Той, хто сядзіць за сталом, ледзь прыкметна ківае. Выгляд у абодвух настолькі сур’ёзны, нібы яны знаходзяцца за пультам кіраваньня гэтым сьветам.
Марыя амаль перакананая ў тым, што іх службовы абавязак – пісаць і рэдагаваць чыесьці гісторыі. У тым ліку, і такіх, як яна. Магчыма, гэта менавіта яе прозьвішча выведзена асадкай на тэчцы з буйнымі літарамі “Дело”.
Болей за тое, ня выключана, што чыноўнік хвіліну таму атрымаў указаньні неяк адкарэктаваць сюжэт – альбо, наадварот, адмяніць заплянаваныя ім папраўкі як неадпаведныя тым ці іншым нарматыўным актам.
Марыя разумее, што за матэрыял можа быць назапашаны ў гэтай тэчцы. Без сумневу, там ёсьць усе падрабязнасьці – асабліва тыя, якія яна хацела б цяпер назаўсёды выцерці з памяці.
Вобраз апаганенага храма ўжо каторы раз зьяўляецца ў яе сьвядомасьці.
Пасьля таго, як начальнік пакідае габінэт, мужчына за сталом адрываецца ад папер, дастае з дыплямата слоік з баршчом ды пачынае з апэтытам яго высёрбваць, заядаючы хлебам. Крышынкі трапляюць на літары, якія могуць быць для кагосьці лёсавызначальнымі.
Далонь размашыстым рухам страсае крышынкі на падлогу. А калі на адным з аркушаў праявілася тлустая пляма, мужчына камечыць гэтую паперчыну ды выкідае ў сьметніцу.
Але Марыя ставіцца да гэтага з разуменьнем. Як ні як, у кожнага ж павінны быць свае чалавечыя слабасьці і хібы. Не выключэньне й тыя, хто стварае гісторыю.
14.57 Марыя адыходзіць на сотню мэтраў, затым ізноў спыняецца. Глядзіць угару, затым апускае вочы долу, затым выроўнівае спазор. Нахіляе галаву. Людзі вакол яе рухаюцца па сваіх траекторыях, часта даволі няроўных. Іх маторыка падаецца зусім ненатуральнай: як быццам яна зададзеная звонку нейкім мудрагелістым альгарытмам. Як быццам сваімі рухамі яны павінны нешта камусьці паведамляць.
Зусім побач пралятае хлопец на ровары, ледзь не шаргануўшы па плячы Марыі. І гэта таксама ўяўляецца ёй невыпадковым.
Падобна, сваімі рухамі ўсе яны ствараюць нейкі артыкуляваны сюжэт. Магчыма, гледзячы на ўсё гэта з вышыні птушынага палёту – альбо хаця б зь вежачкі, што вянчае дом на рагу, – абазнаны чалавек здолее лёгка прачытваць зразумелыя і сутнасныя мэсэджы.
Але Марыя ў гэтым тэксьце пачуваецца лішняй літарай. Яна забрыла ў яго выпадкова, ёй трохі няёмка.
На пачатку бульвара гармонік грае “Разьвітаньне славянкі”. Падлеткі, якія на лаве ля крамы абмяркоўваюць сваіх сьняжанаў, праводзяць Марыю абыякавымі поглядамі. Яна ўжо даўно зразумела, што стала анахранізмам і нават трошачкі здолела з гэтым звыкнуцца.
Марыя доўга назірае за тым, як пяцігадовая дзяўчынка есьць бульбу-фры. Малюткія пальчыкі адна за адной вымаюць з папяровага пакунка роўныя лустачкі і нясьпешна падносяць да рота. Кожны рух дакладны, сур’ёзны і трапны. Вусны сталі трохі вільготнымі ад тлушчу.
Сэрца Марыі неспадзеўкі асьвятляе любоў да людзей, але гэта зусім ненадоўга.
15.00 Марыя раптам прыгадвае, што трэба нешта есьці. Яна амаль не адчувае голаду – хутчэй, гэта чыста рацыянальнае разуменьне. Недзе зусім паблізу павінен быць гандлёвы цэнтар “Царская брама”, а ўнутры яго – ятка са смачнымі чабурэкамі.
Неўзабаве яна на месцы. Ля дзьвярэй пашыхтаваліся сумнеўнага віду немаладыя кабеты, на плястмасавых скрынях раскладзеныя шкарпэткі, сала, венікі для лазьні, парасоны... Марыя зь цяжкасьці адбіваецца ад цыганкі, якая прапануе прываражыць ёй масквіча з кватэрай.
Апрача плошчы, гэта ці не адзінае месца ў горадзе, дзе віруе жыцьцё. Гандлёвы цэнтар разьмясьціўся ў былой царкве, пабудаванай у 90-ыя – падчас імклівага ўздыму цікавасьці да рэлігіі, якая неўзабаве гэтак жа імкліва ўпала да нуля.
Вялізны храм у старажытнарускім стылі ня сталі перарабляць у адпаведнасьці з новай функцыяй: яго проста здалі ў арэнду і падзялілі на соты. На фасадзе цяпер красуе з паўсотні шыльдачак: “Абутак”, “Рэчы з Эўропы”, “Аксэсуары для сьняжанаў любых мадэляў, перапрашыўка, рамонт”...
Калі шкляныя дзьверы адчыняюцца-зачыняюцца, пружыны дзіка рыпяць, нібы адпраўляючы ў космас шыфраваныя радыёсыгналы. Мужчына ля ўваходу сплёўвае проста на падлогу, затым адкусвае кавалак хот-дога. Недзе непадалёк мажная кабета сварыцца на прадавачку курыных грудак. Па руцэ Марыі шоргае другая скура чыёйсьці курткі.
Унутры даволі шмат людзей, уключаных у тыя ці іншыя працэсы, але Марыя адразу разумее, што нічога агульнага іх ня лучыць. Асобіны часам аб’ядноўваюцца ў тактычныя саюзы – такія, як, напрыклад, “пакупнік-прадавец” – аднак узьніклыя паміж імі повязі вельмі хутка разрываюцца. Кожны сам па сабе.
Сьцены па-ранейшаму расьпісаныя фрэскамі. Месцамі яны трохі аблупіліся, а некаторыя фрагмэнты спрэс завешаныя таварам і яго рэклямай – асабліва вылучаецца слова “МЯСА”. На клірасе абсталяваны стаматалягічны габінэт.