Выбрать главу

Мы злезлі з платформы і пачалі перамінацца з нагі на нагу.

— Гм. Чаго вы топчацеся? Чаго? Вы што, мядзведзі ў клетцы? Я ж чалавечай мовай кажу: надыбалі трамвай, то куды везці?

Першы акрыяў Жэнька. Ступіў шаг наперад і гжэчна пакланіўся:

— Прабачце, мілорд. Але не біць жа нам пяты па такім дрэнным бруку? Ну, мы і скарысталіся з гэтай карэты, якая дзяржаўная, а значыць, і наша. Аб чым крык? Калі справа ў аплаце, то атрымаеце па чэку ў банку Ракфелераў. Маім банку.

Важаты літаральна анямеў ад гэткага нахабства.

— Вы… Вы… Акыш!

— Якое, аднак, дзікунства цэй украінскі народ, — сказаў Ролік. — Ач, він навіть нэ знае, що такэ чэк.

Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, але тут з-за брылы скочыла даўганогая запыленая істота, крутнулася пад рукамі важатага, прабегла паўз нас і спынілася на бяспечнай адлегласці.

— Божа, — толькі і сказалі ў адзін голас важаты і Ролік. — Божа!

— Што ж, вы думаеце, я не ведала, як вы дабірацімецеся? — хіхікнула Нонка. — Раз на Дніпро, то іншай дарогі вам няма.

Важаты махнуў рукой. Мы змрочна папляліся да Купецкага саду.

— Слухай, — сказаў Ролік. — Што ты цягаешся за намі? Хто цябе прасіў, зараза? Сумленне ты маеш?

— Маю, — нявінна сказала яна.

— Не, — сказаў Жэнька, — я ўжо ніколі ад яе не адвяжуся. Я пайду ў кіно — яна будзе лупіцца на мяне з экрана. Буду чытаць кнігу — гэта будзе кніга пра яе. Я буду паміраць — яна будзе абціраць мне лоб і чытаць нада мною малітвы. А калі я здохну і буду стаяць перад уваходам у пекла — першая, каго я там убачу — гэта зноў будзе яна. I яна возьме мяне пад руку, каб праскочыць са мною і не адвязацца ўжо ніколі, ніколі.

Мы мінулі кінатэатр «Паўлін» (гэта мы яго так назвалі) з яго вясёлкавай мазаікай і паныла папляліся алеямі. Ролік убачыў, што войска ягонае павесіла нос і мае страшэнную патрэбу ў нечым такім, што ўзбадзёрыла б яго. Віна мы тады не пілі, а нават каб і прыйшла нам у галаву такая фантазія, яна б ніколі не стала рэальнасцю з-за адсутнасці грошай. Патрэбен быў жарт.

Наводдаль сядзеў на лаўцы нейкі афіцэр. Ролік пачухаў патыліцу:

— Вось, што хлопцы. Выпрабуем, якія нервы ў гэтых… дарослых? А то ваяваць мы для іх маленькія, помсціць — маленькія, подзвігі рабіць — маленькія. Вялікія мы толькі, калі двойкі хапаем ці насваволім. Вялікія мы толькі цэглу на суботніках цягаць. То што, зробім?

— Як? — спытаў Багдан.

— А вось так. Як толькі мы падыходзім да лаўкі — вы па майму сігналу строга ў адну секунду выкрыкваеце кожны адно слова. Ты, Багдане, «ачы», ты, Жэнька, «пічы»… Э-э, хлопцы, стоп! Аднаго чалавека не хапае.

— Ды, можа, і без аднаго? — спытаў я.

— Не, брат, эфект не той будзе, — Ролік насуплена ўзважваў нешта і раптам крыкнуў Нонцы. — Гэй, хадзі сюды! Ну, хадзі, каму я кажу? Не бойся, дзерці не будзем. Ну, я табе кажу — не будзем. Слова! — I, нібы просячы прабачэння, ціха сказаў: — Усё адно ж не адвяжацца, чума гэткая. Хай ужо ідзе побач, дідько лысы з ёю.

Нонка падышла.

— То вось. Тады зробім перастаноўку. Ты, Жэнька, кажы «ачы». Я кажу «пічы». Ты, Нонка, «спічкі», ты, Васілько, «яшчыкі». А Багдан як самы басавіты хай крычыць «хр-рашч».

— А што будзе? — спытала Нонка.

— Усё гэта сальецца ў адно. А ў што — самі пабачыце. Мы параўняліся з лаўкай. Ваенны, лейтэнант, сядзеў і чытаў газету.

— Раз. Два. Тры!

I тут здарылася дзіўнае. Як удар перуна, над паловай саду грымнула жудаснае, нібы гэта зрабіў Гарганцюа:

— Апы-чы-і-хр-і-ашч!!!

Смачны чох, ад якога як не разрываюцца барабанныя перапонкі і ў таго, хто чхае, і ў тых, хто побач. Толькі чох пасілены ў тысячу разоў.

Ваенны здрыгануўся, і тады Ролік пакланіўся і высокім урачыстым голасам, з халаднаватай перабольшанай ветлівасцю сказаў:

— Будзьце здаровы.

Мы гатовыя былі задаць лататы, але нечакана для нас ваенны зарагатаў. У яго з вачэй цяклі слёзы, і ён толькі паўтараў:

— Ну, архараўцы, ну, залатая рота, ну, хуліганнё.

Нельга не зарагатаць самім у адказ на такі смех.

…Калі адсмяяліся, Жэнька, насмеліўшыся, сказаў:

— Таварыш лейтэнант, пакажыце наган.

Лейтэнант здалёк паказаў.

— Гэта і не наган зусім, а «вальтэр», — сказаў Раланд. — Няўдача — ты і ёсць няўдача, цюця — ты і ёсць цюця. Лопух.

— Правільна, — сказаў лейтэнант. — «Вальтэр». Трафейны.

Мы паселі вакол яго на траве.

— Слухайце, таварыш лейтэнант, — сказаў Ролік, — вось мы тут спрачаліся, ці патрэбныя на фронце рукі? Якія страляць умеюць?

— Яшчэ як.

— То чаму тады…

— Ясна. Чаму маці-Радзіма грэбуе такімі магутнымі рукамі, як вашы? А таму, што і без вас рук хопіць.

— Я ў партызанах быў у сорак першым, — сказаў я. — Тады, значыць, не хапала, а зараз…

— Тады нявыкрутка была. Проста трапіў ты ў такое становішча. А цяпер нашто ж?

Руіны ляжалі пад намі. Як вока сягае, мёртвы лес руін.

— Мы шмат хто яшчэ памром, — раптам сказаў лейтэнант. — Калі, скажам, і вам аж да нямогі таго самага хочацца — хто ж тады гэтую праказу, лішаі гэтыя з зямлі саскрабе, хто яе прыкрасіць? I потым, вы думаеце, мы іх пад корань звядзём? Будзем старацца, але нешта не дужа верыцца. Так што хто будзе сачыць, каб у гэтага рака метастазаў не было… Дурні вы, дурні. Мы самае важлівае аддаём вам, а ў вас вочы, як у бычкоў крывёю наліліся і…

Ролік махнуў рукой.

— А-а, зноў тая песня. А нам толькі б да іх дарвацца…

— Ну, і чаго ж бы гэта ты так хацеў дарвацца?

— У кожнага з нас тут свае прычыны. У мяне бандыты брата павесілі, але тут… Ну, пра сябе не буду… Унь няхай скажа… ну хаця Васілько.

— У мяне гэтых прычын сотня, — буркнуў я. — Ну, я таксама толькі адну скажу. Братаву маю немцы ў лесе спаймалі з вядром солі. Ясна, куды соль. Лупілі тыдзень. Не спіна, а… А яна ціхая была, стрэлаў баялася, кіно з пацалункамі гэтымі саплівымі любіла. Аж плача, бывала. Але тут ані слова… Цётцы спатканне дазволілі. I даведалася яна, што ніхто іх, вязняў, не лячыў, а братаву лячылі. Спіна — адна рана. I ў ране гэтай чэрві завяліся. То гэтыя «дзеля дэзінфекцыі» ёй спіну соллю пасыпалі, той, што яна ў лес несла… На наступнае спатканне цётка прынесла ёй сарочку, а тыя кажуць: «Сваячкі вашай няма, вывезлі…» Ведаем мы, куды яе вывезлі.

Лейтэнант узяў мяне за падбародак, паглядзеў у вочы.

— Ну вось, хлопец, і адказ. Такія, як ты, страшэнна патрэбныя будуць. Як памяць. Сёй-той можа і забудзе, бо на свае вочы не бачыў. А ты не забудзеш. I ўжо ніколі спакойна не заснеш. Цень гэтага пабачыш — у званы біць пачнеш. Пах адчуеш — не супакоішся, пакуль не торкнеш усіх носам… А ты кажаш.

Устаў.

— Кіньце глупствы. Вам, магчыма, для жыцця больш мужнасці спатрэбіцца, чым нам для смерці.

III

Мы ляжалі на гарачым пяску, і мяне ўсяго калаціла. Не ад холаду, ад страшэннага нервовага напружання, якое я толькі што перажыў. Ногі ледзь не курчыла, жывот сутаргава ўздрыгваў.

Дняпро каціў ля нашых ног свае плыні, а непадалёк узвышаліся з вады каменныя быкі старога ланцуговага моста, знішчанага вайной. I унь з таго быка я толькі што скокнуў.

Мяне аж пацёпвала, калі я ўспамінаў, як я лез, чапляючыся за кожную няроўнасць, за кожную выбоіну ў каменнай кладцы. I як стаяў наверсе, і калені дрыжалі, і я разумеў, што злезці не ўдасца. А пада мною Дняпро імкліва рухаў зялёную, шкляную, цяжкую плынь, і хлопцы ўнізе былі з напарстак… ух ты, божа мой!

I як зразумеў, што яшчэ хвіліна і я ніколі не скочу і не злезу… I скочыў салдацікам, і, праз стагоддзі, увайшоў у ваду, і адразу падкурчыў ногі, і ўсё адно мяне так доўга несла да паверхні і паветра, што я ледзь не захлынуўся, а Дняпро цягнуў мяне за ногі, заносіў убок, кідаў.

Я і скочыў толькі таму, што хлопцы глядзелі. Такое са мною ўжо было. На Урале. Там рака Ірэнь бегла, сціснутая высачэзнымі скаламі, як мурамі, і са скалы на скалу быў перакінуты канатны мост. Я пабіўся аб заклад, што скокну з яго. Дваццаць пяць метраў. I ўзлез. I зразумеў, што не здолею. I збіраўся ўжо злезці. Але тут з абодвух канцоў падышлі да моста дзве нашыя дзяўчачыя брыгады. I з адною была выхавацелька. А мы купаліся, ясна ж, без ніякіх плавак. Я ўявіў сабе, як яны сыдуцца ля мяне, і што з гэтага будзе, і як давядзецца, скурчыўшыся, сядзець на кукішках, а то і проста стаяць, прыкрываючы сорам — і скокнуў, бо ганьба была страшнейшая нават за смерць.