Выбрать главу

— А ён мяне тумаком, і мякіннай галавою, і чумацкай дурындай.

Мне заставался толькі плячыма паціснуць.

— М-так-к, пагаварылі. Абодва вы фофаны і фалалеі, медныя лбы і петыя дурні, вось што. Як жа вы так уцякаць сабраліся? Пры гэткай моцнай дружбе?

— Цяпер аб уцёках і мовы быць не можа.

— То, можа, і лепей.

I тут Ролік ускочыў. Ноздры ў яго дрыжалі. 3 чароўнай паслядоўнасцю сказаў:

— Ты што? — Схапіў мяне загрудкі і патрос. — Нашто ж тады мы?.. Нашто ж тады мы жылі?! Фрыц гэты хаця страляў, а мы? Што ж мы, горшыя за яго? Там жа ўсё скора кончыцца, нудзяры гэтыя, дарослыя, усе ўчынкі смелыя разбяруць і нам нічога не пакінуць. Ды яшчэ пасля за кожную шыбу, якую мы мячом высадзім, за кожны «кол» папікаць будуць: «мы за вас кроў мяхамі пралівалі, а вы?.. Вы што тады рабілі? Ага, у кубікі, у класы гулялі. Ясна. То вось спачатку пастраляйце з нашае, а тады і атрымлівайце права на „калы“, тады і лезьце са сваім мячом у чужыя шыбы. Др-раць вас трэба». Вось чым яны ў вочы нам тыцкаць будуць. Па пра-аву! Цьху!

Ён на хвіліну змоўкнуў, але потым зноў завёўся. 3 паўабароту.

— А помсціць? Помсціць хто будзе? За сябе яны расплацяцца! А за нас расплаціцца хто? За тваіх братоў? За майго? За соль на ранах? За тое, што Кіеў недаядае і ўвесь унь які? За твае мясціны? За тое, што яны нам лепшыя гады знявечылі, нас знявечылі?!

Ролік цяжка соп. Потым неяк каламутна абвёў вачамі двор, як быццам бачыў праз муры і брандмаўэры мёртвае царства недалёкіх руін:

— Раз ужо так здарылася… Тады давай уцякаць удвух.

— Давай, — сказаў я.

— I каб такога не паўтарылася ніколі — давай клятву адзін аднаму дамо.

Клятву, якую мы далі на знак таго, што ніхто ніколі нас не разлучыць, Раланд, відавочна, прыдумаў сам. Я зараз не памятаю яе слова ў слова, але ў ёй гаварылася аб тым, што нас не развядзе нішто: ні бой, ні турма, ні чума, ні смерць, ні дзяўчаты. А калі нехта з нас забудзе, што мы больш чым браты — той няхай стане вядомы як здраднік аж да таго часу, пакуль людзі ёсць на зямлі.

Смешныя напаўдзіцячыя словы з тых старых, з яцем, кніжак, дзе пад малюнкамі стаяць подпісы, накшталт: «I ён убачыў, што разбойнікі ўвайшлі ў алтар закінутай царквы». Нам, аднак, яны не здаваліся смешнымі. Проста таму, што мы гаварылі іх са шчырай верай.

…Мы ляглі на спіны. Плылі над намі ў сінім сляпучым небе снежныя аблокі, тоўстыя, поўныя, як налітыя малаком. Вось-вось лопнуць. I праз некалькі хвілін нам здалося, што мы плывём недзе пад імі, паміж небам і зямлёй, якраз там, дзе лунаў на нерухомых крылах шуляк.

— Вось мы іх дапаможам узгрэць, аддубасім, каб яны і праўнукам забаранілі, а пасля вернемся. Сумленне ў нас тады ўжо да самага канца будзе спакойнае. I мы гэты спакой страшэнна будзем берагчы. Аніразу ў жыцці не збрэшам.

— I другім не дамо, — сказаў я.

— А ўжэ ж. Несправядлівасці ніводнай не пацерпім. Каб гэта каму было цяжка, каб нехта заплакаў ці, крый божа, з моста галавой кінуўся — гэта ані. Толькі, як мы, па сваёй ахвоце. Друз гэты расцягнем. Гарадоў такіх набудуем — усе дзівіцца будуць.

— I ў кожнага чалавека тысячы кніг.

— Ага. А каб у каго ў жываце бурчала — не. Усе будуць сытыя, добра апранутыя. У кожнага свой пакой, каб іншыя да яго не лезлі, як не захоча. Хочаш — чытай, хочаш — сталярнічай ці караблі выразай. I ніякі задавака, ніякі нудзяр да цябе не палезе з вышыні загадваць: «рабі тое, не рабі гэтага». I на кожным кроку — хочаш — сасіскі з хлебам, хочаш — каўбаса. А мы ідзём і толькі: «Сёння мне гэтага не хочацца, давай лепей вады возьмем, з сіропам, і піражкоў з павідлам». I кіно паўсюль добрае ідзе, цікавае, кепскага проста не робяць, як зараз.

— Ну. I людзі ўсе прыгожыя, моцныя. Бо няма чаго ім баяцца. Ні табе аблаў, ні стрэлаў, ні мін, ні свалоты. Ніводнай сволачы на свеце — гэта ж здорава, Ролік, га?

— Так здорава, што аж не верыцца, — Ролік часам злоўжываў іроніяй, як многія ўкраінцы. — Але ж будзе. Нашто ж тады столькі крывішчы пралілося?.. I як цудоўна мы зажывём! Дзяўчаты якія з намі дружыць будуць!

Схаваў сплеценыя пальцы рук між каленяў.

— Як добра мы будзем жыць! I жыццё будзе якое цудоўнае! Якое жыццё!

IX

3 часу той размовы на даху мы не звярталі ніякай увагі на Нонку. Помсцілі пагардай. Ведаю, што гэта было непрыгожа пасля агульнага абажання, было нават проста жорстка, але што нам заставалася рабіць? Сама вінаватая. Не вадзі людзей за нос.

Затое высунулася на першы план наша «бедная Ліза». Наша ранейшая папялушка. Невялікага расточку — відаць, ад сістэматычнага трохгадовага недаядання, — страшэнна худзенькая. Няма на што глядзець, верабей, дый толькі. Але кожнаму, хто глядзеў на яе мяккія, крыху павольныя рухі, на зусім неўласцівую падлеткам грацыю хады, на залацістыя валасы і глыбокія, дабрэнныя сінія вочы — кожнаму рабілася неяк лягчэй на сэрцы, што вось ёсць жа на свеце гэткія рахманасць і добрасардэчнасць.

Спагадлівая яна была да святасці, наіўная і легкаверная да таго, што не карысталіся гэтым дурні ды сумленныя. I яна нібы зусім не звяртала ўвагі, калі даводзілася кепска ёй, але не магла без глыбокай крыўды, агіды, часам нават гневу глядзець на тое, як мучаць несправядлівасцю ці жорсткасцю іншых. Усё адно, хто б гэты іншы ні быў: чалавек або верабей…

— Падзвіжніца расце, — сказала аднойчы пра яе мая цётка, — на ўсё жыццё выйгрыш для нейкага шчаслівага чалавека. Ды толькі няшчасны лёс у яе будзе. Ужо зараз яго рыхтуе. Вам жа зусім іншыя патрэбны. Каб пасадзіць на прыпечак і ў спіну цалаваць.

Аднойчы мы ўбачылі, як вялікі падлетак трымае на вяровачцы звязанага за заднія лапы крата. Ён нібы «адпускаў» звярка — і той за лічаныя імгненні зарываўся ў зямлю, — а пасля выцягваў яго за вяровачку.

— Куд-ды, эсэсаўская твая морда! Хоць у зямлю зарыйся — і адтуль дастанем.

I зноў адпускаў і выцягваў. I зноў.

Я глянуў на Лізку і ўбачыў, што ў яе гаротна дрыжаць бровы. Дагэтуль я, хаця мне й было брыдка, не збіраўся ўмешвацца. Падумаеш, крот?! Тут людзей колькі пабілі-паразвешвалі. Але ў такія хвіліны нельга было глядзець на малое дзяўчо без пачуцця самага вострага жалю.

— Кінь крата.

— А табе якая сабачая справа? — Хлопец быў вялікі і дужы, але ён нічога не ведаў пра мой вопыт, здабыты ў партызанстве і беспрытульніцтве. — Ты валі адсюль, рыжы, пакуль порткі…

Я быў бялявы з залацінкай, а зусім не рыжы і таму развярнуўся і ўрэзаў яму так, што ён знік, толькі пяты стырчалі з-за бервяна.

Лізка паспела перахапіць шпагат і ўзяла звярка ў руку, пачала вызваляць яму заднія лапкі. А я ж ведаў, як яна панічна баіцца ўсіх цёмных, незразумелых істот: тараканаў, кажаноў, мядзведак, тых жа кратоў.

Яна дрыжала ад агіды і ўсё ж разблытвала:

— Бо ён жа не здолее развязаць і здохне там. Пад зямлёй.

Урэшце, яна пусціла чорны камячок, і той, паляжаўшы хвіліну і, урэшце, паверыўшы, бліскавічна закапаўся ў зямлю.

— Ну што, — сказаў я хлопцу, — досыць ці яшчэ хочаш?

— Кінь яго, — раптам сказала Лізка, — дурань ён проста. Ну вось бачыш, не пусціў ты яго, калі па-чалавечы прасілі, — ну і спаймаў па пысе. Няхораша ты рабіў таму што. Сам як фашыст. Яны ў Палессі ўсю сям’ю маёй цёткі дротам тоўстым прывязалі да прызбы, а хату падпалілі. За партызанаў. А дроту дзесяць метраў. I хата ўсё мацней гарыць… Гэх ты, свіння…

Хлопец нічога не сказаў, нават не варухнуўся, калі мы пайшлі прэч. Глядзеў у зямлю.

…I вось цяпер мы ўсе хадзілі з Лізкай, нібы наперабой выкупляючы нашу ранейшую няўважлівасць. I весялілі яе, і жартавалі, і здатныя былі каму хочаш выбіць за яе зубы. Аб іншых метадах заляцання да дзяўчат мы мелі паняцце самае павярхоўнае.

Я, шчыра кажучы, здзіўляўся, чаму ніхто не закахаецца ў яе. Я асабіста абавязкова закахаўся б, калі б не Нонка.

I малая наша цвіла. Нібы з шэрай кукалкі вылез і пачаў пакрысе распраўляць змятыя яшчэ крылы вясёлкавы матыль. Яна пачала нават смяяцца, неяк яшчэ няўпэўнена, і шчокі яе пры гэтым злёгку ружавелі, і мы ўбачылі, якія ў яе прыгожыя белыя зубкі. Толькі ўсмешка яе, збольшага, усё яшчэ была вінаватая. Ёй было дужа мала трэба. У адказ на такую звычайную штодзённую рэч, як добрыя адносіны, яна плаціла такой сабачай адданасцю ўсім, што нам было няёмка. I асабліва не сыходзіла з яе языка імя Раланда: