касьцюме сядзіць за сталом, утаропіўшыся вачыма ў раскрытую тэчку з паперамі. Часам нешта пазначае асадкай. Дзьверы ў габінэт адчыняюцца.
Другі мужчына ненадоўга адрывае яго ад працы, каб зрабіць заўвагу альбо давесьці да ведама важную інструкцыю. Ён гаворыць узважана і безэмацыйна, робячы акцэнт літаральна на кожным слове.