Пахавалі Францішка Багушэвіча на жупранскіх могілках побач з бацькам і роднымі. На магіле быў пастаўлены вялікі дубовы крыж, на якім павесілі дудку, смык і скрыпку — сімвалы яго паэзіі. І яшчэ было ўскладзена на магілу некалькі стужак з надпісамі. Сярод гэтых надпісаў кідаўся ў вочы такі: «Змоўклі песні тыя, што іграў на дудцы».
Нягледзячы на цяжкое, поўнае змагання і пакут жыццё, усё ж мы можам сказаць, што ў Францішка Багушэвіча была шчаслівая доля: пасля шматгадовых блуканняў па свеце ён здолеў-такі вярнуцца на сваю радзіму і спіць вечным сном у сваёй зямлі, сярод родных і блізкіх. Не шмат каму з беларускіх паэтаў у далёкім і не такім далёкім мінулым так пашанцавала!
Жупраны ляжаць на даволі бойкай дарозе: Мінск — Ашмяны — Вільнюс. Кожнага, хто праязджае тут, страчае ў прыдарожным скверыку бронзавы Францішак Багушэвіч. Паэт як бы запрашае наведаць яго радзіму.
І кожны, хто любіць сваю Беларусь, яе народ, хто шануе яе лепшых сыноў, даражыць нашай культурай, не можа не прыняць гэтае запрашэнне. Ён абавязкова спыніць тут сваю машыну і сходзіць пакланіцца магіле Францішка Багушэвіча, ну, і пастараецца, мусіць, трапіць у чырвоны касцёл, дзе ў знак асаблівай пашаны да паэта неўзабаве пасля яго смерці на сцяне, на самым відным месцы, была ўмуравана мармуровая дошка з яго партрэтам. Праўда, партрэт ужо іншы, «палепшаны». Той, першапачатковы, недзе ў пасляваенны час нейкі наш сучасны варвар выняў адтуль, каб зрабіць музейным экспанатам. Па сённяшні дзень, кажуць, ён пыліцца недзе ў запасніках Ашмянскага краязнаўчага музея. Як жа пасля такога мы можам называць сябе цывілізаванымі, культурнымі людзьмі? На мой погляд, не ўпрыгожвае нас і тое, як мы ўшаноўваем магілу Францішка Багушэвіча. У мой першы прыезд тут стаяў зроблены нейкім мясцовым майстрам стандартны цэментавы помнік. Цяпер, прыехаўшы ў Жупраны, мы ўбачылі гранітны помнік з барэльефам паэта — пастаўлены ён быў у 1975 годзе. Замест магільных курганоў, пад якімі прах паэта, яго бацькі і іншых членаў сям'і Багушэвічаў, ляжалі дзве вельмі акуратненькія пліты — адна на месцы магілы Францішка Багушэвіча, другая — для ўсіх астатніх Багушэвічаў. Як быццам гэтым самым ушанована ўся іх сям'я. Але ці так гэта? Перад маімі вачамі стаіць зроблены ў 1929 годзе Язэпам Драздовічам малюнак «Магіла Багушэвічаў у Жупранах». На ім — асобныя курганкі для кожнага з членах сям'і, з крыжамі і паўкруглымі камянямі ў галовах. Ці трэба было парушаць, мяняць усё гэта? Ці не паздзекаваліся мы тым самым са святых магіл? Нікому ж, напрыклад, і ў галаву не прыйдзе ставіць які помнік над простым магільным курганком Льва Талстога ў Яснай Паляне, які нязмерна больш хвалюе сэрца за любую мастацкую выдумку.
Радзіму Францішка Багушэвіча я пакідаў з гнятлівым пачуццём. Ці не зашмат у гэтым мемарыяльным комплексе знішчана, часцей за ўсё нашай няўвагай, а мо і нашым бескультур'ем самых розных памятак, звязаных з біяграфіяй аднаго з першапраходцаў роднай беларускай літаратуры? Ці не зашмат тут усялякіх падробак, «падхарошванняў»?
Успамінаецца паездка ў 1986 годзе на Шаўчэнка ўскае свята на Украіну. Мне пашчасціла пабываць тады на радзіме Тараса Шаўчэнкі — у сяле Морынцы Звянігарадскага раёна Чаркаскай вобласці, дзе нарадзіўся паэт, і ў блізкім адсюль сяле Кірылаўка (цяпер Шаўчэнкава), дзе прайшлі яго дзіцячыя гады.-На месцы роднай хаты вялікага Кабзара я ўбачыў толькі памятны камень з прымацаванай табліцай і надпісам на ёй, а там, дзе стаяла хата Шаўчэнкаў у Кірылаўны, — абеліск і камень з магілы бацькі.
Вярнуўшыся ў Чаркасы, дзе сабраліся ўсе ўдзельнікі свята, каб правесці там літаратурны вечар, я выказаў аднаму з арганізатараў урачыстасці паэту Івану Драчу сваё здзіўленне: чаму гэта ўкраін цы не адбудавалі дасюль ні роднай хаты Тараса Рыгоравіча Шаўчэнкі ў Морынцы, ні хаты ў Кірылаўны, з якой пайшоў ён «у людзі».
— А нашто нам імітацыя, — адказаў на гэта Іван Драч. — Трэба захоўваць і аберагаць тое, што засталося, першароднае...
І праўда, украінцы свята аберагаюць кожную памятку, звязаную са сваім вялікім нацыянальным паэтам. Напрыклад, глінабітны дамок дзяка, у якога браў першапачатковую навуку маленькі Тарас, абнесены з усіх бакоў сценамі спецыяльнай пабудовы з дахам. На вякі захаваецца цяпер гэтая першая школка песняра Украіны.