У сваю чаргу Адам Міцкевіч склаў да дня нараджэння Яна Чачота 24 чэрвеня 1819 года свае прывітальныя «ямбы», у якіх таксама ўспомніў школьныя часы ў Наваградку:
Як відаць з гэтых сяброўскіх прызнанняў, ні Адама Міцкевіча, ні Яна Чачота ўжо не задавальнялі казённыя, часта схаластычныя «навукі», якія ім убівалі ў галовы з дапамогаю бізуноў «белакаптурныя» (ад адзення — белы каптур) — святыя ксяндзы-дамініканцы, каго яны не раз «абдурвалі» сваёй «шыфраванай мовай». З затхлых цемнаватых калідораў дамініканскай школы іх неадольна цягнула на волю, на прастор, дзе віравала сапраўднае жыццё, з усімі яго бедамі і радасцямі, з яго здзіўляючымі кантрастамі і супярэчнасцямі, і дзе людзі рупіліся зусім іншымі, чым у школе, вельмі далёкімі ад кніжных, турботамі. Неадрыўныя ад жыцця, ад свайго мінулага і сучаснасці, гэтыя людзі часта ў саміх сабе неслі гісторыю: напрыклад, бацька Адама Мікалай Міцкевіч быў удзельнікам паўстання пад кіраўніцтвам славутага, ужо авеянага легендамі мяцежнага генерала Тадэвуша Касцюшкі і мог нямала цікавага расказаць сыну, як і яго сябру, Яну Чачоту.
Расказы бывалых людзей, асабліва такіх во абпаленых у бойках, як Мікалай Міцкевіч, паўстанцаў, мэты якіх так і засталіся няспраўджанымі, бударажылі розумы і сэрцы дапытлівых юнакоў, гэтакіх непадобных да іншых, часта старэйшых па ўзросце («даўгіх, як чаплі») і тупаватых, няздатных да навукі, але паслухмяных «шкаляроў». Ды і самі сябры добра ўжо бачылі праявы ганебнага нацыянальнага і сацыяльнага ўціску, парадаксальнай няроўнасці паміж людзьмі, бачылі, як пад нядрэмным цівунскім вокам дзень пры дні, з веку ў век лье крывавы пот, у тры пагібелі згінаецца на полі растлусцелага і тупога ад самазадаволенасці пана-самадура зусім бяспраўны перад законам, аддадзены ў поўную ўладу прыгонніка мужык-хлебароб, які корміць свет, а сам ужо недзе пасля каляд часта толькі ў сне бачыць скарынку чорнага хлеба.
Пра гэта ўжо тады, у школьныя часы, пачыналі задумвацца абодва юнакі, надзеленыя ад прыроды чулай душой і добрымі сэрцамі. Ужо тады са спагадай, з павагаю глядзелі яны на просты люд, з якім сустракаліся на колсным кроку — і ў самім Наваградку, і ў яго ваколіцах. Ці не гэта спагада, гэта павага і цягнула іх больш уважліва прыгледзецца да народнага жыцця, вывучыць вусную паэзію беларуса-селяніна, яго звычаі, абрады, вераванні? Пра зацікаўленасць Яна Чачота і Адама Міцкевіча народнай творчасцю ўжо ў часы навучання ў Наваградку сведчыць іх блізкі сябар і зямляк, таварыш па Віленскім універсітэце і Таварыстве філаматаў Ігнат Дамейка, які піша ў сваіх успамінах: «Два нашы студэнты Наваградскай школы з гадоў маленства добра ведалі наш літоўскі (г. зн. беларускі. — К. Ц.) люд, палюбілі яго песні, прасякнуліся яго духам і паэзіяй, да чаго вядома ж, прычынілася і тое, што малое мястэчка Наваградак не шмат чым адрознівалася ад нашых вёсак і засценкаў. Школьнае жыццё было хутчэй сельскае. Сябры хадзілі на кірмашы, на царкоўныя ўрачыстасці, бывалі на сялянскіх вяселлях, дажынках і хаўтурах. У тыя школьныя часы ўбогая страха і народная песня распалілі ў абодвух першы паэтычны агонь. Адам хутка ўзнёсся да высокай сферы сваіх цудоўных твораў, Ян жа да смерці застаўся верны народнай паэзіі...»