Выбрать главу

Вось так і тут.

— Малайчына, — сказаў Ролік. — Я чатыры разы спускаўся, пакуль не наважыўся.

— А я з другога разу, — выскачыла Нонка.

— Ну, расхвасталася, — сказаў Багдан. — Вечна свае тры грошы.

— Чаму? Яна праўду кажа, — сказаў Ролік.

— Гэта таму, што дзяўчо бязмозглае. Небяспекі яны не разумеюць.

Нонка раптам брыкнула Багдана нагою і, калі ён схапіў яе, пачала малаціць яго кулачкамі па грудзях, па галаве, паўсюль. Багдан апешыў.

— Кінь яе, — сказаў Раланд.

— Ды ўжо… сам кінуў.

— Малайчына ты, — паўтарыў Дзмітрэнка. — I трэба нам — як вы думаеце, казакі-малойцы? — прыняць яго ў наш курынь.

— Прыняць, прыняць.

— А раз так, то можна яму і таямніцу раскрыць. План такі… Спачатку іхнюю штаб-пячору падарваць. Пасля іх, гадаўцаў, раскалашмаціць. А то заганарыліся занадта, адному праз іхнюю зону хаця й не хадзі. Паставіць іх на месца, загартавацца, вопыт прыдбаць, а пасля — ён зрабіў эфектную паўзу — уцякаць на Заходнюю Украіну. Там па лясах яшчэ і паліцэйскія атрады блукаюць, і… Гадоў прыбавім, дый…

— Не возьмуць.

— Самі возьмемся. Свой атрад. Ды ты зразумей. Ну, сорам жа глядзець, ну, гэта ж усё жыццё сябе паважаць не будзеш, калі прыйдзеш на гатовенькае.

— А зброю што, з калена выламім?

— Ёсць зброя. Ведаю дзе. Не даходзячы да Цялічкі, амаль ля Дняпра, яры і слупы пясчанікавыя. Там нямецкія кропкі былі. Абарона. Думалі, відаць, што нашы могуць і там фарсіраваць раку. А пасля давялося ім уцякаць… Я ўжо сёе-тое знайшоў.. Пакуль што мы туды хадзіць не будзем — гэтыя гады з Падвальнай хвастамі за намі ходзяць. А за пару дзён да ўцёкаў пойдзем, возьмем, дагледзім, і хай яны нам тады солі… I гэта яшчэ лепей, што самі, сваім атрадам. Ніякай гэтай дарослай нудоты, натацый, ніякага гэтага дзярма.

Гэта была не проста спакуслівая прапанова. Гэта было паветра, будучыня, спаўненне той мары, якой я жыў тры гады.

— Я з вамі, хлопцы, — сказаў я.

— Дабрача, — сказаў Раланд. — Займелі, значыцца, і беларуса. Я думаю, цяпер трэба і іншых завербаваць, каб, значыцца, інтэрнацыянал.

— У Вялікай Айчыннай вайне дружба народаў сыграла выключную ролю, — паважна сказаў Жэнька.

Як заўсёды, нельга было зразумець, усур’ёз ён гаворыць ці дзяцініцца.

— Прахвесар, — сказаў Ролік. — Ясна, што ўсёй хеўрай каго хочаш біць лягчэй. Дружба народаў, як дзядзька кажа… Рашаючы фактар. Нібыта без ягоных слоў гэта невядома.

— Ён нічога, твой дзядзька, — сказаў Багдан.

— Зануда ён, мой дзядзька. Зануда цара нябеснага. Як пачне — ну, дзячок без царквы: «Маладое пакаленне… Ду-ду-ду, ду-ду-ду». Мне як ён нудзіць пачне, то кожную хвіліну ў нужнік бегчы хочацца… па малой патрэбе.

IV

Мы прабіраліся «ў разведку». Ішлі па дахах, спускаліся пажарнымі лесвіцамі ў вузкія цясніны між глухіх муроў, караскаліся на змарнелыя без сонца каштаны і скакалі з іхніх галін на нейкія дрывотні і пунькі. Краліся вельмі асцярожна, бо гэта ўжо была дзяржава хлопцаў з Падвальнай.

Перад апошняй перабежкай селі крыху адпачыць між кастрамі нейкіх дроў.

— То нашто ўсё ж іх біць? — спытаў я. — Можа, лепей бы з сабою ўзяць?

Хлопцы пераглянуліся. Багдан нават гыгыкнуў.

— Фашысты, — неахвотна сказаў Ролік.

— Ды вы што, хлопцы, падурнелі?

— А вось хадзем, паглядзіш.

Некалькі разоў у жыцці мне даводзілася бачыць расстрэлы. Калі быў сувязным. Розныя, яны былі ў нечым страшэнна падобныя. Я нават ведаў, чым: пачуццём страшнай безнадзейнасці, адчуваннем уласнага бяссілля, калі нянавісць, здаецца, вось-вось задушыць цябе. Крывёю, якой захлынаюцца тыя, моташнасцю і нудотай, якія горка і ядуча падступаюць да тваёй глоткі.

…Вось пад Дубішчам людзі стаяць на самым краі каркаломнага ўрвішча над Дняпром. Зараз грымнуць стрэлы, і нават толькі параненыя будуць шмат разоў грукацца аб выступы стромы і ўпадуць на жвір унізе ўжо мёртвыя.

А вось барак дарожных рабочых-яўрэяў. Нехта зрабіў дыверсію ў пяці кіламетрах адсюль. I, зрываючы злосць, урываюцца на пляцоўку перад баракам матацыклы, і б’е, б’е кулямёт, і людзі падаюць, падаюць…

А вось шэры двор. Тры глухія муры ў выглядзе літары «П». У іх адны дзверы і пара забраных кратамі акон у сутарэнне. Ля дзвярэй пажарная лесвіца. 3 чацвёртага боку двара — узгорак, зарослы акацыяй, глогам і бур’яном.

Такі сабе змрочны, моцна затравелы двор. Толькі каля аднаго мура невялікі кавалак асфальту з канаўкай (відаць, зрабілі калісьці, каб вада з даўно неіснуючай рыны не плыла ў падвальныя вокны). I на гэтым лапіку стаіць чалавек, дзяўчынка-падлетак. А ў некалькіх кроках ад яе — чацвёра невысокіх чалавекаў са стрэльбамі ў руках.

— Імем закона, — далятаюць да мяне словы, — прысуджаецца… за злачынныя…

У мяне пачынаюць гарэць шчокі. У вочы нібы пяску нехта насыпаў. Я столькі разоў бачыў такое, стоячы ў натоўпе, які сагналі на месца страты, або, калі спазніўся, седзячы ў кустах, без сілы, а галоўнае без права дапамагчы.

Тая, каго расстрэльваюць, дастае нешта з кішэнькі дарослай кофты і пачынае есці.

— Хопіць табе жэрці, швайн, — крычыць бялявы — галава канвою.

— Я хлеб з маргарынам, — адказвае з-пад мура галасок.

— А, ферфлюхунг! Ферфлюхтэ ўкраінішэ швайнэ! Да мура!

Дзяўчо пакорліва паварочваецца абліччам да мура. Канвой бярэ карабіны на руку і падраўноўвае штыхі. Усё як трэба. Усё, як належыць рабіць такое ў жыцці.

— Аддзяленне-е!..

Кулакі мае сціскаюцца… Я ўжо не магу, не магу яшчэ раз бачыць гэта…

…I тут на маё плячо кладзецца рука.

— Бачыў? — пытае Ролік. — Вось гэта ў іх заўсёды падобныя гульні. На свае вочы, відаць, такога не бачылі. Каб у жыцці. Смажаны певень іх яшчэ ў азадак не дзюбнуў… М-мамчы-ны сынкі.

«Начальнік канвою» не паспеў апусціць руку. Праз зарасці, праз бур’ян з крыкам «ур-ра-а!» пасыпалі на месца пакарання падлеткі. Чалавек восем. Наперадзе бег гнуткі невысокі хлопец з шалёнымі вачамі і рудаватым чубам.

— Гнат, — з нянавісцю сказаў Жэнька, — дрэнь паскудная! Гніляк!

— Каб жа яшчэ толькі дрэнь, — сказаў Ролік. — Шкодная дрэнь. Дрэнь, якую хлебам не кармі, а дай іншага ў паняверцы патрымаць.

На пляцоўцы двара кіпела бойка. Мы ляжалі на даху дрывотні і назіралі. Біліся і тыя, і іншыя някепска, але неяк занадта ўжо… ну, па правілах, ці што. Занадта па-гарадскому. Хай сабе б’юцца.

Не біўся толькі адзін дужа высокі хлапчына. Белы бландзін з правільнымі, крыху, можа, занадта суровымі рысамі аблічча. Як убачыў, што робіцца ў двары — так і адышоў, сеў на нейкую скрынку, глядзеў.

Урэшце супраціўленне «карнікаў» было зломлена, і яны кінуліся ўцякаць. Два «інсургенты» кінуліся за імі ў пагоню. На пляцоўцы засталіся Гнат, чацвёра яго ваякаў, бялявы хлопец і дзяўчынка.

Расхрыстаны Гнат, відаць, ашалеў ад бойкі. Вочы блішчалі, твар быў узнёсла-радасны, трохі шалёны:

— Мы цябе адбілі, Лізка. Але не думай, што дзеля тваіх гожых вачэй. Па дадзеных нашай разведкі ты пайшла на чорную здраду, выдала нашы планы і намеры ворагу. Мы адбілі цябе, каб судзіць нашым судом, нашым трыбуналам. Смерць здраднікам.

Ён, відаць, яшчэ не астыў пасля бойкі; шал усё яшчэ жыў у яго вачах. Дзе там было нешта меркаваць, узважваць, стрымлівацца.

— Смерць!

I ён рэзка штурхнуў дзяўчынку прыкладам «карабіна» між худзенькіх лапатак. Тая ўсё яшчэ трымала ў руцэ хлеб, і ад штуршка хлеб гэты выпаў. Упаў на зямлю. Па закону паскудстваў прыроды, ясна ж, маргарынам уніз.