Адным з найбольш важных клопатаў Ул. Сыракомлі была барацьба за права беларускага народа ствараць культуру на сваёй роднай мове. Пра гэта яскраве сведчыць даволі грунтоўнае «Кароткае даследаванне мовы i характеру паэзіі русінаў у Мінскай правінцыі», якое друкавалася ў трох нумарах «Gazety Warszawskiej», а таксама чатыры артыкулы пра творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча. Насуперак шляхце, якая называла беларускую мову «хамскей», «гміннай», Ул. Сыракомля пісаў: «Прыгожае гэта адгалінаванне славянскай мовы — крывіцкі дыялект, i стары! Бо гэта мова нашага Літоўскага Статута i справаводства на працягу двух вякоў, XVI i XVII, i распаўсюджаная! Бо смела можна сказаць, што резмаўлялі на ёй тры чвэрці даўняй Літвы, люд, шляхта i паны; пазбавіўшыся свайго пісьмовага значэння, гэтая мова сёння асталася толькі адной спадчынай сялянскіх хат...» Паэт шкадуе, што «багатая калісьці, яго (беларускага народа. — К. Ц.) мова знаходзіцца цяпер у застоі, яна перастала ўзбагачацца, а тыя, што хацелі зрабіць яе пісьмовай i тым самым заахвоціць народ да кнігі, вымушаны змагацца з многімі цяжкасцямі».
Ул. Сыракомля горача падтрымліваў i абараняў ад нападкаў рэакцыянераў беларускую літаратуру. Пасля першых двух артыкулаў пра В. Дуніна-Мерцінкевіча ў той жа «Gаzecie Wаrszаwskiej» з'явіўся водгук на ix пана Ф. Скібіцкага, які падпісваўся псеўданімам У. Аўтар гэтага водгуку, што называўся «Творы на гміннай гаворцы», выступіў супроць Сыракомлі, які з вялікай радасцю сустракаў творы на беларускай мове.
Уладзіслаў Сыракомля ў сваім новым артыкуле разбівае адзін за едным усе довады пана Скібіцкага. Перш за ўсё, прыводзячы пастаўленае Скібіцкім-пытанне: «Ці творы, напісаныя на мове беларусінаў, заслугоўваюць такога радаснага вітання, безадносна на вертасць ix зместу?», Ул. Сыракомля з перакананасцю адказвае: «Любы, на любой мове напісаны твор не заслугоўвае радаснага вітання, калі ён нецікавы, непрыдатны; але калі якая-небудзь мова або гаворка з непісьмовай становіцца пісьмовай, кожная напісаная на ёй кніжка заслугоўвае ўвагі — як довад узнікаючай патрэбы пісання на гэтай мове або гаворцы...» На другое пытанне пана Скібіцкага: «Ці зможа гэтая мова (беларуская) перадаваць усе адценні думкі, быць прыдатнай для розных стыляў i ўдасканаліцца да такой ступепі, каб заслужыць назву асобнай мовы», Ул. Сыракомля зноў з глыбокім перакананнем адказвае: «Так, зможа, бо мае дастаткова лёгкасці i адначасова сілы, перадае ў паэзіі мяккія i далікатныя пачуцці, у жывой гаворцы мае лёгкія звароты, трапныя выразы. Нестае ёй многіх выразаў для перадачы таго, што не ўваходзіць у склад паняццяў i патрэб нашага народа, але ў меру развіцця асветы самога народа i літаратуры на яго мове гэтая мова патрапіць знайсці ў сваёй глыбіні выразы i словазвароты, якіх няма сёння. Кожная мова праходзіць эпоху дзяцінства». Адказваючы на трэцяе пытанне Скібіцкага, ці варта імкнуцца, як гэта робіць Сыракомля, да ўдасканалення беларускай мовы як мовы асобнага народа, паэт-дэмакрат даводзіць, што не толькі варта, але i «неабходна». «Надзвычай разнастайную ўвогуле мову Славяншчыны, — піша Ул. Сыракомля, — шаноўны апанент дзеліць толькі на чатыры разгалінаванні — на мову расійскую, польскую, чэшскую i ілірыйскую. Не пярэчым, што гэтыя чатыры мовы стаяць на першым месцы сярод славянскіх дыялектаў па сваёй пісьмовай дасканаласці, але чаму ж іншым мовам не даваць развівацца, нашто ж, напрыклад, у мове беларусінаў бачыць толькі мешаніну моваў рускай i польскай? Ці тое ж самае не можна сказаць i пра маларасійскую мову? Калі так, то чаму ж шаноўны апанент чэшскую i ілірыйскую мову ўзвышае да годнасці асобных моваў? У ix жа таксама лёгка знойдзеш i рускія i польскія выразы». Далей паэт гаворыць пра самабытнасць, адметнасць беларускай мовы, выкрывае хлусню шавіністаў, быццам бы яна — толькі дыялект польскай або рускай мовы. У заключэнне аўтар выказвае ўпэўненасць, што беларуская мова будзе развівацца i ўдасканальвацца. «З усёй павагай да шаноўнага апанента, — піша Ул. Сыракомля, паўтараем: на гэтым полі працаваць можна i варта (падкрэслена аўтарам. — К. Ц.)». У сувязі з гэтым вясковы лірнік ад усяго сэрца заклікае паэта з большай адказнасцю i «ур'ёзнасцю ставіцца да мовы сваіх твораў, раіць яму, каб ён «асцерагаўся паланізмаў i кніжных выразаў, каб правінцыялізмаў адной ваколіцы i парафіі не прыпісваў усёй русінскай мове, каб тады толькі ўжываў чужыя выразы, калі не знойдзе адпаведных у мове, на якой піша».