Выбрать главу

I тут дзяўчо заплакала. Бязгучна. Толькі трэсліся худзенькія лапаткі. А я глядзеў на гэта і не разумеў, што я ўжо стаю на поўны рост.

— Не чапай, — шапянуў Жэнька. — Пасля. Іх замнога.

— Нічога не замнога, — кінуў Ролік. — Ты што ж, кожны раз вось так будзеш?

Мы скочылі з даху дрывотні. Затрашчаў пад нашымі нагамі бур’ян. Мы бачылі, што ў іх «карабіны», якія хаця і не страляюць, але б’юць някепска… па галаве, але мы не зважалі на гэта.

Вярталася пагоня — нам і на гэта было напляваць. Уся нянавісць, якую мы гадамі запасілі і таілі ў сэрцы — уся яна нібы адразу выплюхнулася ў прыпадку шалёнага гневу супраць гэтых… што гуляюць у гульні, якіх не павінен дазваляць сабе нават дзесяцігадовы мужчына, калі ён прадчувае ў сабе чалавека. Ужо не кажучы пра пятнаццацігадовых.

Мы былі здатныя на ўсё, і яны, відаць, зразумелі гэта. Калі вораг здатны на ўсё — аж да зубоў, — мужнасць можа падупасці нават у самага загартаванага. Што ўжо казаць пра гэтых?!

Толькі непакой і няўпэўненасць у іхніх вачах крыху ўраўнавалі нашы сілы: чатырох супраць сямёх (бялявы хлопец па-ранейшаму стаяў убаку).

Мы ўдзерліся ў іхні «строй» зусім бяспамятныя, ашалелыя ад ярасці. Амаль адразу я атрымаў касы ўдар карабінам па галаве. Усё паплыло ў маіх вачах, але я паспеў выдраць гэтую «зброю» з рук праціўніка і аперазаць яго па спіне. Пасля — другога, пасля — зноў першага, які на гэты раз зваліўся. Праз чырвоны туман, што засцілаў вочы, я ўбачыў, як Ролік б’ецца з трыма, кінуўся яму на дапамогу, зваліў цераз калена аднаго з ворагаў, навесіў другому. Не ведаю, як іншыя, але я не адчуваў удараў, якія падалі на мяне. Я ператварыўся ў машыну, якая малоціць.

I ўсё ж нам давялося б дрэнна. Я ўбачыў, што Жэнька ўжо ляжыць, трымаючыся за нос, што Ролік, на якога зноў населі тры ворагі, знемагае, што Гнат ірвецца да яго, махаючы доўбняй карабіна.

Нам давялося б дрэнна, каб не раптоўная дапамога. Бялявы раптам устаў, крэкнуў і, плюнуўшы ў далонь, кінуўся ў самую гушчу бойкі.

Прарваўся да Гната, захапіў ззаду ў лакцявы сугіб ягоную шыю, ірвануў назад, выдзер з рук карабін. У наступны момант — мы ахнуць не паспелі — бялявы ўпаў на спіну, а Гнат узляцеў, перакуліўся ў паветры і цяжка, як мех, гэкнуўся аб зямлю. Але яшчэ раней чым ён упаў, нечаканы саюзнік быў на нагах і рассыпаў удары так, што за ім цяжка было сачыць. Не ведаю як хто, але я ажыў душой. Думаю, што і астатнія таксама. Таму што праз пару хвілін мы ўжо, цюгакаючы, гналі ворага праз бур’ян і хмызы, душачы ў зародышы ўсе спробы супраціўлення.

Бялявы бег за Гнатам і часам паддаваў яму хуткасці спрытным, усёй падэшвай, выспяткам у мяккае месца.

— Цю-га! Цю-га!

— Расстрэл, бачыце? Дзяўчат, бачыце? На табе!

Поле бою засталося за намі. Вораг спыніўся здалёк, на ўзгорку, і адтуль сыпаў бяссілымі пагрозамі, нібы дзяўкаў. Мы вярнуліся на пляцоўку двара. Стаялі і разглядалі бялявага. Вельмі насцярожана. Дый ён, па ўсім відаць, нічога добрага не чакаў. Законы вулічнай варожасці былі несумесныя са здаровым сэнсам.

Агрэсіўны Багдан нават узняў руку, намерваючыся «прыварыць», але бялявы перахапіў яе і сціснуў запясце:

— Н-ну.

— Кінь яго, — сказаў Ролік. — Ты з Падвальнай?

— Угу.

Зноў нядобрая дуэль вачэй. Неасцярожнае слова і…

Лізка падышла да незнаёмага і стала побач з ім. Яна ўжо не плакала, а толькі перарывіста ўздыхала. Як дзеці пасля слёз. I, дзіўна, гэты яе ўчынак і ўспамін пра бутэрброд з маргарынам нібы прыглушылі варожасць.

— То чаго тады за іх біцца не стаў? — спытаў я.

— Абрыдла. Гуляць мне з імі не выпадае. Як з маленькімі. Ну і гульні іхнія. Крыві не бачылі… I Лізку пакрыўдзілі… Не плач, ну, не плач, дурнічка.

— А яшчэ?

— А яшчэ па-нямецку брыду розную гавораць. Каб жа хаця ўмелі.

— Цябе зваць як? — спытаў Ролік.

— Карл Канецкі.

— Карло? — на ўкраінскі манер спытаў Раланд.

— Кaраль? — спытаў я.

— Не, Карл. Маці звала Карлхен.

— Ты што?

— Ну, — сцвярджальна сказаў Карл. — А чаму ж я супраць брыды па-нямецку? Я — немец.

Мяне — і, думаю, не толькі мяне — аж скаланула. Першы знайшоўся Ролік:

— Ф’ю-у. Брэшаш. Адкуль прозвішча такое, Канецкі? Немец мне, таксама яшчэ. Фарсіш? Непадобным быць хочаш?

— Гэтая непадобнасць можа задорага абысціся, каб ёю фарсіць. А прозвішча… ёсць і ў немцаў такія прозвішчы: Канецкі, Ранцоў, Бюлоў. Немец. Так.

Навісла цяжкае маўчанне. I тут Ролік зрабіў тое, на што, прынамсі на вачах у старонніх, наўрад ці наважыўся б нехта з нас. Ён зрабіў крок наперад і працягнуў руку.

— Ну што ж, за гэта цябе толькі паважаць можна. Лапу.

I гэтым звычайным жэстам ён не толькі замацаваў сваё права быць галоўным, але і канчаткова прымусіў нас усіх паважаць сябе.

V

Ішлі дні. На каштанах і ліпах рэдка-рэдка ўспыхнулі першыя жоўтыя агеньчыкі. Хлопцы з Падвальнай і Чкалава прыніклі, і па іхніх вуліцах можна было хадзіць нават удвух, а Карл, якога мы ўзялі ў наш хаўрус і, ясна ж, адкрылі сакрэт уцёкаў, хадзіў, вядома, і адзін.

Уцякаць пакуль што не было як. Трэба было страціць апошняе сумленне, каб напаследак не памагчы бацькам на «прыгарадных і індывідуальна-ўстаноўскіх гародах» (гэтае слова-пачвара азначала, што кожная ўстанова атрымлівала кавалак зямлі і дзяліла яе на часткі між сваімі работнікамі, а таму ўчастак нельга было назваць «індывідуальным» — крый божа! — а толькі «індывідуальна-ўстаноўскім»).

У нас свайго ўчастка не было, і таму я па чарзе хадзіў падмагаць усім нашым хлопцам. Мае на гэта згаджаліся ахвотна, бо гэта «дужа карысна, фізічная праца на свежым паветры». А я і радаваўся.

Працавалі, у вольныя хвіліны лавілі ў пратоках смугастых зеленаватых джгіроў, елі дымны, страшэнна смачны кулеш з рэдкімі кубікамі сала, а вечарам цягнулі ў горад вазок, нагружаны ліловымі бліскучымі баклажанамі і цьмяна-зялёнымі кабачкамі.

Ролікаў гарод быў досыць блізка да Цялічкі, і атаман аднойчы здалёк паказаў мне месца, дзе чакала нас наша зброя: высачэнныя пясчанікавыя слупы, яры між іх: пасечаная, мёртвая, пакінутая зямля.

У гэтыя дні «інтэрнацыянал» наш ледзь не разваліўся. Таму што Жэнька пазнаёміўся недзе з Навумам Фінеесам.

Высокі, худы ад шматгадовага недаядання — калі галадаеш некалькі год, пасля вельмі цяжка, нават пры добрай ежы, увайсці ў норму, — жылаваты. Нічога асабліва яўрэйскага ў ягоным твары не было: нос — просты, форма вушэй — звычайная, вусны — тонкія і прыгожыя, валасамі — цёмны шатэн, вочы — светла-карыя. Можа, гэта і дапамагло яму выжыць у вайну.

I вось Жэнька прывёў яго ў наш атрад, і ён усім адразу спадабаўся, і выявілася, што дурань Кульба ўжо загадзя адкрыў яму нашу таямніцу і той даў згоду. Жэньку за доўгі язык на цэлы тыдзень пазбавілі права хадзіць з намі ў руіны па тол, прымусілі не выходзіць за межы двара, а Навума — прынялі. Што ўжо зробіш, калі так здарылася. Хай будзе пяць нацый.

I вось гэтая «пятая нацыя» ледзь не разваліла, ледзь не загубіла наш магутны саюз і ўсю святую нашу справу. Даведаўшыся, што Карл — немец.

— Немец? Я з імі на адным полі па вялікай патрэбе не сяду.

— Ну і мне невялікая ахвота з табой на адным полі сядзець. Я б твайго азадка век не бачыў і жыў бы. Нават яшчэ лепей. Таксама мне яшчэ шчасце, на адным полі ён са мной не сядзе. Пакараў!

— I праўда, — сказаў Ролік. — Што ж яму, немцу гэтаму беднаму, зараз рабіць?

I загадаў не сварыцца. Але сэрцу і забабонам чалавечым не загадаеш. Фінеес, харошы хлопец, смелы чалавек, які ведаў цану жыцця і смерці, шчодры, кампанейскі, здатны пайсці за любога з нас у агонь і ваду, ненавідзеў Карла глухой, цьмянай нянавісцю, якая не разважала, якая проста — жыла.

Сёй-той з нас стаў на адзін бок, сёй-той — на другі. 3 такой цяжкасцю скляпаны «інтэрнацыянал» развальваўся на кавалкі, трашчаў па швах. І дзіўна, нам неацэнна дапамагла малая, слабенькая Лізка, якую ніхто з нас не браў усур’ёз.