У творчасці Уладзіслава Сыракомлі знайшлі сваё адлюстраванне ўсе бакі жыцця Беларусі напярэдадні скасавання прыгоннага права. Па творах паэта мы можам вывучыць не толькі грамадскія ўзаемаадносіны перыяду крызісу феадалізму, але i ўмовы жыцця беларускага народа таго часу, яго быт, матэрыяльную i духоўную культуру. Без творчасці Сыракомлі, якая рабіла значны ўплыў на тагачасную грамадскую думку, мы не можам па-сапраўднаму зразумець i фармаванне поглядаў вялікага сына беларускага народа Кастуся Каліноўскага, сучасніка i ў многім аднадумца Сыракомлі. Адным словам, творчасць Сыракомлі — гэта шырокае акно ў тую далёкую ад нас эпоху.
Так разважаў я, ходзячы па сцежках Сыракомлі, успамінаючы прачытанае, знойдзенае ў архівах.
У Навагрудку я сустрэў «звяздоўца» Зіновія Прыгодзіча. Мы пахаўрусавалі з ім i ўжо разам блукалі па дарогах Навагрудчыны.
Тут усё, здавалася, было авеяна паэзіяй: зялёныя мурожныя ўзгоркі, шумлівае веча каласоў на бяскрайніх палетках, раскошныя, спакойна-велічныя бярозы абапал люстранога асфальту гасцінцаў, прымружаныя сіняватай смугой лясы ля далёкіх небасхілаў.
Мы вырашылі прайсці пеша да вядомага возера Літоўка, куды любіў хадзіць Адам Міцкевіч i дзе бываў, каненше ж, Уладзіслаў Сыракомля.
У небе плылі рэдзенькія белыя аблачынкі, над галавой снавалі пчолы. На поплаве, які ад празрыстых хваляў Літоўкі цягнуўся нешырокай паласой уздоўж агародаў, цвілі рамонкі. Ix было так многа i былі яны такія буйныя, вясёлыя, што Зіновій не ўтрымаўся — пачаў складаць букет.
Пажылога веку жанчына, якая падграбала на мяжы, пад дубамі, сена, убачыўшы нас, перапыніла сваю работу.
— З горада, мусіць? — загаварыла яна да нас.
— Ага, з Мінска, — адказалі мы.
Жанчына, абапёршыся на граблі, глядзела на нас. Мы спыніліся каля яе, загаварылі.
Жыла яна адна, у той унь старой хаце, якую нядаўна купіла.
— Цікава, колькі ж вы за яе заплацілі?
Раней у мяне была мара: набыць у такой вось палявой цішыні, з такім вось возерам і такімі лясамі, звычайную сялянскую хату і, пакінуўшы «цывілізаваны свет», пасяліцца, як гэта зрабіў у мінулым веку вядомы амерыканец Генры Тора, сярод птушак i дрэў, расы i сонца. Але «цывілізацыя» мяне ўсё ж не адпусціла. Цяперашняе маё пытанне было запозненым адгалоскам тых юнацкіх летуценняў.
— А, вы зайдзіце паглядзіце, колькі за яе можна даць, ухапілася жанчына за гэтае мае пытанне.
— Ды мы проста так пацікавіліся, цётка.
— А вы зайдзіце, зайдзіце...
Хоць ужо накрапваў дождж, жанчына пакінула на сене граблі i навяла нас у хату. Хата была падзелена на дзьве палавіны. У першай, прыхожай, печ, на зэдліках падаконніках ціснуліся гладышы i слоікі, каля печы ложак, тут, мусіць, жанчына i спіць. Другая палавіна, святліца, пустая, толькі фікусы пасярэдзіне.
Жанчына пасадзіла нас за стол.
— Можа, малака выпілі б?
— Яно, калі можна, было б няблага...
Яна адразу замітусілася. Праз хвіліну паставіла перад намі гладыш малака, сыр, хлеб.
Сама, прысеўшы, глядзела на нас i гаварыла, гаварыла — як быццам даўно нас чакала i цяпер вось, дачакаўшыся, выказвала ўсё, што сабралася ў яе на душы.